Скарбы роднай зямлi
Скарбы роднай зямлi
Кнiгу пад такой назвай выдаў днямi доктар фiлалагiчных навук, прафесар, аўтар нашай пастаяннай рубрыкi "Сiла слова" Аляксей Ненадавец. "У распаўсюджаным уяўленнi скарбы — гэта схаваныя каштоўнасцi, знойдзеныя цi не, — пiша ва ўступным слове аўтар. — Нездарма пошукi скарбаў сталi адным з найбольш захапляльных сюжэтаў сусветнай прыгоднiцкай лiтаратуры. Але людзi, якiм даводзiлася мець справу з рэальнымi, а не тэарэтычна наяўнымi скарбамi, ведаюць, што скарбы са шматлiкай колькасцю залатых манет, упрыгажэнняў, посуду — вялiкая рэдкасць. Пераважна iх складаюць шырокаўжывальныя срэбныя цi медныя манеты". Нашы продкi заўсёды вылучалiся абачлiвасцю i iмкнулiся па магчымасцi адкласцi нейкi "нз" (некранальны запас) на чорны дзень (на выпадак неўраджаю, голаду, пажару i г.д.) Скарбы хавалi заўсёды, сцвярджае Аляксей Ненадавец, але найчасцей — у час войнаў, нашэсцяў, паўстанняў i... грашовых рэформаў. Прычым ролю ашчадных кас i банкаўскiх ячэек выконвалi зямля, камянi, дуплы дрэў. Нягледзячы на тое, што найчасцей на Беларусi сустракаюцца менавiта манетныя скарбы, толькi iмi спiс схаваных каштоўнасцяў не абмяжоўваецца. "Паводле народных паданняў, недзе ў беларускiх азёрах схавана залатая карэта самога Напалеона. Захавалiся легенды пра нарабаванае французамi дабро ("...каштоўнасцяў было безлiч, горы вялiзныя, рэкi жамчужныя, усё гэта закапана ў вялiкiх курганах, у толькi iм вядомых месцах"). А хто не чуў пра "залаты запас" Радзiвiлаў? Пра фамiльныя скарбы гэтага роду не адно стагоддзе ходзяць легенды. Прафесар Ненадавец сцвярджае, што гэта самы легендарны скарб на беларускай зямлi, якi да нашага часу не знойдзены. Пад скарбам князёў Радзiвiлаў, схаваным падчас вайны з Напалеонам, у першую чаргу разумеюць статуi 12 апосталаў, якiя быццам бы зроблены ў натуральны рост чалавека (з чыстага золата!) i ўпрыгожаны каштоўнымi камянямi. "Многiя шукальнiкi спрабавалi знайсцi тое багацце, якое нiбыта было, а можа, i сапраўды было закапана верным аканомам Радзiвiлаў перад наступленнем на Нясвiж рускай армii. Толькi спробы гэтыя былi пакуль што няўдалымi". У кнiзе апiсваюцца розныя паданнi i версii пошуку i знаходжання нясвiжскага i напалеонаўскага скарбаў. Акрамя рэальных каштоўнасцяў (маюцца на ўвазе як ужо адшуканыя скарбы, так i пакуль неадшуканыя, аднак пра iснаванне якiх нам вядома дакладна), ёсць шматлiкiя фантастычныя, казачныя скарбы (папараць-кветка, зачараванае золата i iншыя дары варажбiтак i нячыстай сiлы). Гэтаму захапляльнаму аспекту беларускай нацыянальнай вуснапаэтычнай творчасцi аўтар прысвяцiў большую частку сваёй кнiгi. Ён паспрабаваў разабрацца, дзе знаходзяцца вытокi старадаўнiх легендаў i паданняў пра чароўныя скарбы, маюць яны рэальныя каранi альбо з’яўляюцца вынiкам багатай фантазii нашых продкаў. Інга МIНДАЛЁВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кнiгу пад такой назвай выдаў днямi доктар фiлалагiчных навук, прафесар, аўтар нашай пастаяннай рубрыкi "Сiла слова" Аляксей Ненадавец. &quo
|
|