21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Магiлёўскiя археолагi знайшлi прыбiральню XVІI стагоддзя

26.08.2009 12:09 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Магiлёўскiя археолагi знайшлi прыбiральню XVІI стагоддзя

А таксама рыцарскi пояс, стылет, модную кафлю i нават шкарлупiны ад арэхаў ляшчыны, якiмi гараджанiн засмецiў падворак 400 гадоў таму.

Гiсторыя старажытнага горада нiбыта ажывае ў знаходках i расповедах загадчыка кафедра археалогii Магiлёўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, доктара гiстарычных навук Iгара Марзалюка. Разам са сваiмi студэнтамi ён ужо адкрыў археалагiчны сезон у Магiлёве.

Старажытныя рэчы раскладзены на палiцах унiверсiтэцкай археалагiчнай лабараторыi. У кожнай з iх — свая гiсторыя. Увагу адразу прыцягваюць дзве кафлi. Першая — з яркiм прыгожым малюнкам ільва i датай 166... Апошняя лiчба згубiлася. Гэта работа магiлёўскiх майстроў.

— А гэта "еўрасайдынг" XVIII стагоддзя, — паказвае Iгар Марзалюк на кафлю з тонкiм пастэльным малюнкам птушкi. — Гэта ўнiкальная галандская кафля для аблiцоўкi печак, на якую мастак накладаў малюнкi. Модны i дарагi на той час варыянт. Потым падобную кафлю навучылiся рабiць i беларускiя майстры.

Iншыя рэчы археолагi знайшлi на будаўнiчай пляцоўцы ў самым сэрцы старога Магiлёва, каля Ратушы на вулiцы Ленiнскай. Праўда, некалькi стагоддзяў таму ў гэтым месцы не было ўласна вулiцы: гэта была вялiкая па плошчы тэрыторыя, дзе стаялi гандлёвыя рады.

Цяпер там будуюць гандлёвыя рады ХХI стагоддзя: сучасны цэнтр у некалькi паверхаў. Аднак забудоўшчыкi, вiдаць, забылiся на абавязковы паводле беларускiх законаў археалагiчны нагляд.

Што ж, не ўпершыню разам Iгару Марзалюку i яго калегам давялося ратаваць культурны слой старога горада. Да шчасця, гiсторыкi i прадстаўнiкi ўлады дзейнiчалi энергiчна i хутка знайшлi паразуменне з заказчыкамi будоўлi. Урэшце археолагi i студэнты атрымалi для пошукаў 3,5 метра багатага культурнага слоя.

— Ён унiкальны менавiта ў гэтай частцы горада, таму што там, як i ў Вялiкiм Ноўгарадзе, добра захоўваецца арганiка, — тлумачыў Марзалюк. — Слой чорны, вiльготны, iлiсты. У iншых гарадскiх раёнах мы можам знайсцi толькi каразiйнае жалеза ды керамiку, бо дрэва i скура пераўтвараюцца ў парахню. А тут — проста багацце. Аж сэрца забiлася хутка-хутка!

Пры гэтым гiсторык паказвае на кучку цёмных скураных прадметаў. Воку звычайнага чалавека цяжка выявiць тут нешта каштоўнае, але, аказваецца, гэта сенсацыйныя знаходкi.

— Гэта рыцарскi альбо баярскi пояс другой паловы XVI — пачатку XVII стагоддзя, — паказвае Iгар. — Прычым такой добрай захаванасцi падобныя прадметы ў Беларусi яшчэ не знаходзiлi. На поясе былi залатыя i срэбныя накладкi, але iх, вiдаць, гаспадар зняў, выкiдаючы пояс, калi ён сапсаваўся. Захавалася толькi адна бронзавая дэталь. Да пояса належалi i ножны з цiснёным малюнкам па скуры. Падобныя паясы насiлi не толькi воiны, але i гарадская элiта.

Сярод скураных кавалкаў — фрагменты старажытнага абутку, у тым лiку i дзiцячага. I яшчэ нешта падобнае на набор доўгiх i вузкiх кавалкаў скуры.

— Гэта карбачы — бiзуны, нагайкi цi ў расейскiм варыянце "сямiхвосткi", — тлумачыць Марзалюк. — Пры дапамозе такiх карбачоў на Ратушнай плошчы каля ганебнага слупа выхоўвалi гараджанаў, якiя любiлi пiць, гуляць i, як бы сёння сказалi, парушаць правапарадак.

Магiлёўскi археолаг любiць нагадваць, што гiсторыя — гэта сустрэча людзей у стагоддзях. Дакрануцца да эпохi i намаляваць жывую выяву мiнулых стагоддзяў — гэта талент, якi захапляе.

Таму побач з iншымi значнымi знаходкамi — шкарлупiны ад арэхаў ляшчыны, знойдзеныя ў культурным слоi XVII стагоддзя. Вы можаце сабе ўявiць чалавека, якi ў слаўным горадзе Магiлёве амаль 400 гадоў таму iшоў, грыз арэхi i засмечваў падворак шкарлупiнамi? Такiя элементы штодзённага жыцця выклiкаюць сантыменты ў кожнага чалавека з фантазiяй.

Можа, iншая знаходка магiлёўскiх археолагаў выклiча не сантыменты, а нават сарамлiвасць, але што ж рабiць — жыццё чалавека без гэтага элемента таксама не абыходзiцца.

— Так, мы ўпершыню знайшлi магiлёўскую прыбiральню XVII стагоддзя, — усмiхаецца Iгар Марзалюк. — Яна была, трэба сказаць, фундаментальная, вырабленая з дубу. Значыць — стаяла на падворку не абы-якога чалавека. Праўда, у гэтым багатым культурным слоi сапраўды добра захоўваецца арганiка — уся. Саму дзiрку мы не знайшлi, але тое, што гэта была прыбiральня, добра адчулi ўсе, хто выбiраў гэты слой!

Пасля адступлення ў гумарыстычную археалогiю, магiлёўскi навуковец дэманструе каштоўную знаходку, таксама нядаўна зробленую ў цэнтры Магiлёва, але на iншай будаўнiчай пляцоўцы, дзе ад пачатку падышлi да гiстарычнай спадчыны з розумам i цывiлiзавана.

Мне падаецца, што я трымаю ў руках невялiкую палачку, адзiн канец якой драўляны, а другi падобны на металiчны, у каразiйных плямах.

— Гэта ўнiкальная рэч, упершыню знойдзеная ў Беларусi, — хвалiцца Марзалюк. — Стылет — гэта тонкi кiнжал, якi быў прызначаны для прабiвання кальчугi. У Еўропе час хаджэння стылетаў — XV—XVII стагоддзi, i наш узростам не маладзейшы за 350 гадоў.

Аказваецца, драўляная частка — гэта дзяржанне, а жалезная — бронзавыя ножны, якiя трохi сагнутыя. Выняць стылет з гэтых ножнаў цяпер немагчыма, але Iгар Марзалюк паабяцаў, што зробiць усё магчымае, каб усё ж убачыць старажытную зброю.

— Я хачу скарыстацца нагодай, каб яшчэ раз звярнуцца да голасу розуму забудоўшчыкаў, — гаворыць магiлёўскi гiсторык. — Будаваць у ахоўных зонах трэба ў адпаведнасцi з законам, пад наглядам археолагаў. Усё, што мы сёння паказалi, магло быць вывезена на сметнiк i там загнiць, знiкнуць. А гэта рэальныя гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя робяць гонар музейнай калекцыi любога еўрапейскага горада. Зямля ў старым цэнтры горада — гэта не смецце, а самы поўны летапiс Магiлёва.

Iлона Iванова.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А таксама рыцарскi пояс, стылет, модную кафлю i нават шкарлупiны ад арэхаў ляшчыны, якiмi гараджанiн засмецiў падворак 400 гадоў таму. Гiсторыя стара
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика