Шматфункцыянальны комплекс МІНСК-АРЭНА павiнен быць поўнасцю здадзены ў эксплуатацыю да 7 лiстапада
Шматфункцыянальны комплекс МІНСК-АРЭНА павiнен быць поўнасцю здадзены ў эксплуатацыю да 7 лiстапада
Такую задачу паставiў 11 красавiка Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка, наведваючы будаўнiцтва гэтага аб’екта. Комплекс "Мiнск-Арэна" — унiкальны аб’ект, якi не мае аналагаў па складанасцi i функцыянальнасцi не толькi ў Беларусi, але i ў Еўропе. Ён уключае ў сябе шматфункцыянальную спартыўна-вiдовiшчную арэну з трыбунамi на 15 тыс. гледачоў, канькабежны стадыён, разлiчаны на 3 тыс. гледачоў, веладром на 2 тыс. гледачоў, шматузроўневую аўтастаянку. "Па маштабах будаўнiцтва, па складанасцi работ, што выконваюцца, архiтэктуры, задуме "Мiнск-Арэна" на парадак вышэй, чым Нацыянальная бiблiятэка", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. Аляксандр Лукашэнка цiкавiўся таксама тым, як сёння задзейнiчаны велатрэк комплексу "Мiнск-Арэна", адкрыты ў снежнi мiнулага года. Кiраўнiк дзяржавы папярэдзiў, што велатрэк павiнен быць максiмальна загружаны. "Мы пабудавалi яго не для таго, каб ён пуставаў", — сказаў Прэзiдэнт. Ён жорстка крытыкаваў будаўнiкоў за тое, што ў першым квартале 2009 года яны не ўстаранiлi ўсе недахопы, якiя засталiся, i даручыў да 1 мая выправiць сiтуацыю. Аляксандр Лукашэнка азнаёмiўся таксама з планамi па будаўнiцтве яшчэ аднаго шматфункцыянальнага комплексу ў Мiнску, якi размесцiцца ў мiкрараёне Чыжоўка. Плануецца, што новы аб’ект — лядовы палац — будзе ўмяшчаць амаль 8 тыс. гледачоў. Як далажылi Прэзiдэнту, калi будаўнiчыя работы пачнуцца ў блiжэйшы час, то ў пачатку 2011 года там ужо можна будзе праводзiць першыя мерапрыемствы. Як лiчыць кiраўнiк дзяржавы, будаўнiцтва гэтага комплексу дасць магчымасць беларускай сталiцы прыняць чэмпiянат свету па хакеi 2014 года. Але галоўнае, што ў буйным сталiчным мiкрараёне, параўнальным па колькасцi жыхароў з сярэднiм горадам, з’явiцца такi неабходны буйны спартыўны аб’ект. Акрамя таго, Прэзiдэнту было даложана аб планах па ўзвядзеннi ў сталiцы воднаспартыўнага цэнтра на праспекце Пераможцаў, якi зможа прымаць мiжнародныя спаборнiцтвы самага высокага ўзроўню i будзе ўключаць у сябе некалькi басейнаў рознага прызначэння. Потым Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у рэспублiканскiм суботнiку. У гэтым годзе кiраўнiк дзяржавы займаўся ўкладкай бетону ў падмурак будучай алеi Спартыўнай славы, якая будзе фармiраваць галоўны ўваход на тэрыторыю комплексу. У будучым тут установяць памятныя знакi з iмёнамi алiмпiйскiх чэмпiёнаў. У складзе брыгады, у якой працаваў Прэзiдэнт, быў кiраўнiк штаба па будаўнiцтве комплексу Уладзiмiр Навумаў, генеральны дырэктар ТАА "Трайпл" Юрый Чыж, а таксама вядомыя спартсмены i трэнеры, рабочыя, занятыя на будаўнiцтве "Мiнск-Арэны". Завяршыўшы работу, кiраўнiк дзяржавы адказаў на пытаннi журналiстаў. Прэзiдэнт лiчыць неабходным захаваць традыцыю правядзення суботнiкаў. "Можа, штосьцi ў iдэi правядзення суботнiкаў i ўстарэла, але справа ж добрая. Увесь народ выйшаў на суботнiк, робiць карысную справу, значыць, гэта трэба захаваць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што "iншай формы iх правядзення пакуль не прыдумалi" Аляксандр Лукашэнка лiчыць, што, арганiзуючы суботнiкi, народ здзяйсняе высакародную справу. "Грошы ад iх пойдуць дзецям, вяскоўцам. Лiчу, што iх трэба праводзiць", — сказаў ён. У год 65-годдзя вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў 50 працэнтаў сродкаў, заробленых на рэспублiканскiм суботнiку, будзе накiравана на рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне i добраўпарадкаванне мемарыяльных комплексаў, мясцiнаў баявой i воiнскай славы, пахаванняў воiнаў i партызан Вялiкай Айчыннай вайны, пахаванняў у месцах масавай гiбелi грамадзянскага насельнiцтва. Грошы таксама пойдуць на падрыхтоўку загарадных аздараўленчых лагераў да летняга сезона. Амаль 50 працэнтаў заробленых сродкаў пойдзе на фiнансаванне мерапрыемстваў па развiццi дзеючай i стварэнні дадатковай iнфраструктуры аграгарадкоў, а таксама на добраўпарадкаванне i прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў. "Гэта добрае, карыснае i патрэбнае мерапрыемства. Таму я — за захаванне добрых традыцый", — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзiдэнт па просьбе журналiстаў расказаў аб праведзенай напярэдаднi ў Маскве сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскiм i ўсяе Русi Кiрылам. Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што галоўным вынiкам гутаркi з Патрыярхам стала ўпэўненасць у неабходнасцi павышэння ролi Праваслаўнай царквы ў беларуска-расiйскiх адносiнах. "Руская праваслаўная царква павiнна больш актыўна i адкрыта падключыцца да пытанняў яднання Беларусi i Расii, а можа, i ўсёй славянскай цывiлiзацыi", — сказаў Прэзiдэнт. Паводле яго слоў, Патрыярх бачыць перспектыву праваслаўя ва ўмацаваннi ўсяго хрысцiянскага свету. Гутарка Аляксандра Лукашэнкi з Патрыярхам Кiрылам замест запланаванай гадзiны доўжылася больш за тры з паловай гадзiны. Як адзначыў Прэзiдэнт, ён расказаў аб беларуска-расiйскiх адносiнах, "аб тых праблемах, якiя не вартыя выедзенага яйца i якiя перашкаджаюць яднанню, перашкаджаюць адбыцца, як гэта калiсьцi было, адзiнаму цэнтру славянскай праваслаўнай цывiлiзацыi". Ён праiнфармаваў таксама аб прынятых на лонданскiм самiце "вялiкай дваццаткi" рашэннях адмянiць пратэкцыянiсцкiя меры i не блакiраваць пастаўкi тавараў, аб тым, як гэта вырашаецца ў беларуска-расiйскiх адносiнах. "Патрыярха гэта вельмi цiкавiла. Ён прызнаўся, што для сябе адкрыў вочы на многiя рэчы", — сказаў беларускi лiдар. Патрыярх таксама выказаў перакананне, што царква не павiнна быць убаку ад гэтых пытанняў. У час гутаркi была закранута таксама тэма ўзаемаадносiнаў каталiцкай i праваслаўнай канфесiй, развiцця ў цэлым мiжканфесiянальнага дыялога, ролi хрысцiянства. Аляксандр Лукашэнка расказаў аб узаемаадносiнах Беларускай праваслаўнай царквы з кiраўнiцтвам краiны, аб тым, як разам вырашаюцца многiя важныя для грамадства пытаннi. Паводле яго слоў, гутарка мела вельмi адкрыты характар, i нягледзячы на яе даволi вялiкую працягласць, удалося абмеркаваць не ўсе пытаннi, а таму Прэзiдэнт Беларусi i Патрыярх дамовiлiся сустрэцца яшчэ раз у блiжэйшы час. Каментуючы вынiкi сустрэчы ў Маскве 10 красавiка з Прэзiдэнтам Расii Дзмiтрыем Мядзведзевым, Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што з расiйскага боку ёсць разуменне неабходнасцi вырашэння многiх праблемных пытанняў двухбаковых адносiнаў Беларусi i Расii. Як удакладнiў Прэзiдэнт, размова, у прыватнасцi, iдзе аб цане на газ для Беларусi, пастаўках беларускай прадукцыi на расiйскi рынак, удзеле беларускiх прадпрыемстваў у лiзiнгавых пастаўках, дзяржзакупках у Расii, а таксама некаторых iншых. "Па пытаннях, па якiх мною былi выказаны прэтэнзii, мы намецiлi рух наперад, — сказаў ён. — Радуе, што ёсць разуменне таго, што гэтыя пытаннi трэба вырашаць". "Гэта рашэнне на сотнi мiльёнаў долараў", — рэзюмаваў Прэзiдэнт. Кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што расiйскi бок пайшоў Беларусi насустрач у пытаннi аплаты газу па сярэднегадавой цане, а таксама па праблеме, звязанай з тым, што Беларусь не выбiрае поўнасцю прадугледжаныя кантрактам аб’ёмы газу. Успамiнаючы лютаўскае пасяджэнне Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тады было знойдзена ўзаемаразуменне з Прэзiдэнтам Расii. "Абодва прэзiдэнты падпiсалiся пад тымi рашэннямi, i яны падлягаюць няўхiльнаму выкананню i ў Расii, i ў Беларусi. Уся праблема ў расiйскiм урадзе, i тут мы жорстка i сур’ёзна гаварылi, — сказаў Прэзiдэнт. — Не павiнна быць сiтуацыi, калi нашага прэм’ер-мiнiстра пасылаюць да Набiулiнай (Эльвiра Набiулiна — мiнiстр эканамiчнага развiцця i гандлю Расii. — Заўвага БЕЛТА) iсцi вырашаць праблемы". Кiраўнiк дзяржавы таксама паведамiў, што за час яго знаходжання 10 красавiка ў Маскве Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзiн "сустрэўся з патрэбнымi расiйскiмi мiнiстрамi i катэгарычна папярэдзiў iх аб выкананнi дамоўленасцяў ВДС". "У блiжэйшыя днi будуць праходзiць канкрэтныя сустрэчы мiнiстраў, i, як мне было абяцана, у блiжэйшыя месяцы будуць зняты ўсе праблемы, якiя iснуюць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Беларускi лiдар падкрэслiў, што не настолькi важны самi сустрэчы двух прэзiдэнтаў, колькi той сiгнал, "штуршкi", якiя яны даюць для тых, хто павiнен выконваць рашэннi. "У гэтым важнасць нашых сустрэч з Прэзiдэнтам Расii, няхай яны нават будуць кароткачасовыя, мiмалётныя", — дадаў ён. Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што сустрэча з Прэзiдэнтам Расii прайшла ў дружалюбнай i цёплай атмасферы. Шмат увагi было ўдзелена знешняй палiтыцы, пытанням абароны Саюзнай дзяржавы, маючаму адбыцца вучэнню "Захад-2009", ваенна-тэхнiчнаму супрацоўнiцтву, праграме "Усходняе партнёрства". "Абмяркоўваючы тую цi iншую праблему, мы пастаянна выходзiм на новыя пытаннi", — сказаў Прэзiдэнт. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў свайму расiйскаму калегу наведаць Беларусь. "Я прапанаваў Дзмiтрыю Мядзведзеву прыехаць у Мiнск, можа, да Дня Незалежнасцi i, магчыма, у гэты час правесцi Вышэйшы Дзяржсавет", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кiраўнiк дзяржавы асобна закрануў тэму роўнай прысутнасцi беларускiх i расiйскiх СМІ ў iнфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы. У прыватнасцi, па даручэннi прэзiдэнтаў будзе распрацоўвацца нарматыўна-прававая база аб функцыянаваннi беларускiх i расiйскiх СМI на тэрыторыях, адпаведна, Расii i Беларусi. Пакуль жа беларускiя сродкi масавай iнфармацыi фактычна не маюць доступу ў расiйскую медыя-прастору, аб чым было раней заяўлена Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта работа пачалася ўжо на ўзроўнi кiраўнiкоў прэзiдэнцкiх адмiнiстрацый. Паводле слоў беларускага Прэзiдэнта, знойдзена "вельмi правiльнае i прымальнае рашэнне" аб тым, што беларускiя тэлеканалы павiнны прысутнiчаць у Расii, так як i расiйскiя — у Беларусi. Журналiсты папрасiлi кiраўнiка дзяржавы пракаментаваць апасеннi, якiя часта гучаць у Расii, што ўдзел Беларусi ў праграме "Усходняе партнёрства" супярэчыць цесным адносiнам Беларусi з Расiяй, канцэпцыi Саюзнай дзяржавы. Як падкрэслiў Прэзiдэнт, "ведучы перагаворы з Захадам, Беларусь нiколi не вядзе перагаворы супраць Расii". "Гэта нам не выгадна, гэта шкодна з любой пазiцыi. Чаму мы павiнны адмаўляцца ад Расii? З любога пункту гледжання мы не збiраемся адмаўляцца ад дасягнутага на расiйскiм напрамку, а наадварот, мы будзем нарошчваць намаганнi адносна Расii, што мы i робiм: у эканомiцы, знешняй палiтыцы i гэтак далей", — сказаў кiраўнiк дзяржавы. Паводле яго слоў, калi расiйскi бок наконт гэтага выказвае заклапочанасць, то iм неабходна больш уважлiва вывучыць дакументы па "Усходнiм партнёрстве". Як адзначыў Прэзiдэнт, на Еўрасаюз прыпадае амаль палавiна знешняга гандлю Беларусi — столькi ж, колькi i на Расiйскую Федэрацыю. "Мы што, павiнны гэта iгнараваць? Не, — заўважыў ён. — Мы павiнны падтрымлiваць добрыя адносiны з Еўропай, а без палiтычнага дыялога i дыпламатыi не можа быць такога тавараабароту". Ведучы дыялог па праграме "Усходняе партнёрства", Беларусь прапануе, каб у праектах гэтай iнiцыятывы прымала ўдзел i Расiйская Федэрацыя. "Што такое "Усходняе партнёрства"? Гэта не нейкi пакт, накiраваны супраць некага. Каго гэта можа насцярожваць?" — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы. "Калi сёння лiчаць, што мы адвярнулiся ад Расii i пайшлi ўрачыстым маршам у iншым напрамку, то гэта поўнае глупства: нiхто такiх мэтаў не ставiць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён дадаў, што ўдзел Беларусi ў праграме "Усходняе партнёрства" не павiнен правакаваць антырасiйскiя настроi. "Расiя i Беларусь назаўсёды звязаны. Але i адмаўляцца ад супрацоўнiцтва з Еўропай мы нi ў якiм выпадку не павiнны", — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы. У час гутаркi з журналiстамi Прэзiдэнт закрануў тэму будаўнiцтва ў Беларусi новых спартыўных аб’ектаў. Паводле яго пераканання, iх узвядзенне неабходна прадаўжаць нават ва ўмовах крызiсу. "Тое, што будаваць трэба, — безумоўна. Ужо i ў нас людзi перасталi бурчаць наконт гэтага. Спартыўныя аб’екты — гэта здароўе людзей. Гэта будзе служыць народу многiя гады. Таму гэта трэба рабiць, як бы нi было складана i цяжка", — сказаў кiраўнiк дзяржавы. "Мы будзем будаваць — гэта дакладна. Думаю, мы адшукаем крынiцы фiнансавання", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нагадаўшы, што рашэнне аб будаўнiцтве многiх з iх было прынята год таму, калi ў свеце яшчэ не было фiнансава-эканамiчнага крызiсу. Кiраўнiк дзяржавы звярнуў увагу на тое, што "будаўнiцтва такiх аб’ектаў — гэта ўкладанне грошай у сваю эканомiку". "Такiм чынам мы падганяем будаўнiчую галiну, вытворчасць. Гэта выратаванне эканомiкi: чым больш мы будуем, тым больш прадпрыемстваў працуе на гэту будоўлю. А ў нас практычна ўсе прадпрыемствы могуць вырабляць сваё для такiх аб’ектаў", — адзначыў ён. "Таму будаваць будзем. Вядома, з розумам. Тое, што можа пачакаць, — будзе чакаць. Хоць я i не прыхiльнiк гэтага", — дадаў Прэзiдэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што ў цяперашняй складанай сусветнай сiтуацыi неабходна ўстаяць, выратаваць вытворчасць. "У нас няма крызiсу. Мы павiнны зыходзiць з гэтага. Ён сам прыйдзе. А калi i мы яшчэ будзем плакацца, то ён прыйдзе ў яшчэ горшых маштабах, — сказаў кiраўнiк дзяржавы, звярнуўшы ўвагу на псiхалагiчны складальнiк гэтай глабальнай сусветнай праблемы. — Пэўныя цяжкасцi ёсць, але яны прыйшлi звонку. Цяпер трэба напружвацца i працаваць. Калi мы будзем працаваць, як трэба, то i крызiсу не адчуем". Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА. .
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Такую задачу паставiў 11 красавiка Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка, наведваючы будаўнiцтва гэтага аб’екта. Комплекс "Мiнск-Арэна" — |
|