21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Умела гаспадыня гатаваць, ды не ўмела падаваць

26.08.2009 12:09 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Умела гаспадыня гатаваць, ды не ўмела падаваць

— Так у вас кажуць? — пан Гiза хiтра прыжмурыў вока, задаволены тым, што ведае гэтую славянскую прымаўку i ёсць прычына выказаць сутнасць яе нашаму суайчыннiку, яго госцю Генадзю Пятуху.

— Што вы маеце на ўвазе? — спытаў той.

— Ды паляванне, вядома ж. У славян галоўнае ў iм — само дзейства i здабыча, i ўсё на гэтым. У нас жа, венграў, ды i наогул на Захадзе, тут яшчэ iншыя каштоўнасцi. На першым плане — культура. Работа над трафеямi. Падобна на тое, што вас гэтыя пытаннi не цiкавяць. А шкада. Вось глядзiце...

Размова адбывалася ў замку пана Гiзы ў 1990 годзе ў венгерскiм горадзе Гядоле. Гэты багаты чалавек, апантаны здабычай трафеяў, паляваў у многiх краiнах, у тым лiку i на Афрыканскiм кантыненце. Ён справядлiва ганарыўся сваiм музеем, у якiм па вялiкiм рахунку было засяроджана ўсё яго паляўнiчае шчасце, дзе панавала атмасфера пагонi, высочвання звера... За гэтым пан Гiза прыязджаў i ў Беларусь, у Акцябрскi раён, у прыватнасцi, бо ў яго паляўнiчай музейнай калекцыi не было ласiных рагоў.

З iм тады i пазнаёмiўся Генадзь Пятух, калi пан Гiза на працягу тыдня блукаў ляснымi сцежкамi ў пошуках сахатага. І ўпаляваў яго. Вось цяпер беларускi экспанат i займае годнае месца ў яго музеi. У знак удзячнасцi за дапамогу венгерскi магнат пасадзейнiчаў беларусам у тым, каб яны мелi магчымасць папаляваць у яго краiне. Сярод iх быў i Генадзь Пятух, якому пан Гiза i паказаў свой музей.

Што тут гаварыць, убачанае ўражвала. Мноства экспанатаў са здабытых паляўнiчых трафеяў у выглядзе развешаных на сценах шкур, рагоў, чарапоў, чучалы, цэлыя кампазiцыi на паляўнiчыя тэмы i г.д. Генадзь Аркадзьевiч аглядваў усё гэта хараство з вялiкай цiкавасцю, а пасля сказаў: паважаны пан Гiза, у вас усё выдатна, а ў мяне праз два гады будзе яшчэ лепш.

Венгр задумаўся, бо ведаў, колькi трэба зрабiць, асаблiва калi ўсё трэба пачынаць, як кажуць, з чыстага лiста. I не паверыў беларусу. Дамовiлiся сустрэцца праз 2 гады. I пан Гiза быў ашаломлены ўбачаным, пацiснуў руку Генадзю Аркадзьевiчу. Так, яго музей напалову большы, чым трафейны пакой Пятуха. Але гэта толькi па плошчы, а вось па аснашчанасцi экспанатамi — яўнае лiдарства за беларусам.

На падлозе — скуры ваўкоў, рысяў, барсука, секача. Месца iм на сценах пакоя, якi займае плошчу ў 60 квадратных метраў, не знайшлося. Бо там iншыя экспанаты. Вось стэнд, прысвечаны дзiкам. Чучала велiзарнай галавы кабана, вага якога цягнула больш як на 13 пудоў, выгнутыя iклы секачоў. Вялiкiх i грозных дзiкоў Генадзь Аркадзьевiч упаляваў каля 30 асобiнаў, а меншых па памерах ён нават не лiчыў. На яго рахунку шэсць ласёў з так званымi кандыцыйнымi рагамi. Размах адных iх, па маiх разлiках, перавышае паўтара метра. Уражвае i выразаная з дрэва вялiкая галава сахатага.

Наступная калекцыя — рогi аленяў: высакародных, еўрапейскiх, паўночных, маралаў, чорных казлоў, муфлона, архара, а таксама рогi джайрана, сайгака. На асобных з iх — шчарбiны як вынiк гарачых шлюбных паядынкаў. Вось чучала арлана белахвостага, якi цi то абараняецца ад драпежнiка, грозна раскiнуўшы свае магутныя крылы, цi то рыхтуецца пайсцi ў атаку на яго. А гэта — чарапы ваўкоў. Iх наш суразмоўца здабыў пяць.

Шмат вырабаў з дрэва на паляўнiчыя сюжэты. Рысь палюе на цецерука, качкi на ўзлёце, лось трубным гукам выклiкае на бой свайго супернiка i да таго падобнае. Пяць насценных гадзiннiкаў у абрамленнi выразаных з дрэва выяў розных звяроў i птушак. Паўтараметровага росту мядзведзь, выразаны з дубовага палена. У яго лапах — бочка. Жаўтавокi пугач, якi асядлаў бар, выразаны з капу — масiўнага нарасту на бярозе.

Тут жа муляжы стрэльбаў, з якiмi людзi хадзiлi на паляванне ў дзевятнаццатым стагоддзi. Адна з iх выраблена была ў 1810, а другая — у 1851 гадах. А вось французская стрэльба, макеты пiсталетаў, казацкая шабля, тамагаўк, дзiда, з якой у старажытнасцi хадзiлi паляваць на мядзведзя, дзве шаблi японскiх самураяў.

— А такое бачылi? — пытае ў мяне Генадзь Аркадзьевiч, паказваючы два гарматныя ядры эпохi Напалеона, адно — вялiкае, другое — малое. — Французскiя, якiя не ўзарвалiся. Я iх знайшоў, калi купаўся ў Бярэзiне.

— А астатнiя экспанаты адкуль?

Аказваецца, большую частку iх Генадзь Аркадзьевiч здабываў сам на працягу доўгага часу. Ён паляшук, нарадзiўся i вырас у Акцябрскiм раёне (вядомай усiм Рудабелцы) у сям’i паляўнiчага Аркадзя Савельевiча, якi меў чатырох сыноў. Трое з iх таксама сталi адмысловымi паляўнiчымi. Бацька, апроч усяго, навучыўся выразаць па дрэве, што, як лiчыць Генадзь Аркадзьевiч, перадалося i яму. У школе ён наведваў сталярны гурток, i пасля шмат часу аддаваў разьбе па дрэве. Гэтак жа, дарэчы, як i паляўнiчай справе.

Ён закончыў Беларускi iнстытут механiзацыi сельскай гаспадаркi i атрымаў накiраванне ў свой Акцябрскi раён. Працаваў на розных пасадах, а калi стаў дырэктарам райсельгастэхнiкi, неаднаразова давялося быць на курсах такiх жа начальнiкаў, як i ён сам, з розных рэгiёнаў былога Савецкага Саюза. Пасябраваўшы з многiмi з iх, ездзiў на паляванне i ў Казахстан, i ў Калмыкiю, i ў Таджыкiстан, i на Памiр, i ў Комi, i ў Наўгародскую вобласць. У апошняй, дарэчы, i зараз жыве яго брат Анатоль, з якiм ён паляваў на мядзведзя (аднаго забiў асабiста) i пералётных гусей.

У калекцыi Пятуха частка экспанатаў атрымана шляхам абмену, падарункаў, куплi. Напрыклад, такому ж аматару з Далёкага Усходу, як ён сам, Генадзь Аркадзьевiч выслаў рогi лася, атрымаўшы ад яго рогi марала. У Казахстане яму падарылi плётку, якой падганялi каня ў час палявання на сайгакаў. У Венгрыi — тамагаўк. Ствол стрэльбы 1851 года выпуску знаходзiўся ў аднаго дзядулi з Брагiнскага раёна, якi з сям’ёй перасяляўся ў iншае месца пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС. А самурайскiя шаблi яму перадаў яго брат Аляксандр Аркадзьевiч, якi таксама захапляецца паляваннем i працуе зараз генеральным дырэктарам РУП "Гомельэнерга". Арлан жа белахвосты быў знойдзены пасля таго, як быў смяротна паранены лiнiяй электраперадач.

У гэтым трафейным пакоi, дзе, дарэчы, знаходзiцца i бiльярдны стол, звыш 150 экспанатаў паляўнiчай тэматыкi. Больш не змяшчаецца, таму ў iх сваё месца ў iншых пакоях. I што характэрна, большасць трафеяў — ад жывёлiн i звяроў, якiя жылi не ў вальерах, як у заходнiх краiнах, а ва ўмовах натуральнай прыроды, на волi.

Трафеi калекцыi цалкам можна лiчыць творамi мастацтва. Генадзь Аркадзьевiч вельмi прыдзiрлiвы да сябе. Ён умее тонка апрацоўваць шкуру, для чаго ў яго маецца багатая лiтаратура, па якой ён вучыўся гэта рабiць. Тое ж самае i з разьбой па дрэве. У яго арсенале i лiпа, i дуб, i адыходы чырвонага дрэва афрыканскiх краiн, якiя ён набываў у дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Разьба займала iншым разам не тыдзень-два, а месяцы. А на таго дубовага паўтараметровага мядзведзя з бочачкай ён патрацiў каля года.

— Раней мая сям’я жыла ў кватэры, i там нельга было ажыццявiць задуманае з-за цеснаты, — працягвае аповед Генадзь Аркадзьевiч. — Таму ў 1989 годзе па сваiм праекце, узяўшы крэдыт у банку, я пабудаваў дом, якi, на мой погляд, адпавядае ўсiм параметрам зручнага жылля. Тут i цокальны паверх, i мансарда, i жылыя пакоi. I, вядома ж, дзве майстэрнi.

Якiх толькi станкоў i механiзмаў няма там! Ёсць нават дарэвалюцыйныя, якiя нiкому патрэбныя не былi цi то з-за старажытнасцi iх, цi то з-за прыдатнасцi толькi ў якасцi металалому, цi то з-за некамплектнасцi. У iх майстар удыхнуў жыццё, i вось ужо колькi гадоў яны верна служаць яму.

Дапытлiвасць i стараннасць палешука Генадзя Пятуха (а працуе ён зараз начальнiкам мясцовага вытворчага ўчастка "Энергазбыт" фiлiяла РУП "Гомельэнерга") не ведае межаў. Колькi лясных сцежак ён стаптаў, у якiя гушчары i балоты нi забiраўся, каб здабыць паляўнiчыя трафеi цi знайсцi той жа кап (наплыў-нараст на ствалах дрэў), якi ў яго руках ператвараецца ў выдатны матэрыял для сталярных, разных i такарных вырабаў. Адзiн з такiх яшчэ не апрацаваных масiваў ён паказваў мне ў майстэрнi i сказаў, што ў яго ў адной з вёсак захоўваецца паўтаратонны бярозавы наплыў, з якога ён будзе рабiць даволi цiкавую рэч. Якую? Пакуль сакрэт.

Ёсць у Генадзя Аркадзьевiча такi любiмы выраз: у няўмекi рукi не баляць. I ўжывае ён яго звычайна тады, калi хоча сказаць, што чалавеку ўсё пад сiлу, калi ён апантаны нейкай мэтай. Калi ж не, то толку не будзе. Даведаўся ён, што ў суседнiм Глускiм раёне ў аднаго дзядка маецца ў паўгнiлым стане тылавы варыянт даваеннага аўтамабiля ГАЗ-67 без пярэдняга вядучага моста. Кропля ў кроплю такi, на якiм па ваенных дарогах калясiлi военачальнiкi Чырвонай Армii. У iнтэрнэце знайшоў звесткi, што такiх машын было ўсяго 186. I загарэўся iдэяй: набыць гэты рарытэт. Цяжкасцяў тут не было. Дзядок быў задаволены, што яго пазбавяць гэтага металалому. А вось каб паставiць аўтамабiль на колы, аднавiць яго, во дзе было праблем! Ды нiчога, тры гады спатрэбiлася Генадзю Аркадзьевiчу, каб машына стала спраўнай. I колькi радасцi свяцiлася ў вачах мясцовай дзятвы, калi ў гадавiну Перамогi над фашысцкай Германiяй iх каталi на тым аўтамабiлi па стадыёне.

А наогул, апрача ГАЗ-67, у калекцыi (скажам так) Генадзя Аркадзьевiча ёсць яшчэ два аўтамабiлi, таксама адноўленыя iм: ГАЗ-69 i УАЗ-69. Адзiн з iх — 1958 года выпуску. Пакупнiкоў на гэтыя машыны, якiя таксама ў належным стане, хоць адбаўляй. Гаспадар жа лiчыць, што яны павiнны быць у сям’i, каб застацца нашчадкам.

На прысядзiбным участку Пятуха — 14 сотак зямлi. Тут расце садок: 14 яблынь, 6 груш, слiвы, вiшнi. Iх даглядае ён сам, а вось кветкi i грады — гэта ўжо клопат яго жонкi Людмiлы Анатольеўны, якая працуе iнспектарам раённага аддзела адукацыi.

На агародзе я звярнуў увагу на дзве рэчы, якiя не даводзiлася бачыць нi ў адным падворку: iшла работа над ветраной электрастанцыяй, якая ўжо была зманцiравана, ды вось генератар не задавальняў гаспадара. Калi ўсё будзе даведзена да ладу, станцыя забяспечыць электратокам падсобныя памяшканнi. А побач манцiравалася гелiяўстаноўка, дзе вада будзе награвацца да 60 градусаў сонечнымi промнямi.

Што i казаць, на ўсе справы здатныя залатыя рукi майстра. I я не мог не спытаць яго, цi ёсць сярод яго сваякоў хтосьцi ахвочы прыняць ад яго эстафету. Была надзея на сына Генадзя, якому Генадзь Аркадзьевiч купiў стрэльбу i якога спрабаваў прывучыць да палявання. Праўда, паляўнiчага з яго не атрымалася, але ён закончыў будаўнiчы факультэт iнстытута i таксама любiць займацца з дрэвам.

Затое да свайго паляўнiчага занятку цiкавасць Генадзь Аркадзьевiч прывiў унуку Iльі, якога дзядуля бярэ з сабой на прыроду, навучае паляванню i разьбе па дрэве. 12-гадовы хлапчук ужо распазнае сляды звяроў i ўмее раскласцi вогнiшча ў час дажджу. Вось яго нарыхтоўка — разьба па дрэве: паляўнiчы трымае ў руцэ птаху. Ёсць у яго азарт i старанне.

Напрыканцы я папрасiў суразмоўцу расказаць пра якую-небудзь прыгоду з iм на паляваннi. Гэта — асобная тэма, усмiхнуўся ён. Лепш аб тым, што было з адным вялiкiм начальнiкам у лесе. Палявалi на дзiка. Сабакi пагналi вепрукоў. Начальнiк, як i iншыя, стаяў на нумары. Чуем раптам яго стрэлы. Адзiн, другi, трэцi, чацвёрты, пяты. А потым крык: "Вася, нясi нож!" Думаем, што за звер, што яго кулi не бяруць? Прыбеглi, бачым: стаiць сякач каля алешыны. Вушы яго ўжо абгрызеныя былi кунiцамi, а ногi замерзлi ў лёдзе. Нехта ўжо раней паранiў дзiка, i ён сканаў, прыхiлiўшыся да дрэва...

Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Так у вас кажуць? — пан Гiза хiтра прыжмурыў вока, задаволены тым, што ведае гэтую славянскую прымаўку i ёсць прычына выказаць сутнасць яе нашаму су
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика