Хочаш працаваць у сталiцы? Рэгiструйся!
Хочаш працаваць у сталiцы? Рэгiструйся!
Наколькi рэальна ў Мiнску ўладкавацца на працу без адпаведнай рэгiстрацыi, правярала наш карэспандэнт Настасся Занько Пошукi працы пачалiся з таго, што я разгарнула набытую ў кiёску газету. І адразу ж на апошняй старонцы натрапiла на дзве аб’явы, у якiх адным з патрабаванняў да кандыдата ў работнiкi была наяўнасць рэгiстрацыi ў Мiнску цi Мiнскiм раёне. Па легендзе я жыву ў Мядзельскiм раёне, хачу ўладкавацца ў сталiцу, буду кожны дзень ездзiць на працу. Пасаду кухара ў ГУО "Сацыяльна-педагагiчны цэнтр" Савецкага раёна мне расхвалiлi: — У нас i кухня новая, пасля рамонту, i толькi 40 хвiлiн на прыгатаванне ежы. Заробак будучаму працаўнiку абяцалi ад 350 тысяч. На маё пытанне пра рэгiстрацыю замялiся: — Ой, у нас не было такога, каб без рэгiстрацыi працавалi. А як жа вы з Мядзельскага раёна будзеце ездзiць? Давайце мы вам ператэлефануем. Тэлефанаванняў я так i не дачакалася. У адным з гiпермаркетаў горада мяне запрасiлi на гутарку, сказаўшы, што рэгiстрацыя для iх не мае анiякага значэння: — Прыходзьце, там пабачым. Для таго, каб уладкавацца на працу майстрам па ўборцы памяшканняў з зарплатай ад 1 млн у адну з камерцыйных фiрмаў, патрэбна напачатку адказаць на шквал пытанняў. -Дзе вы працавалi? Якую тэрыторыю прыбiралi? А чаму так мала? А досвед працы? — такой доўгай тырадай пачала размову менеджар. Наконт рэгiстрацыi яна адказала, што гэта ўмова важкая, але не вызначальная. Калi я тэлефанавала ў адзiн з рэстаранаў, на мой адмоўны адказ наконт сталiчнай рэгiстрацыi ў мяне здзiўлена спыталi: "Ой, дзяўчына, а як жа вы гэта без мiнскай рэгiстрацыi?". I прапанавалi прыйсцi запоўнiць анкету. Праца ў пральнi. Цяжка фiзiчна, поўны працоўны дзень i восем канкурэнтаў. Да таго ж i рэгiстрацыя павiнна быць мiнская цi Мiнскага раёна. — Пытаннi могуць узнiкнуць пры прыёме на працу, разумееце, — тлумачыла мне хрыплым голасам па тэлефоне жанчына. Якiя i чаму, жанчына мне так i не паведамiла.. А вось працаваць медыцынскай сястрой у хоспiсе можна з любой рэгiстрацыяй. — Гэта вашы праблемы, як i чым вы будзеце дабiрацца, — сказалi мне працадаўцы. "Дзяўчаты i хлапцы ад 18 да 25 гадоў запрашаюцца ў школу круп’е. Навучанне i стыпендыя. Добры заробак i працаўладкаванне". Тэлефаную, спасылаюся на досвед. — Вы з Мядзельскага раёна? Тады можам Вас узяць, прыходзьце на гутарку. Галоўнае для нас — каб рэгiстрацыя была ў Мiнску цi Мiнскай вобласцi, — ветлiва кажуць у казiно. Каб уладкавацца гандлёвым прадстаўнiком за зарплату 1,1 млн, патрэбна вышэйшая адукацыя, досвед працы i асабiсты аўтамабiль. Рэгiстрацыя можа быць любая. А вось памочнiк выхавацеля з заробкам ад 400 000 павiнен мець пашпарт са штампам аб рэгiстрацыi ў Мiнску цi Мiнскiм раёне. Загадчыца iншага дзiцячага садка вагалася i папрасiла патэлефанаваць пазней. З дзесяцi месцаў, куды я патэлефанавала, рэгiстрацыю абавязковай палiчылi ў чатырох выпадках, неабавязковай — у трох, у столькiх жа выпадках працадаўцы вагалiся, калi даведвалiся, што я не маю мiнскай рэгiстрацыi. У адным з кадравых агенцтваў Мiнска сiтуацыю пракаментавалi так: — Разумееце, для таго, каб уладкавацца на працу ў сталiцы, вам у любым выпадку патрэбна будзе Мiнская рэгiстрацыя. Вы ж усё адно ўладкоўвацца на працу надоўга збiраецеся. Як мiнiмум на год. Гэта, праўда, залежыць ад таго, куды вы ўладкоўваецеся. Калi праца высокааплатная, то часцей за ўсё без мiнскай рэгiстрацыi нiяк. Ды i самi наймальнiкi такiм чынам страхуюцца. Мы рэгiструем сваiх клiентаў на год за 130 долараў. Кошт нашай паслугi 100 тысяч. I прапанова агенцтва абыдзецца не нашмат даражэй за прапановы прыватных асобаў. Сёння зарэгiстравацца ў Мiнскiм раёне каштуе ад 412 тысяч рублёў, у самiм горадзе кошты павялiчваюцца ўдвая. Гэта кошт месца для рэгiстрацыi Сiтуацыю каментуе начальнiк упраўлення занятасцi Мiнгарвыканкама Чэслаў Роўба: Даўно ўжо гэтыя пытаннi знятыя. Для таго, каб уладкавацца ў горадзе Мiнску, абавязковая мiнская рэгiстрацыя не патрэбна. Згодна з працоўным кодэксам (арт. 26) наймальнiк мае права запатрабаваць дакумент, якi пацвярджае асобу, i дакумент аб адукацыi, а таксама працоўную кнiжку, калi яна ёсць. Ну, i дадатковыя дакументы (медыцынскiя даведкi i г.д.), калi гэта прадугледжана заканадаўствам. Патрабаваць дакументы, якiя не прадугледжаны законам, працадавец не мае права. Чалавек можа быць зарэгiстраваным хоць у Гомелi, але, напрыклад, калi мае магчымасць працаваць у Мiнску, нiхто не мае права яму адмовiць толькi з-за адсутнасцi мiнскай рэгiстрацыi. Калi такое адбываецца, значыць, працадавец перавышае свае паўнамоцтвы. Як патлумачылi ў Мiнскiм гарадскiм упраўленнi Дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы, рэгiстрацыя з’яўляецца праблемай самога працаўнiка, а нiяк не працадаўца. Наймальнiк не павiнен прымушаць рэгiстравацца свайго супрацоўнiка. Калi ж вас не бяруць на працу толькi з-за адсутнасцi рэгiстрацыi, вы можаце абскардзiць такое рашэнне праз суд. Настасся Занько.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наколькi рэальна ў Мiнску ўладкавацца на працу без адпаведнай рэгiстрацыi, правярала наш карэспандэнт Настасся Занько Пошукi працы пачалiся з таго, ш
|
|