21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пастаўскае райпа: усё, што мы робiм, мы робiм на выдатна

19.09.2009 14:17 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пастаўскае райпа: усё, што мы робiм, мы робiм на выдатна

Пастаўскае раённае спажывецкае таварыства было ўтворана 20 снежня 1939 года i сёлета адзначае сваё 70-годдзе. Сёння Пастаўскае райпа — гэта магутная шматпрофiльная арганiзацыя, у склад якой уваходзiць 7 унiтарных прадпрыемстваў, у тым лiку такiя буйныя, як Каапнарыхтпрамгандаль i Камбiнат кааператыўнай прамысловасцi.

Пастаўскае райпа займаецца гандлёвай, вытворчай, нарыхтоўчай i будаўнiчай дзейнасцю, абслугоўвае насельнiцтва грамадскiм харчаваннем, робiць паслугi i iнш. Спажывецкая кааперацыя Пастаўшчыны актыўна ўдзельнiчае ў развiццi сацыяльнай iнфраструктуры вёскi.

Па вынiках работы за 1990 i 2003 гады калектыў Пастаўскага райпа Указамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь быў занесены на Рэспублiканскую дошку Гонару. За рэальны ўклад ва ўмацаванне эканомiкi краiны i за стабiльнае развiццё працоўны калектыў Пастаўскага райпа двойчы атрымаў лiст удзячнасцi ад кiраўнiка дзяржавы. На працягу апошнiх дзевяцi гадоў Пастаўскае райпа застаецца ў спiсе лiдараў вобласцi i рэспублiкi.

Вялiкае значэнне для стабiльнага развiцця любой арганiзацыi i павышэння яе вытворчых паказчыкаў мае асоба кiраўнiка. Пастаўскаму райпа пашанцавала: старшыня праўлення Рыгор Леўкавец — выдатны кiраўнiк, вядомы на ўсю рэспублiку. Яго адзнакi i ўзнагароды гавораць самi за сябе. Рыгор Арсенцьевiч — заслужаны работнiк сферы паслуг Беларусi. У 1998 годзе ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Мiнiстраў Беларусi, праз год атрымаў "Ганаровы знак" Белкаапсаюза ў намiнацыi "За выдатны асабiсты ўклад у дасягненне найлепшых вынiкаў" i званне "Выдатнiк спажывецкай кааперацыi Беларусi". У 2001-м быў узнагароджаны ордэнам Пашаны, у 2004-м — Ганаровым знакам Федэрацыi Прафсаюзаў Беларусi "100 гадоў прафсаюзнаму руху".

Умацаванне партнёрства з насельнiцтвам

— Нарыхтоўчая галiна з'яўляецца неад'емнай часткай спажывецкай кааперацыi i выконвае важную ролю па давядзеннi сельскагаспадарчай прадукцыi i сыравiны ад вытворцаў да спажыўцоў, фармiруе сыравiнную базу кааператыўнай вытворчасцi, валодае высокiм экспартным патэнцыялам, — расказвае Рыгор Арсенцьевiч. — Сёння ў зоне дзейнасцi спажыўкааперацыi Пастаўшчыны пражывае 41,3 тыс. чалавек, ёсць 8137 падворкаў, дзе ўтрымлiваецца 3232 каровы, 8684 свiннi. На асабiстых падворках вырабляецца значная частка прадукцыi земляробства i жывёлагадоўлi. Менавiта таму галоўным кiрункам у рабоце нарыхтоўчай галiны з'яўляецца ўмацаванне дзелавога партнёрства з насельнiцтвам i далейшае нарошчванне аб'ёмаў закупкi сельскагаспадарчай прадукцыi i сыравiны ў асабiстых падсобных гаспадарках. За 2008 год гэты паказчык па Пастаўскiм райпа дасягнуў 3 млрд рублёў, што прыбавiла ў сямейны бюджэт жыхароў раёна па 140 тыс. рублёў.

Новыя падыходы да работы з насельнiцтвам Пастаўскае райпа знайшло ў стварэннi цэнтраў падтрымкi асабiстых падсобных гаспадарак грамадзян, якiя сталi акумулятарамi ўсёй iнфармацыi па выяўленнi сыравiнных рэсурсаў нарыхтовак i аказаннi шырокага спектра бытавых паслуг (узорванне агародаў, выпас жывёлы, распiлоўка дроваў, размол зерня, а таксама паслугi пракату, нарэзка шкла, заточка нажоў, насадка сельгасiнвентару i шмат чаго яшчэ з таго, што можа спатрэбiцца чалавеку ў паўсядзённым жыццi). Самым паказальным у гэтай галiне з'яўляецца цэнтр кааператыўнага ўчастка (ЦКУ) вёскi Дунiлавiчы. Ён абслугоўвае 1,5 тыс. чалавек. Толькi за 5 месяцаў гэтага года гэты цэнтр падтрымкi прапанаваў бытавых паслуг на 2,3 млн рублёў, праз цэнтр рэалiзавана 3,5 тоны насеннай бульбы, прададзена будаўнiчых матэрыялаў, мiнеральных угнаенняў, сродкаў абароны раслiн, сельгасiнвентару i мiнiсельгастэхнiкi на суму 17 млн рублёў.

Штогод праводзiцца дасцiпнае абследаванне сельскiх двароў для выяўлення лiшкаў сельгаспрадукцыi i здачы яе спажыўкааперацыi, вывучэнне попыту на паслугi, у тым лiку на паслугi аўтасэрвiсу. У вынiку работы ЦКУ вёскi Дунiлавiчы за 5 месяцаў гэтага года ад насельнiцтва ўжо нарыхтавана 14,3 тоны бульбы, 2,1 тоны гароднiны, 0,5 тоны мясапрадуктаў, 1,1 тоны рыззя, 1,3 тоны макулатуры. Менавiта праз цэнтр падтрымкi кааперацыя дапамагае сельгасвытворцам палепшыць культуру землекарыстання, вырашыць праблемы якасцi i канкурэнтаздольнасцi прадукцыi.

— У цэнтры падтрымкi падыход дзяржаўны, — запэўнiў старшыня праўлення Пастаўскага райпа, — дапамагчы чалавеку вырасцiць прадукцыю i гарантаваць яе збыт па цэнах, якiя апраўдваюць затраты на яе вытворчасць.

Паўсядзённая работа нарыхтоўчай галiны цесна звязана з дзейнасцю аграпрамысловага комплексу i выгадна абодвум бакам. Кааператары аказваюць дапамогу сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам у своечасовай выплаце заработнай платы, аплаце за спажытую электраэнергiю, забяспечваюць iх неабходнымi будаўнiчымi матэрыяламi, спецвопраткай, шорна-абознымi таварамi, прадуктамi харчавання, а пры неабходнасцi — i гарачым харчаваннем у перыяд сенакосу, пасяўных i ўборачных работ.

У сваю чаргу сельгаспрадпрыемствы прадаюць спажывецкай кааперацыi лiшкi вырабленай сельскагаспадарчай прадукцыi. На сёння ўдзельная вага жывёлы, якая прадаецца спажыўкааперацыi, складае 21 працэнт ад агульнай рэалiзацыi (у 2003 годзе яна складала 8,8 працэнта). Аднак хацелася, каб удзельная вага была большай, прызнаўся Рыгор Арсенцьевiч, бо жывёла дае работу забойным цэхам нарыхтоўчай галiны, з'яўляецца сыравiнай для бесперабойнай работы каўбаснай вытворчасцi, грамадскага харчавання, яна неабходна для выпуску шэрагу тавараў народнага спажывання. Павелiчэнне ўдзельнай вагi жывёлы, якую закупляе спажыўкааперацыя, прывядзе да больш поўнага забеспячэння закрытых устаноў, iльготнага кантынгенту i ў канчатковым вынiку — да багацця i разнастайнасцi мяснога асартыменту на прылаўках нашых гандлёвых прадпрыемстваў.

— На прыкладзе Пастаўскага райпа можна ўпэўнена сказаць, што нарыхтоўкi людзям патрэбныя. Наш Каапнарыхтпрамгандаль на працягу ўсёй сваёй гiсторыi працуе прыбыткова, забяспечвае рост аб'ёмаў i перавыкананне прагнозных паказчыкаў. Сярэднегадавы тэмп росту за апошнiя 5 гадоў у яго склаў 5,7 працэнта. Доля тавараў нарыхтовак у таваразвароце райпа ўзрасла за 5 месяцаў гэтага года на 6,3 працэнта. У 2,5 раза ўзрос завоз пладова-агароднiннай прадукцыi з-за межаў вобласцi i рэспублiкi.

Адным з эфектыўных рэзерваў росту аб'ёму нарыхтовак з'яўляецца закупка дзiкарослай прадукцыi, грыбоў. За 2008 год было нарыхтавана 122,3 тоны дзiкарослай прадукцыi. З гэтага аб'ёму замарожана i адпраўлена на экспарт 75 тон чарнiц, 18 тон журавiн на агульную суму 272 тысячы долараў ЗША.

— Важна ўзяць салiдныя аб'ёмы, не ўпусцiць кароткi тэрмiн нарыхтовак, своечасова разлiчыцца са здатчыкамi — пажадана ў момант здачы прадукцыi. Сёння менавiта такi разлiк з'яўляецца асноўным стымулам нарыхтовак, — перакананы Рыгор Леўкавец. — Асноўная i агульная для ўсiх райпа праблема ў перыяд масавых нарыхтовак — недахоп грашовых сродкаў. Вельмi важна, каб у сезон масавых нарыхтовак дзiкарослай, пладова-агароднiннай прадукцыi, грыбоў, бульбы, садавiны крэдыторы спажыўкааперацыi знаходзiлi магчымасць выдаткаваць iльготны крэдыт з палавiннай стаўкай рэфiнансавання. Выдзяленне такога крэдыту не толькi вырашыць праблему своечасовых разлiкаў, але i дазволiць павялiчыць аб'ёмы нарыхтовак i паставiць на ўнутраны i знешнi рынкi, а таксама перапрацоўчай прамысловасцi прадукцыю i сыравiну па канкурэнтаздольных цэнах.

Работа нарыхтоўчай галiны ў 2008 годзе паказала, што неабходна планаваць закладку па колькасцi i асартыменце на мiжсезонны перыяд. Трэба закладаць тыя аб'ёмы, той асартымент сельскагаспадарчай прадукцыi, на якiя ёсць гарантаваны збыт, i цана тавару павiнна быць канкурэнтаздольнай. З улiкам новых магчымасцяў захавання i перапрацоўкi закладка апошнiм часам узрасла ў 4 разы. За 2008 год у бульба- i гароднiнасховiшчы было закладзена больш за 2 тысячы тон прадукцыi. У 2009 годзе мы плануем павялiчыць аб'ёмы закладкi ў 2,5 раза.

Ужо сёння мы шукаем пастаўшчыкоў, якiя прапануюць прадукцыю з высокай лёжказдольнасцю i выдатнымi смакавымi якасцямi па прымальнай цане, рыхтуем да сезона матэрыяльна-тэхнiчную базу, якая дапаможа захаваць прадукцыю з найменшымi стратамi i выдатнай якасцi. Закладка гэтай прадукцыi дазволiць Каапнарыхтпрамгандлю не толькi атрымаць даходы, але зробiць прадукцыю канкурэнтаздольнай па цане, выключыць яе закупку ў iндывiдуальных прадпрымальнiкаў i камерцыйных структур.

У паўсядзённай сваёй рабоце кааператары Пастаўскага райпа пастаянна знаходзяць узаемапаразуменне i падтрымку раённага выканаўчага камiтэта сельскiх Саветаў i Белкаапсаюза, падкрэслiў Рыгор Арсенцьевiч.

"Старонка Тызенгаўза"

Удзельная вага тавараў уласнай вытворчасцi ў рознiчным таваразвароце Пастаўскага райпа складае 22 працэнты. Кааператыўная прамысловасць райпа — гэта хлебапячэнне, кандытарская, каўбасная, рыбная вытворчасць, швачны, трыкатажны цэхi, цэх па перапрацоўцы поўсцi, жывёлазабойны пункт, цэх сталярных вырабаў. Галоўнымi кiрункамi ў прамысловасцi застаюцца хлебапячэнне i каўбасная вытворчасць, удзельная вага якiх у агульным аб'ёме выпуску спажывецкiх тавараў складае 51,7 працэнта. Агульная наменклатура вырабляемай прадукцыi налiчвае звыш 330 найменняў, у тым лiку каля сотнi хлебабулачных, 59 кандытарскiх, 149 каўбасных вырабаў i мясных паўфабрыкатаў, 18 вiдаў рыбнай прадукцыi i 6 прэсерваў. Штомесяц асвойваюцца i ўкараняюцца ў вытворчасць новыя гатункi хлебабулачных i каўбасных вырабаў. Прыярытэтным кiрункам у прамысловасцi застаецца абнаўленне i мадэрнiзацыя матэрыяльна-тэхнiчнай базы прадпрыемстваў, укараненне новых тэхналогiй, усталяванне сучаснага абсталявання.

— Летась мы правялi маштабную комплексную рэканструкцыю i тэхналагiчнае пераабсталяванне, асвоiлi еўрапейскiя тэхналогii, але з папраўкай на наш беларускi менталiтэт i нацыянальныя традыцыi, — патлумачыў Рыгор Арсенцьевiч. — Мы цалкам адышлi ад кансервантаў, штучных дабавак, напаўняльнiкаў i фарбавальнiкаў, i выпускаем цяпер натуральныя чыстыя прадукты.

Напрыклад, у перапрацоўцы гароднiны выкарыстоўваем традыцыйныя беларускiя рэцэптуры квашання i салення. Мы адмовiлiся ад нарыхтовак у слоiкi, уся прадукцыя фасуецца ў натуральным выглядзе ў пластыкавую (мяккую цi цвёрдую) упакоўку. У "новым фармаце" прадукцыю квашальна-засолачнага цэха мы пачалi выпускаць толькi з кастрычнiка мiнулага года, калi ўсталявалi там новае абсталяванне. Усё, што з таго часу вырабiлi, паспелi прадаць. I на гэты год ужо маем выдатны кантракт на пастаўку тысячатоннай партыi салёных агуркоў на рынак Расiйскай Федэрацыi. Летась увялi ў эксплуатацыю лiнiю па перапрацоўцы яблыкаў i выпуску натуральнага яблычнага соку — абсалютна чыстага прадукту без цукру! Такiм чынам мы вырашылi праблему, што рабiць з нарыхтаванымi яблыкамi, i адначасова парадавалi нашых спажыўцоў карысным прадуктам. Цяпер плануем павелiчэнне магутнасцi лiнii, бо попыт на наш яблычны сок ёсць.

— У квашальна-засолачным цэху мы квасiм капусту, солiм агуркi, таматы, мочым яблыкi, вырабляем шмат розных вiтамiнных салатаў з агароднiны (асаблiва параю пасмакаваць "Русалачку", "Беларускую мазаiку", "Моркву пiкантную"), — расказаў вядучы iнжынер па якасцi Пастаўскага райпа Аляксей Мiхайлавiч Алдашкiн. — Нашы салаты прадаюцца "на ўра". Спажыўцу лёгка адрознiць нашу прадукцыю ад iншай — уся яна выпускаецца пад брэндам "Старонка Тызенгаўза".

З салам i часнаком, з курагой i разынкамi

Усталяванне новых газавых печак на хлебазаводзе райпа дазволiла павысiць прадукцыйнасць i якасць хлебабулачных вырабаў. Пра гэта нам расказала дырэктар Камбiната кааператыўнай прамысловасцi Людмiла Мiкалаеўна Касцюкова:

— Новыя гатункi мы распрацоўваем на аснове бабулiных старажытных рэцэптаў, выпякаем хлеб па традыцыйных беларускiх тэхналогiях. Наш хлеб ведаюць па ўсёй вобласцi i за яе межамi. Асартымент завода перавышае сотню найменняў, з iх 58 вiдаў хлебных вырабаў i 60 — белабулачных. У суткi прадпрыемства выпускае 27 тон хлеба.

На заводзе працуе многа маладых перспектыўных кадраў. Сярод iх — начальнiк лабараторыi Ганна Кавалеўская, якая больш падрабязна расказала нам пра асартымент свайго прадпрыемства:

— За апошнi год у нас шмат новых дасягненняў. Мы адышлi ад хiмiчных дабавак i цяпер выкарыстоўваем толькi натуральную традыцыйную мясцовую сыравiну. Чатырох-шасцi-стадыйная тэхналогiя i сучаснае абсталяванне дазваляюць вырабляць высакаякасны смачны духмяны экалагiчна чысты прадукт. Пры гэтым наш хлеб доўга не чарсцвее. Асартымент у нас вельмi шырокi: мы выпускаем хлеб з чарнаслiвам, курагой i разынкамi ("Царскi з сухафруктамi"), з фундуком i грэцкiмi арэхамi ("Царскi з арэхамi"), "Заварны з фiнiкамi". Ёсць хлеб з павiдлам, з мачонымi яблыкамi, "Бабулiн хлеб" з бульбяным пюрэ, хлеб з салам i з часнаком, хлеб з цыбуляй.

Паводле слоў Ганны Кавалеўскай, цяпер распрацоўваецца хлеб з каўбасой (у адным бохане будзе i вараная i вэнджаная). Хутка з'явiцца маркоўны хлеб, хлеб з грыбамi i сырам.

Гурманы добра ведаюць хлеб "Тызенгаўз", якi стаў вiзiткай хлебазавода. Адэптам здаровага харчавання Ганна параiла звярнуць увагу на дыетычныя гатункi пастаўскага хлеба — на хлеб, узбагачаны ёдам, вiтамiнамi, з вотруб'ем, з клятчаткай.

Прадпрыемства выпякае батоны, вiтушкi, рулеты i булачкi з павiдлам, з тварагом, з карамельнай i шакаладнай начынкамi (у дзень 20—30 найменняў). У найблiжэйшых планах — наладзiць выпуск пiрагоў са свежымi ягадамi. Летась "Тоставы хлеб" i "Бабулiн хлеб" былi прызнаны лепшымi таварамi года Рэспублiкi Беларусь. У 2007 годзе подавы хлеб "Асеннi" i фармавы "Краснадарскi" атрымалi залаты i сярэбраны медалi на рэспублiканскiм конкурсе-аглядзе якасцi хлебабулачных вырабаў.

Элiтны "Царскi" хлеб карыстаецца вялiкай папулярнасцю сярод турыстаў. Хлеб мае адметную сувенiрную ўпакоўку i значны тэрмiн рэалiзацыi (5 сутак). Такiм чынам, можна паспець давезцi духмяны сувенiр дамоў i пачаставаць родных.

"Цешчына", "Ад дзядулi", "Шляхецкая"

Мясаперапрацоўчае прадпрыемства Пастаўскага райпа выпускае да 100 тон прадукцыi ў месяц: гэта паўфабрыкаты, каўбасы, вяндлiна. Летась тут правялi поўнае пераабсталяванне. Цяпер вядуцца работы па ўкараненнi сiстэмы ХАССП.

У маi ў продажы з'явiўся новы асартымент. Мясныя навiнкi так спадабалiся пакупнiкам, што сёння перад райпа паўстала пытанне павелiчэння вытворчых магутнасцяў мясаперапрацоўчага цэха.

— Вялiкiм попытам карыстаюцца нашы сыравяленыя i сыравэнджаныя каўбасы, — патлумачыла тэхнолаг каўбаснага цэха Галiна Аляксееўна Шурпiк, — "Цешчына каўбаса" (сыравяленая), "Ад дзядулi" (сыравэнджаная) i "Шляхецкая" (сыравэнджаная). "Цешчыну" i "Ад дзядулi" мы — па просьбе спажыўцоў — робiм кольцамi, "Шляхецкую" — батонамi. Каўбаса "Ад дзядулi" ў якасцi дабаўкi мае белыя сушаныя грыбы, якiя надаюць прадукту цудоўны непаўторны смак. "Цешчына" па смаку вельмi нагадвае каўбасу хатняй вытворчасцi.

Увогуле, каўбас у нас шмат: 4 вiды салямi, 3 вiды паўвэнджанай каўбасы, вэнджаныя, вараныя кўбасы, 3 вiды варанай у натуральнай абалонцы ("Пастаўская", "Чайная", "Закусачная"), якiя прыйшлiся да смаку нашым пакупнiкам. Ёсць прадукцыя i сацыяльнай групы, нiжэйшая па цане, але таксама вартая самай высокай ацэнкi.

Наш асартымент утрымлiвае 82 найменнi. Акрамя каўбас мы выпускаем мяса кшталту хатняга — "Калядную паляндвiцу", "Калядную свiнiну" (яны вырабляюцца па асобай тэхналогii — сухiм пасолам з абсыпкай спецыямi — i вельмi падабаюцца нашым пакупнiкам). Вялiкую групу складаюць нашы паўфабрыкаты i лiверы. Ёсць яшчэ адзiн далiкатэс, якi таксама вельмi папулярны ў жыхароў Пастаўшчыны, — мяса свiных галоў, прасаванае ў брыкеты. Гэта смачны i цалкам натуральны прадукт.

Мясную прадукцыю перапрацоўчага цэха райпа можна знайсцi ва ўсiх крамах раёна, у многiх крамах вобласцi i нават у Мiнску, у фiрменнай краме "Родны кут" на праспекце Пераможцаў. Каўбасы Пастаўскага райпа неаднойчы атрымлiвалi ўзнагароды i прызнавалiся лепшым прадуктам года.

Рыбка вэнджаная, рыбка салёная

Рыбны цэх вырабляе вэнджаную i салёную рыбу (у тым лiку i рачную — карпа, шчуку, акуня, ляшча), а таксама прэсервы. Агульныя аб'ёмы вытворчасцi — 120 тон у год. Уся прадукцыя цэха карыстаецца ў спажыўцоў асаблiвай папулярнасцю. На саленне рыбы прадпрыемства мае сертыфiкат ХАССП. Рыбныя прэсервы ў кардамонавай залiўцы летась былi прызнаны Прадуктам года Рэспублiкi Беларусь.

Дагадзiць кожнаму клiенту

Гандаль — адзiн з асноўных кiрункаў дзейнасцi Пастаўскага райпа. Жыхароў раёна абслугоўваюць 95 крамаў райспажыўкааперацыi (з iх 54 размешчаны ў сельскай мясцовасцi), 3 пункты дробнарознiчнага гандлю, аўтакрамы.

Калi будзеце ў Паставах, абавязкова завiтайце ў магазiн "Юбiлейны", што размяшчаецца ў аднайменным мiкрараёне, пабачыце, якой шыкоўнай можа быць крама ў райцэнтры.

— Гэту краму мы атрымалi год таму, — расказвае дырэктар ПУП "Каапгандаль № 2" Маргарыта Дзмiтрыеўна Скраблевiч. — Правялi рэканструкцыю другога паверха, перапрафiлявалi яго (раней тут была кавярня), закупiлi новае абсталяванне, разнастаiлi асартымент. Сёння абарот дасягае 200 млн рублёў у месяц. Крама працуе з прыбыткам. Спажыўцы задаволеныя. Тут усталявана камп'ютарная сiстэма прыходу тавараў, цяпер мы маем магчымасць разлiчваць пакупнiка праз касавы тэрмiнал. Нягледзячы на значную канкурэнцыю з боку камерцыйных структур, наша крама карыстаецца папулярнасцю ў мясцовых жыхароў. Мы маем ШТО прапанаваць, i ведаем, ЯК гэта зрабiць.

— Асартымент у нас вельмi разнастайны. Мы супрацоўнiчаем з самымi рознымi пастаўшчыкамi, — дапаўняе загадчыца крамы Iна Нiгурэй. — Працуем i пад заказ (часцей пакупнiкi пакiдаюць заяўкi на малочную прадукцыю). Аднаму пастаяннаму клiенту заказваем Брэст-Лiтоўскую 20-працэнтную смятану, другому — малочную сыроватку. Мы iмкнёмся дагадзiць кожнаму клiенту.

На другiм паверсе крамы размяшчаецца кандытарскi аддзел з кафетэрыем i кандытарскi цэх. Тут можна пасядзець з сябрамi i сям'ёй, папiць чаю цi кавы, паласавацца марожаным. Пiрожныя, тарты, булачкi — усё свежае, смачнае, духмянае. Кандытарскi цэх пры краме быў уведзены ў 2008 годзе. Сёння ён выпускае 25—30 вiдаў тартоў, 30 вiдаў пiрожных i 30 найменняў здобна-булачных вырабаў. Тут жа можна заказаць святочны торт на вяселле цi юбiлей.

Самы шырокi выбар нехарчовых тавараў вы знойдзеце ва ўнiверсаме "Цэнтральны" ў цэнтры Пастаў. Ёсць тут i свая мiнi-пякарня, якая дазволiла максiмальна наблiзiць вытворчасць белабулачных вырабаў да спажыўца. Набытая ў "Цэнтральным" здоба заўсёды будзе, як кажуць, "з пылу, з жару".

...Якасць усёй прадукцыi Пастаўскага райпа пацверджана шматлiкiмi ўзнагародамi i — галоўнае — самiмi спажыўцамi, якiя "галасуюць" за яе сваiм рублём. Пастаўскiя хлеб, каўбасы, саленнi можна лiчыць узорам якасцi, натуральнасцi i выдатнага смаку. У дачыненнi да прадукцыi Пастаўскага райпа заклiк "Купляйце беларускае!" цалкам апраўдвае сябе.

Тут нават ёсць свой музей, дзе сабрана больш за 800 экспанатаў, якiя адлюстроўваюць гiсторыю развiцця i станаўлення спажыўкааперацыi на Пастаўшчыне. Упор у экспазiцыi робiцца на людзях, якiя ў розныя часы працавалi на карысць роднай арганiзацыi. Не змянiлiся прыярытэты i сёння — зладжаны калектыў — гэта галоўная каштоўнасць Пастаўскага райпа.

УНП 300433246

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пастаўскае раённае спажывецкае таварыства было ўтворана 20 снежня 1939 года i сёлета адзначае сваё 70-годдзе. Сёння Пастаўскае райпа — гэта магутная ш
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика