Снег сышоў, плiта засталася...
Снег сышоў, плiта засталася...
Разгляд звароту
Спецыяльна дачакалася, калi мiне суботнiк. Думала, раптам хоць пасля такой падзеi сiтуацыя зменiцца — праблема будзе вырашана, i пiсаць гэты артыкул не давядзецца... Цяпер, калi дакладна сышоў снег, асаблiва добра "бачная" праблема, якая хвалюе мяне ўжо нават не адзiн год. Хвалюе, бо я з лiку тых, каго хлебам не кармi, дай што-небудзь падобраўпарадкаваць. А тут — проста перад маiмi вокнамi — такi непарадак! Спачатку на гэтай вялiкай, свабоднай пляцоўцы размяшчалiся "дамкi" будаўнiкоў, якiя ўзводзiлi дом непадалёк ад таго, у якiм я, у прыватнасцi, жыву. Для зручнага перасоўвання работнiкаў па незаасфальтаванай глебе былi прыцягнуты велiзарныя бетонныя плiты, — утварылася дарожка. Калi будаўнiчыя работы былi завершаны, дарожку разабралi — плiты сабралi i вывезлi. Але ж каб усе сабралi... Адна чамусьцi засталася ляжаць акурат насупраць маiх вокнаў! Чаму? Вось пытанне... Некалькi месяцаў я штодня з надзеяй глядзела ў акно: раптам ненавiсную плiту вывезлi, а вялiзную лужыну, у якой цяпер плюхаюцца суседскiя дзецi, зараўнялi?.. Месяц бег за месяцам, i раптам — вось удача! У паштовую скрыню кiдаюць абвестку аб правядзеннi для шырокага кола грамадзян тэлефоннай "прамой лiнii" з удзелам кiраўнiка адмiнiстрацыi Фрунзенскага раёна г. Мiнска Барыса Васiльева. Я была так рада, што дазванiлася! Ну, падумала, не давядзецца брацца за пяро! Зараз усё хуценька i вырашыцца. У вуснай далiкатнай размове просьбу паведамлю — i плiта знiкне! Я наогул з вялiкай павагай стаўлюся да спробаў любога ўзроўню ўладаў быць блiжэй да людзей. "Прамыя лiнii" — гэта цудоўна! Вядома, можна i ў пiсьмовай форме "накiдаць прапанову" ды адправiць яе на чыноўнiцкi адрас поштай, аднак заўсёды ёсць "шанц", што рукапiс твой згубiцца пры незвычайных абставiнах. А так — пазванiў, прыемна пагутарыў, пакiнуў свае "даныя". Я, праўда, у гэтай нашай размове са спадаром Б.А. Васiльевым прыгадала не толькi адну плiту перад маiмi вокнамi, але расказала i аб тым, што тэрыторыя ўжо каля таго самага, новаўзведзенага дома, з таго самага боку, да якога "прымыкае" аўтобусны прыпынак, неяк слабавата прыбiраецца. Праблема ў тым, што на першым паверсе згаданага будынка плануе размясцiцца, калi верыць шыльдзе, аддзяленне ААТ "ААБ Беларусбанк". Праўда, да таго часу, пакуль адкрыцця не адбылося, навакольная тэрыторыя, вiдаць, нiчыйная. Адсюль — пясок, смецце, часам разбiтыя бутэлькi... Словам, вiдаць, што моладзь тут бывае, а прыбiральшчыкi — наўрад цi. Адзiная няўдача атрымалася: калi праводзiлася "прамая лiнiя", была зiма — 12 студзеня, i "скаргi" мае, прыкрытыя снегам, былi вiзуальна... амаль не заўважныя. Але ж хто захоча, той убачыць, думала я, калi кожную ранiцу з нецярплiвасцю падскоквала да акна i расчаравана ад яго адыходзiла. 22 студзеня атрымала адказ: "Паважаная Святлана Уладзiмiраўна! Па вашым звароце на "прамую лiнiю" кiраўнiка адмiнiстрацыi Фрунзенскага раёна г. Мiнска паведамляем наступнае. Прадстаўнiком аддзела добраўпарадкавання УП "ЖРЭА № 1 Фрунзенскага раёна г. Мiнска" 12 студзеня была праведзена праверка ўборкi дваровай тэрыторыi жылога дома № 119 па вул. Адзiнцова. На момант праверкi пешаходная частка ўздоўж дома была ачышчана ад снегу i наледзi. Праезная частка не была ачышчана ад снегу i наледзi. Кiраўнiцтву Таварыства ўласнiкаў №10 выдадзена прадпiсанне на ўборку тэрыторыi жылога дома №119 па вул. Адзiнцова. У вынiку прынятых мер выкананы работы па ачышчэннi праезнай часткi ад снегу. Кiраўнiцтву Таварыства ўласнiкаў № 10 даручана трымаць на кантролi пытанне па выкананнi сваiх службовых абавязкаў падначаленымi. Кiраўнiк адмiнiстрацыi Б.А. Васiльеў". Прачытала i... здзьмулася. Ну, думаю, адзiн "каленкор": што па пошце мая паперка згубiлася б, што па тэлефоне мы адно аднаго не дачулi... Быццам, мы пра нейкiя розныя рэчы пагаварылi. Пра плiту ў лiсце — нi слова. Як i ў маiм звароце — пра наледзь. Дык не дзiўна, што як ляжала мая "гаротная", так i ляжыць. I лужына — побач. Я ж быццам бы тлумачыла: знаходзiцца "ненавiсная" з таго боку дома, якi глядзiць на аўтазапраўку, на зялёнай, незаасфальтаванай зоне!! Хiба, трэба было пальцам паказаць? Я ж таму на "гарачую лiнiю" i пазванiла, што прыйсцi ў наша Таварыства i проста iм паведамiць пра плiту — заведама бессэнсоўная рэч. У нас вось нядаўна дамафон сцягнулi, дык нiхто з месяц на пад’езд нiякай увагi не звяртаў!.. У таварыствы, дарэчы, я не верыла ад самага пачатку iх укаранення, i з цягам часу ўсё больш пераконваюся, што не выспелi мы да такiх "формаў домаўладання". Праўда, з нядаўняга часу... "неўзлюбiла" я i ЖЭСаўскiя падыходы да справы. Прыдзiраюся, скажаце!? Калi ласка, для чысцiнi эксперыменту запрашаю ўсiх ахвотных на адрас: вул. Мiрашнiчэнкi, д.53, пад’езд 9. Апошнiя, можа, паўгода-год, ну, не ўвайсцi ў пад’езд! Брудны дол, сцены, вокны, кожны паверх упрыгожваюць шклянкi для недакуркаў, а нядаўна нехта пад лесвiцу на першым паверсе смярдзючае крэсла выцягнуў! Пахi ў пад’ездзе — асобная размова!! Хоць святых вынось! Натуральна, я разумею месца i ролю самiх жыхароў у працэсе забруджвання тэрыторыi, на якой яны пражываюць. Лiтаральна днямi, вiдаць, сама прыбiральшчыца не вытрывала — вывесiла аб’яву аб неабходнасцi захавання ў пад’ездзе чысцiнi самiмi жыхарамi. Сапраўды, чаго прасцей? Не мачыцца ў смеццеправод, не выкiдаць мiма яго смецце, не складваць недакуркi на кожным паверсе, не пакiдаць на лесвiчных пралётах грувасткiя, смярдзючыя рэчы i г.д., г.д. Аднак чаму ўсё гэта мае месца? Магу толькi здагадвацца. Здагадка першая. Нават няўзброеным вокам вiдаць, што вышэйзгаданы пад’езд, як i мiкрараён "Зялёны Луг", i Савецкi раён, дзе, прынамсi, размяшчаецца той самы дом з тым самым пад’ездам, за апошнiя гады моцна "пабагацеў" на пiтушчых людзей. Хоць сцвярджаць гэта я бяруся на падставе толькi ўласных назiранняў. З iншага боку, мне даводзiлася мыць падлогу. Таму я магу адрознiць, калi дол спачатку вымелi, а потым вымылi, а калi проста "расцёрлi" бруд. Нехта скажа: што журналiстка можа ведаць пра цяжкую працу прыбiральшчыцы пад’езда? Дакладна магу сказаць адно: за гады маёй працы гэтай самай "журналiсткай", па праўдзе кажучы, абрыдла чуць аб нiзкiх заробках i непамерна аб’ёмнай рабоце. У тым лiку прыбiральшчыц. А таму, карыстаючыся момантам, заклiкаю ўсiх хоць бы напалову адпрацоўваць нават тыя невялiкiя грошы, якiмi аплачваецца наша праца! Што датычыцца заклiкаў "вытрымлiваць чысцiню", то iмi аднымi не абысцiся. Ну, не ўражваюць нашага чалавека заклiкi! Можа, трэба падумаць пра матэрыяльнае заахвочванне за парадак? Паводле закона, у такiм грамадскiм месцы, як пад’езд, нельга, напрыклад, курыць. Вось i выйсце: убачыла прыбiральшчыца шклянкi з бычкамi, — ну, i выклiкала б мiлiцыю, тая склала б пратакол, наклала штраф на жыхароў пад’езда. Няма канкрэтных вiнаватых? Штрафуйце ўвесь пад’езд!! I з крэслам можна вырашыць сiтуацыю. Толькi займацца гэтым трэба. Але ж, можа, якраз зараз начальнiк ЖЭСа № 68 гэтым i займаецца? Вось ужо два тыднi я не магу злавiць яго на месцы. З павагай, расчараваная падыходамi да работы са зваротамi грамадзян Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыяльна дачакалася, калi мiне суботнiк. Думала, раптам хоць пасля такой падзеi сiтуацыя зменiцца — праблема будзе вырашана, i пiсаць гэты артыкул н
|
|