Асамблея супрацоўніцтва
Асамблея супрацоўніцтва
Беларуская парламенцкая дэлегацыя на чале са старшынёй Палаты прадстаўнiкоў Уладзiмiрам Андрэйчанкам прыбыла з Эфiопii, дзе ўдзельнiчала ў рабоце 120-й Асамблеi Мiжпарламенцкага Саюза. Сталiца краiны — Адыс-Абеба — прыняла каля 1000 дэлегатаў, у тым лiку каля 30 кiраўнiкоў парламентаў з больш чым 130 краiн. Нагадаем, што Беларусь з’яўляецца каардынатарам групы "Еўразiя" (адной з шасцi геапалiтычных структур, якiя iснуюць у рамках МПС), куды ўваходзяць таксама Арменiя, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расiя i Таджыкiстан. Парламентарыi Беларусi правялi двухбаковыя сустрэчы з прадстаўнiкамi Эфiопii, Малайзii, Нарвегii, Венесуэлы, Польшчы, Сiрыi i iнш. У. Андрэйчанка канстатуе поўную адсутнасць дамоўна-прававой базы з Эфiопiяй. Спiкер нiжняй палаты беларускага парламента лiчыць неабходным падпiсанне пратакола аб супрацоўнiцтве, а таксама шэрагу пагадненняў (у прыватнасцi, аб пазбяганнi двайнога падаткаабкладання i абароне iнвестыцый). Абмяркоўвалася таксама супрацоўнiцтва ў сферы адукацыi, бо эфiопскi бок задавальняе якасць i кошт навучання ў беларускiх ВНУ. Пэўная актывiзацыя намецiлася i па заходнiм кiрунку. Паводле ўражанняў Васiля Байкова, старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па дзяржаўным будаўнiцтве, мясцовым самакiраваннi i рэгламенце (таксама дэлегаванага для ўдзелу ў 120-й Асамблеi МПС), ад сустрэчы з польскiмi парламентарыямi, назiраецца пацяпленне ў гэтых адносiнах, якiя раней былi "не зусiм прагрэсiўнымi". Сёння ж калегi з Польшчы гатовыя "кантактаваць, прыязджаць, развiваць мiжпарламенцкiя кiрункi". У сваiм выступленнi перад удзельнiкамi Асамблеi Уладзiмiр Андрэйчанка зрабiў акцэнт на такiх арыенцiрах сацыяльнай палiтыкi на гэтым этапе, як недапушчэнне пагаршэння сiтуацыi на рынку працы, падтрыманне годнага ўзроўню жыцця людзей i забеспячэнне сацыяльнай абароны найбольш уразлiвых груп насельнiцтва. Ён падзялiўся беларускiм вопытам у гэтым кiрунку: "Гэта пытаннi прафесiйнай падрыхтоўкi, перападрыхтоўкi, павышэння квалiфiкацыi беспрацоўных, развiццё сiстэмы субсiдзiравання працоўных месцаў, падтрымка арганiзацый, якiя ствараюць гэтыя працоўныя месцы, сацыяльная падтрымка беспрацоўных, арганiзацыя грамадскiх аплатных прац, адрасная сацыяльная дапамога". Беларусь звярнулася да ўдзельнiкаў з просьбай аб ратыфiкацыi беларускай папраўкi да Кiёцкага пратакола. Нагадаем, што, паводле яе, наша краiна прымае абавязацельствы па скарачэннi выкiдаў у атмасферу. Для таго каб папраўка ўступiла ў сiлу, яе павiнны ратыфiкаваць 70 працэнтаў парламентаў, якiя падпiсалi пратакол, — паведамiў Васiль Байкоў. Гэта значыць 90 краiн са 140. Пакуль што адпаведныя працэдуры правялi 13 дзяржаў. Адказваючы на пытаннi журналiстаў, кiраўнiк Палаты прадстаўнiкоў адзначыў: "Карэкцiроўкi бюджэту ў нейкай ступенi будуць, яны не крануць нiякiя сацыяльныя праграмы i сацыяльныя кiрункi". Спiкер таксама дадаў, што будуць адшуканыя дадатковыя сродкi на набыццё беларускай тэхнiкi, каб забяспечыць ёю айчынных таваравытворцаў. Мяркуецца зрабiць гэта за кошт пераразмеркавання iнавацыйных фондаў. "Тое, што неабходна на тэхнiчнае пераўзбраенне, мадэрнiзацыю прадпрыемстваў, будзе пакiнута, каб прадпрыемствы развiвалiся. А тое, што выкарыстоўвалася на нейкiя iншыя напрамкi, — з гэтых фондаў будзе сфармiраваная пэўная частка сродкаў, а гэта недзе 3,5 трлн рублёў, якiя будуць накiраваныя на набыццё айчыннай тэхнiкi". Спiкер упэўнены, што гэта станоўча адаб’ецца ў цэлым на развiццi вытворчасцi. "Калi мы не можам столькi прадаць за межы Рэспублiкi Беларусь, будзе здзейснена пакупка ўнутры нашай краiны". Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуская парламенцкая дэлегацыя на чале са старшынёй Палаты прадстаўнiкоў Уладзiмiрам Андрэйчанкам прыбыла з Эфiопii, дзе ўдзельнiчала ў рабоце 120- |
|