Што ў пакеце... сацыяльным?
Што ў пакеце... сацыяльным?
Работа з 9 да 18 гадзiн, высокая зарплата плюс сацыяльны пакет — сёння падобны "набор" для большасцi аб’яў аб пошуку супрацоўнiкаў можна назваць практычна стандартным. Мiж тым, прынамсi адно пытанне тут ёсць. Пра рэжым работы i зарплату зразумела кожнаму. Аднак нашмат менш вядома iншае — што такое... "сацыяльны пакет"?
Закон — не прывiлея
Закон — не прывiлея Падчас спробаў патэлефанаваць па аб’явах i высветлiць, што ўсё ж маецца на ўвазе пад "сацыяльным пакетам", часцей за ўсё давялося пачуць прыкладна такiя адказы — водпуск, аплата "бальнiчных" i "дэкрэтных", залiк работы ў пенсiйны стаж, кампенсацыя камандзiровачных выдаткаў. Словам, раскладка нiбыта простая. Калi б не адна вельмi цiкавая акалiчнасць. — Прапанова прадастаўляць "сацыяльны пакет" гучыць заўсёды вельмi заманлiва i прыгожа, — кажа намеснiк начальнiка ўпраўлення знешнiх сувязяў i партнёрскай палiтыкi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Людмiла Ляшчынская. — Але давайце разбiрацца па сутнасцi. "Сацыяльны пакет" — гэта пэўныя гарантыi "ў дадатак да закона", з дапамогай iх ставiцца на мэце зацiкавiць работнiка, павысiць вытворчасць працы, пазбегнуць "бягучкi" кадраў. Тым часам усё пералiчанае вышэй трэба лiчыць не якiмi-небудзь "прывiлеямi" цi "бонусамi". Бо гэта — звычайныя патрабаваннi нашага заканадаўства. Прычым яны датычацца ўсiх наймальнiкаў i ўсiх работнiкаў без выключэння. У прыватнасцi, заўважае Людмiла Ляшчынская, пры любых умовах наймальнiк проста абавязаны пералiчваць за работнiка ўзносы дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, што дае права на залiк пенсiйнага стажу, "бальнiчныя" i "дэкрэтныя" выплаты. Без залiшнiх "напамiнаў" наймальнiк мусiць плацiць прынамсi мiнiмальную зарплату, кампенсаваць камандзiровачныя выдаткi, павiнен даваць як мiнiмум 24 каляндарныя днi працоўнага водпуску плюс як мiнiмум дзень водпуску па кантракце, вызначаць 40-гадзiнны працоўны тыдзень. І ставiцца да гэтых гарантый як да "адвольнага варыянту" не выпадае — у адваротным выпадку давядзецца несцi адказнасць. Ад пуцёўкi да "мабiльнiка" Дадатковыя працоўныя i сацыяльныя гарантыi — тэма ўжо iншая. Па вялiкiм рахунку, "сацыяльны пакет" можа быць неабмежаваным, да прыкладу, ён можа "складацца" са знiжак на харчаванне, аднаразовых выплат з нагоды нараджэння цi пахавання, выплат да святаў i юбiлеяў, прэмiй, "лiшнiх" дзён водпуску, прадастаўлення аплатных водпускаў студэнтам i навучэнцам-завочнiкам, аплаты стажыровак i курсаў павышэння квалiфiкацыi, кампенсацыi найму жылых памяшканняў, беспрацэнтных пазык на будаўнiцтва жылля, дадатковага пенсiйнага страхавання, медыцынскiх страховак i медыцынскага абслугоўвання за кошт наймальнiка, дапамогi на аздараўленне, льгатаваннi пуцёвак у санаторыi, бясплатных або льготных абанементаў у спартзалы, бясплатных турыстычных паездак, аплаты дзiцячых садкоў, урэшце, кампенсацыi за карыстанне паслугамi мабiльнай сувязi. — У гэтым выпадку гарантыi вызначае кожная арганiзацыя, установа цi фiрма па ўласным меркаваннi, — распавядае Людмiла Ляшчынская. — Пры гэтым зараз сацыяльны пакет выкарыстоўваецца амаль паўсюль. Праўда, аналiз сведчыць, што найбольшае распаўсюджванне тут атрымалi аплата аздараўлення i заняткаў спортам, знiжкi на харчаванне, заахвочваннi да святаў i юбiлеяў. А вось страхаванне медыцынскiх расходаў, страхаванне дадатковых пенсiй i аказанне дапамогi ў вырашэннi жыллёвых пытанняў пакуль практыкуецца толькi на невялiкай колькасцi прадпрыемстваў. Усiм цi кожнаму? Звычайна "сацпакет" прадугледжваецца ў калектыўным дагаворы. Але гэта шлях не адзiны. Тыя або iншыя гарантыi, асаблiва калi ў арганiзацыi няма ўласнага прафсаюза i калдагавора, магчыма замацаваць у кантрактах або прадстаўляць на падставе загадаў цi распараджэнняў наймальнiкаў. Прычым варыянт працоўных дагавораў цi "кропачных" рашэнняў адмiнiстрацыi, як правiла, мае адну асаблiвасць — у гэтым выпадку бонусы могуць распаўсюджвацца не на ўвесь калектыў, а толькi на асобных яго членаў. Зрэшты, лiчыць Людмiла Ляшчынская, такi падыход з’яўляецца цалкам нармальным — нiхто не павiнен забараняць кiраўнiцтву заахвочваць перш-наперш тых супрацоўнiкаў, у якiх яно зацiкаўлена ў найбольшай ступенi. — Разам з тым i наймальнiкам, i работнiкам варта памятаць, што ўсе дадатковыя гарантыi павiнны быць "пад’ёмнымi" для арганiзацыi цi прадпрыемства, — зазначае Людмiла Ляшчынская. — Калi пэўная планка вызначана, але забяспечыць яе адмiнiстрацыя рэальна не ў стане, работнiк можа дамагчыся выканання калектыўнага або працоўнага дагавора, i ў тым лiку праз суд. Аднак у сваю чаргу падобная акалiчнасць з вялiкай доляй верагоднасцi адаб’ецца на фiнансавым стане суб’екта гаспадарання, i, як вынiк, на пытаннях зарплаты i захавання працоўных месцаў. Выбiраць... галоўнае Якой-небудзь "абавязковасцi" дадатковых гарантый у заканадаўстве няма, адпаведна, патрабаваць iх увядзення ад наймальнiка таксама нельга. Тым больш, што варта заўважыць: аплата ўсiх "бонусаў" магчыма толькi з прыбытку, адносiць яе на сабекошт прадукцыi цi паслуг нельга. Прычым гэта ўмова агульная, яна датычыцца ўсiх суб’ектаў гаспадарання незалежна ад формы ўласнасцi. Зразумела, што лiшнiх грошай не бывае, i асаблiва ў наш час. I ўсё ж цi варта адмаўляцца ад працоўных "бонусаў"? — Цалкам адмаўляцца ад "сацыяльнага пакета" наўрад цi правiльна, у рэшце рэшт, эфектыўнасць любой работы залежыць не толькi ад зарплаты, — адзначае Людмiла Ляшчынская. — Аднак калi грошай не хапае, напэўна, iх не трэба дзялiць дробнымi часткамi на як мага больш напрамкаў, важна вызначыцца, што неабходна супрацоўнiкам у першую чаргу. Скажам, галоўнымi для "шкоднай" вытворчасцi могуць стаць пытаннi аздараўлення, для арганiзацый з высокiмi зарплатамi — сумесныя турыстычныя паездкi, а для прадпрыемстваў з вялiкiмi "жыллёвымi праблемамi" — беспрацэнтныя пазыкi на будаўнiцтва i дапамога ў пагашэннi крэдытаў. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Работа з 9 да 18 гадзiн, высокая зарплата плюс сацыяльны пакет — сёння падобны "набор" для большасцi аб’яў аб пошуку супрацоўнiкаў можна наз |
|