Франц Сiўко З ІНДЫI З ЛЮБОЎЮ
Франц Сiўко З ІНДЫI З ЛЮБОЎЮ
На конкурс апавяданняў
— Вось смаката, цэлы дзень, здаецца, ела б гэтую страву, — кажа Альдзя i раптам робiць кiслую, быццам праглынула неўпрыцям штосьцi надзвычай брыдкае, мiну. — А гэта праўда, што iндусы не хаваюць сваiх нябожчыкаў у зямлю, а спальваюць iх на вогнiшчы? Раскладаюць вогнiшча на плыце i пускаюць той плыт па цячэннi. I што з парэшткаў не згарыць на агнi, тое трапляе ў ваду... Уяўляеш? Жах! Прамаўляецца ўсё напаўголаса, бо ў суседнiм пакоi знаходзяцца Надзя з Ашрытаю, а дзверы ў пакой ледзь прычыненыя, то крый Бог iндуска пачуе... Але i гэткае перасцярогi здаецца Альдзi недастаткова, i яна зусiм пераходзiць на шэпт: — А то во яшчэ, кажуць, нясуць памерлага на гару, каб там птушкi яго расклявалi. Здараецца, каторая не дасць рады ўтрымаць кавалак у дзюбе, паляцеўшы, дык то скуры шматок, то яшчэ што на дол, на галовы людзям скiне. Во якая ў iх там дзiкая завядзёнка. Альдзя адстаўляе ўбок пiялу з недаедзеным галiбджамам, тупа глядзiць праз вакно на абсаджаны дубцамi маладзенькiх каштанаў голы — канец лiстапада — двор, у дальнiм куце якога шпацыруе з сабакам мой сусед па пляцоўцы Мартын Савельевiч. Суседу за восемдзесят, ён удзельнiк Вялiкай Айчыннай, да выхаду на адпачынак шмат гадоў выкладаў у iнстытуце замежную лiтаратуру. Пасля смерцi жонкi жыве бабылём, а да Ашрыты ўбiўся ў ласку пасля таго, як неяк у размове працытаваў ёй штосьцi з Рабiндраната Тагора. — Дарэмна ты не згадзiўся на абмен. Жыў бы цяпер у новым доме, а то во бруд усюды ў гэтым прычыгуначным мiкрараёне, як у занядбанай вёсцы, — кажа Альдзя i дадае праз хвiлiну: — Суседка кватэру на пляменнiцу днямi перапiсвала, дык зусiм нядорага, кажа, абышлося ўсё тое перапiсванне. Яна выслiзгвае ў калiдор, i тае ж хвiлiны туды выскокваюць, чуючы, што яна збiраецца адыходзiць, Надзя i Ашрыта. Надзя цалуе матку ў шчаку, Ашрыта схiляе голаў у ветлiвым паўпаклоне. Затым абедзве зноў знiкаюць у пакоi. Альдзя вяртаецца да мяне i, перш чым я паспяваю адарвацца ад газеты, прамаўляе: — А што нi кажы — дзiўныя яны, гэтыя iндусы. Баба ў дзеўкi канае, а ёй хоць бы што... Наадварот, яшчэ, здаецца, цi не павесялела. Альдзя — мая былая, першая i пакуль што адзiная жонка. Мы разышлiся з ёю даўно, неўзабаве па маiм вяртаннi з Афгана. З маёй iнiцыятывы, дарэчы. Бачыць штодня, як жанчына ўпотай пераадольвае гiдлiвасць да цябе, хай сабе i ВI, ды ўсё ж аднаногага калекi, было невыносна, i я вырашыў скончыць усё аднойчы i назаўсёды. Што маральна не так i проста аказалася пасля шасцi гадоў сумеснага жыцця, якое колiсь гэтак рамантычна пачыналася пасля паспяховага пераадолення супрацiву Альдзiных бацькоў, звязанага з рознасцю (у яе — тэхнiкум за плячыма, у мяне — ПТВ) нашага адукацыйнага ўзроўню. З таго часу я жыву адзiн. Праўда, два гады таму да мяне перайшла жыць Надзя, дачка. I хоць арганiзавалi яны, матка з дачкой, той пераход неяк падазрона паспешлiва, пасля таго, як я жартам сказаў, што маю намер ажанiцца, Надзiн прыход для мяне, iнвалiда, — найлепшае выйсце. Тым больш што яна доктар i калi што якое — без дапамогi не застанешся. А цяпер у доме аб’явiлася i другая доктарка, iндуска Ашрыта. Яна вучылася разам з Надзяй ва ўнiверсiтэце i месяц таму вярнулася ў горад дзеля працягу вучобы ў ардынатуры. Iсцi жыць у iнтэрнат не захацела i вось да часу кантуецца з Надзяй у яе пакойчыку. Ураннi, акурат у той момант, калi прыйшла Альдзя, Ашрыце патэлефанаваў з Iндыi брат, сказаў, што памiрае iх васьмiдзесяцiгадовая бабуля. Маўляў, ужо зусiм слабая i з хвiлiны на хвiлiну сканае. Ашрыта раз-пораз выходзiць у калiдор, то нервова сунецца з мабiльнiкам у далонi з аднаго кута ў другi, то прыхiнецца плячыма да сцяны, то застыне слупам ля шафы з вопраткай. А то возьмецца набiраць па мабiльнiку нумар, i тады бачна, як дрыжаць яе знябожаныя чаканнем рукi. Званкi, аднак, не дасягаюць мэты, i на цёмным, з колцамi густой чарнявiнкi абапал вачэй i рота твары дзяўчыны — спрэс расчараванне. Расчараванне, але — не адчай, хутчэй насамрэч, як сказала Альдзя, — радасць. Радасць уперамешку са смуткам, — тандэм пачуццяў, нiводнаму з якiх, як пiльна нi ўзiрайся, не дасi рады нi аддаць першынства, нi знайсцi больш-менш прыстойнага тлумачэння. — А маму мы галiбджамам на адыход i не адарылi, забылiся,— кажа, выходзячы з пакоя, Надзя i цягне сяброўку ў кухню. — То мусiм цяпер самi даядаць. Тата, ты будзеш? Альдзiн расповед пра абкладзеных дровамi нябожчыкаў на плытах прыходзiць мне ў голаў, i я, хоць нiшто пра iх у той апетытнай, залiтай нектарападобнаю слодыччу iндыйскай страве i блiзка не нагадвае, адмаўляюся ад пачастунку. — Ну, як сабе хочаш, — кажа Надзя. — Як сабе хочаце, — падтаквае дачцэ Ашрыта i шырока, ажно агаляецца добрая палова яе прадаўгаватых цукрова-белых зубоў, усмiхаецца, адстаўляе на край стала адну з пiял. — Хай будзе для Мартына Савельевiча. — Дарэмна ты адмовiўся есцi. — Надзя выцягвае лыжкаю са слодычы круглую, велiчынёй з грэцкi арэх, клёцку, са смакам глытае. — Ты не будзеш супраць, калi мы з нашага хатняга патэлефануем у Маскву ў аэрапорт, замовiм Ашрыце на заўтра квiток? — Я аддам грошы, не хвалюйцеся, — кажа Ашрыта i слiзгае паглядам па сцяне, на якой вiсiць рэпрадукцыя з выяваю каровы — яе ж падарунак Надзi з нагоды нейкага свята. Бацька Ашрыты — бiзнэсовец, штосьцi там мудруе ў сябе на радзiме з валютай, i, падобна, фiнансавых цяжкасцяў для дзяўчыны не iснуе. — Перастань, Ашрытка, — адмахваецца Надзя i набiрае нумар. — Так, квiток да Дэлi, на дваццаць пятае, — кажа ў слухаўку i яшчэ раз спраўджвае на ўсялякi выпадак пашпартныя звесткi сяброўкi: — Ашрыта Сусай Вiкторыя. Су-сай... Аш-ры-та... У дзеўкi напалову хрысцiянскае iмя, яна паходзiць з ваколiцаў Веланканi, вядомага на ўвесь Iндастан цэнтра хрысцiянскага жыцця дзесьцi паблiзу Бенгальскае затокi. Мне карцiць спытаць, цi датычыць тамтэйшых хрысцiян тое, што распавяла пра iндускi пахавальны абрад Альдзя, але я не паспяваю. Ашрыцiн мабiльнiк дробна трэнькае, i яна знiкае ў пакоi. Яна вяртаецца ў калiдор праз колькi хвiлiн, i ўсхваляванасць на яе твары ды валiза ў руках (i калi паспела спакаваць?) сумненняў не пакiдае: бабулi горш. — Выклiчам таксi? — пытаецца Надзя i зноў садзiцца на тэлефон. Ашрыта дастае з кiшэньчыка кофты фотку, падае мне. — Бабуля, — кажа i торкае пальцам у паставу жанчыны ў сары, што стаiць у абдымку з нейкiм маладзёнам на фоне кустоўя. — А побач хто? — больш з жадання падтрымаць размову, чым з цiкаўнасцi, пытаюся я. — Так, адзiн чалавек, — адказвае яна i апускае вочы долу. Яна робiць гэта з такiм вясёлым бляскам у паглядзе, што мне робiцца не па сабе. — Таксi? Так хутка? — Надзя зiркае праз акно ў двор, iмклiва падхоплiваецца з месца. Ашрыта кажа "да пабачэння", дзеўкi выходзяць на пляцоўку, i вось ужо абедзве ў двары, ля таксi. Iх развiтанне такое доўгае, быццам яны развiтваюцца сама меней на дзесяць гадоў. Мартын Савельевiч падыходзiць да аўто, загаворвае з Ашрытай. Яна штосьцi прамаўляе старому ў адказ, затым цалуе Надзю ў шчаку, нырае ў чэрава аўто. Машына вырульвае з двара, знiкае за рогам дома. Сусед тузае сабаку за ашыйнiк, паказвае мне на мiгi, што пара выходзiць. Шэсць гадзiн, звыклы час нашых штодзённых абавязковых прагулянак, i я цягнуся ў двор. — Што нi край, то завядзёнка, — кажа Мартын Савельевiч i засяроджана глядзiць у кiрунку знiклага з поля зроку аўто. — У смерцi адна завядзёнка: сканаў — i бывайце, — кажу я не без разлiку выклiкаць старога — зазвычай ён занадта маўклiвы — на больш працяглую размову. Бровы суседа iмклiва паўзуць угору, агаляюць неўразуменне ў бляклых, запарушаных друзам ад застарэлага кан’юнктывiту вачах. — Пры чым тут смерць? Вяселле хоць дзе вяселле. Хоць у нас, хоць у Iндыi, хоць яшчэ дзе... — Якое вяселле? У дзяўчыны бабуля канае... Вы штосьцi блытаеце, Савельевiч. — Нiчога не блытаю, — кажа ён i шматзначна хмыкае. — У маiм узросце блытаць — занадта, ведаеце... — То пра якое вяселле вы кажаце? — Пра якое... Хлопец у яе там, у Iндыi. Але не хрысцiянiн. Вось яе бацька i ўпёрся: маўляў, няма чаго з не адзiнаверцам брацца... I выправiў дзеўку ў замежжа вучыцца, далей ад граху. Дык вось цяпер, можа, як прыедзе, знойдуць там якое паразуменне. А не знойдуць — без бацькавага блаславення ажэняцца. Так яна мне сказала. — То, значыць, бабулiна хвароба для яе — толькi нагода, каб пабачыцца з каханкам? — Ну дык што, калi нагода? Што тут кепскага? — кажа Мартын Савельевiч, i дакор у ягоным голасе на хвiлiну збiвае мяне з тропу. — Каб толькi такiя злачынствы i былi на свеце, як гэтае! Ну, ведаеце... Ён яшчэ штосьцi хоча дадаць да сказанага, але не паспявае. Надзя высоўвае голаў у акно, клiча суседа на пачастунак. — Смачна то смачна, але на гэткiм харчы, на пожнi, цi ля статку, цi на тым жа заводзе пазавiхаўшыся, доўга не працягнеш, — Мартын Савельевiч дапiвае юшку, адстаўляе пiялу ўбок. — Вось людзi гэтыя iндусы: на вулiцах спрэс ялавiчына ў iх, а яны не каб наесцiся ад пуза дармовага — салодкiм перабiваюцца. Стары падымаецца з-за стала, iдзе да дзвярэй. Iдзе не сказаць каб ахвотна, але трэба: пакiнуў сабаку ў двары, i той цяпер раз-пораз агалошвае наваколле роспачным енкам, клiча гаспадара. Надзя праводзiць госця да дзвярэй, здымае слухаўку тэлефона, што акурат у гэтую хвiлiну адзываецца з калiдора. — Тата, цябе... — Гэта я зноў, — Альдзiн голас гучыць засяроджана, нават сурова. — Я ўсё пра тое ж... Тут вось распытала ў суседкi наконт кватэры... Дык, аказваецца, i паперак не так шмат збiраць на афармленне. За тыдзень можна ўсё ўправiцца зрабiць... Як ты, надумаўся што-небудзь? Надумаешся — адразу скажы, чуеш? Чуеш ты мяне? Што маўчыш? Мне хочацца паслаць яе куды падалей, i я ўжо ледзьве тое не раблю, як на вочы мне трапляе пакiнутая дачкою побач з апаратам пiяла з недаедзеным галiбджамам. Я вывуджваю са слодычы клёцку, не зважаючы на нектар, што плыве па пальцах ды з пальцаў на падлогу, похапкам глытаю. — Прывiтанне з Iндыi, — кажу затым i кладу слухаўку. Ажыўленая гульнёю святла i ценю карова на рэпрадукцыi весела падмiргвае мне i зноў сцiнаецца ў паважнай самавiтасцi ў прагалку памiж вушаком i люстэркам.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Вось смаката, цэлы дзень, здаецца, ела б гэтую страву, — кажа Альдзя i раптам робiць кiслую, быццам праглынула неўпрыцям штосьцi надзвычай брыдкае,
|
|