Сведкі жахаў вайны памятаюць усё...
Сведкі жахаў вайны памятаюць усё...
Радавыя Перамогі
...Перад манiторам у адной з выставачных залаў музея Вялiкай Айчыннай вайны спынiлася незвычайная экскурсiя. У старыя чорна-белыя кадры ваеннай кiнахронiкi ўзiралiся людзi пенсiйнага ўзросту, а не прывычныя для сцен музея школьнiкi: — Вось! Вось нашая сцежка! Па ёй мы з лагера iшлi... Усё так i было... Усё так i было... Гэта ж нас паказваюць, — паказвала рукой адна з жанчын на манiтор, а астатнiя кiвалi ў знак згоды i пацiху выцiралi слёзы з вачэй... ...Былыя вязнi Азарыцкiх лагераў сабралiся ў музеi ВАВ, каб пабачыць адно аднаго, пагаварыць пра жыццё, памаўчаць пра тых, каго няма ў жывых, i падзялiцца ўспамiнамi. Напрыклад, пасля кароценькай экскурсii па музеi за кубачкам гарбаты ўспамiнала скрозь слёзы Лiдзiя Атрашкевiч: — Нас было шэсць дзяцей i мацi... Самi мясцовыя, з Азарычаў... Мне тады 11 гадоў было... Па чатыры чалавекi нас гналi ў вёску, i там усе захварэлi на тыф. Пасля прыехала вялiкая ваенная машына, i нас, дзяцей, за рукi за ногi закiдвалi туды, i матулю ўпiхнулi... Выгружалi такiм жа чынам: за рукi за ногi — i ў бруд... Мацi пайшла шукаць больш сухое месца, а тут немец падышоў да нас, б’е палкай, кажа: "Вэк! Усiх перастраляю!". А мама яму: "Панок, не чапай, гэта мае кiндэры...". І перацягнула нас на сухое месца... Вязнямi канцэнтрацыйных лагераў на пярэднiм краi нямецкай абароны ў сакавiку 1944 года стала выключна мiрнае мясцовае насельнiцтва. Жанчынамi, дзецьмi i старымi фашысты адгарадзiлiся ад часцей Чырвонай Армii, якiя наступалi. На рэдкалясiстых, забалочаных прасторах, агароджаных калючым дротам, без вады, ежы i медыцынскай дапамогi немцы трымалi больш за 30 тысяч чалавек... Разам са здаровымi вязнямi спецыяльна размяшчалi хворых на тыф, каб распаўсюдзiць хваробу сярод перадавых частак Чырвонай Армii, якая мусiла хутка вызвалiць няшчасных. — Сам я з вёскi Белiца пад Жлобiнам, — успамiнае Мiкалай Захарчанка. — Мне тады 14 гадоў было... Усе тыфозныя, уся сям’я нашая. I пабег я з конаўкай па ваду. А на вышцы — немец з аўтаматам. Падыходзiць блiзка туды — страшна. Таму знайшоў я нейкую траншэю, разгроб снег — а там рука тырчыць... Далей разгроб — яшчэ адна рука... Так вады я i не набраў... Яна нейкая ружовая была... Прыбег да мамы i кажу, што "ой, там вада з крывёю...". Даводзiлася снег зграбаць у конаўкi... Азарыцкiя лагеры былi вызвалены 18-19 сакавiка 1944 года войскамi 65-й армii 1-га Беларускага фронту. З вызваленых трыццацi з нечым тысяч болей за палову складалi дзецi да 13 гадоў. А шмат яшчэ хто не змог выжыць i памёр пасля ў шпiталях ад хваробаў i знясiлення, нягледзячы на ўсе стараннi медыкаў... 19 сакавiка 2009 года, у памятны дзень вызвалення, а 12-й гадзiне ў Азарычах пройдзе мiтынг, дзе былыя вязнi збяруцца, каб памянуць недажыўшых да сёння родных, суседзяў i землякоў... Павел БЕРАСНЕЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Перад манiторам у адной з выставачных залаў музея Вялiкай Айчыннай вайны спынiлася незвычайная экскурсiя. У старыя чорна-белыя кадры ваеннай кiнахр
|
|