21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Жыццё на мяжы. Рэпартаж з Гомельшчыны і Брэстчыны

26.08.2009 15:47 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

12 апреля 2009 Общество
Сяргей Харэўскі, Ленін—Юркевічы—Белая— Боркі—Азяраны—Тонеж—Букча—Прыбалавічы—Глушкавічы, Наша Ніва Мяжа Гомельшчыны і Брэстчыны — адзін з самых маланаселеных раёнаў Беларусі. І рэдка адведваных: мала які турыст забрыдае ў гэтыя глухія закуткі. Асабліва пасля Чарнобылю. Між тым радыяцыйнае забруджанне насамрэч мала кранула гэты пас. Скалістыя гранітныя кар’еры глыбінёю да 30—35 метраў, азёры ў барах і "панскае мінулае", памяць пра якое нясуць тамтэйшыя жыхары — усё гэта ёсць на мяжы Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў. Ленін з часоў Жыгімонта Скрозь сцёрты ўшчэнт асфальт дарогі ззяе ружовы гранітны жвір. Таго мікашэвіцкага жвіру тут — аж рабаціць у вачах. Дарога вядзе ў дзікія мясціны. Скрозь вербалоз і алешнік відаць даўно не засяваныя, парослыя куп’ём палі. Усе ленінскія ваколіцы належаць паляўнічаму заказніку. Цераз дарогу скачуць казулі. Спынішся ля рэчкі перакусіць, пабачыш янота і андатраў. Мястэчка Ленін месціцца сярод сасновых бароў на правым беразе Случы, за кіламетраў пятнаццаць ад Мікашэвічаў. Назва мястэчка, як ні дзіўна, не звязаная з правадыром пралетарыяту! Упершыню Ленін згадваецца ў прывілеі Жыгімонта Аўгуста князю Алелькавічу яшчэ ад 1568 г. Князеў бацька, таксама Юры, Алелькавіч Слуцкі, удзельнік Аршанскае бітвы 1514 году, быў жанаты з Аленай, народжанай Радзівіл. Мо ў яе гонар стары пан Алелькавіч назваў тую сядзібу. У 1920‑я, калі Ленін быў пад Польшчай, палякі пераназвалі мястэчка на самым краі Крэсаў у Саснковічы, у гонар генерала Саснкоўскага. Па 1939‑м, вядома, зноў вярнулася назва Ленін. Унікальныя габрэйскія могілкі — драўляныя У часе вайны нацысты зьнішчылі ў Леніне больш як 2000 габрэяў. Мемарыял ахвярам Халакосту можна пабачыць пры ўваходзе на старажытныя юдэйскія могілкі. Яны унікальныя і самі сабой. Старыя надмагіллі там — драўляныя. Сотні помнікаў, выразаных з тоўстага дрэва. Гэткіх драўляных габрэйскіх надмагілляў, густа спярэшчаных тэкстамі і разьбою, няма больш нідзе ў Беларусі. Так і шапоча тут дзіўны гай на краі Леніна. На старых праваслаўных могілках, у сасновым бары, ацалеў цікавы помнік драўлянае архітэктуры: капліца ў гонар скасавання прыгону ў 1861 г. Будынак спарахнеў амаль дашчэнту за паўтара стагоддзі, але яшчэ стаіць. Аднавіць драўляную святыню, дзе паўсотні гадоў было запусценне, цяпер малавераемна. То паспейце яе пабачыць! Відовішча вусцішнае, але і чыстае. Бор, магілы без лішніх агароджаў, і старая заімшэлая капліца. Дарэчы, у Жыткавічах на яе ўзор пабудавалі сапраўдную царкву. З залатымі купаламі. Як і ў іншых мясцінах Заходняй Беларусі, у Леніне любяць пафанабэрыцца "панскім" мінулым. Ясна, што тут і сала таўсцейшае, і бабы не п’юць, і мужыкі працавітыя, і, наагул народ культурнейшы. Дарма што Гомельшчына, але ж "заходнікі"! Жыве тут і свой дзівак — Уладзімір Баярын, які ўсё жыццё прысвяціў пошуку доказаў таго, што Уладзімір Ілліч Ульянаў узяў сабе псеўданім менавіта ад назвы мястэчка. Маўляў, мясцовыя габрэі перадалі шчодрае ахвяраванне на сацыял‑дэмакратычную справу і ў гонар таго, маўляў, Ульянаў узяў сабе псеўданім: Ленін. Сп.Баярын са школьнікамі перавёз сюды помнік Леніну, арганізаваў Леніскую народную бібліятэку‑музей. Незвычайныя перажыткі савецкага часу. Вёскі нашчадкаў уцекачоў Масты праз Случ, паказаныя на картах, аказаліся небяспечнымі збудаваннямі з рознапамернага бярвення і ў некалькі слаёў набітых дошак‑гарбылёў. Па дрыготкай канструкцыі, між купаў вербалозу перабрацца можна на ўсходні бок, дзе ўжо няма і дарогі. Дакладней, паказаная на схемах дарога выяўляецца раскілзанай трактарамі каляінаю ў багністай глебе. Затое тамака ж, на ўсходнім беразе Случы аказалася не паказаная на мапах вёска Новы Ленін! А крыху ніжэй па плыні і Новыя Місевічы. Гэтыя вёскі збудавалі ў 1930‑я ўцекачы з панскай Польшчы. І дасёння ў Новым Леніне паўтараюць страшылкі пра кляты белапольскі прыгнёт. Нааогул люд тут негаваркі, суровы. Як і тутэйшы краявід — уздоўж Случы старыцы, балаціны, хмызы…Але неўзабаве краявід змяняецца, святлее ў вачах. Дарогі лепшаюць. Сярод старога бору блішчаць азёры — адно, яшчэ адно… Апроч вялізарнага славутага Жыд‑возера (цяпер Чырвонае), што дало назву і мястэчку‑райцэнтру, тут вакол яшчэ з тузін азёраў. Сярод іх і возера Белае, глыбейшае за іншыя азёры Палесся. Яно сягае больш як 6 метраў глыбіні, а ўшыркі — пару кіламетраў. Гэта выдатна адчуваецца сярод самага летняга сквару, калі з возера вее прахалодны брыз. Паветра чысцюткае. Ужо дзеля яго сюды варта ехаць. Разам параю меншых азёраў, прытокамі, вытокамі, Даманавіцкім і Рэпішчанскім каналамі, тут — цэлы мікракосмас. Працуюць рыбгасы, здабываюць сапрапелі, абслугоўваюць каналы і шлюзы. На выспе, між каналаў, як Венецыя, прымасціліся вёскі Баравая, мястэчка Азёрнае і вёска Белая. Скрозь іх ідзе адна суцэльная вуліца, а вакол — вада. Бялюткі азёрны пясочак, рэшты старадаўніх бароў ды паркаў пры колішніх панскіх сядзібах і савецкіх дамах адпачынку. Зачыненыя турбаза і піянерлагер, аднак, даглядаюцца. Савецкі second best — з намаляванымі нерэідамі і Пасейдонамі, разнымі кракадзіламі і клумбамі. Зрэшты, тут можна уладкавацца на адпачынак і ў хатах. Сапраўдная рыбалка, свежыя малако ды гародніна ў дадатку. Народ тут, як усюды пры вялікай вадзе — смелы і самастойны. Разгаварыўшыся, багата чаго можна дазнацца. Напрыклад, што ўсю тутэйшую гаспадарку завёў яшчэ пан Альшалоўскі, чыю колішнюю сядзібу спалілі партызаны. Тут шмат расповедаў і пра польскую мяжу, і пры бандытаў у ваколіцах. Мова тут сакавітая. Гаворкі тутэйшыя, тураўскія, цэласныя, гарманічныя. Мякчэйшае "ч" ды не такое пукатае, як паўсюль, "аканне". Можа, такою яна была ўжо ў часы князя Тура? За Прыпяць Калі з Жыткавіч ехаць наўпрост на поўдзень, краявід яшчэ раз зменіцца: наўкола разляжацца пляскатая бы абрус раўніна. Асушаная і месцамі разараная. І за кіламетраў дзесяць адчуваецца подых Прыпяці. Месцамі рэдкія пералескі ды курганы, як ля вёскі Боркі, яшчэ мацней падкрэсліваюць веліч прыпяцкіх разлогаў. Паплавы, чараты — ні душы вакол. Ціша. Адно на досвітку крычаць птушкі.За шырачэннай Прыпяццю, на вышэйшым паўднёвым беразе, наадварот, паселішчы шчыльна забудаваныя, туляцца, пераходзяць адно ў адно да самых Азяранаў. А за Азяранамі, за могілкамі і крыжам, пачынаецца славуты стары Прыпяцкі запаведнік. Пры Лукашэнку ён стаў нацпаркам.  У старажытным лесе завялося дрэвапераапрацоўчае прадпрыемства, што выпускае паркет, дошку, вагонку, выкарыстоўваючы як сыравіну Прыпяцкія дубровы. Нарабілі забавак для турыстаў‑паляўнічых. Але прырода і гэтае нашэсце пакуль трывае. Бо ўвадначассе змяншаецца гаспадарчая дзейнасць на вёсках. Людзей становіцца ўсё меней. Тут, у палескай глушы, ужо не рэдкія чорныя буслы ды белыя чаплі. Цяпер тут ходзіць ужо сотня зуброў, багата ласёў, аленяў ды розных драпежнікаў. Самому без зброі ў лес лепей не хадзіць. Вось тут адчуваецца, як далёка заехаў. У запаведніку пачынаецца ўжо і Лельчыцкі раён. У лельчыцкіх лясах зберагаюцца дубы‑волаты, дзікія журавінавыя балоты. "Лель" на тутэйшым дыялекце — бусел. На нечакана добрай дарозе стаяць рэдкія, але большыя вёскі. Вось старажытны Тонеж, слынны песнямі ды майстрамі. Дзеіць тут філіял Лельчыцкай школы мастацтваў. Усё культурна: школа, бібліятэка, дзіцячы сад, бальніца, аптэка, пошта, нармальныя крамы. Проста беларуская лясная казка. У Тонежы можна і набыць што‑небудзь: прадуць, ткуць, шыюць‑вышываюць. А ў суседніх Прыбалавічах стаіць прыгожая царква, найстарэйшая ў тутэйшых краях. Сціплая звонку, але шыкоўная ўсярэдзіне. Як беларуская душа…Яна ведамая, прынамсі, з1794 г., адзіная што ацалела ў вайну і дзейнічала ад 1941 году да нашых дзён у Лельчыцкім раёне. Тут збярогся першапачатковы іканастас у духу ракако, старыя абразы, а на падворку — архаічныя каменныя крыжы.  Прыбалавічы ведамыя ажно з 1431 г., калі вялiкі князь Свiдрыгайла падарыў яго князю Мiхаiлу Чартарыйскаму. Так паўставала трывалая мяжа між Беларусяй і Украінай, што амаль не змянілася да нашых дзён. Як і мяжа паміж Брэстчынай і Гомельшчынай. У суседнюю Брэстчыну, у Столінскі раён — ніводнай дарогі. Так не правялі іх, не злучылі, за ўсё ХХ стагоддзе. Скалы на мяжы А Украіна зусім блізка. Туды вядзе вялікая і адзіная шаша. Туды ездзяць часта. Нават на роварах. З вялікіх Глушкавічаў туды едзяць людзі штодня ў крамы. Там танней. А пры самай мяжы знянацку паўстаюць скалы. Вялікія гранітныя скалы, нібы на Каўказе. Напамінам пра даўніну засталіся тут шматлікія каменныя крыжы са сцёртымі надпісамі і паўсцёртымі свастыкамі. Яны калісьці стаялі ў вуглах царкоўнага цвінтара. Дзіўна глядзяцца тыя архаічныя свастыкі ў адной загародцы з абеліскам землякам‑ахвярам вайны. Зоркі і свастыкі. У Глушкавічах за царом жылі таксама палякі і немцы. Улады БССР давалі дазвол на пасяленне немцаў‑каланістаў на паўднёвых глушкавіцкіх хутарах. Гэтак, у 1924 г. у хутары Нямецкі Млынок налічвалася 25 чалавек. У вайну нацысты тройчы нішчылі вёску. Цудам засталiся толькi дзве хаты ад лесу… Цяпер за нямецкія грошы тут пабудавана вялікая мураваная царква. Немцы тут частыя госці, прывозяць, дораць што могуць. У 1975 годзе тут было створана прадпрыемства "Гранiт". Сёння вакол Глушкавічаў — гранітныя кар’еры, што сягаюць глыбінёю часам 30—35 метраў. У выніку нядаўняй рэканструкцыі шчэбнева‑гранітны завод ператварыўся ў магутнае прадпрыемства, дзе працуе кожны пяты тутэйшы жыхар. Вось чаго не чакаеш пабачыць у палескіх балотах, дык гэта такіх скалаў, з якіх відаць неабсяжную Украіну.  Фота Сяргея Харэўскага, Алеся Матафонава***Ленінскі Захад Мала хто ведае, што захад цяперашняга Лельчыцкага раёну да 1939 году не ўваходзіў у СССР. У 1921‑м правабярэжжа Случы адышло да Польшчы з усімі наступствамі: гэта было самае што ні ёсць памежжа, з партызаншчынай, дыверсантамі і перабежчыкамі, памежнікамі і кантрабандыстамі. Толькі ў 1939 г. з’явіўся Ленінскі раён Пінскае вобласці, з цэнтрам у Мікашэвічах, дзе цяпер здабываюць беларускі граніт. Канчатковае размежаванне Брэсцкай і Гомельскай абласцей адбылося толькі ў 1960‑я. Акурат тады былі ліквідаваныя Тураўскі і Ленінскі раёны, тэрыторыі якіх увайшлі ў склад Жыткавіцкага. Толькі гранітныя Мікашэвічы адышлі да Лунінеччыны.
З галавакружнае вышыні гранітных скалаў у Глушкавічах можна сузіраць Украіну.
Cівы Тураў. Буслянка на выканкаме.
Унікальная драўляная капліца ў Леніне ў гонар адмены прыгону.
Гэта адзіны Ленін не ў гонар Леніна
Габрэйскім могілкам у Леніне — паўтысячы гадоў.
Такіх драўляных помнікаў няма болей нідзе.
Старажытныя каменныя крыжы з салярнымі знакамі
ў Глушкавічах аблямавалі бетоннай пліткай.
Палешукі — дасціпны і вясёлы народ, калі пазнаёміцца з імі бліжэй.
Жыхары вёскі Белае, беларускай Венецыі. 
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
12 апреля 2009 Общество Сяргей Харэўскі, Ленін—Юркевічы—Белая— Боркі—Азяраны—Тонеж—Букча—Прыбалавічы—Глушкавічы, Наша Ніва Мяжа Гомельшчыны і Брэстчыны — адзін з самых маланаселеных раёнаў Беларусі. І рэдка адведваных: мала які турыст забрыдае ў гэтыя глухія закуткі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика