Чалавек — гэта гучыць... як?
Чалавек — гэта гучыць... як?
Чытала аднойчы пра жыццё старажытных людзей, тых, што збiралi карэнне i палявалi на маманта, i лiтаральна ўразiла думка: калi мы зараз жывём на гэтай зямлi, значыць, сярод тых былi нашы продкi. А як улiчыць, колькi войнаў, бедаў, нястач прыпала на гiсторыю чалавецтва за апошняе тысячагоддзе, то кожнаму з сучасных людзей можна смела лiчыць сябе абраным, нават богаабраным на гэтым свеце. А тое, як кожны абыходзiцца з падараванай лёсам абранасцю, i складае бiяграфiю асобнага чалавека, якая ёсць часцiнка гiсторыi любога грамадства. І вось знайшоўся дзiвак (а можа дзiвакi — мы?), якi захацеў перавярнуць уяўленнi пра маладосць, старасць, хуткаплыннасць жыцця. Прафесар з Кембрыджа Обры дэ Грэй стварыў план пад назвай "Стратэгiя кiравання старэннем iнжынерных метадаў". Сутнасць тэорыi вучонага зводзiцца да таго, што ўжо праз 25-30 гадоў большая частка метадаў папярэджання "паломак" арганiзма чалавека будзе даступная ў клiнiцы. Гэта дазволiць працягнуць жыццё 60-гадовым людзям гадоў да 150. За гэты час будуць вынайдзены новыя методыкi, здзейснены адкрыццi, што дазволяць адсунуць старасць на 500 i 1000 гадоў. Толькi вось чым запоўнiць чалавек такi вялiкi адрэзак часу, знакамiты герантолаг не кажа. Чалавецтва нiяк не навучыцца разумна выкарыстоўваць i той маленькi кавалачак быцця, якi дараваны кожнаму амаль з бiблейскiх часоў. Зноў з экранаў тэлевiзараў, з радыёпрыёмнiкаў, з трыбун разнастайных нарадаў i семiнараў гучаць заклiкi аб неабходнасцi рашучай барацьбы з п’янствам. Колькi дзён таму на сесii Брэсцкага аблсавета начальнiк абласной мiлiцыi Вiктар Краснiчэнка каторы раз агучвае лiчбы: паводле афiцыйных звестак, у вобласцi рэалiзуецца 13 лiтраў алкаголю на душу насельнiцтва. Афiцыйных, значыць, звестак гандлю. Нiхто ж не можа ўлiчыць, колькi выпiта самагонкi i перавезеных ляснымi сцяжынамi бутэлек украiнскай гарэлкi. I нават па афiцыйнай статыстыцы памежная Брэстчына апярэдзiла рэспублiканскi паказчык, якi складае 12,5 лiтра. Як вядома, пры спажываннi 8 лiтраў алкаголю на чалавека надыходзiць неабарачальнае згасанне этнасу. Так што азначанымi лiтрамi ўжо смела можна залiваць, у сэнсе, тапiць тэорыi дэ Грэя i iншых энтузiястаў выжывання i росквiту чалавецтва. У Расii, напрыклад, лiчбы яшчэ большыя — 16-18 лiтраў у год. Паводле звестак сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, з сотнi хлопчыкаў — выпускнiкоў школ 2009 года, 90 англiйскiх школьнiкаў дажывуць да пенсii, а з краiны-суседкi толькi 40. Нашых можна вылiчыць у суадносiнах да лiтраў на душу насельнiцтва. Бо галоўная прычына смяротнасцi мужчын у працаздольным узросце — алкаголь. Аднойчы недзе прагучала, што смяротнасць нестарых расiйскiх мужчын у турмах у тры разы нiжэйшая, чым на волi. Во дажылiся! Швецыя, Нарвегiя, Фiнляндыя ў мiнулым веку сутыкнулiся з падобнымi праблемамi, але знайшлi iх вырашэнне перш за ўсё ў шырокiм абмежаваннi продажу моцных напояў i ў павышэннi цаны на iх. У нас жа гарэлка i пладова-ягадныя вiны — самы танны прадукт харчавання. На адным з пасяджэнняў, прысвечаным "выбiванню" з абавязаных асобаў грошай на ўтрыманне дзяцей, адзiн з высокапастаўленых брэсцкiх чыноўнiкаў па-фiласофску разважыў, што цяжка спагнаць сродкi з людзей, якiя нават не ядуць, а толькi п’юць. I ўсё гэта звёны аднаго ланцужка: спачатку спiваюцца, потым кiдаюць дзяцей. Наiўна думаць, што тая частка людзей, у якiх пачалiся неабарачальныя працэсы ў мазгах, паспяшаецца ўладкавацца на працу, сумленна зарабляць грошы на сваiх дзяцей. Эканомiка ж, падобна на тое, баiцца застацца без аграмаднага артыкула даходаў ад продажу спiртнога. Утаргаваныя грошы потым вяртаюцца ў бюджэт i паступаюць на ўтрыманне дзяцей, на лячэнне прамых i ўскосных ахвяраў алкаголю — пацярпелых у ДТЗ, пацыентаў траўматалагiчных аддзяленняў, на пенсii па страце кармiцеля i г.д. А колькi здароўя трацяць жонкi i iншыя члены сямей, хто вымушаны пражываць пад адным дахам з алкаголiкам! Колькi дзяцей выбiраюць хiсткую сцяжынку ў жыццi, бо сям’я распалася, i ў сям’i яны не атрымалi стрыжань, на якiм маглi б пабудаваць сваю мадэль ячэйкi грамадства! Гэта ўжо ўскосныя страты, прыкладам на гэту тэму няма канца. Часта можна пачуць, што маладыя спiваюцца ад безграшоўя, ад безвыходнасцi, ад няўпэўненасцi ў заўтрашнiм днi. Ёсць, напэўна, частка i такiх. Мы шмат гадоў жылi ў краiне, дзе была гарантавана работа, атрыманне адукацыi, а затым i жылля, i круiз па Волзе мог дазволiць сабе нават вясковы настаўнiк. Але i цяпер безвыходных сiтуацый няма, а магчымасцяў, асаблiва для маладых, — багата. Нядаўна сваяк-гараджанiн, якi працуе iнкасатарам, абураўся ўбачанай у пушчанскай вёсцы карцiнай. Ён заехаў у маляўнiчы куточак пасярод векавога лесу прыкладна ў дзесяць ранiцы. А каля крамы, у якой патрабавалася забраць выручку, амаль не валялiся тры здаровыя дзецюкi. Iм ужо нiчога не патрэбна: нi работа, нi зарплата, нi дабрабыт сям’i. Скажаце, акрамя цудоўнай прыроды, там няма дзе прыкласцi сiлы, каб атрымаць заслужаную капейку? Чаму ж у ваколiцах Шанёў Пружанскага раёна, як расказвае старшыня сельсавета, многiя маладыя не разгубiлiся, трымаюць па дзве-тры каровы, агарод, яшчэ сякую-такую гаспадарку i жывуць нармальна? А тут грыбы-ягады, рыбалка, калi не ленавацца завесцi гаспадарку, можна жыць па-панску. Але для гэтага трэба найперш адчуць сябе чалавекам i захацець быць чалавекам. Чаму за апошнiя гадоў дваццаць мы так многа страцiлi ў сваёй свядомасцi, сваiм самапачуваннi? Мы не горш сталi жыць, а многiя i многiя — лепш. Скасаванне iдэалаў мiнулага, уплыў чужаземных каштоўнасцяў, падзел грамадства на полюсы багатых i бедных, так i не знойдзеная, не вырысаваная, не сфармуляваная да канца нацыянальная iдэя... У мусульманскiх краiнах не спiваюцца, не кiдаюць дзяцей, бо там надзвычай развiта пачуццё ўласнай годнасцi i калектывiзму. Праўда, апошнiм часам i адтуль паступае iнфармацыя, што дзе-нiдзе забараняюць тэлебачанне, iнтэрнэт, каб спынiць распаўсюджванне сусветнай "заразы". Значыць, ёсць небяспека. Вось нагода для ўсёй армii iдэалагiчных работнiкаў асэнсаваць падзеi. Пры размове з работнiкамi iдэалагiчных аддзелаў у раёнах нярэдка складваецца ўражанне, што маладыя, адукаваныя небезынiцыятыўныя хлопцы i дзяўчаты часам не вельмi ведаюць, чым павiнны займацца. Праўда, работы ў iх заўсёды хапае. Але надзiмаць шарыкi, вешаць лiхтарыкi да святаў можна было б даручыць, на мой погляд, сучасным камсамольцам. Iдэолагi павiнны вынаходзiць спосабы ўплыву на свядомасць, вось iх прызначэнне. Асаблiва адразу, калi ўвялi гэтыя пасады на прадпрыемствах, даводзiлася гаварыць з людзьмi, якiя былi проста разгубленыя ад супярэчнасцяў сваёй пасады. Кiраўнiк ад цябе патрабуе адно, вышэйстаячыя арганiзацыi запытваюць найбольш паперы, а чым на самой справе павiнен займацца чалавек, ён не заўсёды добра ўяўляе. I напiсаць патрэбныя паперы, i правесцi дзяжурныя мерапрыемствы, вядома, прасцей, чым замахнуцца на нейкiя глабальныя рэчы. Узгадваецца вiзiт у наш горад недзе пяцiгадовай даўнiны кiраўнiка МНС Расii Сяргея Шайгу. На прэс-канферэнцыi ён сказаў фразу, што помнiцца да гэтай пары: "Ратаваць людзей — наша рэлiгiя, наша iдэалогiя". Магчыма, нават выпадковая, дзяжурная фраза прафесiйнага выратавальнiка ўтрымлiвае ў сабе вялiкую фiласофiю быцця. Найвялiкшая каштоўнасць — чалавек. А чалавек, якi з адчуваннем уласнай годнасцi добрасумленна робiць сваю справу, яшчэ большая каштоўнасць. Стагоддзе таму адзiн з найвышэйшых iерархаў Рускай царквы свяшчэннапакутнiк мiтрапалiт Кiеўскi Уладзiмiр так вучыў: "Самая важная ў жыццi справа — тая, якую Гасподзь пасылае зараз, а самы важны чалавек — той, якi сустрэўся цяпер". Вось гэта i ёсць, верагодна, найцяжэйшая i найгалоўнейшая задача — выхаваць павагу да чалавека i да справы як сродку iснавання. Тады, магчыма, лягчэй рашалiся б многiя iншыя задачы. Як тая ж барацьба з п’янствам у перспектыве. Бо з гэтым злом трэба змагацца, не адкладаючы на заўтра. Якiя б нi былi непапулярныя абмежавальныя меры, яны даюць пэўны вынiк. У Брэсцкай вобласцi правялi так званыя "днi цвярозасцi". Шмат крытыкаў знайшлося ў кампанii, але мiлiцыя канстатавала памяншэнне колькасцi правапарушэнняў. У савецкiя часы спiртное таксама было недарагiм, але пiлi значна менш, бо прадавалася яно з 11 да 19 гадзiн. А ноччу пайдзi знайдзi тую пляшку. Цяпер жа яе без праблем можна купiць нават на заправачных станцыях. Усё для зручнасцi чалавека, якi ўжывае... Кругласутачныя крамы з поўным наборам алкагольнага асартыменту ледзь не лiчыць за гонар мець нават райцэнтр. Думаю, што нiкога не трэба пераконваць у тым, што спойванне, яго спадарожнiкi — абыякавасць i дэградацыя — шкодзяць любой нацыi, бо размываюць спрадвечныя каштоўнасцi, на якiх утрымаўся чалавек. Пакуль яны, гэтыя каштоўнасцi, як-небудзь падтрымлiваюцца, iх можна i не заўважаць, а пахiснуцца ў нейкi бок — вось вам i крызiс. Добра сказаў з экрана тэлевiзара сельскi святар: "Сусветны крызiс пачаўся не з iпатэчнага крызiсу ЗША, нават не з падзення цэнаў на нафту, ён пачаўся значна раней з глыбокага падзення маралi, з усеагульнай пагонi за матэрыяльным багаццем". Сапраўды, гiсторыя ведае шмат крызiсаў, якiм папярэднiчала падзенне маралi, хоць бы падзенне Рымскай iмперыi. А цяпер, што вычваралi багацеi, пакуль адчай ад страчаных багаццяў не загнаў некаторых у пятлю або на рэйкi! Прасаджвалi мiльёны ў Куршавелi ды на iншых курортах. Адзiн мiльянер адпiсаў перад смерцю ўсё сваё багацце сабаку. Маладая несуцешная ўдава са скуры вылузвалася, каб падкупiць адпаведную сiстэму i аформiць шлюб з сабакам, што казачна разбагацеў. А колькi Садому i Гаморы творыцца ў асяродку алiгархаў меншага маштабу. У той час, як паўсюль ёсць хворыя, абяздоленыя, нямоглыя. Памятаю, як гадоў колькi таму цяперашнi Патрыярх, а тады мiтрапалiт Смаленскi Кiрыл у адным з iнтэрв’ю гаварыў, як папярэджваў, што багатыя павiнны падзялiцца з беднымi, iнакш могуць быць праблемы i ў багатых. Нiбы прадракаў. Але нiхто асаблiва не спяшаўся прыслухацца да голасу розуму. Каму ж хочацца аддаваць сваё, хоць зразумела, што вялiкае багацце мазалём не заробiш. А любоў, мiласэрнасць, чалавечнасць — сантыменты i перажыткi. Толькi вось без iх чамусьцi не атрымлiваецца рухацца далей. Цi не заўсёды атрымлiваецца. Сведчаннем таму i крызiс. Колькi не кiдаюць у яго ненажэрнае чэрава мiльярдаў долараў урады багатых краiн, ён усё з’ядае i крочыць далей. Вялiкi пралетарскi пiсьменнiк Максiм Горкi некалi заклiкаў усвядомiць, што "Чалавек — гэта гучыць годна". Не прыслухалiся, не ўсвядомiлi — цi забылiся? Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чытала аднойчы пра жыццё старажытных людзей, тых, што збiралi карэнне i палявалi на маманта, i лiтаральна ўразiла думка: калi мы зараз жывём на гэтай
|
|