Грошы дае... пустазелле
Грошы дае... пустазелле
Пшанiца, жыта, ячмень, авёс, трыцiкале, бульба — гэты набор для сельскай гаспадаркi з’яўляецца амаль традыцыйным. Мiж тым, таксама не сакрэт: каб мець грошы, трэба шукаць новыя напрамкi. Таму нядзiўна, што апошнiм часам прадпрыемствы АПК Петрыкаўшчыны пачалi займацца сланечнiкам, сояй i цыбуляй. Але цi не самым цiкавым праектам у раёне ўсё ж стала вырошчванне... плямiстай растаропшы. Лiчыцца, што радзiмай гэтай раслiны з зялёным i калючым лiсцем з белымi плямамi з’яўляецца Паўднёвая Еўропа, сёння растаропша часцяком сустракаецца ў краiнах Мiжземнамор’я, Сярэдняй Азii, на Каўказе, ва Украiне, Малдове, у паўднёвай Расii, Заходняй Сiбiры. Прычым цiкава: перш-наперш растаропша ўспрымаецца мясцовымi жыхарамi як... пустазелле. Зрэшты, нягледзячы на такi даволi "пiкантны статус", яе гаючыя ўласцiвасцi былi вядомыя здаўна. Яшчэ старажытныя эскулапы называлi адвар з лiсця гэтай раслiны цудоўным сродкам ад падагры i слабасцi страўнiка, адвар з карэння разглядаўся як лепшая дапамога ад болю зубоў, а сок iшоў на лячэнне радыкулiту i болю ў паяснiцы. Шматлiкiя рэцэпты народнай медыцыны раяць прымаць па чайнай лыжцы ў дзень сухога стоўчанага семя растаропшы пры захворваннях печанi i пiць адвар з семя пры гепатыце. Ужо ў наш час тое ж семя актыўна выкарыстоўваецца ў якасцi натуральных i, што адметна, цалкам бясшкодных дабавак у прадукты харчавання для падтрымкi iмунiтэту. Аднак найбольшую каштоўнасць уяўляе растаропшавы алей. Сучасныя медыкi рэкамендуюць яго пры язвах страўнiка i 12-перснай кiшкi, стаматыце, парадантыце, фарынгiце, рынiце, экзэмах, нейрадэрмiтах. — Уласна кажучы, саму iдэю вырошчваць растаропшу падказалi летась у абласной асацыяцыi вытворцаў агароднiны, — кажа дырэктар КСУП "Чалюшчэвiчы" Мiхаiл Булыга. — Мы падумалi i вырашылi насамрэч паспрабаваць. Бо ў Беларусi гэтай культурай амаль нiхто не займаецца, а попыт на яе ў фармакалогii i харчовай прамысловасцi зараз вялiкi, асаблiва ў Расii. Для своеасаблiвага "эксперыменту" першую партыю насення растаропшы закупiлi ў Малдове. Адтуль жа для засваення тэхналогiй вырошчвання запрасiлi спецыялiстаў-кансультантаў. Дзеля справядлiвасцi, хутка высветлiлася: нiякiх "асаблiвых умоў" тут няма, не трэба i вялiкiх выдаткаў. Новая культура хоць i любiць лёгкi суглiнак, але расце практычна на любой глебе, для пасадкi прыстасавалi простую сеялку агароднiны, для ўборкi прыйшоўся дарэчы звычайны камбайн. Што ж да тэрмiнаў выспявання, то ён быў невялiкi — палескi клiмат перашкодай не стаў. Як, да слова, не замiнаў i "чарнобыльскi iмiдж" Гомельшчыны. Петрыкаўскi i Акцябрскi раёны вобласцi радыяцыя амаль не закранула, прэцэдэнтаў, калi праверкi паказалi б перавышэнне дапушчальнага ўзроўню, тут не было. — Важна толькi памятаць некаторыя нюансы, — адзначае Мiхаiл Булыга. — Паколькi сама па сабе культура з’яўляецца лекавай, даводзiцца адназначна адмаўляцца ад апрацоўкi ядахiмiкатамi, зводзiць да мiнiмуму выкарыстанне мiнеральных угнаенняў — стаўка павiнна рабiцца на арганiку. А плюс да таго, неабходна быць вельмi ўважлiвым, дакладна вызначыць тэрмiн уборкi. Спазненне ўсяго на дзень-два можа прывесцi да поўнага асыпання каштоўнага семя, страты ўсяго ўраджаю. Летась гаспадарка адвяла пад растаропшу ўсяго 10 гектараў — збольшага, каб назапасiць насенне на наступны сезон i вывучыць кан’юнктуру рынку. Прычым "тэст" стаўся паспяховым. У гаспадарку звярнулася некалькi беларускiх фiрмаў, дзякуючы невялiкiм паведамленням у iнтэрнэце, тэлефанавала шмат расiян — ад Масквы да Новасiбiрска. Адсюль з’явiлася рашэнне: сёлета трэба пераходзiць на прамысловую аснову, павялiчыць пасевы да 100 гектараў. Бо гэта — выгадна. Па-сутнасцi, "Чалюшчэвiчы" з’яўляюцца гаспадаркай сярэдняй, у ёй працуе 240 чалавек, атрымлiваецца не самая высокая зарплата. Аднак тут спадзяюцца, што, не ў апошнюю чаргу дзякуючы растаропшы, сiтуацыя можа змянiцца. І цi не галоўны аргумент: сёння адзiн гектар новай культуры прыносiць столькi ж грошай, колькi 10 гектараў харчовай пшанiцы. Заўтра? — Запатрабаванасць семя растаропшы як на беларускiм, так i на расiйскiм рынку значная, да таго ж прадпрыемствы па вытворчасцi лекаў i харчавання будуць iснаваць заўсёды, — заўважае Мiхаiл Булыга. — Нават у крайнiм выпадку, калi з-за крызiсу ад нашай прадукцыi пачнуць адмаўляцца ў Расii, мы будзем адчуваць сябе даволi спакойна. Бо калi тэрмiн захоўвання тых жа бульбы цi цыбулi абмежаваны некалькiмi месяцамi, то семя растаропшы можа праляжаць да лепшых часоў год-два. I пры гэтым без страты сваiх каштоўных якасцяў. Сяргей ГРЫБ. Петрыкаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пшанiца, жыта, ячмень, авёс, трыцiкале, бульба — гэты набор для сельскай гаспадаркi з’яўляецца амаль традыцыйным. Мiж тым, таксама не сакрэт: каб мець |
|