Хто ўздымецца на Тэлевяршыню?
Хто ўздымецца на Тэлевяршыню?
Адказ на гэта пытанне гледачы i самi беларускiя тэлевiзiйнiкi атрымаюць 29 сакавiка. Менавiта ў гэты дзень адбудзецца цырымонiя ўзнагароджання лаўрэатаў V Нацыянальнага тэлевiзiйнага конкурсу "Тэлевяршыня". Але яшчэ да гэтага моманту можна адзначыць некалькi адметнасцяў сёлетняга конкурсу. Па-першае, пятая "Тэлевяршыня" ў параўнаннi з мiнулымi стала самай вялiкай па колькасцi дасланых заявак — 253, з якiх пераважная большасць — 140 — ад рэгiянальных тэлекампанiй i аб’яднанняў. Апошнi факт з прыемнасцю адзначалi ўсе члены журы, у тым лiку яго сустаршыня, намеснiк мiнiстра iнфармацыi Аляксандр Слабадчук. "Па некаторых работах упершыню рэгiянальныя тэлеканалы лiдзiруюць у спаборнiцтве з "тэлекiтамi" — Белтэлерадыёкампанiяй, АНТ, СТБ", — адзначыў намеснiк мiнiстра. Асаблiва члены адборачнай камiсii i прафесiйнага журы адзначылi тэлеканалы з Лiды, Брэста, Гомеля, Магiлёва, Паставаў, Маладзечна, Пiнска; увогуле сярод удзельнiкаў сёлета больш за 30 рэгiянальных тэлекампанiй як дзяржаўнай, так i недзяржаўнай формы ўласнасцi. Па-другое, сёлета як нiколi папулярнай была намiнацыя "Лепшы дакументальны фiльм", у якой разглядалася 31 заяўка, прычым як мiнiмум 9 работ, на думку прафесiяналаў, былi вартыя найвышэйшай узнагароды. А вось у намiнацыi "Сацыяльная рэклама" хоць i было прадэманстравана таксама многа работ — 21 заяўка — але iх якасць журы не парадавала. Нагадаем, заснавальнiкамi нацыянальнага тэлевiзiйнага конкурсу выступаюць мiнiстэрства iнфармацыi РБ, Белтэлерадыёкампанiя, ЗАТ "Другi нацыянальны тэлеканал" i ЗАТ "Сталiчнае тэлебачанне". Рэспублiканскiя каналы-арганiзатары па чарзе праводзяць i транслююць цырымонiю. Сёлета ўжо ў другi раз гэта робiць Белтэлерадыёкампанiя, якой упершыню давядзецца прыстасоўвацца да iншага памяшкання — "Тэлевяршыня" са звыклага Палаца Рэспублiкi перабярэцца ў Белдзяржфiлармонiю. Арганiзатары не хаваюць — гэта выклiкана ў тым лiку i фiнансавымi прычынамi, але абяцаюць, што нi значнасць цырымонii, нi якасць "карцiнкi" не зменшацца. Наадварот — абяцаецца мерапрыемства "ў лепшых традыцыях свецкай урачыстасцi", намiнантам i гасцям прадпiсаны строга вячэрнi дрэс-код, а адпаведную атмасферу дапаможа стварыць класiчная музыка... — Так, сапраўды, фiлармонiя — гэта даволi складаная сцэна, не прыстасаваная нi для трансляцыi намiнацый на экране, нi для паказу людзей у зале — а нашых герояў, твары розных каналаў трэба паказваць, — згаджаецца галоўны рэжысёр Белтэлерадыёкампанii, рэжысёр-пастаноўшчык цырымонii Валерый Пестаў. — Давялося канструктарам усё дэталёва пралiчваць, заказваць спецыяльнае абсталяванне для асвятлення, падвесу камер i г.д. Спадзяюся, мы справiмся. Што датычыцца "iскрынак" цырымонii — паколькi гэта фiлармонiя, павiнна гучаць добрая музыка, класiка. Тым больш, у БТРК ёсць такое багацце, як уласны сiмфанiчны аркестр. Але цалкам яго размясцiць складана, таму ў нас будзе працаваць струнная група. Самая вялiкая, я лiчу, знаходка — кампазiтар Далгалёў спецыяльна напiсаў 12 гiмнаў для выхаду намiнантаў i ўзнагароджання, i гэтыя гiмны будуць выконвацца на аргане Белдзяржфiлармонii. У фае, сустракаючы гасцей, будзе працаваць ансамбль камернай музыкi "Сiмфанiета", якi таксама створыць адпаведную атмасферу. І ў фiнале, безумоўна, прагучыць гiмн "Тэлевяршынi", напiсаны Л. Захлеўным, — "Яго вялiкасць эфiр". Бо для нас усiх, хто працуе на тэлебачаннi, сапраўды эфiр — гэта святое. Статуэткi "Тэлевяршынi" будуць уручаныя ў 20 асноўных намiнацыях (12 — тэлепраекты, 8 — персаналii) i дзвюх дадатковых — прыз журы "За ўнёсак у развiццё айчыннага тэлебачання" i прыз глядацкiх сiмпатый лепшаму тэлевядучаму, на званне якога прэтэндуюць Дзянiс Кур’ян (Першы), Аляксандра Снегiна (ЛАД), Сяргей Дарафееў (АНТ), Ларыса Грыбалёва i Юрый Нiкалаеў (РТР-Беларусь). Зрэшты, колькасць самiх статуэтак, прыадкрылi сакрэт арганiзатары, будзе крыху большая за 22 — некалькi намiнантаў набралi аднолькавую колькасць галасоў журы, таму ўзнагароды давялося дазаказваць. ...Колькi iснуе конкурс, столькi прафесiяналы спрачаюцца наконт яго намiнацый — што трэба дадаць, што прыбраць, дзе падкарэктаваць назву. Напрыклад, "Лепшага сцэнарыста" выбiралi толькi першыя два гады, а работа спецыялiстаў па гуку ўвогуле засталася па-за межамi конкурсу. — Цi будзе пазней перагледжаны, пашыраны спiс намiнацый? — удакладнiлi мы ў намеснiка мiнiстра iнфармацыi Аляксандра Слабадчука. — З першай па трэцюю "Тэлевяршыню" iшла шлiфоўка асноўных намiнацый — напрыклад, аб’ядналi ў адну намiнацыю дзiцячыя i моладзевыя праграмы, унеслi iншыя карэкцiроўкi. Апошнiя два гады нiчога не мянялi. Але ўвогуле гэты працэс няспынны — у працэсе развiцця конкурсу прапановы прафесiяналаў будуць улiчвацца. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адказ на гэта пытанне гледачы i самi беларускiя тэлевiзiйнiкi атрымаюць 29 сакавiка. Менавiта ў гэты дзень адбудзецца цырымонiя ўзнагароджання лаўрэат
|
|