Фермерка з Юзуфова
Фермерка з Юзуфова
Ярына Парфiяновiч разам з сям’ёй апрацоўвае 95 гектараў зямлi Ярына Фёдараўна Парфiяновiч — унiкальны чалавек. Напэўна, гэта адзiная ў Беларусi жанчына, якая кiруе фермерскай гаспадаркай. І зусiм не на паперы, як калi-нiкалi здараецца, а насамрэч. Ярына Фёдараўна карыстаецца заслужанай павагай сярод аднавяскоўцаў, сваiх калег-мужчын, дзелавых партнёраў, навукоўцаў — кола зносiнаў у Парфiяновiч вельмi вялiкае. Магчыма, гэта з-за яе прафесiяналiзму, стаўлення да сваёй справы, а таксама з-за адкрытага характару. "Я люблю людзей", — заўважае фермерка. I ў гэта пачынаеш верыць бадай што з першай хвiлiны знаёмства з ёй.
Шанц для "раскруткi" Ярына Фёдараўна родам з Заходняй Беларусi — са Шчучынскага раёна. Там прайшло яе дзяцiнства. Бацькi трымалi вялiкую гаспадарку: мелi ладны кавалак зямлi, якую разам з дзецьмi апрацоўвалi. Як узгадвае Парфiяновiч, яе дзед быў даволi моцным землеўладальнiкам — калi яго дачка (мацi Ярыны Фёдараўны) пабралася шлюбам, то бацька выдзелiў ёй у якасцi пасагу тры гектары зямлi. На ўспамiн пра сваю радзiму ў цяперашняй фермеркi засталiся заўсёдная прага да працы, а таксама рэдкае i прыгожае iмя. Пасля заканчэння школы Парфіяновiч паступiла ў Смiлавiцкi сельгастэхнiкум. Наступнай прыступкай была Горацкая сельскагаспадарчая акадэмiя, дзе яна вучылася па агранамiчнай спецыяльнасцi. Паехала на Чэрвеньшчыну, дзе колькi гадоў адпрацавала ў вядомай гаспадарцы — калгасе "Бальшавiк". А з 1983 года перабралася ў прысталiчны раён — у вёску Юзуфова, дзе, дарэчы, жыве дасюль. "Больш за чвэрць стагоддзя на гэтым месцы, так што заслужана магу лiчыцца тутэйшай", — усмiхаецца Ярына Фёдараўна. Доўгi час жанчына працавала ў саўгасе "Буцэвiчы". А пасля зрабiла даволi нечаканы для многiх крок — стала фермеркай. — Чаму нечаканы? — пацiскае плячыма Парфiяновiч. — Заняцца фермерствам прымусiла жыццё. Вы ўзгадайце сiтуацыю пачатку 1990-х гадоў: калгасы прыходзяць у заняпад, заробкi на вачах змяншаюцца. Трэба было нешта рабiць. Я жыла разам з сынам, неабходна было думаць i пра яго будучыню. А тут якраз закон аб зямлi прынялi, i з’явiлася магчымасць узяць сабе ўчастак. Пагадзiцеся, грэх было не скарыстацца такiм шанцам. Калi ў калгасе падлiчылi долю Ярыны Фёдараўны, то выйшла 4,8 гектара. Гэтую зямлю ёй выдзелiлi каля вёскi Казекава, што ў некалькiх кiламетрах ад Юзуфова. Безумоўна, не зусiм зручна, але магло быць i горш. Спачатку меркавалася "нарэзаць" фермерцы ўчастак за 18 км ад дому. Давялося змагацца за свае правы, i ў вынiку быў знойдзены "кампрамiсны варыянт". I ў 1992-м у Мiнскiм раёне з’явiлася новая фермерская гаспадарка "Парфiяновiч Я. Ф.", кiраўнiку якой на той час было 46 гадоў. Не самы спрыяльны ўзрост для "раскруткi", ды яшчэ трэба ўлiчваць тое, што жанчына рэальна адна распачынала сваю справу на зямлi — сын тады быў у войску. Нi тэхнiкi, нi ўгнаенняў, нi насення ў Парфiяновiч не было. Ды яшчэ давялося даволi доўга чакаць, пакуль калгас вызвалiць выдзеленыя ёй плошчы. Таму пачынаць працу давялося не ў лепшыя тэрмiны — ажно напрыканцы кастрычнiка. Але нiчога, выпiсала трактар, сеялку i адсеялася. Першы ўраджай атрымаўся не надта вялiкi, але даволi хутка справы пайшлi на лад. Парфiяновiч узяла крэдыт (як узгадвае, "хапiла на паўтрактара"), зрабiла неабходны ўзнос i набыла ў растэрмiноўку першага "Беларуса". Цяжка было — даводзiлася нават грошы ў суседзяў пазычаць, каб своечасова разлiчвацца па крэдыце, iнакш закрылi б рахунак. Аднак жанчына справiлася з усiмi перашкодамi. Ад мяса да гароднiны Вельмi выручала ў той час фермераў тое, што хлебакамбiнаты прымалi неачышчанае збожжа. Вядома, па меншым кошце, але для прыватнiкаў, якiя не мелi матэрыяльнай базы, гэта быў прымальны варыянт. Аднак Парфiяновiч не стала спыняцца толькi на прыбытковым збожжы. Адначасова яна занялася свiнагадоўляй. Спачатку ў фермеркi было толькi тры свiнаматкi, ад якiх атрымала 27 парасят. Вырошчвала iх проста ў двары, дзе зрабiла спецыяльную загарадку. Добра, што надвор’е не падвяло, пасля рэалiзацыi таго мяса ўдалося ўзбiцца на грошы i не толькi разлiчвацца па крэдытах, а i набыць штосьцi з тэхнiкi. Зразумела, каб пракармiць некалькi дзясяткаў свiней (пагалоўе ў Парфiяновiч узрастала), неабходна было павялiчыць плошчу ўчастка. Але як гэта зрабiць? Дапамог выпадак. — Удзельнiчала ў сельскагаспадарчай выставе, — узгадвае Ярына Фёдараўна. — Я аформiла свой куток у беларускiм нацыянальным стылi: з саматканымi посцiлкамi, ручнiкамi, запякла парсючка, гуся, каўбасы павесiла. Зразумела, такi "стэнд" прыцягваў усеагульную ўвагу, бо калгасы не iмкнулiся нечым здзiвiць. Вядома, не маглi прайсцi мiма i члены ўрада, якiя з цiкавасцю спынiлiся каля мяне. Спыталi i пра цяжкасцi, а я без утойвання расказала пра неабходнасць павелiчэння плошчаў. Лiтаральна на наступны дзень напiсала заяву i дадаткова атрымала каля 30 гектараў зямлi. Тут ужо жанчына i разгарнулася — у лепшыя часы трымала да 600 свiней. Першыя гады даглядала парсюкоў адна, толькi пасля таго, як крыху зарабiла грошай, здолела запрасiць памочнiцу. Зразумела, пагалоўе павялiчыла пасля таго, як пабудавала неабходнае памяшканне. Фермерка выкарыстоўвала самыя сучасныя тэхналогii: кожная жывёлiна мела аўтаматычныя кармушку i паiлку. Таму даглядаць вялiкае пагалоўе было нескладана. Свiнагадоўля прыносiла нядрэнны прыбытак, Парфiяновiч атрымлiвала вялiкi ўраджай збожжавых, палову якога выкарыстоўвала на корм, астатняе рэалiзоўвала дзяржаве. Такiм чынам атрымлiвалася добрая "эканомiка". Але праз колькi гадоў ад свiнагадоўлi давялося адмовiцца. Увялi новую схему ветэрынарнага кантролю, у адпаведнасцi з якой неабходна было на кожную партыю афармляць тры даведкi. Рабiць дакументы трэба было як мiнiмум да абеду, за гэты час прадукцыя псавалася, i давялося ўсур’ёз задумацца наконт далейшых перспектыў "мяснога" кiрунку. Тады Парфiяновiч паступова пачала згортваць пагалоўе i павялiчваць плошчы пад агароднiнай. За некалькi гадоў адпрацавала розныя гатункi сельскагаспадарчых культур — спрабавала вырошчваць памiдоры, агуркi, капусту, буракi, бульбу. Адначасова дэталёва вывучала патрабаваннi рынку. У вынiку Ярына Фёдараўна прыйшла да гарманiчнай структуры пасяўных плошчаў. Два Генадзi ды Арцём На 34 гектарах Парфiяновiч не спынiлася — ёй удалося пашырыцца да 95 га. Атрымала дазвол i разуменне пасля размовы з кiраўнiком дзяржавы. Прэзiдэнт аднойчы праводзiў сустрэчу з фермерамi i звярнуўся з пытаннямi да Ярыны Фёдараўны (як яна кажа, "мабыць, таму, што я адзiная жанчына там была"). Парфiяновiч шчыра расказала, што не бачыць сэнсу "ганяць" тэхнiку па даволi невялiкiм участку, каб атрымаць эфект, трэба мець большыя плошчы. Пасля было прынятае рашэнне: фермерам выдзяляць да 50 гектараў зямлi, а тыя гаспадаркi, якiя эфектыўна развiваюцца, могуць атрымаць да 100 га. Напэўна, менавiта да апошняй катэгорыi аднеслi Ярыну Фёдараўну, i нездарма, паколькi ёй удалося арганiзаваць сваю справу такiм чынам, каб атрымлiваць максiмальны вынiк. Чаго, да прыкладу, варты такi факт: рэнтабельнасць гаспадаркi Парфiяновiч рэдка калi складала менш чым 50 працэнтаў! На палетках вырошчваецца традыцыйны "агароднiнны" набор: 35-40 гектараў бульбы, 7-8 — капусты, 3-4 — буракоў, 3 — морквы i 1,5 — цыбулi. Астатняя плошча выкарыстоўваецца пад пару, паколькi Ярына Фёдараўна заўжды iмкнецца выконваць севазварот. Ураджаi атрымлiвае вышэйшыя, чым у сярэднiм па раёне, але за лiчбамi не гонiцца. Паколькi справядлiва лiчыць, што першая ўмова поспеху — якасная i смачная прадукцыя. — Можна даць шмат угнаенняў i "выгнаць" вялiкiя аб’ёмы, але што я ў вынiку прапаную людзям? — разважае Парфiяновiч. — Тут адно правiла: якiм чынам сябе зарэкамендуе прыватнiк, так ён далей i разгорнецца. Калi падвядзеш свайго спажыўца, то з табой проста больш працаваць не будуць. З рэалiзацыяй праблем не ўзнiкае, бо той, хто хоць аднойчы пакаштаваў нашу прадукцыю, становiцца пастаянным клiентам. Рынак збыту ў Ярыны Фёдараўны дакладна напрацаваны — у асноўным цяпер пастаўляе вiтамiнную прадукцыю санаторыям, дзiцячым садкам, рэстаранам, кавярням, сталовым, вайскоўцам ды шмат каму яшчэ. У Парфiяновiч вялiкае сховiшча для гароднiны, дзе створаны ўсе належныя ўмовы. Раней аддавала перавагу доўгатэрмiновым кантрактам. Зыходзячы са сваiх плошчаў, можна больш-менш дакладна спрагназаваць ураджай. Таму дагаворы на пастаўку заключаюцца ўвесну i на цэлы год. Зручная форма, аднак падчас крызiсу такая схема падвяла, бо кантракты падпiсвалiся па фiксаванай цане. Але Парфiяновiч зусiм не апускае рукi, паколькi ведае: на зямлi не прападзеш. Тым больш што сям’я заўсёды прыйдзе на дапамогу. Перш за ўсё гэта два Генадзi — муж i сын. У кожнага ў сямейным бiзнэсе свае абавязкi. За Ярынай Фёдараўнай застаецца агульнае кiраўнiцтва i бухгалтэрыя. Муж адказвае за электраабсталяванне, выкарыстанне i ўлiк гаруча-змазачных матэрыялаў, налiчэнне заробкаў. Сын "цягне", напэўна, самыя адказныя кiрункi — стан тэхнiкi, будаўнiцтва i збыт прадукцыi. Цiкава, што калi Генадзь вярнуўся з войска, то да мацi ў фермерскую гаспадарку адразу не пайшоў, а ўладкаваўся на працу ў калгас. Паколькi не асаблiва верыў у перспектывы ўласнай справы на зямлi. А пасля ўбачыў рэальныя вынiкi матчынай дзейнасцi i далучыўся. Дапамагае i ўнук Арцём, якi зараз вучыцца ў дзясятым класе. Сям’я Парфiяновiчаў шчыра працуе на сваёй зямлi. У фермерскай гаспадарцы два наёмныя работнiкi, з вясны да восенi спраў хапае ўсiм. I Ярына Фёдараўна ў свае 62 гады можа, калi трэба, i за руль трактара сесцi. — Пачатак сакавiка, усё больш прыпякае сонейка — значыць, хутка сяўба, да яе мы як належыць падрыхтавалiся, — кажа Ярына Фёдараўна. — Так што жаночае свята можна адзначаць з лёгкай душой... Мiкалай ЛIТВIНАЎ. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ярына Парфiяновiч разам з сям’ёй апрацоўвае 95 гектараў зямлi Ярына Фёдараўна Парфiяновiч — унiкальны чалавек. Напэўна, гэта адзiная ў Беларусi жанчы |
|