Беларусы запрагаюць паволi...
Беларусы запрагаюць паволi...
Сёлетнi 73-i чэмпiянат свету па хакеi, якi праходзiць ў швейцарскiх гарадах Берне i Цюрыху, для беларускай каманды можна ўжо лiчыць паспяховым. Як-нiяк, а падначаленыя Глена Хэнлана з першай спробы змаглi прабiцца ў другi раўнд сусветнага форуму. Большасць фанатаў прыбылi з Беларусi ў Швейцарыю на аўтамабiлях, і кожны з iх наўрад цi ўяўляў сабе, што можна адматаць дзве тысячы кiламетраў i быць сведкамi няўдалай гульнi нацыянальнай зборнай — нi ў якiм разе! Чаго толькi варты "марш-кiдок" на колах аўто бацькi i дзеда беларускага форварда "Таронта" Мiхаiла Грабоўскага! Цюрых сустрэў нас без асаблiвага энтузiязму. На германа-швейцарскай мяжы, нягледзячы на агульнасць еўрасаюзаўскай зоны, беларускi пашпарт быў адпаведным чынам правераны на яго прыдатнасць i сапраўднасць вiзы. У дадатак да праезду па швейцарскiх аўтабанах i звычайных дарогах на ўвесь перыяд знаходжання неабходна выкласцi 30 еўра за дарожную страхоўку. Дзiўна, але яе ў такiм жа аб’ёме афармляюць нават веласiпедыстам. Пра хакей тут мала што нагадвала, хоць гэтае слова, сказанае ў адрас мясцовых мытнiкаў i палiцэйскiх, дзейнiчала безадмоўна. Машыну нiхто не шманаў, не правяраў на наяўнасць беларускага сала, каўбасы i кансерваў, якiя ў краiны Шэнгенскага пагаднення правозiць забаронена. Адразу кiнуўся ў вочы вялiкi кантраст: халаднаваты вечар i квiтнеючыя дрэвы, у тым лiку i садовыя... Вiдавочна, што хакей у жыццi жыхароў Цюрыха займае значна меншае месца, чым садаводства, бо ў горадзе практычна не сустрэць адпаведных рэкламных шчытоў i расцяжак. Яно i зразумела — нацыянальная зборная Швейцарыi выступае ў Берне. А значыць, сталiцы i ўся ўвага. Праўда, гэтыя абставiны нiякiм чынам не паўплывалi на напаўненне прэс-цэнтра журналiстамi. Многiя з iх, як высветлiлася, ужо не першы раз у гэтай альпiйскай краiне з падобнай мэтай. Апошнi чэмпiянат свету Швейцарыя прымала ў 1998 годзе. Гульня першая Стартавы матч з канадцамi наўрад цi ў каго з нас асацыяваўся з пераможным трыумфам. Роданачальнiкi хакея нават без вялiкай долi значна мацнейшых гульцоў, якiя цяпер задзейнiчаны ў матчах плэй-оф Кубка Стэнлi, выглядаюць на парадак вышэй за усiх удзельнiкаў нашай групы "А", што яны даказалi ў заключнай сустрэчы папярэдняга раўнда са славакамi, перайграўшы iх з лiкам 7:3. Тым не менш, паводле пасляматчавага каментарыя галоўнага трэнера беларусаў Глена Хэнлана, хакеiсты тры тыднi мэтанакiравана рыхтавалiся да сусветнага першынства, у той час як канадцы на лёдзе не стаялi. Пэўна, што Хэнлан такiм чынам зрабiў рэверанс у адрас сваiх землякоў, бо пасля леташняга паражэння ў фiнале чэмпiянату свету ад расiян "Кляновыя лiсты" паклялiся вярнуць сабе чэмпiёнскi тытул любой цаной. А як жа гэта зрабiць без належнай падрыхтоўкi?! Ды i паражэнне беларусаў з лiкам 1:6 наўрад цi можна спiсаць толькi на фактар страху перад грозным супернiкам. У складзе беларусаў цяпер нямала навiчкоў, якiм яшчэ рана цягацца з такiмi грандамi, якi канадцы, падкрэслiў Хэнлан, тым не менш, зрабiў выснову ён, гульня супраць сваiх жа землякоў дала нямала iнфармацыi для далейшых дзеянняў. Але яшчэ раз нагадаў, што супрацьстаяць 20 прадстаўнiкам НХЛ — для любой зборнай, што гуляюць цяпер у Цюрыху i Берне — задача няпростая. Зрэшты, у зборнай Канады ў складзе толькi адзiн "неэнхаэлавец" — паўабаронца чарапавецкай "Паўночсталi" Джоэл Квяткоўскi. Гульня другая Матч супраць славакаў разглядаўся як ключавы. Славацкая зборная, якая пачала свой самастойны хакейны шлях з 1994 года, сёння не ў фаварытах. У леташнiм чэмпiянаце свету нашы супернiкi ледзь вынеслi ногi, каб застацца ў хакейнай элiце. За апошнiя гады баланс сустрэч беларусаў i славакаў быў роўным. На анагагiчным турнiры-2006 у Рызе нашы выйгралi 2:1, узяўшы такiм чынам рэванш з такiм лiкам за паражэнне годам раней у Аўстрыi. Цяпер жа чакалася прынцыповая дуэль двух супернiкаў прыкладна роўных па класу за прынцыповае 2-е месца ў групе. На наша шчасце, удача намаганнямi ўсёй каманды, асаблiва Андрэя Мезiна i Алега Антоненкi, была на нашым баку. Па пенальцi мы выйгралi 2:1. Можна не сумнявацца, што беларускаму галкiперу апладзiраваў увесь магнiтагорскi "Металург", колеры якога беларус цяпер абараняе. Не менш камплiментаў, напэўна, дасталося i форварду ФК МУС з падмаскоўнай Балашыхi Алегу Антоненку, якi змог запар рэалiзаваць два булiты, што ў хакеi нячастая з’ява. На пасляматчавай прэс-канферэнцыi настаўнiк беларусаў Глен Хэнлан прызнаўся, што ён вельмi задаволены перамогай. Вiдавочна, што трэнерскi штаб дарэмна патрабаваў у гульцоў у папярэдняй гульнi выйграць у канадцаў. Патрэбна было проста згуляць ў сваю сiлу i не рваць жылы. Што датычыцца выйгранай сустрэчы ў славакаў, то паўночнаамерыканскi трэнер выказаў вялiкую ўдзячнасць за самаадданасць не толькi гульцам, але i асабiста беларускiм балельшчыкам. Некалькi дзясяткаў беларусаў часам не ўступалi ў эмоцыях славацкiм фанам. Калi закончу трэнерскую кар’еру, не без долi гумару сказаў канадзец, абавязкова прыеду ў Беларусь у якасцi балельшчыка. Матч трэцi Пасля папярэдняга паражэння венграў ад канадцаў з разгромным лiкам 0:9 магло падацца, што беларусаў чакае лёгкая прагулка. Зрэшты, пачатак сустрэчы даў у гэтым упэўненасць. За хуткай шайбай Аляксея Калюжнага хацелася галявога працягу. Аказваецца, што чаканнi могуць быць адны, а вынiк — iншы. Венгерская зборная, у складзе якой няма нiводнага гульца не толькi Нацыянальнай хакейнай лiгi, але i расiйскага чэмпiянату, — моцны арэшак. Хоць на сёння яна ў сусветным рэйтынгу займае толькi 20-ю пазiцыю, i апошнi раз выступала ў дывiзiёне мацнейшых у далёкiм 1937 годзе, паказаўшы лепшы вынiк за ўсю гiсторыю хакея — 5-е месца. Тым не менш у стартавым паядынку венгры саступiлi славакам 3:4 усяго за 13 секундаў да фiнальнай сiрэны. А тут яшчэ велiзарная падтрымка некалькiх тысяч венгерскiх фанаў. Тым не менш гэтага было мала, каб фартуна да iх павярнулася тварам. На гэты раз яна ўсмiхнулася беларусам. Галы напрыканцы сустрэчы Аляксея Угарава i Мiхаiла Грабоўскага паставiлi ў паядынку рысу — 3:1. У размове з журналiстамi Глен Хэнлан падкрэслiў, што гульня з венграмi для яго падначаленых з самага пачатку насiла прынцыповы характар. У супернiка была вялiкая матывацыя — iм патрэбна была толькi перамога. Таму давялося даволi няпроста. На кон, па вялiкiм рахунку, былi пакладзены не толькi выхад у квалiфiкацыйны раўнд, сказаў канадскi трэнер, але i выбары сталiцы чэмпiянату-2014. На яго правядзенне, як вядома, прэтэндуюць i беларусы, i венгры. Цяпер, трэба меркаваць, Мiнск яшчэ на крок прыблiзiўся да запаветнай мары. Карэспандэнту "Звязды" адразу пасля заканчэння сустрэчы беларусаў з венграмi удалося пагутарыць з Андрэем Мезiным i Мiхаiлам Грабоўскiм. Андрэй Мезiн падкрэслiў, што нават у самых экстрэмальных сiтуацыях трымае руку на пульсе i не паддаецца эмоцыям, нават калi яны ў зале перапаўняюць душы балельшчыкаў i гульцоў. Паводле меркавання галкiпера, задача беларускай каманды — прабiцца ў васьмёрку мацнейшых. Мiхаiл Грабоўскi, якi пакуль з’яўляецца лепшым бамбардзiрам беларускай каманды па сiстэме гол+пас (4 балы), прызнаўся, што ў матчы з канадцамi яму давялося па-iншаму паглядзець у вочы сваiм аднаклубнiкам з "Таронта" Луку Шону i Іану Уайту — як супернiкам. Але ж гэта дробязi ў параўнаннi з тым, падкрэслiў Грабоўскi, што беларускай камандзе ўдалося паспяхова прайсцi папярэднi этап хакейнага турнiру. А яшчэ Мiхаiл выказаў словы ўдзячнасцi ўсiм беларускiм балельшчыкам, якiя горача падтрымлiваюць беларускую каманду ў зале Цюрых-Клатэн ў хакейнай амунiцыi. I гэта пры тым, што бiлет на месцы не за варотамi каштуе каля 100 долараў ЗША. А хакейны свiтар з гербам Беларусi цяне на цэлых 100 еўра. Так вiват беларускiм балельшчыкам! Можна не сумнявацца, што патрыятычныя пачуццi беларускiх фанаў i журналiстаў спатрэбяцца на другiм этапе турнiру, якi пройдзе таксама на гэтай жа хакейнай арэне ў Цюрыху. Для нашай каманды ўжо вядомы расклад гульняў. 30.04. (16.15 па мясцовым часе) — з пераможцай ўчарашняга матча Нарвегiя — Фiнляндыя; 02.05. (20.15) — з прайграўшай камандай матча Фiнляндыя — Чэхiя; 03.05. (20.15) — з пераможцай матча (Фiнляндыя — Чэхiя). Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ. Швейцарыя, Цюрых.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлетнi 73-i чэмпiянат свету па хакеi, якi праходзiць ў швейцарскiх гарадах Берне i Цюрыху, для беларускай каманды можна ўжо лiчыць паспяховым. Як-нiя |
|