ЯК БЫЦЬ ШЧАСЛІВЫМ?
ЯК БЫЦЬ ШЧАСЛІВЫМ?
Неяк сустрэла ў газеце парады Далай-ламы: як быць шчаслiвым. I так яны мне спадабалiся, што выразала i замацавала скотчам на лядоўнi. Мне здаецца, яны будуць карысныя i вам. 1. Не забывайце, што вялiкая любоў i вялiкiя здзяйсненнi звязаны з вялiкай рызыкай. 2. Калi вы губляеце ўдачу, не губляйце горкага вопыту. 3. Кiруйцеся трыма "П": павага да сябе, пашана да iншых i прыстойнасць ва ўсiх вашых учынках. 4. Памятайце, што нездзяйсненне мараў часам бывае чароўным падарункам фартуны. 5. Старанна вывучайце правiлы, каб мець магчымасць правiльна iх парушыць. 6. Не дазваляйце маленькай спрэчцы разбурыць вялiкае сяброўства. 7. Калi вы зразумелi, што зрабiлi памылку, адразу ж рабiце захады, каб яе выправiць. 8. Штодзённа праводзьце некаторы час у адзiноце. 9. Будзьце адкрытымi для зменаў, але не дазваляйце сабе здрадзiць сваiм каштоўнасцям. 10. Памятайце: часам маўчанне — найлепшы адказ. 11. Жывiце годным, сумленным жыццём. Тады, пасталеўшы i азiрнуўшыся назад, вы зможаце яшчэ раз атрымаць задавальненне ад яго. 12. Атмасфера любовi ў вашым доме — падмурак вашага жыцця. 13. Падчас канфлiкту з тымi, каго любiце, закранайце толькi бягучую сiтуацыю. Не прыгадвайце мiнулага. 14. Дзялiцеся сваiмi ведамi. Гэта спосаб дасягнуць неўмiручасцi. 15. Ашчадна стаўцеся да зямлi. 16. Раз у год наведвайце якую-небудзь мясцiну, дзе раней не былi. 17. Памятайце, што найлепшыя ўзаемаадносiны з блiзкiмi бываюць тады, калi вы дорыце iм больш любовi, чым патрабуеце ўзамен. 18. Ацэньвайце свае поспехi паводле таго, чаго яны вам каштавалi. 19. У каханнi i кулiнарыi дзейнiчайце на злом галавы. Ой, не ведаю, цi мог Далай-лама параiць апошнi пункт, але ён мне падабаецца... Пра крытычныя днi Зорка навукi, прафесар чытае лекцыi ў маскоўскiх унiверсiтэтах на розных мовах для замежнiкаў... Кватэра на Вялiкай Якiманцы, сто дваццаць метраў, дачы — так, на чорны дзень, усе прыкметы дабрабыту... На сустрэчы з сябрамi юнацтва пачынае хвалiцца. Не, не грашыма... Сваiм поспехам у жанчын падчас вучобы. Тыя, хто з iм быў у той час знаёмы, смяюцца ў кулак. Бо тое, што ён прымаў за жаночыя заляцаннi, насамрэч было вытанчаным здзекам. Сённяшняе свяцiла навукi ў студэнцкiя гады ўжо быў легендай факультэта. Пры адной згадцы пра яго дзяўчаты ўпадалi ў iстэрычны транс, нават i не думаючы пра якiя-небудзь сустрэчы цi какецтва. Была прычына! Хлопцы, якiя жылi з iм у iнтэрнацкiм пакоi, неяк падышлi да яго i сталi на поўным сур’ёзе высвятляць — а чаго гэта ў яго няма месячных??? I растлумачылi, што яны павiнны быць ва ўсiх! I так пераканаўча яны гэта гаварылi, прыводзiлi такiя аргументы, што ўпэўнiлi яго ў неабходнасцi тэрмiнова звярнуцца да доктара, даведацца, што не так з арганiзмам. Сам Буркоў гэтую гiсторыю добра памятае i вельмi любiць згадваць. ...I як яны жылi без штодзённай рэкламы тампаксаў? "БЫЦЬ" I "ЗДАВАЦЦА"-1 Калi вы хоць раз бралi ў рукi глянцавы часопiс, то, безумоўна, разумееце сэнс прыведзеных нiжэй сказаў, выбраных мной толькi з аднаго часопiса. "Графiтны — гэта чорны новага сезона... "Пярлоўка — гэта новае рызота..." "Рукола — гэта новы шпiнат..." Ясна, што нiякi Гудзiнi не ператворыць пярлоўку ў рызота, але манiпулятары ад рэкламы здатныя змянiць змесцiва ў вашай галаве. Усё гэта хiтрыкi грамадства спажывання, здатнага ўсунуць вам абсалютна любы прадукт. Мне гэта нагадвае гiсторыю з Томам Соерам, якi, як вядома, не хацеў фарбаваць плот, таму вымушаны быў прыдумаць сумнаму дзеянню новы сэнс... Але калi з Томам усё было смешна, то цяпер абсалютна сур’ёзных людзей хвалюе праблема суадноснасцi памiж тым, чым ёсць рэч, i тым сiмвалiчным значэннем, альбо статусам, якi ў яе ўкладаецца. Парадокс — рэчаiснасцi стала не хапаць рэчыўнасцi... Дык вось ты якi... Еду ранiцай у метро на працу. Непадалёк, перад маёй суседкай, становiцца хлопец. Вочы закрытыя, чорная шапачка на самай макушцы, шэрыя штаны ў палоску ад нейкага касцюма. Першая думка: зэк адкiнуўся. Пасля хлопец пачынае церцi вочы пальцамi — трэ, трэ, трэ... Здымае шапачку. Дакладнымi рухамi пальцаў пачынае збiваць катышкi на цётку, што сядзiць перад iм. Пальцы тонкiя, артыстычныя... Дзеянне доўжыцца некалькi хвiлiнаў. Пасля, зноў жа некалькi хвiлiнаў, уладкоўвае шапку на галаву па самыя бровы. Я ўжо ва ўсю ўсмiхаюся i чакаю працягу... Хлопец пачынае папраўляць шырынку. Паводзiць ён сябе быццам бы ў сябе дома ў ванным пакоi. З шырынкай пакончана. Прынамсi я, развесялiўшыся, думаю, што ўсё. Хлопец кiдае на сябе задаволены погляд у акно вагона i прывычным жэстам дадае апошнi штрых... Устаўляе ў рот запалку. Дык вось якiя яны — сапраўдныя метрасэксуалы! А вы карыстаецеся вiяграй? Днямi мой фрэнд задаўся пытаннем — каму i навошта патрэбна вiягра? Мне складана было адказаць на гэта пытанне... Нечакана знайшла адказ у порнаактора Рока Сiфрэдзi. На яго думку, ужыванне вiягры звязана з тым, што ў свеце ўсё болей перфекцыянiстаў, якiя лiчаць, што ўсё павiнна быць iдэальна. Людзi, якiя ўжываюць вiягру, рэдка насамрэч маюць сапраўдныя сэксуальныя праблемы ...Але перфекцыянiзм вядзе да страты ўпэўненасцi ў сабе, падвышаючы веру ў стымулятары. Думка спецыялiста, аднак... Пра "быць" i "здавацца"-2 Часта выстаўляю фота з ежай у iнтэрнэце i чытаю пасля "як смачна выглядае!" Але праўда ў тым, што прыгажосць фотаздымка i якасць ежы не адпавядаюць адно аднаму. Вось, напрыклад, рэцэпт, знойдзены ў часопiсе... На змазанай алеем фользе — бульба, мяса, маянэз, памiдоры чэры i сыр... Добра пахне, смачна, хоць i досыць традыцыйна... На здымку ў глянцы выглядае цудоўна... Але не дай вам Бог прыгатаваць гэтую страву для рамантычнай вячэры! Бо адарваць гэтую запяканку ад фольгi немагчыма, i вам давядзецца выкусваць, трымаючы ўвесь кавалак у руках. Антысэксуальна! Наогул здымкi ежы не патрабуюць, на мой погляд, кулiнарных навыкаў. Тут важныя iншыя рэчы — асвятленне, прыгожы посуд, уменне сервiраваць i веданне законаў фота. Неяк мне давялося рабiць пастаноўку для здымка ў кнiжку пра ежу. Нешта кшталту "Гатуем у гаршчэчках". Па недасведчанасцi я прыгатавала мяса з бульбай у гаршчэчку. Як вынiк — давялося мыць гарачы гаршчэчак разам са змесцiвам — пасля духоўкi ён не блiшчэў... Пасля давялося падымаць змесцiва — яно размякчылася i апала. Пасля давялося прыбраць сiнiя сурвэткi — злiвалiся па тоне з карычневым гаршчэчкам. На пяшчотным крэмавым фоне гаршчэчак выглядаў адной грубай плямай, якая не стасавалася яшчэ i па стылi.... Скончылася тым, што была скарыстаная белая цукарнiца, у якую я паклала пажмаканую паперу, зверху якой па-мастацку размясцiлi свежапарэзаныя бульбу, моркву i мяса з папярэдняй спробы. Усё гэта было змазана алеем. Каб блiшчэла. Вы б сталi гэта есцi? Але такая яна, праўда прыгожых здымкаў. Ну а пра пiва з рэкламы вы ўсё ведаеце — для здымкаў яго змешваюць з пенай для галення... Ганна КIСЛIЦЫНА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Неяк сустрэла ў газеце парады Далай-ламы: як быць шчаслiвым. I так яны мне спадабалiся, што выразала i замацавала скотчам на лядоўнi. Мне здаецца, яны
|
|