21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пасхальнае пасланне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

26.08.2009 12:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пасхальнае пасланне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы, — Богам сцеражоны народ Божы!

 "...Таму прабудзіся, каб злітаваўся  над табою Хрыстос Бог, Які ўсюды прысутны і ўсё напаўняе"

Кандак 6-й песні Вялікага канона прападобнага Андрэя Крыцкага

Суровыя і прамыя словы Пакаяннага канона на працягу Вялікага посту рыхтавалі нашы сэрцы да Пасхальнай радасці — да Светлага Хрыстовага Уваскрасення. І вось сёння, прабудзіўшыся ад грахоўнага сну, мы пакліканы, паводле слова Святога Евангелля, увайсці ў радасць Госпада нашага (Мф. 25: 21, 23) і сведчыць перад Богам і людзьмі пра тое, што

Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!

 Перамогу Жыцця над смерцю мы вызнаём у гэтыя дні ўсімі сіламі нашага сумлення, якое мы пастараліся ачысціць постам і малітваю. І таму для нас становіцца вельмі блізкім вобраз абуджэння ад сну і пераход да творчай дзейнасці.

"Госпадзі Божа мой! Прасвятлі вочы мае, каб не заснуў я сном смяротным", — усклікае да Тварца Псалмаспевец Давід (Пс. 12: 4). Не толькі аб захаванні свайго цялеснага жыцця моліць ён Бога, але і аб прасвятленні розуму і сэрца, бо грэх — гэта таксама "сон смяротны".

 Калі прырода нашага краю пачынае квітнець вясною, мы кажам, што і яна абуджаецца ад зімовага сну. І чалавек вясной таксама нейкім простым і натуральным чынам адтайвае ад ільду абыякавасці. Хоць бы на час, — але ўсё ж ён пераадольвае сваю халоднасць да бліжняга; хоць бы на імгненне, — ён усміхаецца сонечнаму святлу і звяртае свой твар да Сонца Праўды, Якім ёсць Хрыстос, Бог наш.

 Веру, што такое абуджэнне ў свой час перажывае кожны чалавек! І таму заклікаю ўсіх вас, узлюбленыя мае: дзяліцеся цяплом веры з бліжнімі і дальнімі; ні ад каго не засланяйце сваімі чалавечымі мудраваннямі жыватворнае святло Нябеснага Айца, але ўсім і заўсёды нясіце добрую вестку пра Уваскрасенне Сына Божага, Сына Чалавечага.

"Устань, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і асвятліць цябе Хрыстос", — паўтарае словы Псалтыра апостал Павел (Эф. 5: 14). І адразу ж пасля гэтага па-сапраўднаму пасхальнага благаславення святы апостал народаў спяшаецца папярэдзіць нас пра небяспеку: "Дык, глядзіце, дзейнічайце асцярожна, — кажа ён, — не як неразумныя, а як мудрыя, цэнячы час, бо дні — ліхія" (Эф. 5: 15–16).

 Цяпер настаў час, калі крызісныя выпрабаванні напаткалі "новы свет", збудаваны чалавекам без Бога. Свет нажывы і гардыні, карысталюбства і нястрымнага спажывання падмануў сваіх жыхароў. Збянтэжанасць і страх, разгубленасць і ўнутраную спустошанасць адчуваюць сёння мільёны людзей па ўсім абліччы Зямлі. "Паводле якіх правіл цяпер жыць? — задаюць пытанне ганарлівыя. — Як зноў знайсці апірышча, калі пад нагамі — толькі зыбкі пясок, а дом, збудаваны на пяску, пачынае абрушвацца на вачах?" Што ж, спустошанасць сэрцаў нязменна прыводзіць да спусташэння дамоў...

 Ці можам мы не смуткаваць з-за патрасенняў роду чалавечага ў гэты паваротны момант сусветнай гісторыі? Ці можам заставацца абыякавымі да людзей і тым больш — злараднічаць з няшчасцяў? Не, бо ў такім выпадку мы самі будзем асуджаны паводле горкага прароцтва Хрыста Спасіцеля пра тыя часы, калі "з-за памнажэння беззаконня астыне любоў у многіх" (Мф. 24: 12).

 Задача свету хрысціянскага заключаецца ў тым, каб "камень, які адкінулі будаўнікі", паводле слова Пісання, зноў "стаў галавою вугла" (Мф. 21: 42). Ужо не толькі палымяным словам, а і канкрэтнай справаю мы пакліканы пацвердзіць ісціну пра тое, што "калі Господзь не збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго" (Пс. 126: 1).

Стан хрысціянскіх сем’яў і добраўпарадкаванасць праваслаўных храмаў, грамадскае служэнне членаў Царквы і асабісты прыклад веры кожнага хрысціяніна: усё, што становіцца галавою вугла нашага асабістага спасення, мы павінны зрабіць дастойным шырокай павагі і дзейнага пераймання.

 У час выпрабаванняў радасць аб Уваскрасенні Хрыстовым павінна быць не проста лікаваннем аб ісціннасці нашай веры! Дарагія браты і сёстры, мы пакліканы да ацалення ран тых людзей, якія пакутуюць. Хрысціянская місія сярод тых, хто хворы і бедны, хто адзінокі і пакінуты, — гэта абавязак Царквы і пакліканне кожнага яе члена. Але мы павінны памятаць, што не менш важнай з’яўляецца місія хрысціян, звернутая да тых, хто пакутуе з-за страты сэнсу жыцця, з-за адсутнасці жыццёвых арыенціраў, з-за крушэння ілжывых ідэалаў.

 У тым самым Пасланні да Эфесянаў апостал Павел дае простую і мудрую параду, як і чым мы можам дапамагчы веруючым і няверуючым: "Не будзьце безразважнымі, а пазнавайце, у чым ёсць воля Божая" (Эф. 5: 16–17).

Разважлівасць і разуменне Божай волі не даюцца хрысціяніну проста так. Гэта — плод нястомнай працы над самім сабою, вынік асэнсавання ў святле Евангелля Хрыстовага перш за ўсё свайго жыцця, і толькі потым — жыцця і ўнутранага свету іншага чалавека, свайго бліжэйшага асяроддзя, свайго народа і, урэшце, усёй чалавечай супольнасці.

 Цвёрда і справядліва гучаць словы з Паслання Прадстаяцеляў Праваслаўных Памесных Цэркваў, якія сабраліся ў горадзе Канстанцінопалі, цяперашнім Стамбуле, у кастрычніку мінулага года: "Праваслаўныя хрысціяне падзяляюць з іншымі рэлігійнымі і нерэлігійнымі людзьмі планеты адказнасць за сучасны крызіс, — гаворыцца ў Пасланні, — таму што яны неразумна дапускалі злоўжыванні свабоды альбо зміраліся з імі, не супрацьстаялі ім дастойна словам веры. Такім чынам, нашым галоўным абавязкам з’яўляецца ўклад у пераадоленне раздзяленняў у свеце".

 Пад гэтым дакументам стаіць подпіс заўждыпамінаемага Свяцейшага Патрыярха Аляксія ІI, і таму мы ўспрымаем місію "пераадолення раздзяленняў у свеце" як духоўны запавет Яго Свяцейшаства. Добрым знаменнем для нашай Маці-Царквы стала і місіянерская скіраванасць пачатага служэння шаснаццатага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, сведкамі выбрання і інтранізацыі якога мы сталі ў дні працы Архіерэйскага і Памеснага Сабораў Рускай Праваслаўнай Царквы.

 Дарагія мае! Святкуючы светлае Хрыстова Уваскрасенне, вызнаючы перад Богам і прапаведуючы свету дабравесце аб тым, што "Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць зваяваў", — мы словам і справаю сцвярджаем адзіны спасіцельны выбар, які адвеку прапанаваны чалавеку яго Тварцом. З глыбіні вякоў Багавідзец Маісей звяртае да чалавечага роду боганатхнёны заклік: "Жыццё і смерць прапанаваў я табе, благаславенне і пракляцце. Выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё" (Друг. 30: 19).

 "Уваскрэс Хрыстос, і жыццё жыве", — рэхам гучыць у дні Пасхі Гасподняй сведчанне праваслаўнага свету пра наш выбар. Сапраўды, веданне Божага Закона жыцця — самае каштоўнае ў скарбніцы агульначалавечай думкі.

…І зноў багамудры апостал Павел падтрымлівае нас у пошуку адказаў на вечныя і на неадкладныя пытанні быцця. "Любоў ёсць выкананне закона, — кажа ён. — Так рабіце, ведаючы час, што наступіла ўжо гадзіна прабудзіцца нам ад сну". І сёння, у час сусветных выпрабаванняў, сярод хрысціян не выклікаюць недаўмення наступныя словы святога апостала: "Цяпер бліжэй да нас спасенне, чым калі мы ўверавалі" (Рым. 13: 10–11).

 Дык будзем добрымі работнікамі на ніве Хрыстовай, і Айцец наш, Які бачыць тайнае, узнагародзіць свет яўна (Мф. 6: 4, 6: 18)!

Нашу светлую надзею і радаснае сведчанне веры накіроўваю разам з пасхальным віншаваннем адзінаверным і адзінакроўным братам і сёстрам нашым, якія жывуць ва ўсіх канцах Зямлі. Сардэчна вітаю ўсіх, хто носіць імя Хрыстова і заклікае Бога ў Сведкі свайго жыцця, свайго сумлення, сваіх слоў і спраў.

Узлюбленыя! Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс! — і нас уваскрасіць сілаю Сваёю. Амінь.   ФІЛАРЭТ, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.  Пасха Хрыстова 2009 г. Мінск

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы, — Богам сцеражоны народ Божы!
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика