Агратурызм на Старадарожчыне падымае чачэнец
9 июня 2009 Общество
Марына ШАБЛІНСКАЯ, Svabodaby.net Імя гаспадара гэтага аб’екта вясковага турызму, які знаходзіцца ў вёсцы Барбераўка Старадарожскага раёна, складана вымавіць беларусу. Зайналбек Матаеў першы сярод сваіх землякоў адкрыў аграсядзібу на сваёй дачы і збіраецца стаць першым, хто будзе легальна займацца вытворчасцю знакамітай на ўвесь свет старадарожскай самагонкі. Афіцыйнае адкрыццё сядзібы адбудзецца ў ліпені, а пакуль яе гаспадар з характэрнай усходняй гасціннасцю прымае гасцей бясплатна. “Бацька мой казаў: “Пакуль прымаеш гасцей, у доме ўсё вядзецца, а як няма гасцей - няма і пачастунку”, - гаворыць спадар Зайналбек. - Нічога складанага ў гэтым бізнесе для мяне няма. Я люблю гатаваць, люблю стасавацца з людзьмі”. Заняцца “зялёным” турызмам старадарожскаму прадпрымальніку прапанавалі знаёмыя, якія адпачывалі ў яго на дачы. “Я не разумеў, што гэта такое, - успамінае гаспадар. - Потым паехаў у Пухавіцкі раён, дзе сядзібу зрабілі ў чыстым полі і кажуць, што адпачынак карыстаецца попытам. А ў нас тут і возера, і лес…”. Старадарожскія краявіды вабяць на сядзібу Матаева гасцей не толькі з ваколіц, але і з Польшчы, Германіі, Узбекістана і Расіі. Яны з задавальненнем парацца ў лазні, збіраюць грыбы і ягады, ловяць рыбу, частуюцца калдунамі і блінамі з мачанкай. Сядзіба “Барбераўка”, напэўна, адзіная ў Беларусі, дзе акрамя беларускіх страў вам прапануюць візітоўку чэчэнскай кухні - жыжыг-галнаш, аналаг каўказскага бесбармака (бараніна з галушкамі). Для развіцця бізнесу Зайналбек Матаеў узяў ільготны крэдыт, на які будуе трэці дом на тэрыторыі сядзібы з рускай печкай і камінам. Плануе адкрыць більярд, абзавесціся авечкамі і конямі, а таксама памочніцай. “Я ўпэўнены, што ад кліентаў адбою не будзе, - кажа гаспадар сядзібы. - Нават мае дарослыя дочкі, якія раней аддавалі перавагу рэстаранам, сёння любяць адпачываць у сельскай мясцовасці. Моладзь, якая жыве і працуе ў гарадах, хаця б на выхадныя імкнецца на прыроду. Тым больш што падчас фінансавага крызісу аграсядзіба, бадай, адзін з недарагіх і даступных варыянтаў адпачынку”. Паводле папярэдніх падлікаў спадара Матаева, двухдзённы адпачынак на яго сядзібе будзе каштаваць прыкладна 50 долараў з чалавека. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
9 июня 2009 Общество Марына ШАБЛІНСКАЯ, Svabodaby.net Імя гаспадара гэтага аб’екта вясковага турызму, які знаходзіцца ў вёсцы Барбераўка Старадарожскага раёна, складана вымавіць беларусу.
|
|