21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вайна вачыма дзiцяцi

19.09.2009 14:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вайна вачыма дзiцяцi

(Працяг. Пачатак у нумары за 2 ліпеня.)

Акрамя таты, у дзядулi былi яшчэ тры сыны — вайсковыя афiцэры. Недзе ў красавiку-маi дзядуля дае тэлеграму ад iмя майго таты, што ён пры смерцi. Прыехалi ўсе. Мама казала, што яны ведалi, што будзе вайна... Потым да дзядулi нечакана прыйшоў палiцай i стаў патрабаваць, каб той аддаў пiсталет, якi нiбыта дзядулю пакiнулi сыны. А дзе ён яго возьме? Дзядулю пачалi бiць, ён так крычаў, што мы выскачылi з хаты i пачалi плакаць. Мама схапiла нас, запiхнула назад у хату, а дзядуля ўсё крычаў. Яму паламалi косцi, разбiлi галаву. Праз некалькi дзён ён памёр... Пазней да нас iзноў прыйшлi немцы i стараста i пачалi патрабаваць у мамы, каб яна аддала татаву вопратку. А дзе ж яе ўзяць, калi ўсё ўжо раздалi пераапрануцца салдатам. Яны пачалi крычаць на маму i пагражаць, што павязуць у Чавусы. Я так спужалася, што маму павязуць забiваць, так крычала i рвала на сабе валасы, што яны пасмамi ляцелi. Адзiн палiцай, вiдаць, не вытрымаў, падышоў да мяне i пачаў угаворваць, што маму нiкуды не павязуць. Мама тады зразумела, што рана цi позна, але здарыцца вялiкая бяда. Яна пачала разносiць нас па суседзях, каб калi раптам што — хоць хто-небудзь з нас застаўся жывы. Нас немцам не выдалi, хаця тата быў не толькi старшыня калгаса, але i камунiст, мы з усiмi людзьмi прайшлi разам далейшыя жахi, але засталiся жывымi.

Шлях у невядомае

У канцы верасня 1943 года я ранiцай бегла ад бабулi, якая жыла на iншай вулiцы, i пачула, што ў пасёлку Лужок, што за рэчкай, крычаць жанчыны, брэшуць сабакi. Заходжу ў хату — там мама дзярэ бульбу на сняданак, я ёй расказваю, i мы выбягаем. Мама спужалася, пачала будзiць малых. I праз хвiлiн 20 заходзяць два немцы з сабакамi, "ком, ком" крычаць, паказваюць апранацца i выходзiць. Мама плача, мы ўсе плачам, выходзiм у двор, а там ужо ўсе суседзi. Немцы паказваюць iсцi наперад i вядуць на вулiцу, дзе жыла бабуля, i там таксама людзi стаяць. Мы падбеглi да бабулi i дзядулi. Нiхто нiчога не разумее, што крычаць немцы, жанчыны i дзецi плачуць. Потым прыехала машына з палiцаямi. Нам усiм загадалi вярнуцца па хатах, запрэгчы коней, у каго ёсць, узяць толькi неабходнае, дзяцей пасадзiць на калёсы. На ўсе пра ўсё — палова гадзiны.

Усе разбеглiся. Мама пабегла таксама, а мы засталiся ў бабулi. Каня ў нас не было, у дзядулi былi толькi калёсы, таму ён аб'яднаўся з суседкай — там села бабулька з двума ўнукамi i нашая бабуля з трыма ўнукамi, а я, сястра, мама i дзядулi пайшлi пехам. З сабой мама прыхапiла для нас палiто, адну байкавую коўдру, старое футра — гэта нас i ўратавала ў канцлагеры. Бабуля ўзяла харчы. Пагналi нас у напрамку вёскi Астравы. Людзi галосяць, жанчыны плачуць, палiцаi сцябаюць бiзунамi жанчын. I раптам заварочваюць падводы на луг да ракi. Тут iзноў падняўся крык, бо ўсе падумалi, што будуць расстрэльваць i тапiць. Аднекуль з'явiлiся яшчэ немцы i палiцаi, сталi хапаць дзяўчат, маладых жанчын i кiдаць iх да падлеткаў-хлопцаў. Старэйшай сястры маёй было 13, мама пiхнула яе, накрыла коўдрай i пасадзiла наверх нас. Яна i засталася. Я бачыла, як у маёй хроснай Веры Казловай i суседкi Матроны Савосцiвай вырвалi з рук малых дзетак Валодзю i Мiшу i закiнулi ў натоўп. Пад'ехалi грузавыя крытыя машыны, туды сталi запiхваць моладзь. Людзi былi ашалелыя з аднаго i другога боку — i матулi, i дзецi, якiх звозiлi. Гэтае вiдовiшча нельга апiсаць...

Колькi мы ехалi — я не памятаю, але калi пераязджалi вялiкi мост у Быхаве, я так крычала, бо мне здавалася, што за мостам ужо жыцця не будзе. Там нас падзялiлi на 2 часткi: адну адправiлi налева, другую направа. Усю восень i зiму нас ганялi з месца на месца. Прыганялi ў якую-небудзь вёску, рассялялi па 30-40 чалавек у адну хату. Я памятаю вёскi: Кавалi, Шыхаў, Саланое... А ў Жарабцах ранiцай пачалi праводзiць аблавы на дзяцей. Адвозiлi iх у Бабруйск i там бралi кроў для сваiх параненых. Спачатку бралi толькi хлопчыкаў, а потым сталi хапаць i дзяўчатак. Мама старэйшую сястру Марыю садзiла ў рускую печ i закладвала торфам. А мы, астатнiя, былi яшчэ малыя, такiх не бралi. Аднойчы ранiцай у хату ўвайшлi стараста i немец — i скамандавалi мне iсцi. Я, зразумела, заплакала, але мяне выратавала тое, што на падбародку ў мяне былi болькi, бабуля iх "вогнiк" называла. Немец круцiў галавой, што не трэба, а стараста яму даказваў, што гэта хутка лечыцца. Я не магла нi слова сказаць, нi варухнуцца. Усё-такi немец махнуў рукой i яны пайшлi. Бабуля мне пасля таго спецыяльна болькi не лячыла.

Маму i дзядулю кожны дзень прымушалi капаць акопы. Кармiлi iх адзiн раз. А мы заставалiся адны. Нешта з ежы нам прыносiлi мясцовыя людзi, нешта варылi нашы мамы, нешта са свайго пайка пакiдалi мама i дзядуля. Аднак, калi i выпадала паесцi, то адзiн раз на дзень. Коней i калёс тады ўжо ў нас не было, я не памятаю, куды яны падзелiся, нас гналi ўжо сваiм ходам. I калi б не было з намi бабулi i дзядулi, то мацi не змагла б нас зберагчы. Дзядуля заўсёды нёс Надзю, бабуля — Мiшу, а мама — Лёшу.

Нас заўсёды суправаджалi, гналi на працу немцы Вiлi i Ганс. У мамы вельмi кружылася галава, яна не магла падняцца i не пайшла капаць акопы. Дзядулю па старасцi ўжо некалькi дзён як вызвалiлi ад гэтага абавязку. Ганс падышоў да мамы i скамандаваў устаць. Мама, хiстаючыся, паднялася, а ён хацеў ударыць яе палкай. Але дзядуля схапiўся за палку — i немец пачаў яго бiць па галаве. Дзядуля закрываўся рукамi — немец паламаў яму ўсе пальцы, нават палку зламаў. Дастаў пiсталет i хацеў стрэлiць у дзядулю, аднак Вiлi чамусьцi схапiў яго за руку i не даў стрэлiць. Так дзядуля застаўся жывы.

Азарычы

У канцы студзеня — лютым нас павярнулi ў адваротны бок i зноў пагналi — у вёску Саланое. Загналi ў хлеў разам з нямецкiмi коньмi, аднак на працу ўжо не ганялi i нiкога не кармiлi. Жылi мы ў такiх умовах некалькi дзён — жабравалi, а потым нас iзноў пагналi. Куды i навошта — нiхто не ведаў. Людзi так знядужалi, што не маглi iсцi. Шмат хто iшоў басанож, тых, хто падаў — прыстрэльвалi. Iшлi доўга, некалькi дзён. Уздоўж дарог ляжалi мёртвыя людзi, а мы ўжо iшлi i не разумелi, куды iдзём i што з намi будзе.

Скамандавалi спынiцца. Наўкола — калючы дрот, вышкi з кулямётамi, нейкi малады лес цi балота. Пры ўваходзе сталi адбiраць больш дужых старых i забралi нашага дзядулю. Мацi крычала, а мы ўжо не маглi плакаць. Было шмат людзей: хто ляжаў проста на зямлi, хто сядзеў, уздоўж плота людзi ляжалi адзiн на адным — я думала, яны так спяць, а бабуля сказала, што яны мёртвыя. Не было нават сухога месца, снег падтаў i стаяла суцэльная гразь. Бабуля падвяла нас да маленькага дрэва, нахiлiла яго, мама села з аднаго боку, узяла Лёшу, з другога боку — Мiшу, а мы прыцiснулiся з усiх бакоў, а побач — нашы землякi. Нiхто не раскладваў вогнiшчы, бо было забаронена, нiхто нi з кiм не размаўляў. Людзi былi закручаныя ў анучы, нават твараў не было бачна, не чутно плачу дзяцей, а толькi стаяў суцэльны стогн — гэта хворыя на тыф стагналi ў трызненнi.

У нас не было нiякай iншай вопраткi, не было нiякiх запасаў ежы. Бабуля знайшла недзе яшчэ не з'едзеныя сасновыя iголкi i сказала нам, старэйшым, iх жаваць. Высмоктваць i выплёўваць. Гэта неяк ажывiла. Нам нават есцi не хацелася, мы не прасiлi нi есцi, нi пiць. Якая дата была, калi нас туды прыгналi, — я не ведала i не памятаю, ды i наўрад цi з нашых хто памятае...

Шмат хто адразу жа захварэў на тыф. Я памятаю, як недалёка да нас жонка майго хроснага Настасся Аляксеенка з двума дзецьмi захварэла. Яна была ў трызненнi ў той дзень, калi памерлi двое яе дзяцей. Мая бабуля з яшчэ адной жанчынай цягнулi дрэва цi кусцiк, ён як быццам бы вырываўся — i туды запiхвалi дзiцячыя цельцы. Мацi тая выжыла, але амаль згубiла розум. Пазней памерлi яшчэ дзецi ў Фядоры Меляшковай, Соф'i Яраслававай — гэта з тых, хто быў побач з намi.

Памiралi кожны дзень — трупы ляжалi наўкола, калi-некалi iх сцягвалi кудысьцi. Мы згубiлi лiк дням i начам. Бабуля нас увесь час прымушала малiцца, каб бацька вярнуўся, а тут мы ўжо не малiлiся — ,i словы забылi, i моцы не было. Iншы раз сабакам немцы кiдалi нешта падобнае на хлеб, але нi мама, нi бабуля ўжо не маглi туды бегчы. Дарослыя казалi, што мы там былi сем дзён. Я не памятаю. А памятаю толькi, што мы нi разу не елi, а брудную ваду бабуля працэджвала праз хустку i давала нам.

Таццяна Лiскова.

(Заканчэнне будзе.)

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(Працяг. Пачатак у нумары за 2 ліпеня.) Акрамя таты, у дзядулi былi яшчэ тры сыны — вайсковыя афiцэры. Недзе ў красавiку-маi дзядуля дае тэлеграму а
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика