21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Я мог быць ужо дома...

19.09.2009 14:17 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Я мог быць ужо дома...

"Нарэшце ёсць гульня, дзе перамагаюць нашы, а не амерыканцы!" — гэта адзiн з водгукаў на сайце гульнi-стратэгii "Аперацыя "Баграцiён".

Распрацоўшчыкi гульнi ў якасцi мадэляў выкарысталi ўцалелую тэхнiку i табельную зброю часоў Другой сусветнай вайны, заводскiя чарцяжы i iншую дакументацыю. Перагледзелi процьму хронiкi, фотаздымкаў, архiўных запiсаў... Выязджалi на палi бiтваў, праводзiлi здымкi рэльефу, вымяралi адлегласць памiж аб'ектамi, а потым, з улiкам звестак перыяду вайны, аднаўлялi "гульнявы" ландшафт такiм, якiм ён быў падчас аперацыi "Баграцiён". Гулец апынаецца менавiта ў тых жа ўмовах, што i савецкiя войскi ў 1944-м. І будзе вырашаць тыя ж задачы, прычым, каб перамагчы, трэба думаць, iмправiзаваць, праяўляць майстэрства ў тактычным кiраваннi боем — пяхотай, артылерыяй, танкамi i авiяцыяй.

Гуляюць хлопчыкi ў камп'ютарную вайну... А перада мной — пажоўклы ад часу аркуш паперы. Гэты лiст праз паўгода пасля Перамогi, 2 лiстапада 1945 года, майму дзеду Iвану Пракопчыку ў вёску Бiрулiчы, што непадалёку ад Гродна, адаслаў з Берлiна ягоны стрыечны брат Фёдар Ярашэўскi:

"Прывiтанне, Ваня! Па-першае, я жывы i здаровы, чаго табе i тваёй сям'i жадаю. Дарагi брат, пiшу да цябе трэцi лiст з Берлiна... Ваня, я ў гэтым месяцы чысла 6-га мог быць ужо дома, дэмабiлiзавацца, але вырашыў яшчэ ненадоўга застацца на старым месцы. Таму што ранейшы мой начальнiк паехаў у водпуск. I я вырашыў пачакаць яго, пакуль не вернецца назад. З iм я пражыў з 15-га сакавiка гэтага года па 25-е кастрычнiка. Чалавек ён талковы i квалiфiкаваны, у званнi капiтан. Ён для мяне быў бацькам. А я ў яго шафёрам... У цяперашнi час жыву я па-старому i працую, як i працаваў (у лiсце няма нiякiх падрабязнасцяў аб службе i жыццi ў Берлiне, што, пэўна тлумачылася патрабаваннямi вайсковай цэнзуры — Б.П.). Дарагi брат, у гэтым лiсце шлю табе на памяць свой фотаздымак. Тваю фотакартку, якую ты мне ў 1942 годзе падарыў, я таксама захаваў. Хоць i былi ў маiм жыццi цяжкiя выпадкi, такiя, што я нават i дакументы вымушаны быў страцiць. Да пабачэння! Прывiтанне тваёй жонцы i дзецям".

Гэта быў апошнi лiст 25-гадовага Фёдара Ярашэўскага, ураджэнца вёскi Сухаўляны на Гродзеншчыне. "Мог быць ужо дома, дэмабiлiзавацца, але вырашыў яшчэ ненадоўга застацца на старым месцы...". I застаўся навечна. А на Радзiму прыйшла пахавальная: "Загiнуў пры выкананнi службовых абавязкаў..."

Паводле адной з версiй, у якой быў перакананы мой дзед, а з яго слоў i бацька, Фёдар Ярашэўскi працаваў шафёрам у першага каменданта Берлiна генерал-палкоўнiка Мiкалая Берзарына. Больш за тое, дзед лiчыў, што Фёдар i загiнуў разам з Берзарыным у аўтакатастрофе. Але факты сведчаць, што гэта не так. Верагодна, Фёдар Ярашэўскi сапраўды служыў у адным з падраздзяленняў першай пасляваеннай адмiнiстрацыi Берлiна i мог нават выконваць некаторыя даручэннi, што зыходзiлi ад каменданта. Аднак у той наканаваны дзень, калi трапiў у аварыю генерал Берзарын, чырвонаармейца-беларуса Фёдара з iм не было. Паколькi аварыя здарылася 16 чэрвеня, а свой апошнi лiст стрыечнаму брату Фёдар напiсаў 2 лiстапада.

Афiцыйная версiя гiбелi генерала-палкоўнiка Берзарына, паводле спецтэлеграмы камандуючага войскамi 1-га Беларускага фронту, маршала Савецкага Саюза Жукава i члена Ваеннага Савета 1-га БФ генерал-лейтэнанта Цялегiна, наступная:

"Масква, Крэмль, тав. Сталiну.

Сёння, 16 чэрвеня ў 8 г. 15 хв. у Берлiне ў вынiку катастрофы на матацыкле загiнуў Герой Савецкага Саюза, камандуючы 5-й ударнай армiяй i камендант горада Берлiна Берзарын Мiкалай Эраставiч. Смерць адбылася пры наступных абставiнах.

У 8.00 Берзарын на матацыкле з каляскай выехаў у распалажэнне штаба армii. Праязджаючы па вул. Шлосштрасэ з хуткасцю 60—70 км, на перакрыжаваннi з вул. Вiлхелмштрасэ, дзе рэгулiроўшчыкам прапускалася калона грузавых аўтамашын, Берзарын, не збаўляючы хуткасцi i, мабыць, страцiўшы кiраванне, урэзаўся ў левы борт аўтамашыны "Форд".

У вынiку катастрофы Берзарын атрымаў пралом чэрапа, пераломы правай рукi i правай нагi, разбурэнне грудной клеткi з iмгненным смяротным зыходам. З iм разам загiнуў яго ардынарац чырвонаармеец Палякоў, якi знаходзiўся ў калясцы...

Улiчваючы асаблiвыя заслугi перад Радзiмай, а таксама непажаданасць пакiдання магiлы на тэрыторыi Германii, прашу дазволу на пахаванне Берзарына ў Маскве, з дастаўкай самалётам".

У сваёй кнiзе аб Берзарыне нямецкi даследчык гiсторыi пасляваеннага Берлiна Петар Ян адзначае, што ён лiчыўся класным вадзiцелем. Яшчэ з вайны ў яго быў матацыкл "Харлей", з тых, што амерыканцы пастаўлялi па лэнд-лiзе. А той ранiцай, 16 чэрвеня, генерал-палкоўнiк упершыню сеў за руль трафейнага матацыкла "Цюндал КS-750", якi за габарыты празвалi "зялёны слон". Напэўна, адбiлася адсутнасць звычак язды на гэтым матацыкле. Ды i рэгулiроўшчыца не спынiла рух калоны рухавiкоў, бо не пазнала Берзарына, якi быў апрануты ў камбiнезон паверх генеральскага мундзiра. Вось так, на сваю бяду, замаскiраваўся, паколькi Жукаў забаранiў камандзiрам садзiцца за руль у пасляфрантавым Берлiне.

У апошнi шлях Берзарына праводзiлi больш за 10 тысяч удзячных яму берлiнцаў, у горадзе, паводле сведчанняў вiдавочцаў, былi зрэзаны ўсе ружы. Гiтлер пераконваў, што Саветы знiшчаць нацыю, а Берзарын першай справай пачаў яе кармiць i выратаваў ад галоднай смерцi дзясяткi тысяч немцаў: ужо ў сваiм загадзе № 1 ён распарадзiўся выдаваць малако хворым дзецям i нованароджаным.

Гiбель генерала Берзарына па сёння ахутана рознымi версiямi i згадкамi. Аварыя цi забойства? Падстроiлi немцы альбо гэта рука НКУС, бо Жукаў прызначыў Берзарына камендантам Берлiна без узгаднення з Берыя? Не спрацавалi тармазы матацыкла альбо спынiлася сэрца, бо нешта падсыпалi ў ежу?

У псеўдадакументальнай кнiзе "Тайны саветнiк правадыра" вылучаецца нават такая версiя, што Берзарын, чыя 5-я ўдарная армiя штурмавала рэйхсканцылярыю, стаiць за знiкненнем з Берлiна Бормана з ўсёй нацысцкай партыйнай касай. I Берзарына, маўляў, лiквiдавалi як лiшняга сведку.

У 1975 годзе магiстрат сталiцы ГДР прысвоiў Берзарыну званне ганаровага грамадзянiна горада. Аднак пасля аб'яднання Германii, у 1992 годзе, яго гэтага звання пазбавiлi на падставе сцвярджэнняў некаторых гiсторыкаў, што генерал быццам мае дачыненне да масавых рэпрэсiй у Прыбалтыцы перад вайной. Пазней было даказана, што ён не ўдзельнiчаў у акцыях НКУС супраць мясцовага насельнiцтва, i ў 2003 годзе гарадскi парламент аднавiў Берзарына ў званнi ганаровага грамадзянiна горада. У Берлiне ёсць плошча Берзарына, у яго гонар перайменаваны адзiн з мастоў. А моладзевым хiтом ужо шмат гадоў з'яўляецца мiстычная, так бы мовiць, музыка ў выкананнi "Берзарын-квартэта", якая называецца "Памяцi савецкага каменданта".

Зразумела, чырвонаармеец Фёдар Ярашэўскi, як i тысячы iншых воiнаў-вызвалiцеляў, не мог разлiчваць нi на самалёт, каб быць пахаваным на Радзiме, нi на дакладнае высвятленне i iнфармаванне сваякоў аб абставiнах гiбелi, нi на такое ўшанаванне памяцi, як усё гэта адбылося з генералам Берзарыным. Але застаўся апошнi лiст Фёдара Ярашэўскага з Берлiна. I з гэтым лiстом знаёмыя не толькi мы з бацькам, але i мой сын, якi гуляе ў камп'ютарную гульню "Аперацыя "Баграцiён"...

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Нарэшце ёсць гульня, дзе перамагаюць нашы, а не амерыканцы!" — гэта адзiн з водгукаў на сайце гульнi-стратэгii "Аперацыя "Баграцi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика