Размеркаванне: як задаволіць i свае, i дзяржаўныя iнтарэсы?
Размеркаванне: як задаволіць i свае, i дзяржаўныя iнтарэсы?
На пытаннi, якiя датычацца парадку размеркавання i ўладкавання на першым працоўным месцы, адказваюць старшыня прафсаюзных камiтэтаў навучэнскай моладзi пры Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi, намеснiк старшынi ЦК Беларускага прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi Раман ДАПІРА i галоўны прававы iнспектар працы ЦК Беларускага прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi Ларыса МАНЮК.
(Працяг. Пачатак у нумарах за 15 —18 красавiка.)
(Працяг. Пачатак у нумарах за 15 —18 красавiка.) ( У Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце культуры i мастацтваў на папярэднiм размеркаваннi выпускнiкам бiблiятэчнага факультэта паведамiлi, што ў Мiнску яны будуць размяркоўвацца толькi ў публiчныя бiблiятэкi. Калiсьцi гэты курс набiраўся спецыяльна пад кадравае камплектаванне Нацыянальнай бiблiятэкi. У некаторых студэнтаў ёсць заяўкi на iх ад бiблiятэк ВНУ, але гэтыя бiблiятэкi не адносяцца да Мiнiстэрства культуры, хоць таксама адчуваюць кадравы дэфiцыт. Цi павiнна камiсiя па размеркаваннi разглядаць i задавальняць персанальныя заяўкi на накiраванне да iх маладых спецыялiстаў ад бiблiятэк вышэйшых навучальных устаноў? Гэты выпадак з’яўляецца прыкладам рэалiзацыi кадравай палiтыкi канкрэтнага органа дзяржаўнага кiравання. Вiдаць па ўсiм, заказчыкам падрыхтоўкi адпаведных кадраў было Мiнiстэрства культуры, таму i прыярытэт пры разглядзе заявак будзе аддавацца цэнтралiзаванай заяўцы на падрыхтоўку спецыялiстаў гэтага ведамства. Тым не менш заяўкi дзяржаўных арганiзацый аб размеркаваннi на працу да iх канкрэтных выпускнiкоў таксама павiнны разглядацца ў першую чаргу, i iх не павiнны пакiдаць без увагi пры наяўнасцi магчымасцi iх задавальнення. Хутчэй за ўсё, пры размеркаваннi маладых спецыялiстаў у Мiнск будуць брацца пад увагу спачатку заяўкi Мiнiстэрства культуры i арганiзацый яго сiстэмы, а затым iншых дзяржаўных арганiзацый. У выпадку, калi выпускнiкам, якiя пастаянна пражываюць у Мiнску, будуць прапаноўвацца вакансii ў iншых рэгiёнах, яны могуць настойваць на разглядзе заявак ад бiблiятэк сталiчных дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў у якасцi найбольш мэтазгоднага iх накiравання. ( Вайсковец служыць па кантракце ў Лепельскiм раёне. Яго жонка заканчвае шосты курс Вiцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта, лячэбны факультэт, спецыялiзацыя — рэанiматолаг-анестэзiёлаг. У абодвух мiнская рэгiстрацыя, маецца сваё жылле ў сталiцы. На папярэднiм размеркаваннi, на якiм прысутнiчалi заказчыкi кадраў з Мiнска, жонку гатовы былi забраць у 9-ю сталiчную клiнiчную бальнiцу, дзе востра не хапае рэанiматолагаў-анестэзiёлагаў. А на канчатковым размеркаваннi выпускнiцу размяркоўваюць урачом-педыятрам у Лепельскую райбальнiцу, блiжэй да месца цяперашняй службы мужа. Але, па-першае, муж усё адно служыць не ў Лепелi, а за 15 кiламетраў ад яго, i жыць разам яны не змогуць, да таго ж яго кантракт завяршаецца праз 1,5 года. А па-другое, i гэта самае галоўнае, выпускнiцу размеркавалi не па яе спецыяльнасцi. Педыятрыя — зусiм iншая вобласць медыцыны, i дзiцячыя хваробы маюць сваю спецыфiку. Да таго ж рэанiматолагi-анестэзiёлагi — даволi рэдкiя спецыялiсты. Дык навошта было спецыялiзавацца колькi гадоў, каб у вынiку працаваць дзiцячым урачом. I педыятра добрага бальнiца можа не атрымаць, i раней атрыманая квалiфiкацыя будзе страчана. Цi можна пераразмеркавацца па непасрэднай спецыяльнасцi ў Мiнск? У гэтым выпадку проста неабходна настойваць на мэтазгоднасцi размеркавання ў адпаведнасцi з атрыманай спецыяльнасцю (прафесiяй) i прысвоенай квалiфiкацыяй (пункт 9 Палажэння аб размеркаваннi) па месцы жыхарства мужа, якi не з’яўляецца маладым спецыялiстам (пункт 16 Палажэння аб размеркаваннi). Маецца на ўвазе Мiнск, дзе ў сям’i маецца жыллё, i куды муж выпускнiцы вернецца пасля завяршэння кантракта. I на прыняццi камiсiяй па размеркаваннi адпаведнага рашэння. Можна паспрабаваць патлумачыць сiтуацыю рэктару ўнiверсiтэта. Акрамя таго ў выпадку, калi вам адмовяць у камiсii па размеркаваннi, вы можаце звярнуцца ў Мiнiстэрства аховы здароўя з просьбай аказаць вам садзейнiчанне ў гэтай сiтуацыi. Цi звярнуцца ў свой галiновы прафсаюз. ( Дзяўчына навучаецца ў Мiнскiм дзяржаўным лiнгвiстычным унiверсiтэце на педагагiчным аддзяленнi. Паступала па мэтавым накiраваннi ад Мiнскага раёна. Узяла шлюб з мiнчанiнам, у яго таксама вышэйшая адукацыя i ён ужо працуе ў Мiнску па сваёй спецыяльнасцi. Хацела б узяць "адмацаванне", каб уладкавацца на працу ў Мiнск. Цi можна гэта зрабiць? Гэта можна зрабiць толькi пры ўмове ўнясення адпаведных змяненняў i дапаўненняў у дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы пры наяўнасцi згоды ўсiх яго бакоў. Як правiла, станоўчае рашэнне ў вырашэннi такiх пытанняў залежыць перш за ўсё ад сiтуацыi з кадрамi ў адпаведным рэгiёне (арганiзацыi). Калi патрэба ў кадрах сур’ёзная, заказчык мае поўнае права адмовiцца ад унясення змяненняў i дапаўненняў у дагавор. ( Магiстрант, якi не прыступiў да работы па размеркаваннi ў сувязi з паступленнем на больш высокую ступень навучання, быў адлiчаны з магiстратуры. Цi абавязаны ён звяртацца ў камiсiю па размеркаваннi сваёй навучальнай установы? Цi можна яму працаўладкоўвацца самастойна? Адлiчаны з магiстратуры выпускнiк павiнен быць абавязкова пераразмеркаваны. Увогуле, згодна з заканадаўствам, выпускнiкi ВНУ на працягу двух гадоў, пакуль яны з’яўляюцца маладымi спецыялiстамi, абавязаны паведамляць у камiсiю па размеркаваннi аб усiх змяненнях, звязаных з iх вучобай i работай. Акрамя таго ўсе iх перамяшчэннi адсочваюцца ўстановай адукацыi. Калi малады чалавек быў адлiчаны з магiстратуры, значыць, ён павiнен звярнуцца ў камiсiю па размеркаваннi, каб атрымаць накiраванне на працу. Камiсii па размеркаваннi працуюць цяпер круглы год. Надзея НIКАЛАЕВА. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi, якiя датычацца парадку размеркавання i ўладкавання на першым працоўным месцы, адказваюць старшыня прафсаюзных камiтэтаў навучэнскай моладз |
|