Хацець — мала
Хацець — мала
Моўная праблема ў Беларусi хвалюе, мусiць, кожнага... Прынамсi, з беларусаў. Таму ў артыкуле "Спадарыня... Дазвольце ёй застацца" я знайшоў свае ж думкi, свае ж развагi — толькi ўжо на паперы. Дзякуй аўтару. А вось яго апанентам добрых слоў я сказаць не магу. Ну, спадара Шылу яшчэ можна сяк-так апраўдаць, а вось спадарыню Ждановiч... Яна, бачыце, ужо не разумее, што такое знiжкi, адсоткi, кiроўцы, для яе словы спадар i спадарыня ледзь не мацюкамi гучаць. Мову беларускую яна i наогул прыгаварыла, да таго ж пагражае, прычым, што цiкава, за iншых, што на "Звязду" падпiскi не будзе. Вось гэтым яна нагадала мне аднаго з жыхароў нашага райцэнтра. Кажуць, стары ён дужа быў i ўсё перажываў: "І як гэта — я памру, i што ж тады з маiм Iўем стане?!" Памёр, а Iўе як стаяла, так i стаiць. Так i з падпiскаю на "Звязду" нiчога не здарыцца. Нават больш скажу: я на "Звязду", таксама не падпiшуся — у тым выпадку, калi яна, крый Божа, двухмоўнай стане альбо калi не будзе ў ёй "...Народа на провадзе", "Простых рэчаў", "Простай мовы", конкурсу "Хто каго?", сканвордаў... Але ж без гэтага, згадзiцеся, ужо i "Звязда" не "Звязда"... Асобна хачу расказаць, як прыйшлi да мяне словы спадар i спадарыня (дарэчы, асобны дзякуй Рыгору Барадулiну за цудоўны верш!). Дык вось, пачуў я iх напрыканцы 80-х. Да таго спадабалiся... Дай, думаю, недзе сказану. А я тады на вяселлях часта музыкам быў. То па сцэнарыi — маладыя, значыць, распiсалiся, павянчалiся, прыехалi дамоў, з усёй дружынай паселi за сталы. Сват "рэч" сказаў (прапанаваў выпiць за маладых — таму i рэч). Потым некага з бацькоў госцi ўважлiва слухалi. I яшчэ некага. А пасля трэцяй, як водзiцца, гаварыць пачыналi ўсе, але вось слухаць ахвотных, лiчы, не было. I тады да людзей выходзiў я, галёкаў у мiкрафон: — Добры вечар, шаноўнае спадарства!.. Рэакцыя? Мёртвых з косамi, ну зразумела ж, за сталамi не было, а вось цiшыня — прычым мёртвая — гарантавалася: госцi пазiралi на мяне, адно на аднаго. А я, скарыстаўшы паўзу, пачынаў жартаваць, уцягваць бяседнiкаў у нейкiя конкурсы, у гульнi, раскручваў на правакацыi — пачыналася сапраўднае вяселле. Таму што ўсiм сапраўды было весела. Думаю: а калi б я тады звяртаўся iнакш? Каб казаў, напрыклад, дарагiя сябры, альбо дарагiя таварышы? Што пачуў бы ў адказ?.. Так што не трэба паспешлiвых высноў. У нашых людзей сапраўды вельмi моцная генетычная памяць. I асобныя словы, i мова ў цэлым можа вярнуцца, калi мы, людзi Беларусi, сапраўды гэтага захочам. I будзем для гэтага хоць нешта рабiць. А. Лiпень, Iўеўскi раён. Iўеўскi раён. На маладых — з надзеяй...Са мной так бывае: прачытаю артыкул — i не адпускаюць ад сябе нейкiя вобразы, словы. На гэты раз, апроч iншага, узрушыла здзiўленне, радасць, неабыякавасць маладых пасажыраў тралейбуса на зварот: "Спадарства, з вашага дазволу..." Вось пра маладых я i хачу расказаць. Усюды — i ў сталiцы, i ў далёкiх ад яе куточках — ёсць юнакi i дзяўчаты, якiя лiчаць i адчуваюць сябе беларусамi, адчуваюць глыбока, свядома, iнтэлiгентна. Не, яны не крычаць: "Далоў рускую!", яны яе вывучаюць i ведаюць. I тым не менш не ўяўляюць Беларусь без беларускай мовы — любяць яе, ганарацца мiлагучнасцю. Гэта нармальная з’ява для грамадзянiна кожнай краiны. Раскажу пра адзiн выпадак. Да мяне як да класнага кiраўнiка, звярнулася педагог-арганiзатар з просьбай угаварыць вучня быць вядучым на свяце. Я здзiвiлася, бо раней такога нiколi не было: хлопчык з пятага класа займаецца ў лiтаратурным гуртку, выразна чытае, на сцэне — як рыба ў вадзе... Пагаварыла з iм. Куфэрак, як кажуць, проста адчыняўся: Саша заўсёды вёў праграмы на беларускай мове, а тут сцэнарый на рускай. Ну i няхай, кажу яму, у цябе ж па гэтым прадмеце "дзявятка"! Разумееце, ён мне адказвае, па-беларуску я гавару свабодна — упэўнена, лёгка. З беларускай моваю мне смялей... Вось такое бачанне, такое адчуванне. У Сашы. Яшчэ адзiн наш хлопец збiраўся па-руску верш напiсаць. А атрымалася — па-беларуску: на гэтай мове, сказаў, рыфмы лягчэй падбiраюцца. Карацей, я з надзеяй гляджу на маладых. Iм толькi давяраць больш трэба, больш гаварыць аб гiсторыi Беларусi, аб славутых iмёнах Айчыны, iм толькi б давесцi, што найноўшую гiсторыю будуць пiсаць яны. Газеце ж (выпiсваю тры асобнiкi — сабе i дзвюм дочкам-настаўнiцам) я шчыра жадаю новых цiкавых артыкулаў i новых (у тым лiку старых, у "смутныя" часы забытых, закiнутых) слоў! Наша задача, як я разумею, не даць iм загiнуць (яшчэ мае бабулi казалi: "Што ўмееш — за плячыма не носiш", "Ведаць, умець — не насiць на сабе")... А ўжо нашчадкi выберуць — у тым лiку словы для ўжытку. Якiя — звыклыя для нас цi не вельмi — iх права. I яшчэ. У канцы артыкула "Спадарыня... Дазвольце ёй застацца" быў сумнеў — "цi тое напiсала, цi так". На яго я адкажу высновай, пазычанай у аўтаркi, хоць крыху i пераiначанай: "Калi адзiн чалавек бярэцца за пяро для таго, каб згадзiцца, значыць, як мiнiмум сто далучаюцца. Цi не так? Галiна Аляхновiч, в. Вялiчкавiчы, Салiгорскi раён. в. Вялiчкавiчы, Салiгорскi раён. Ад сэрца да сэрца...На пачатку артыкула — два лiсты i адзiн, як кажуць, "прыгажэйшы" за другi... Найперш, хочацца звярнуцца да аўтаркi першага — А. Ждановiч. Слова спадарыня вас крыўдзiць? Тады — "жэншчына"... Так вам падабаецца больш? А мне — не... Мне, калi на тое пайшло, "дазвольце застацца спадарыняй". Гэта слова мне прыгажэй, мiлей, чым усе сiньёры, панi i мадам разам узятыя. Трэба толькi ўслухацца! I далiбог, калi б звароту такога не было, яго трэба было б прыдумаць. Iменна такiм — каб раўняў спiнкi, каб распраўляў жаночыя прыгнутыя плечы... Калi-нiкалi я звяртаюся так да сваiх знаёмых. Нi разу не прыкмячала, каб хоць нехта пакрыўдзiўся. Наадварот! Вы кажаце яшчэ, што не варта чапляцца за пэўныя словы, не варта цягнуць iх на старонкi газеты. А чаму? Вунь жа слова "господа" суседзi "прыцягнулi" i карыстаюцца, рады. А чым яно лепшае за спадароў? Пiшаце, што па-беларуску ўсё разумееце, чытаеце i слухаеце?.. Прабачце, а чаму ж тады не хочаце ўдасканалiць веданне, мусiць, сваёй жа роднай мовы, узбагацiць яе новымi словамi? Не верыце, што будзе жыць?.. Хто мне скажа: чаму мы такiя? Ну няма ж больш у свеце народа, якi б вось гэтак змагаўся з роднаю мовай, якi б вось гэтым сябе так зневажаў! А паважаць тады хто будзе — нас i нашу мову? Пасол Швецыi спадар Эрыксан? Ды я яму — за яго беларускую — нават Палтаву прабачыла... Што да спадара Шылы (ён не пiсаў, што супраць такога звароту), то згаджуся: беларускасць у Беларусi трымаецца на энтузiястах. У тым лiку — на рэдакцыi любiмай мною "Звязды". Падчас прэзентацыi яе ў нашым Забалаццi я спыталася ў журналiстаў, цi не марнае гэта змаганне, цi варта? Мне адказалi: мы — усё адно будзем. Дык чаму яны? Жменька журналiстаў? Чаму не кожны з нас, па магчымасцi, чаму не ўсе мы?.. Што датычыцца аўтаркi артыкула, то на старонках газеты я заўсёды шукаю яе iмя, яе няпростую "Простую мову". Яшчэ i таму, што там, як, мусiць, нiдзе, знаходзяцца нашы забытыя, але цёплыя i мiлыя словы, словы, якiя я i ведала (на тым самым генетычным узроўнi), але забылася. Успрымаю iх, як нейкае прывiтанне ад сваiх папярэднiкаў, як лучнасць з iмi i тымi, хто прыйдзе. Да таго ж, многiя з гэтых слоў я адразу пазнаю i прызнаю, бо чула ад мацi, але з часам забылася. Ды і школа ў нас была (i засталася) руская.... Ад мацi ж i першы ўрок. Я, на Яна, прынесла дадому зёлак, сказала, што во, назбiрала зверабою. А яна мне: "Гэта — не зверабой. Гэта святаяннiк". Быў яшчэ баярышнiк (ад баяр? Цi ад слова баяцца?)... А па-нашаму ж будзе глог, па-мамiнаму — i наогул — сардэчнiк. Проста i ясна — для сэрца, ад сэрца, да сэрца. Зрэшты, тады я на гэта, можна сказаць, не звярнула ўвагi. Цяпер — свята-янных (услухайцеся!) мамiных траў насеяла ля двара. Не, не падумайце, я не супраць зверабою i iншых слоў, не супраць рускай мовы. Але ж, на маю думку, па-нашаму ўсё гучаць намнога мiлей, цяплей, блiжэй да душы. Мы абавязкова дойдзем да гэтага. Толькi б не позна было... I яшчэ. Вось мы ў аўторак, на Радаўнiцу, пайшлі на могiлкi, пайшлі да продкаў — пакланiліся iм, засведчылі сваю пашану. I пры гэтым нават не задумаліся, што не шануючы галоўнае — мову, на якой яны гаварылi, мы зневажаем iх памяць. Кажуць, Бог не чуе тых, хто звяртаецца да яго не на роднай мове. Не чуе, значыць, нас, не разумее. I нашы дзядулi-бабулi, якiя дакладна гаварылi па-беларуску, вiдаць, не зразумеюць, калi мы прыйдзем да iх не з iхняй мовай. ...Што да чынавенства, — мне крыўдна, што наша элiта не гаворыць па-беларуску. Мне здаецца, што нашы мiнiстры (найперш — культуры i адукацыi) павінны першыя загаварыць па-беларуску. Хто, калi не яны? Але ж, як кажуць гумарысты, народ адно, чынавенства — iншае. Тады — хто, калi не мы? Нас жа большасць. Калi нам не ўсё роўна. Соф’я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскi раён. в. Лучын, Рагачоўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Моўная праблема ў Беларусi хвалюе, мусiць, кожнага... Прынамсi, з беларусаў. Таму ў артыкуле "Спадарыня... Дазвольце ёй застацца" я знайшоў |
|