Едзьце, госцейкi дарагiя...
Едзьце, госцейкi дарагiя...
Надоўга запомнiцца для 23-гадовага Марка наведванне Беларусi. А асаблiва Мiнска — беларускай сталiцы. Яшчэ б: ад цэнтра горада да гатэля Мiжнароднага адукацыйнага цэнтра (адлегласць па прамой — каля 7 км) таксiст узяў з грамадзянiна Германii 80 тысяч беларускiх рублёў... Як расказаў мне сам Марк, ён ехаў з сябрамi-суайчыннiкамi ў гатэль, вяртаючыся з экскурсii. — Селi ў таксi. Таксiсту мы адразу паказалi вiзiтоўку гатэля: ІBB (Мiжнародны адукацыйны цэнтр). I мужчына як бы зразумеў — станоўча махнуў галавою. Але вазiць нас пачаў па розных гатэлях, як бы не разумеючы, што нам патрэбен IBB. А ў канцы паездкi агучыў суму: восемдзесят тысяч рублёў. Асабiста я доўга разважаў над тым, па якiх завулках трэба было вазiць, каб наездзiць на восемдзесят тысяч рублёў. — А таксометр быў уключаны? — У аўто ён быў, але вадзiцель яго не ўключаў. Сёння ў Марка няма жадання любавацца беларускiмi ручнiкамi i купляць сувенiры з iльну. Яно i зразумела. Уяўленне аб краiне, дзе жывуць шчырыя i гасцiнныя людзi, у грамадзянiна Германii, пагадзiцеся, засталося не вельмi пазiтыўным. Тым больш, што Марк — звычайны студэнт. I пад стэрэатып, калi iншаземец — значыць, багаты, ён не падыходзiць... Як патлумачыў вядучы юрысконсульт ГА "Абарона спажыўца" Юрый Перавозкаў, у гэтай сiтуацыi вiдавочнае няякаснае аказанне паслуг кiроўцам таксi (артыкул 5 Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў" (далей — Закон), якi гаворыць пра тое, што спажывец мае права на паслугу належнай якасцi). Згодна з заканадаўствам, якое дзейнiчае сёння ў Беларусi, спажывец можа звярнуцца з iскавай заявай у суд, у якой будуць прапiсаныя патрабаваннi аб вяртаннi залiшне выплачанай сумы, а таксама патрабаваннi аб спагнаннi матэрыяльнай кампенсацыi за маральную шкоду. "У гэтай сiтуацыi праваадносiны памiж спажыўцом i перавозчыкам рэгулююцца Правiламi аўтамабiльных перавозак пасажыраў у Рэспублiцы Беларусь, якiя зацверджаныя пастановай Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый ад 22.07.2002 г. № 23. Згодна з гэтым дакументам кiроўца таксi павiнен быў: 1) пачынаць рух з уключаным таксометрам пасля ўдакладнення ў пасажыра пункта прызначэння (забараняецца перавозiць пасажыраў з выключаным таксометрам — п. 178 Правiлаў); 2) ехаць найкарацейшым шляхам да пункта, названага пасажырам, кiруючыся дзейнымi Правiламi дарожнага руху. Уносiць змены ў маршрут руху таксiст мог толькi з дазволу альбо па iнiцыятыве пасажыраў (п. 176 Правiлаў). Такiм чынам, у дзеяннях кiроўцы таксi можна заўважыць мiнiмум тры парушэннi Правiлаў аўтамабiльных перавозак пасажыраў у Рэспублiцы Беларусь. Згодна з Артыкулам 19 Закона прадугледжана, што выканаўца не мае права без згоды спажыўца аказваць дадатковыя платныя паслугi. Спажывец можа адмовiцца ад аплаты за такiя паслугi, а калi яны ўжо аплачаныя — мае права патрабаваць ад выканаўцы вяртання заплачанай сумы. Акрамя таго, у артыкуле 18 Закона гаворыцца, што кампенсацыя маральнай шкоды, нанесенай спажыўцу ў вынiку парушэння правоў спажыўца выканаўцам i прадугледжанай заканадаўствам, ажыццяўляецца той асобай, якая прынесла шкоду пры наяўнасцi яе вiны. Памер кампенсацыi маральнай шкоды вызначаецца судом у залежнасцi ад характару учыненых спажыўцу фiзiчных i маральных пакут". — Увогуле, сёння ў нас такая сiтуацыя, што ўключаць таксометр таксiст абавязаны заўжды, — прызнаецца кiроўца Алег, у мiнулым таксiст са стажам у адным з абласных цэнтраў. — Сёння таксiсты таксама правяраюцца, i даволi часта да iх у таксi пад вiдам пасажыраў сядаюць кантралёры... Таму не ўключыць таксометр — рэч рызыкоўная. А кошт паездкi можа напрамую залежыць i ад таго, якой дарогай вы паедзеце: завезцi можна i за 10 тыс., i за 15 тыс. Iншая рэч, iснуюць таксiсты, што ездзяць пад так званым "чорным сцягам" — нелегальна: яны могуць прычапiць нават i адмысловую шыльду "таксi", але iх паслугi ўсё адно застануцца па-за законам. Па iнфармацыi Мiнiстэрства ўнутраных спраў Беларусi, летась у краiне зафiксаваны 1784 крымiнальныя злачынствы, у якiх пацярпелi замежныя грамадзяне... Але не ўсё так дрэнна. Напрыклад, калi раней за бiлет у беларускi музей замежнiк павiнен быў заплацiць у два разы больш, чым беларус, то сёння, як мне патлумачылi ў Мiнiстэрстве культуры, згодна з даручэннем Савета Мiнiстраў ад 15.11.2008 года, цэны на бiлеты ў беларускiх музеях ураўнаваныя, i бiлеты сёння прадаюцца без дыферэнцыяцыi наведвальнiкаў па грамадзянстве. Як вiдаць, працэс пайшоў. Няўжо мы нарэшце адумалiся i зразумелi, што грашовы прыток шляхам павелiчэння цэнаў для iншаземцаў нiяк не стане стымулам для турыстаў? Хочацца спадзявацца, што так. Iлья Лапато.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Надоўга запомнiцца для 23-гадовага Марка наведванне Беларусi. А асаблiва Мiнска — беларускай сталiцы. Яшчэ б: ад цэнтра горада да гатэля Мiжнароднага
|
|