Барыс СТРАЛЬЦОЎ Стрэшка над студняй, альбо Пра цыбулінку i рэпку
Барыс СТРАЛЬЦОЎ Стрэшка над студняй, альбо Пра цыбулінку i рэпку
На конкурс апавяданняў
Часам нашы паводзiны, учынкi дыктуюцца аналогiямi, няхай сабе i вельмi далёкiмi, ад таго, што нам давялося вытрымаць, паспытаць, сцярпець у мiнулым. Сталым чалавекам нярэдка кiруюць падсвядомыя iмпульсы, якiя пасылае дзяцiнства i юнацтва. Імпульсы спараджаюць у памяцi вобразы i малюнкi. Вось такi стан вяртання, здавалася б без дай прычыны, у сваё мiнулае перажыў Хведар Iванавiч Кавалёў, дацэнт з салiдным педагагiчным стажам, па кнiгах якога адольвалi матэматычную навуку спачатку вучнi ў школе, потым — студэнты ў iнстытуце. — Вам даўно трэба было б пiсаць i абараняць доктарскую, станавiцца прафесарам, — папiкалi Кавалёва калегi. — Некалi! — коратка адказваў Хведар Iванавiч. — Я i так са сваiмi абавязкамi спраўляюся. Хведар Iванавiч прывык задавальняцца малым — у асабiстым жыццi. Любiў цiшыню, блуканне па лясных сцежках i па мурожных берагах цiхiх рачулак. Любiў птушыную гаману i малiнавы небасхiл пры захадах сонца. Любiў грыбныя дажджы i ледзь улоўны шолах распранання дрэў увосень. Гадзiнамi, калi такiя выпадалi, мог глядзець на паплавок — незалежна, спакушалася на яго прынаду рыба цi не. Ён умеў назiраць i слухаць галасы прыроды i жывiцца iмi. Дарма што матэматык. Да горада ён прызвычаiўся. Ды iначай i быць не магло. Кватэра — у шматпавярховым гмаху, ажно на дзявятым паверсе. На працу i з працы, хоць i меў "масквiча", — з дзвюма перасадкамi, з аўтобуса ў аўтобус, а потым трамваем. Неяк неўпрыкмет далучыўся да тэатра, з аднолькавай цiкавасцю хадзiў i на класiку, i на сучасныя, аздобленыя ўмоўнасцямi, спектаклi. Па тэлевiзары глядзеў пераважна iнфармацыйныя праграмы. Усё ж астатняе перабiвалася паўторамi надакучлiвай рэкламы, якую Хведар Iванавiч не прымаў. Жонка захаплялася серыяламi. Iншым разам iх iнтарэсы перасякалiся, i, каб пазбегнуць канфлiктаў, Хведар Iванавiч завёў персанальны тэлевiзар — маленькi, але з добрым каляровым экранам. Па натуры Хведар Iванавiч не быў сычом, але i ў дружбакi нiкому не навязваўся. Ведаў прозвiшчы i род заняткаў толькi трох-чатырох жыльцоў дома. Астатнiх пазнаваў па тварах, вiтаўся. З iм вiталiся. Iншым разам перакiдвалiся парай слоў. I не болей. З калегамi па факультэце ўсё выглядала iначай. Аб’ядноўвалi карпаратыўныя iнтарэсы. Калi ў iнстытуце стварылi садовы кааператыў i надзялялi ўчасткамi па чатыры соткi, Хведар Iванавiч уявiў скучанасць хатак i людзей; зробiш крок улева i трапiш нагой у агарод суседа, а як пераступiш управа, то патопчаш градку з морквай другому суседу, — i адмовiўся. Яму хацелася займець звычайную сялянскую хату з усiмi яе выгодамi i нязручнасцямi. Такую, каб нагадвала бацькоўскi падворак у зацiшным кутку Прыдняпроўя, атулены з двух бакоў пошумным борам, а з трэцяга — бярозавым гаем. У наваколлi Мiнска Дняпро не цячэ. Але ж можна прыгледзецца да паселiшча, якое стаiць над невялiкай рэчкай. Тут не да капрызаў. I такi знайшоў Хведар Iванавiч жаданую хату. Яна была навiдавоку — крайняя на ўтравянелай вулiцы, якая на той момант нагадвала дыван, сатканы з пералiвiстых промняў сонечнага святла, што замаруджанымi хвалямi лiлося з небасхiлу за шырокай абалонай рэчкi, акаймаванай кустамi, альшанiкам i нiцымi вербамi. Быў вечар. I была зачараваная цiша, якая давала супакаенне i замiлаванне. Толькi вось загваздка: мажлiва, жыве ў гэтай хаце гаспадар цi нашчадкi, за якiмi запiсаны дом, недзе далёка адсюль i не збiраюцца яго прадаваць. Не ўсе такiя хаты стаяць пустыя. Многiя малыя вёскi стаяць нема, абязлюдзелi. Але ж не ўсе. А як гэта? Ступiў на падворак праз веснiчкi, якiя вiселi на адной скураной лямцы i ледзьве не рассыпалiся, калi Хведар Iванавiч штурхнуў iх. Нi голасу, нi брэху. Вокны i дзверы пазабiваны крыж-накрыж вузкiмi негабляванымi дошкамi, а сама хата, здавалася, прысела на кукiшкi. "Нiжнiя вянкi падгнiлi, — адзначыў Хведар Iванавiч. — Ну, гэта можна паправiць, майстры знойдуцца". Хата лiчылася маёмасцю сельсавета. Нашчадкi жылi ў райцэнтры, адмовiлiся ад бацькоўскай спадчыны i аддалi яе мясцоваму калгасу за малыя грошы, а калгас, каб не мець лiшняга клопату, перадаў хату на баланс сельсавета. Так што Хведар Iванавiч даволi лёгка стаў уладальнiкам чвэрцi гектара зямлi i гаспадарчага падворка з усiмi збудаваннямi. Тут табе i жытло, тут i хлеў, клець, амшанiк з рэшткамi старадаўнiх пчалярскiх калод. Рамонт хаты шмат часу не забраў. У вёсцы толькi некалькi двароў, пазбаўленых гаспадарскага вока, пуставала, а хаты крывiлiся з боку на бок. Астатнiя выглядалi дыхтоўна, у iх жылi механiзатары i даяркi, атабарыўся тут i калгасны аграном, вясковы фельчар на пенсii. Маладжавы сусед трактарыст i той жа фельчар, якi аказаўся майстрам на ўсе рукi, пагадзiлiся давесцi аблюбаваную Хведарам Iванавiчам хату да ладу. Зрабiлi гэта капiтальна, без зацяжкi, бо мелi свой iнтарэс. Невялiкi клопат быў i са студняй. Яе на падворку не было. Колiшнiя гаспадары, пэўна, хадзiлi па ваду ў суседнi завулак. Сваю прыдняпроўскую студню з чыстай ледзяной вадой Хведар Iванавiч успамiнаў заўсёды, калi вяртаўся ў мроях у дзяцiнства. Такую ён хацеў мець i на прыдбанай сядзiбе. Фельчар гукнуў талаку. Сабралiся нават старыя i малыя. Хто паглядзець, а хто i дапамагчы. Мужчыны хутка выкапалi ствол студнi — балазе ваданосны слой залягаў неглыбока. У запаслiвых вяскоўцаў знайшлiся бетонныя кольцы. Iх спатрэбiлася ўсяго чатыры. Верх Хведар Iванавiч папрасiў выкласцi зрубком на замок. Калi можна, то з дубовых плашак. Дашак рабiў сам. Два акораныя бярвенцы па баках, на iх — папярочны брус, на брус — двухсхiльная стрэшка з нешырокiм акенцам, толькi каб пралазiла вядро, прымацаванае ланцужком да адшлiфаванага валiка-пад’ёмнiка. На стрэшку шчыльна падагнаў добра высушаную дранку. Побач са студняй укапаў абрэзкi слупоў i прыбiў да iх вычышчаную рубанкам да бляску шырокую сасновую дошку. Студня i лава былi акурат як на прыдняпроўскiм бацькоўскiм падворку. Як праз сутонне прыпамiналася: сядзiць на лаве дзед Азар i, убiўшы бабку ў пянёк, кляпае доўгае палатно касы-лiтоўкi: тук-тук, тук-тук-тук... I так з гадзiну, покуль джала касы не стане як брытва. Дзед памёр нечакана. Араў раскарчаваную i вычышчаную ад хмызняку паляну, спынiў каня, прыцiснуў рукi да грудзей i ўпаў. Дзеда на лаве замянiў бацька. Ён хадзiў у калгасе на розныя палявыя работы — з коньмi i без коней. Увечары, аблiўшыся да пояса халоднай вадой са студнi, задуменна сядзеў напаўголы, церабiў абвiслыя вусы i смактаў самакрутку. Iншым разам, калi Хведар падсаджваўся побач, з усмешкай казаў: "Ты ў мяне, сынку, матэматык. Давай-ка падлiчы, колькi ў гэтым месяцы брыгадзiр намаляваў мне палачак". Палачкамi адзначалiся працаднi. З класа ў клас Хведар пераходзiў акуратна: па матэматычных дысцыплiнах, фiзiцы i хiмii — пяцёркi, па астатнiх — чацвёркi, рэдка — тройкi. Такiя адзнакi былi выстаўлены i ў школьны атэстат. Бацька стаяў за тое, каб сын ехаў у Горкi паступаць у сельскагаспадарчую акадэмiю: i бацькоўскi дом недалёка, i ад зямлi не адлучыцца. Заўсёды паслухмяны сын заўпарцiўся: хачу вучыцца на фiзiка-матэматычным факультэце. Пры гэтым паказваў газету, у якой давалiся кароткiя звесткi пра ўнiверсiтэцкiя факультэты. Бацька здаўся. Зняў з палiцы скрыначку, у якой хавалiся рублi, траячкi, пяцёркi i нават капеечная дробязь. Запас стварыўся ад продажу ў Быхаве ягнят, яек i здабытай у Дняпры рыбы. Стары заклапочана нешта пашаптаў i падаў грошы сыну: — Добра схавай, каб не ўкралi. Шыкаваць не будзеш, але з голаду не памрэш. У торбачку з даматканага палатна, у якой Хведар дасюль насiў падручнiкi i сшыткi, мацi паклала свежых праснакоў, паўбохана хлеба ўласнай выпечкi, квадратны кус пажоўклага, трошкi ёлкага сала ад каляднага забою i дзясятак маласольных агуркоў. З гэтым харчовым багажом Хведар рушыў заваёўваць сталiчны ўнiверсiтэт. Такiх заваёўнiкаў набралася шмат — конкурс на матэматычны быў вялiкi. Тры днi перад першым экзаменам хадзiў па горадзе, захапляўся яго дзiвосамi, а потым асеў у студэнцкiм iнтэрнаце, дзе яму адвялi рыпучы ложак са спляжаным матрацам. Разам з iм у пакой пасялiлi яшчэ трох абiтурыентаў, таксама вясковых хлопцаў i амаль з такiмi ж зрэбнымi торбачкамi з акуратна выведзенымi iнiцыяламi. Харчовы набор той жа — хлеб, сала, а ў багацейшага яшчэ слоiк масла i паўдзясятка вараных яек. З-за даўнасцi гатавання i захоўвання яйкi пад шалупейкамi густа пасiнелi, i iх давялося выкiнуць. Масла прагоркла. Так што рацыён у хлопцаў быў аднолькавы. Экзамены расцягнулiся больш як на тыдзень. Былi з’едзены хлеб i сала. На вынiковую сустрэчу з дэканам Хведар iшоў, добра падцiснуўшы папружку. Хвалявання асаблiвага не было, бо ўсё цела з галадухi працiнала вялая моташнасць. Прыйшла яго чарга адчыняць тугiя дэканскiя дзверы. Дэкан сядзеў у крэсле за сталом. Яго Хведар унаглядку ведаў — прыходзiў на экзамены. Хударлявы вастраносы мужчына з высокiмi залысiнамi, ён вельмi нагадваў iхняга калгаснага агранома. Абапал стала сядзелi двое. Аднаго Хведар пазнаў, ён экзаменаваў iхнюю групу. Дэкан, патросшы стосiкам папер перад носам Хведара, з дакорам сказаў: — Што ж ты, Кавалёў, у сачыненнi столькi памылак нарабiў? Ледзьве на тройку выцягнуў. Таму прахаднога бала не дабраў. I што загадаеш з табой рабiць? Хведар моўчкi пацiснуў плячыма i адчуў, што пачынае чырванець. Моташнасць не адступала. Нядаўнi экзаменатар захваляваўся: — Iван Паўлавiч, мы, здаецца, дамовiлiся. Пагаварыце з рэктарам. Растлумачце прыёмнай камiсii... Хлопец з вёскi. I, мне здаецца, падае надзеi... — Вы, Мiхась Пятровiч, заўсёды ставiце перада мной складаныя задачы. Ну, вядома ж, пагавару, растлумачу. Але, вы бачыце, не хапае аднаго бала на прахадны... Якую тут матывацыю прыдумаць?.. Паклаўшы стосiк папер на стол, дэкан вяла махнуў рукой Хведару: — Едзь дадому i чакай. Тут, хлопча, цi то цыбулiнка, цi то рэпка. Ад цыбулiнкi слёзы, а ў рэпцы смак. Так што чакай! Не зразумеўшы, прычым тут цыбуля i рэпа, Хведар выйшаў з кабiнета. Што ён скажа дома? Пэўнасцi не было. Пасля ўжо, атрымаўшы пастаяннае месца ў iнтэрнаце i завязаўшы сяброўства i знаёмствы з яго насельнiкамi, ён даведаўся, што гэта любiмая прымаўка дэкана. А той экзаменатар, Мiхась Пятровiч, якi потым далучаў яго да навукi, у хвiлiну шчырасцi прызнаўся: "Я паказаў Iвану Паўлавiчу, што ты дзве задачы рашыў арыгiнальна, нетрадыцыйна i што, не залiчыўшы цябе ў студэнты, мы можам страцiць прыроджанага матэматыка. А ўжо Iван Паўлавiч давёў рэктарскай прыёмнай камiсii, што ты маеш шанц стаць беларускiм Лабачэўскiм. Ён гэта ўмее". Гэта пасля. А пакуль Хведар машынальна склаў у сваю торбачку некалькi кнiжак, пакiнутых на падаконнiках i ложках няўдачнiкамi, якiя падалiся дадому раней за яго, i пайшоў на Прывакзальную плошчу. Яшчэ раз пералiчыў пацёртыя рублi. На бiлет хапала. На тое, каб збольшага перакусiць, — не... Да вечара ён нудзiўся ў зале бiлетных касаў. Выглядаў, калi адчынiцца акенца, над якiм вiсеў спiс напрамкаў руху цягнiкоў, у тым лiку на Магiлёў. Усе лавы былi занятыя, i ён, прытулiўшыся да сцяны, задрамаў стоячы. У зняможлiвым трансе падкасiлiся ногi, i ён павольна споўз на падлогу. Ачуняў ад лёгкага паляпвання чужых далоняў па шчоках. Расплюшчыў вочы i недаўменна ўтаропiўся на вайскоўца з пагонамi старшага лейтэнанта, якi прысеў перад iм на кукiшкi. — Што з табою, хлапчанё? Я спачатку падумаў, што ты выпiў лiшку. Потым бачу — не! Дык што здарылася? Хведар паматаў затуманенай галавой: — Н-не ведаю... Мне трэба ехаць у Магiлёў. — Нiшто сабе. Трэба ехаць, а ты ляжыш, — цiхенька засмяяўся старшы лейтэнант, дапамагаючы Хведару ўстаць. — А што ты рабiў у горадзе? — На фiзмат паступаў. — Бач ты, на фiзмат... Паступiў? — Н-не ведаю. Хутчэй не. Адзiн бал не дабраў. — Ну, з балам разбяруцца, каму след. А вось еў ты, мне здаецца, даўнавата, таму i забурыўся. Добра распытаўшы Хведара, старшы лейтэнант падаўся да вайсковай касы, дзе не было чаргi, i купiў бiлет да Магiлёва. Потым завёў у буфет i накармiў бутэрбродамi i варанымi яйкамi. Больш там нiчога не было. Пару бутэрбродаў з вяндлiнай загарнуў у паперу i сунуў iх у Хведараву торбачку памiж кнiг. Толькi пасля развiтання з iм Хведар схамянуўся, што не папрасiў свайго ратавальнiка назваць iмя i прозвiшча. Так ён i застаўся ў яго памяцi старшым лейтэнантам. У самым канцы жнiўня з унiверсiтэта прыйшла паперка з выклiкам на вучобу... У сваю сялянскую хату, нанова адрамантаваную i, як казаў фельчар, адмыслова начапураную, Хведар Iванавiч прыязджаў на два летнiя месяцы, а ўвесну i ўвосень — на выхадныя i святы, а калi надараўся цяжкi дзень — i нанач. Такi дзень застаўся за плячыма i на гэты раз. У самым разгары ўступныя экзамены, а ён — намеснiк старшынi прадметнай камiсii. Старшыня — сам дэкан. Хадзiлi чуткi, што хутка экзамены будуць праходзiць цэнтралiзавана, праз тэсты. А пакуль што яны трымалiся старой добрай сiстэмы, калi экзаменатар i паступовец глядзяць адзiн аднаму ў вочы. Хведар Iванавiч загнаў "Масквiча" пад паветку i, адмахнуўшыся ад жонкi, якая выйшла на ганак i клiкала на вячэру, сеў на лаву каля студнi. Прыдзiрлiва агледзеў стрэшку. Старая дранка, трэба пакласцi новую, а то дождж пачне прабiвацца ў студню. З усяго падворка менавiта стрэшка была яго заўсёдным клопатам. Астатнiм запраўляла жонка. Пракруцiў падзеi дня. Асаблiва запомнiлiся два хлопцы, адказы якiх былi сцiслыя i дакладныя, без лiшнiх слоў. "Матэматычны склад мыслення, — задаволена адзначыў ён. — Трэба паглядзець, што ў школьных атэстатах". Пасля экзамену пайшоў да лабарантак у прыёмную камiсiю. Атэстаты трошкi засмуцiлi. Пры дзявятках i дзясятках па дакладных, як iх называлi на факультэце, дысцыплiнах, адзнакi па лiтаратуры, мовах, акрамя замежнай, былi куды слабейшыя. А сярэднi бал па атэстаце, якi было адмянiлi, нацэлiўшы школьнiкаў на больш глыбокае вывучэнне профiльных дысцыплiн iхняга выбару, раптам зноў уключылi ў залiк — нароўнi з адзнакамi, атрыманымi на ўступных экзаменах. Доўга сядзеў на лаве, думаў. Не адступаў клопат аб юнаках, якiя ўразiлi яго дакладнасцю адказаў i вынаходлiвасцю пры парыраваннi каверзных дадатковых пытанняў. Са сваiм сярэднiм школьным балам могуць не набраць прахадны бал. Такая вось цi то цыбулiнка, цi то рэпка... А з цыбулiнкi слёзы, а ў рэпцы смак... Трэба iсцi да дэкана. Трэба клапацiцца пра цыбулiнку i рэпку... Жонка каторы ўжо раз выйшла на ганак i дакорлiва пакiвала галавой. — Ды iду ўжо, iду! — Хведар Iванавiч узняўся з лавы. I з замiлаваннем зiрнуў на стрэшку над студняй.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Часам нашы паводзiны, учынкi дыктуюцца аналогiямi, няхай сабе i вельмi далёкiмi, ад таго, што нам давялося вытрымаць, паспытаць, сцярпець у мiнулым. С
|
|