Зміцер Вішнёў. СУЧБЕЛЛІТ. Са слана і казла зробім сланаказла
Зміцер Вішнёў нарадзіўся ў 1973 г. ў Дзебрацэне (Вугоршчына), вывучаў філалогію і журналістыку ў Менску і Маскве. Піша вершы, прозу, крытыку, займаецца жывапісам. Да 2006 года быў кіраўніком перформарнага праекта «Спецбрыгада афрыканскіх братоў». Адзін з заснавальнікаў выдавецтва «Галіяфы». Аўтар кніг: «Штабкавы тамтам» (1998), «Тамбурны маскіт»(2001), «Трап для сусліка, альбо Некрафілічнае даследаванне аднаго віду грызуноў» (2002), «Верыфікацыя нараджэння» (2005), «Фараон у заапарку» (2007). У Берліне выйшла кніга па-нямецку «Ich sitze im Koffer»(2006). У 2006 годзе атрымаў стыпендыю Literarisches Colloquium (Берлін, Нямеччына). У 2008 годзе атрымаў стыпендыю «VILLA DECIUS» (Кракаў, Польшча). Удзельнік шматлікіх міжнародных паэтычных фестываляў і кангрэсаў. Перакладзены больш чым на дваццаць моваў.
1.
Вось цікава ці можа француз, немец, швед выказваць сумненні наконт нацыянальнай літаратуры? Маўляў, давайце пераходзіць на ангельскую мову ці расейскую. І тады, да прыкладу, будзе ангельскамоўная французская літаратура і г. д. Маўляў больш чытачоў будзе, больш актуальна… Брыдоцце. Антыутопія! Накшталт, давайце са слана і казла зробім сланаказла! Бо тады і транспарт будзе і малака дужа многа! Як на мой погляд, сумнявацца ў існаванні беларускамоўнай літаратуры – гэта паказваць сваё невуцтва. Гэта кшталту гісторыі для дзіцёнка пра ягонае шчаслівае нараджэнне ў бульбе. А вось наконт расейскамоўнай беларускай літаратуры ў мяне вялікія сумненні. Вядома – яна ёсць. Але прафесійных літаратараў, якія пішуць па расейску і маюць дачыненне да беларускай культуры, – адзінкі. Іх ўсіх можна палічыць па пальцах – Дзмітрый Строцаў, Майкл Галдзянкоў, Сяргей Карчыцкі, Яўген Бальшакоў, Георгій Барташ… Ну, яшчэ некалькі чалавек – і ўсё! Пра тых беларускамоўных “прафесіяналаў”, што працуюць на Маскву і дзеля грошай пераходзяць на расейскую, ўвогуле казаць не хочацца. Бо часцей за ўсё гэтак пішуцца шэдэўры з разраду таннай бульварнай літаратуры. Але дзе мяжа паміж расейскамоўнымі беларускімі творцамі і расейскамоўнымі не беларускімі творцамі калі яна сапраўды ёсць? Варта зразумець, што мяжа гэта досыць умоўная. Па-першае як мы ўжо вызначылі, месцажыхарства ў Беларусі гэта толькі маленькая падстава каб лічыцца расейскамоўным беларускім літаратарам. Возьмем напрыклад, Майкла Галдзянкова, які ў рамане “Полёт дубовога листа” прапрацоўвае мясцовы каларыт, менскія ўрбаністычныя краявіды. Ну, вось верагодна і другі крытэр – родныя мясціны… Чым жа яшчэ апраўдаць расейскамоўнага беларускага літаратара? Можа асабістая ідэнтыфікацыя? Бо не першы год чую ад некаторых графаманаў. Мы вашыя, родныя! Не адракайцеся ад нас! Ну, тое, што пішам па-расейску, дык гэта так, дробязь! У нас жа ў Беларусі, маўляў, дзве дзяржаўныя мовы! Значыць, і дзве літаратурныя традыцыі! Праўда, гэтыя вышэйзгаданыя асобы ледзь што не прамінуць ўступіць і ў расейскія літаратурныя Саюзы. Бо яны і там крычаць, што яны родныя, бо пішуць па-расейску. Вось і разбірайся, хто да каго належыць. Нібыта вакол нас раскіданыя суцэльныя Адамы Міцкевічы на якіх прэтэндуюць некалькі краінаў. Але часы не тыя. Нават калі пра ідэнтыфікацыю не думаць… Неяк і праз лупу не бачу я сур’ёзнай расейскамоўнай літаратуры ў Беларусі. Так нейкая драбяза. Шмат амбіцыяў – а таленту з блышку. Збольшага тое, што сёння пішацца па-расейску у Беларусі, не з’яўляецца каштоўнасцю для нацыянальнай літаратуры! Гэта часцяком правінцыйная творчасць, цікавая як факт прысутнасці тут расейскай культуры. Гэта такі матрац на спружынах для аматараў і графаманаў. Нешта не надта многа ў нас выходзіць і перыядычных выданняў на расейскай мове. Часопіс “Нёман” – гэта трыбуна для перакладаў беларускамоўнай літаратуры. Пытанне толькі наколькі добра ён гэтую функцыю выконвае? “Всемірная література” -- выданне, што збольшага друкуе замежных літаратараў. Ну, хіба альманах “Монолог”… І ўсё! Прастору Інтэрнэту закранаць не будзем. Цяпер згадаем беларускамоўныя перыядычныя выданні: “Дзеяслоў”, “Паміж”, “Тэксты”, “pARTisan”, “Калосьсе”, “Arche”, “Полымя”, “Роднае слова”, “Маладосць”, “Правінцыя”, “Тэрмапілы”. Да нядаўніх часоў выходзіла іх і яшчэ значна больш “Крыніца”, “Першацвет”, “nihil”,“Фрагмэнты”, літаратурна-філасофскі зшытак “ЗНО”… Важна зразумець, што перадумовы для існавання моцнай беларускамоўнай літаратуры былі апошнія гадоў дваццаць даволі добрыя. І паўтаруся: сумнявацца ў гэтым – праяўляць не проста замшэласць – невуцтва! 2. Як думаецца, у расейскамоўных літаратараў, што жывуць у Беларусі вельмі многа комплесаў. Тут яны заўсёды пачувалі сябе няўтульна і з нейкім наборам душэўных адхіленняў. Можа, ў сваіх бядотах яны вінаватыя самі? Можа, для творчай рэалізацыі ім варта абраць фізічную эміграцыю ў адзін з расейскіх гарадоў? Чамусці згадваецца літаратурны інстытут, памятаю што сярод маіх сакурснікаў, што прыехалі з абшараў былога Савецкага Саюза, былі людзі ў сваёй большасці закамплексаваныя. Усе былі расейскамоўнымі. Кожны з іх быў пакрыўджаны сваёй малой радзімай. Адзін графаман, які прыехаў з Латвіі, абзываў усіх латышоў фашыстамі. Памятаю, як адзін з выкладчыкаў на поўным сур’ёзе павучаў на лекцыі перад студэнтамі… Маўляў, ты – Вішнёў – як і я, прыехаў з расейскай правінцыі... Ты – з Беларусі, я – з Крыма. 3. Беларуская літаратура ўсё ХХ стагоддзе ішла маленькім ледаколам, якому даводзілася шмат што пераадольваць. Наш авангард ў 1930-я гады быў пастаўлены да сценкі і знішчаны фізічна. Тым не менш, і за саветамі было створана неверагодна многа ў беларускай літаратуры. Потым, з развалам Савецкага Саюза, творчая прастора перажыла неверагодны ўздым, які вывеў з ценю шматлікую колькасць таленавітых імёнаў. Сёння нашых аўтараў перакладаюць на розныя мовы. Беларускія паэты, празаікі, эсэісты займаюць на міжнародных літаратурных фестывалях першыя месцы. Альгерд Бахарэвіч, Арцём Кавалеўскі, Аляксеў Талстоў, Уладзімір Арлоў, Адам Глобус, Барыс Пятровіч, Юры Станкевіч, Ілля Сін, Юрась Барысевіч, Андрэй Федарэнка, Сяргей Рублеўскі, Валянцін Акудовіч, Аксана Спрынчан… Пералічаць сучасных беларускіх літаратараў можна доўга. Сотню таленавітых імёнаў можна выкласці з памяці на паперу адразу. З нацыянальнай літаратурай у нас не так і кепска. Дык ці ёсць у нас расейскамоўная беларуская літаратура? Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зміцер Вішнёў нарадзіўся ў 1973 г. ў Дзебрацэне (Вугоршчына), вывучаў філалогію і журналістыку ў Менску і Маскве. |
|