21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сабор-самалёт

26.08.2009 12:08 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сабор-самалёт

У самалёце малiцца значна лягчэй, чым у наземных цi падземных збудаваннях. Яно i зразумела; у самалёце ты блiжэй да неба, блiжэй да высокай чысцiнi i стваральнага святла. Канструкцыя самалёта амаль не выкарыстоўваецца ў саборабудаваннi, а дарма.

Браты i сёстры

Надараецца цёмная часiна са змрочным настроем, i тады я думаю пра братоў. Калi стане яшчэ горай, думаю, я паеду ў Брэст да брата Андрэя, i ён абавязкова дапаможа. Цi паеду ў Койданава да Вiцi, а мо i ў Сочы паеду да Змiцера. А яшчэ лепей паехаць мне ў Амерыку, паехаць у Чыкага да Вiктара... Ад такiх думак свет крыху святлее. Я цудоўна ведаю: калi насамрэч здарыцца нешта вельмi кепскае, дык я, хутчэй за ўсё, паеду не да братоў, а паеду да сёстраў. Сёстры заўсёды дабрэйшыя за братоў. Ведаць я пра гэта ведаю, але думаю ўсё адно пра Андрэя, Вiцю, Змiцера, Вiктара, а не пра Алену i Волю. У светлыя часы я амаль нiколi не згадваю пра сваiх сясцёр i братоў. Чаму? Спадзяюся: у iх i без мяне ўсё выдатна.

Сакрат i Хрыстос

У апошнi дзень свайго жыцця Сакрат быў вясёлы. "Сакрат, цябе асудзiлi на смерць, чаму ж ты вясёлы?" — спытаў ягоны вучань. "Яны асудзiлi мяне на смерць, а жыццё асудзiла iх!" Так апiсваў апошнi дзень Сакрата Платон, той самы Платон, якi пiсаў пра бессмяротнасць душы. Людзi верылi ў мужнасць Сакрата, верылi Платону, верылi ў бессмяротнасць уласнай душы, а таму спакойна ставiлiся да смяротнага пакарання. За вераю ў весялосць асуджанага на смерць Сакрата прыйшла вера ва ўваскрэсенне Хрыста. Яго асудзiлi на смерць. Ён пакутлiва сканаў на крыжы пад бязлiтаснымi промнямi сонца. Хрыстос памёр i ўваскрос. Так апiсалi падзею Мацьвей i Марк, Лукаш i Ян. Ім верылi, як у свой час верылi Платону. Iм верылi, i смяротнае пакаранне выглядала не такiм безнадзейным i не такiм незваротным, як яно выглядае сягоння, калi мы ведаем, што прырода асудзiла нас на смерць, але не маем доказаў праўдзiвасцi словаў Платона, Мацьвея, Марка, Лукаша i Яна. Сягоння смяротнае пакаранне выглядае жудасным i цёмным, як безваконныя сутарэннi. Таму я не прымаю смяротнае пакаранне, лiчу яго ганебным, а людзей, што прыспешваюць смерць iншых людзей, лiчу недальнабачнымi дзiкунамi.

Цiхiя краявiды

Маленькiя, на адно акенца, дамкi агароднiкаў пад Барселонаю заўсёды напаўняюць маю душу спакоем i вераю ў гарманiчныя ўзаемаадносiны чалавека з навакольным светам. Падобны душэўны спакой я адчуваю, калi гляджу з летняй дарогi на далёкую блакiтна-зялёную беларускую вёску.

Ёлкае сала

Iспанцы i каталонцы любяць вэнджаныя свiныя кумпякi i крыху ёлкае сала. У нашых краёх пажаўцелае ёлкае сала зразалi, нiхто яго не ёў. А ў Барселоне я пацiху прывучыўся да ёлкага сала i цяперака нават смачным яго лiчу.

Элiан i цэнзура

Антычны лiтаратар Элiан пачуў i запiсаў, што ў Фiвах закон загадваў майстрам, жывапiсцам i скульптарам надаваць сваiм выявам больш узнёслыя параўнальна з рэальнасцю рысы, а за змяншэнне якасцяў таго, што служыла ўзорам для статуi альбо карцiны, жывапiсцам i скульптарам пагражаў грашовы штраф. Калi сягоння ўключыць тэлевiзар з прымусовым пазiтывам ды бясконцай рэклама-прапагандаю ўсяго i ўсiх, можа скласцiся адчуванне, што форма цэнзуры, вынайдзеная ў старажытных Фiвах, дзейнiчае i зараз.

Канец словаў?

Канец словаў... Ты так сказаў? Канец словаў... Ты сказаў... Напачатку — слова, слова — у Бога, слова — Бог. Так ёсць. Так было i так будзе. Будзе тое, што было, а было тое, што будзе. Хваля марскае падае на пясок. Так ёсць, так было i так будзе. За адной хваляю коцiцца наступная хваля, а за ёю наступная. За меншай хваляю прыходзiць большая, за большай iдзе меншая, але яны прыходзяць адна за адной, адна за адной. Яны падаюць на пясок. Яны рассыпаюцца, каб сабрацца, яны збiраюцца, каб рассыпацца. Святло аддзяляецца ад цемрадзi, цемра паглынае святло, каб святло зноў аддзялiлася ад цемры, а цемрадзь паглынула святло. Ён бачыць, што гэта добра. А ты не бачыш? Ты кажаш пра канец словаў? Ён аддзяляе пясок ад вады. Ён бачыць, што гэта добра. Чаму ты ўсё яшчэ не бачыш? Вада падае на зямлю, зямля родзiць траву, сеецца насенне, паўстаюць дрэвы плодныя, падаюць плады на зямлю, сеецца насенне, падае вада... Ён бачыць, што гэта добра. Лётае жамяра, плаваюць рыбiны, поўзаюць паўзуны, лётаюць пташкi, ходзяць звяры i ў цемрадзi, i ў святле, i пад Сонцам, i пад Месяцам. Ён любiць iх. Дык чаму ты не бачыш, што гэта добра? Ты чуеш? Чуеш: як падае хваля на пясок? Ты стаiш памiж цемраю i святлом, пад небам i на зямлi. Ты стаiш i ўслухоўваешся ў падзенне хвалi.

Адам ГЛОБУС.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У самалёце малiцца значна лягчэй, чым у наземных цi падземных збудаваннях. Яно i зразумела; у самалёце ты блiжэй да неба, блiжэй да высокай чысцiнi i
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика