Гульня на апярэджванне
Гульня на апярэджванне
Сасновы лес, рака Пцiч, аддаленасць ад буйных прамысловых прадпрыемстваў, уласная мiнеральная крынiца — гэтыя мясцiны каля мястэчка Капаткевiчы лiчылiся зонай адпачынку заўсёды. Але апошнiм часам яны набылi яшчэ адну, i не менш важкую, асаблiвасць. Петрыкаўскi раён, адзiн з нямногiх на Гомельшчыне, аказаўся практычна "незаплямленым" радыяцыяй. Таму ў сярэдзiне мiнулага дзесяцiгоддзя з’явiлася цалкам лагiчнае рашэнне: наладзiць тут аздараўленне дзяцей з забруджаных рэгiёнаў вобласцi. Дзiцячы рэабiлiтацыйна-аздараўленчы цэнтр "Пцiч" працуе круглы год i разлiчаны на 300 чалавек у змену. Амаль усе месцы прызначаны для вучняў, узрост якiх самы розны — ад 1 да 11-га класа. Розная i геаграфiя заездаў — тут ёсць прадстаўнiкi ўсiх рэгiёнаў вобласцi. Праўда, з улiкам абмежаванай умяшчальнасцi, перавага ўсё ж аддаецца жыхарам найбольш забруджанай зоны 5-15 Кюры — як правiла, з Брагiнскага, Хойнiцкага, Нараўлянскага, Веткаўскага раёнаў. — Да нас трапляюць дзецi з павелiчэннямi шчытападобнай залозы, але збольшага мы канстатуем iншыя праблемы, — кажа дырэктар рэабiлiтацыйна-аздараўленчага цэнтра Павел Канецкi. — Калi праводзiць своеасаблiвую градацыю, то на першым месцы будуць хранiчныя рынiт, танзiлiт, ларынгiт i iншыя захворваннi органаў дыхання, далей — сасудзiстыя расстройствы, нарэшце, праблемы са спiнай. Калi-нiкалi даводзiцца сутыкацца нават з астэахандрозам старшакласнiкаў — звычайна гэта хвароба асацыюецца з людзьмi ва ўзросце 40-50 гадоў. Расклад на ўсе 24 днi стандартнай змены даволi просты: шасцiразовае харчаванне, школьныя заняткi плюс працэдуры. Налета тут з’явiцца ўласны басейн. А ўжо сёння практыкуецца апiтэрапiя — лячэннем натуральным мёдам, настойкамi, мазямi i таблеткамi з гэтага прадукту. Аднак асобная тэма — тутэйшая мiнералка. Па сваiх якасцях яна адпавядае знакамiтай "Мiргарадскай" вадзе i прызначана для лячэння захворванняў печанi, кiшэчнiка, жоўцевага пухiра, хранiчных гастрытаў. Вынiк? Зрэшты, цi не галоўным тут можна назваць два моманты — ва ўсiх дзяцей, што адпачылi ў цэнтры, паляпшаецца агульнае самаадчуванне, змяншаецца колькасць скаргаў. — Зразумела, часу, якi праводзiць дзiця ў цэнтры, для кардынальнага змянення стану здароўя недастаткова, — адзначае Павел Канецкi. — Таму будзе нялiшнiм "хатняе заданне". Сярод асноўных парад дзецям i бацькам у забруджанай зоне — па магчымасцi не палiць вогнiшчы, абавязкова правяраць малако, грыбы i ягады, аддаваць перавагу звычайным прадуктам, што ўтрымлiваюць пекцiн i выво- дзяць шкодныя рэчывы, той жа капусце, буракам, моркве. А яшчэ вельмi пажадана ўжываць шмат садавiны. Безумоўна, апошняе — пытанне грошай, бо, на жаль, часта ўзровень заробкаў не дазваляе забяспечваць неабходны мiнiмум нават у цалкам спрыяльных сем’ях. Аднак у гэтым выпадку ёсць альтэрнатыва. Прыкладам, мала хто ведае: дзве таблеткi вiтамiну С фактычна могуць замянiць паўсотнi яблыкаў. Цяпер кошт пуцёўкi з харчаваннем i працэдурамi ў рэабiлiтацыйна-аздараўленчы цэнтр складае 925 тыс. рублёў. Разам з тым варта адзначыць: адзiн раз у год дзiця з забруджанай зоны можа патрапiць сюды бясплатна. Практыка дзяржаўных датацый iснуе даўно. І, мяркуе Павел Канецкi, яе трэба захаваць. — Мы вырашылi правесцi невялiкi эксперымент i прапанаваць некалькi нумароў для адпачынку дарослым, — распавядае Павел Канецкi. — Прычым спалучэнне камфортных умоў, добрай прыроды, магчымасцяў аказання медыцынскiх працэдур i невысокая цана спрацавала — нягледзячы на даволi сцiплую iнфармацыю ў iнтэрнэце, сюды паехалi турысты, i ў тым лiку з Расii. Аднак спроба атрымаць дадатковыя сродкi на развiццё матэрыяльнай базы нiколi не павiнна адбiвацца на асноўным напрамку — лячэннi i аздараўленнi дзяцей. Сапраўды, у вынiку апошнiх пераўтварэнняў дарослыя санаторыi змянiлi падыходы да работы, навучылiся зарабляць, у iх паехалi замежнiкi. I гэта добра. Аднак з’явiўся i адваротны бок медаля: у айчынныя здраўнiцы ў "высокi сезон" стала цяжка патрапiць грамадзянам Беларусi. Таму чыста "камерцыйны варыянт", стаўка на поўную самаакупнасць, падыходзiць не заўсёды. I асаблiва, калi гаворка iдзе пра дзяцей. Тым больш, што ў дзiцячых рэабiлiтацыйна-аздараўленчых цэнтрах ёсць яшчэ адна неаспрэчная перавага. Школьнiкi тут не проста жывуць, атрымлiваюць паўнавартаснае харчаванне i медыцынскiя працэдуры, але таксама знаходзяцца пад пастаянным назiраннем урача i могуць прайсцi дыягностыку. Уласны УГД-апарат, магчымасць праходжання абследавання на электракардыёграфе з камп’ютарнай праграмай i спiрометры ў "Пцiчы" ёсць. Прычым часта менавiта падчас адпачынку ўдаецца выявiць схiльнасць да тых або iншых захворванняў. — Тое, што лепш не даводзiць справу да цяжкiх станаў, а лячыць захворваннi на раннiх стадыях, вядома ўсiм, — адзначае Павел Канецкi. — Аднак спачатку функцыянальныя расстройствы неабходна выявiць, а зрабiць гэта бывае складана. Мацi, якая жыве ў вёсцы за 30-40 кiламетраў ад райцэнтра, наўрад цi стане праяўляць iнiцыятыву "на ўсялякi выпадак". Бо гэта час, грошы i калi-нiкалi — транспартныя праблемы. Аднак калi падчас выпiскi мы даём заключэнне аб меркаваным дыягназе i рэкамендацыi, мацi абавязкова звернецца да ўчастковага педыятра, у сваю ж чаргу той стане ставiцца да дзiцяцi больш уважлiва, а магчыма, накiруе на поўнае абследаванне ў раён або вобласць. Няхай апасеннi i не пацвердзяцца — затое зменшыцца рызыка развiцця хранiчных хваробаў. Сяргей ГРЫБ. Петрыкаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сасновы лес, рака Пцiч, аддаленасць ад буйных прамысловых прадпрыемстваў, уласная мiнеральная крынiца — гэтыя мясцiны каля мястэчка Капаткевiчы лiчылi
|
|