Забойцы
Забойцы
Дзяржава, у якой ёсць смяротнае пакаранне, плодзiць забойцаў. Пракурор, якi патрабуе смяротнае пакаранне для злачынцы — забойца. Суддзя, якi асуджае злачынцу на смерць — забойца. Кат, якi забiрае ў злачынцы жыццё — забойца. Знiшчаючы аднаго злачынцу, грамадства атрымлiвае некалькi забойцаў. Узнiкаюць правамоцныя пытаннi... Цi патрэбна нам столькi забойцаў у грамадстве? Цi можа лiчыцца нармальным чалавек, якi забiвае iншага абяззброенага чалавека? Пытаннi гэтыя не рытарычныя. Мне даводзiлася сутыкацца з чалавекам, якi расстрэльваў злачынцаў. Адразу пасля Другой сусветнай вайны наш сваяк быў накiраваны ў Германiю, дзе паляваў на ваенных злачынцаў. Злоўленых злачынцаў расстрэльвалi ў камеры. Спецыяльнага ката не было, таму ўсе, хто лавiў злачынцаў, iх i расстрэльвалi. Стралялi па чарзе. Прыйшла твая чарга? Ідзi i страляй. Наш сваяк падчас расстрэлу атрымаў нервовы зрыў. Ён зайшоў у камеру i стрэлiў у немца. Той узняўся з крэсла i пачаў люта лаяцца. Сваяку давялося страляць i страляць у чалавека, якi iшоў на яго i крычаў. Ён крычаў: "Чаму ты забiваеш мяне?" Ён iшоў, пытаўся i лаяўся, ажно пакуль не павалiўся на свайго ката. Пасля гэтага здарэння сваяк страцiў сон. Як толькi ён заплюшчваў вочы, адразу ж бачыў акрываўленага немца, якi крычаў i iшоў на яго. Нервовы зрыў быў такi моцны, што нашага сваяка камiсавалi з войска, ён вярнуўся ў Беларусь i пайшоў працаваць гандляром. Расстраляныя людзi пераследавалi нашага сваяка да самага канца жыцця. Я адведваў яго ў ракавым корпусе мiнскай бальнiцы, дзе ўглядаўся ў вялiкiя светлыя вочы, у ягоны спакутаваны ад моцнага болю i схуднелы да касцiстасцi твар. Я хацеў яго падтрымаць. Але як яго падтрымаць, я не ведаў. Чалавечы лёс нязменны, нельга вярнуцца ў мiнулае i выправiць змарнаванае i скалечанае жыццё, але можна паспрабаваць змянiць да лепшага жыццё цяперашняе. Трэба адмянiць смяротнае пакаранне. Трэба даць шанц на лепшае жыццё, можа i пэўна не столькi злачынцам, як пракурорам, суддзям i тым, хто па абавязку службы вымушаны забiваць бяззбройнага чалавека. Расстрэлы"Нас вышнуравалi на пляцы. Салдаты прывялi звязанага кантрабандыста. Нам загадалi ўзняць вiнтоўкi, прыцэлiцца i стрэлiць. Я падумаў... Не буду страляць у чалавека. Нiхто не заўважыць. Хай нехта iншы яго заб'е. Спачатку, я так падумаў, а потым падумаў iнакш... Пацэлю яму ў нагу i, калi што якое, скажу — прамахнуўся. Страляў, рука здрыганулася, i я прамахнуўся. Хто iншае давядзе? Мы стрэлiлi. Бандыт павалiўся. Усе, каго мы затрымлiвалi за нелегальны пераход мяжы, лiчылiся бандытамi. Ён упаў. Камандзiр палiчыў раны. Iх было тры. Мая куля папала бандыту ў нагу. Ён быў цяжка паранены ў грудзi, у жывот i нагу. Камандзiр загадаў пакласцi параненага ў дашчатую скрыню i закапаць. Будзеце закопваць жывога чалавека! Каб у наступны раз усе пацэлiлi i забiлi, каб вам больш не даводзiлася закопваць жывых. Бандыт яшчэ стагнаў у забiтай дошкамi скрынi, калi мы закiдвалi скрыню зямлёю. Больш я не цэлiў у нагу цi руку, я цэлiў у грудзi цi ў голаў. Цэлiў так, каб мая куля забiла чалавека, i мне не давялося зноўку закапваць жывога..." — распавядаў мне дзядзька Антак. Ён служыў на мяжы СССР i Фiнляндыi. Служыў доўга, больш за тры гады, служыў цяжка, вярнуўся са службы цяжка паранены. Ягоныя аповеды мала каго ўражвалi ў нашай сям'i, бо старэйшыя перажылi высылку i вайну. Расповеды пра расстрэлы нейкiх кантрабандыстаў iх мала хвалявалi. Яны хвалявалi мяне, бо мяне чакаў прызыў у савецкае войска, дзе давядзецца страляць i забiваць. У войска я не пайшоў, васямнаццаць разоў мяне прызывалi, i васямнаццаць разоў у мяне была аргументацыя, каб не пайсцi. Сямнаццаць разоў я прыносiў у ваенкамат даведку з месца вучобы, а на васямнаццаты раз прынёс даведку, што маю дваiх малых дзяцей. Савецкi закон дазваляў чалавеку з двума дзецьмi не хадзiць у войска. Такi быў тагачасны гуманiзм. Цяпер у нас iншая дзяржава, i беларусам не трэба расстрэльваць людзей на мяжы Фiнляндыi i СССР. Але беларусы ўсё яшчэ расстрэльваюць беларусаў. У нашай не самай кепскай у свеце дзяржаве ўсё яшчэ ёсць смяротнае пакаранне, i некаму даводзiцца страляць, каб забiць, бо прымусяць закопваць у зямлю жывога чалавека. Таму вымушаны сказаць: я супраць смяротнага пакарання i супраць закопвання ў магiлы жывых людзей. НормыКаб у нашай сённяшняй дзяржаве расстраляць чалавека законна, трэба прызнаць яго свядомым. Злачынца забiваў i гвалтаваў, рабаваў i здзекваўся з ахвяраў, ён звёў са свету дзясяткi чалавек, а яго прызнаюць нармальным? Хiба можа чалавек з адэкватнай свядомасцю душыць дзяцей, гвалтаваць людзей i забiваць чалавека у пошуках вычварэнскiх задавальненняў? Хiба можа нармальны грамадзянiн рабаваць i забiваць, бо працаваць яму лянотна i нецiкава? А iх — маньякаў i вычварэнцаў, часам, прызнаюць нармальнымi. Iх прызнаюць нармальнымi, каб забiць. Хто прызнае паводзiны i розум такiх людзей за норму? Дактары? Мне давялося размаўляць з адным з такiх дактароў — Вiктарам Фелiксавiчам Круглянскiм. "А ты ведаеш, колькi я людзей ад расстрэлу выратаваў?" — спытаў ён у мяне. Я не сказаў яму, што кожны злачынца можа задаць падобнае пытанне... "А ты ведаеш, колькi я людзей не згвалтаваў i не абрабаваў?" Вiктар Фелiксавiч — ахвяра абставiнаў. Ён вельмi здольны доктар, ён сапраўды дапамагаў людзям. Ягоныя заслугi я не збiраюся змяншаць, але тут пытанне прынцыповае. Тут нельга "ўстрымацца", тут трэба сказаць "за" цi "супраць". Я не лiчу забойцаў i вычварэнцаў за нармальных людзей. Той, хто дайшоў у сваiх паводзiнах да найвышэйшай меры пакарання, не можа лiчыцца адэкватным чалавекам, не можа быць свядомым, у маiм разуменнi гэтага паняцця. Дактары, якiя падпiсваюць дакументы пра нармальнасць маньяка, з'яўляюцца саўдзельнiкамi ў забойстве. Яны могуць распавесцi пра сваё разуменне нармальнасцi i ненармальнасцi, адэкватнасцi i вар'яцтва. Але iх аргументацыю, што Чакацiла быў свядомы i ў цвярозым розуме закатаваў дзясяткi ахвяраў, я не прымаю. Таму i лiчу: варта змянiць норму, i змянiць яе трэба ў заканадаўстве, адмянiўшы смяротнае пакаранне. Тады дактары больш не стануць саўдзельнiчаць у забойствах i атрымаюць магчымасць доўгатэрмiнова даследаваць хваробы i паводзiны злачынцаў, якiя жорстка знiшчалi людзей. Замена смяротнага пакарання пажыццёвым зняволеннем i прымусовым лекаваннем выратуе сумленне i дасць iм магчымасць не так паспешлiва праводзiць мяжу памiж ненармальнасцю i нормаю. ЗвяругiЁсць важкi аргумент, якi людзi гавораць у абарону смяротнага пакарання. Яны кажуць: каб тваё дзiця забiлi, як бы ты сябе паводзiў ў падобных абставiнах? Такiм зласлiвым людзям варта сказаць: ды за такiя словы я зараз выдзеру з горла твой паганы язык! Злыязыкiя людзi будзяць асабiста ўва мне звяругу. Яны абуджаюць помслiвую звяругу з недастраўленым харчам у вантробах i з цёмнай крывёю ў сэрцы. Я-звяруга вылазiць з чалавека з намерам баранiцца, помсцiць i нiшчыць усё варожае i падазронае навокал. Для я-звяругi няма нiчога акром яе асабiстай i яе блiзкай крывi. Калi хто чэпiць яе кроў, я-звяруга паспрабуе парваць агрэсара на шкамуты. Часам твой я-чалавек не можа стрымаць i падпарадкаваць сабе ўласную я-звяругу. Каб такую звяругу стрымлiваць i кантраляваць, iснуе дзяржава з яе "мы". Дзяжаўныя iнстытуты i заганяюць я-звяругу ў падпарадкаванне я-чалавеку. Мы з'яўляемся людзьмi толькi ў тым выпадку, калi кожная я-звяруга знаходзiцца пад кантролем. Каб называцца чалавекам, трэба iм заставацца нават у самыя драматычныя моманты жыцця. Як асабiста я буду сябе паводзiць, калi нешта жудаснае здарыцца з маiм дзiцёнкам? Пэўна, пабягу i адгрызу галаву ў злачынцы. Хутчэй за ўсё, я ад жудасцi страчу розум i ператваруся ў аслепленую помстаю звяругу. Але пакуль я знаходжуся ў светлым розуме, i з блiзкiмi мне людзьмi нiчога страшнага не здарылася, я мушу дамагацца адмены смяротнага пакарання для чужой я-звяругi. Мы — людзi, i павiнны пашыраць чалавечае за кошт звяружнага, а не множыць забойчае i звяружнае. Наша дзяржава абавязана скасаваць смяротнае пакаранне, каб стаць дзяржаваю чалавека... Адам ГЛОБУС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзяржава, у якой ёсць смяротнае пакаранне, плодзiць забойцаў. Пракурор, якi патрабуе смяротнае пакаранне для злачынцы — забойца. Суддзя, якi асуджае з
|
|