Адзiн дзень у самым незвычайным запаведнiку
Адзiн дзень у самым незвычайным запаведнiку
Падарожжа ў "зону"
Палескi дзяржаўны радыяцыйна-экалагiчны запаведнiк быў створаны ў лютым 1988 года на землях 30-кiламетровай зоны каля Чарнобыльскай АЭС. Гэта значная тэрыторыя — цяпер яго плошча складае 216,4 тысячы гектараў. Запаведнiк размешчаны ў трох раёнах — Хойнiцкiм, Брагiнскiм i Нараўлянскiм. Раней тут размяшчалiся 92 вёскi. Пасля выбуху на чацвёртым рэактары Чарнобыльскай атамнай электрастанцыi людзi адсюль былi выселены. Гэта найбольш забруджаная тэрыторыя Беларусi: тут каля трэцi цэзiю-137, якi ўтварыўся пасля выкiду, а таксама больш чым 70 працэнтаў стронцыю-90 i 97 працэнтаў iзатопаў плутонiю. Структурна запаведнiк падзяляецца на тры ўчасткi (якiя размешчаны ў адпаведных раёнах) i 16 ляснiцтваў. Цяпер тут працуюць больш чым 700 чалавек. Сярод асноўных задач, якiя выконваюць работнiкi, — ажыццяўленне комплексу мерапрыемстваў па прадухiленнi пераносу радыенуклiдаў на прылеглыя тэрыторыi. Пастаянна тут праводзiцца радыяцыйна-экалагiчны манiторынг глебы, паветра, вады, флоры i фаўны. Выконваюцца навуковыя даследаваннi па ацэнцы ўздзеяння радыеактыўнага забруджвання на раслiнны i жывёльны свет. Запаведнiк адносiцца да асаблiва ахоўных тэрыторый. Тут усталявана 12 кантрольна-прапускных пунктаў, дзе ажыццяўляецца кругласутачнае дзяжурства. Выконваецца комплекс супрацьпажарных мерапрыемстваў. Лясныя пажары — сапраўднае бедства, паколькi ў лiчаныя хвiлiны яны могуць ахапiць вялiкую тэрыторыю. Небяспечна гэта i ў радыяцыйным плане, паколькi ў асобных месцах шчыльнасць забруджвання тут надзвычай высокая. — На працягу апошнiх двух гадоў было праведзена дакладнае вывучэнне радыяцыйнага забруджвання запаведнiка, — кажа намеснiк дырэктара Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагiчнага запаведнiка Юрый Бондар. — Самыя высокiя ўзроўнi па цэзiю склалi 1,5 тысячы кюры на квадратны кiламетр (для параўнання: паказчык для зоны з перыядычным радыяцыйным кантролем складае ад 1 да 5 кюры). Па вынiках даследаванняў складзены спецыяльны атлас, якi будзе карысны для нашых нашчадкаў. Паколькi гэта праблема будзе актуальная на працягу даволi доўгага часу. Па вiдавой разнастайнасцi раслiн i жывёл Палескi запаведнiк можна смела параўноўваць з Белавежскай пушчай. У 1996 годзе сюды былi завезены 16 зуброў, папуляцыя якiх цяпер павялiчылася да 60. Увогуле тут жывуць шэсць вiдаў жывёл, якiя занесены ў Чырвоную кнiгу Беларусi. Кажуць, што з вясны 2007 года ў запаведніку з’явiлiся конi Пржэвальскага. Як заўважыў Юрый Бондар, на забруджаных землях знiклi белыя буслы, а з’явiлiся чорныя. Вялікая рэдкасць — звычайны верабей. Затое можна ўбачыць сапраўды ўнiкальныя вiды птушак. Сярод iх — арлан-белахвост, якi мае размах крылаў да 2,5 метра. Таксама буйная птушка, якая сустракаецца, — беркут. — У запаведнiку 53 вiды рэдкiх птушак, — заўважае старшы навуковы супрацоўнiк запаведнiка Валерый Юрко. — Сустракаецца чапля-кваква, барадатая кугакаўка, лебедзь-клiкун, вялiкая папуляцыя залацiстай шчуркi. Нiякiх знешнiх змяненняў птушак пад уздзеяннем радыяцыi мы пакуль не адзначалi. Прычым гэта датычыцца не толькi птушак, але i жывёл. Так што ўсе "сенсацыi" пра магчымыя мутацыi не спраўдзiлiся. Праўда, ландшафты змяняюцца вельмi хутка. Нават мяркуючы па былой вёсцы Бабчын, дзе размешчаны адмiнiстрацыйны корпус запаведнiка. Пустыя вулiцы i закiнутыя хаты пакiдаюць непаўторнае ўражанне. Лiтаральна праз будынкi растуць дрэвы, у пакоях — смецце, дзiцячыя цацкi i сшыткi з хатнiмi заданнямi па беларускай мове. Адразу бачна, што людзi пакiдалi свае дамы вельмi хутка. Бабчын быў вялiкай вёскай — да 1986 года тут жыло 728 чалавек. Усе яны былi вымушаны адсюль з’ехаць. У запаведнiку вырошчваюць саджанцы пладовых культур, у тым лiку такiх, як персiк i абрыкос. Гэтая прапанова карыстаецца попытам сярод насельнiцтва. Непадалёк ад прапускнога пункта закладзены сад, дзе сваё дрэва пасадзiў i кiраўнiк дзяржавы. Развiваецца конегадоўля, прычым з эксперыментальных палеткаў атрымлiваюць чыстыя кармы для жывёлы. Таксама трымаюць свiней i кароў, ёсць свой пчальнiк. Як паведамiў Юрый Бондар, мёд — абсалютна чысты, паколькi нават на забруджанай тэрыторыi ў пылку не ўтрымлiваецца радыенуклiдаў. У запаведнiку нарыхтоўваюць i драўнiну, калi яна праходзiць па нормах. Карацей кажучы, разам з навуковымi даследаваннямi i работамi па ўтрыманнi тэрыторыi развiваецца i гаспадарчая дзейнасць. Усе гэтыя эксперыментальныя напрацоўкi знойдуць сваё прымяненне на пацярпелых тэрыторыях. Мiкалай ЛІТВIНАЎ. Хойнiцкi раён. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Палескi дзяржаўны радыяцыйна-экалагiчны запаведнiк быў створаны ў лютым 1988 года на землях 30-кiламетровай зоны каля Чарнобыльскай АЭС. Гэта значная |
|