21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

...Не ведаючы мовы, сапраўдным беларусам нiколi не станеш

19.09.2009 14:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

...Не ведаючы мовы, сапраўдным беларусам нiколi не станеш   Напiсаць у любiмую газету збiралася даўно, але ўсё неяк адкладвала...  

Сёння ж, калi на яе старонках iдзе такая гучная размова аб стане роднай мовы, змаўчаць ужо не магу, не магу хаця б таму, што я адна з вельмi многiх вучняў, вучанiц выдатнага беларускага мовазнаўцы i пiсьменнiка, чалавека вялiкай душы i сэрца Фёдара Мiхайлавiча Янкоўскага, якi ўсё сваё жыццё прысвяцiў служэнню Мове. Гэта яго пяру належаць "Беларускiя прыказкi, прымаўкi, фразеалагiзмы", "Крылатыя словы i афарызмы", "Гiстарычная граматыка беларускай мовы", "Само слова гаворыць", "Прыпынiся на часiну", "Радасць i боль", "З далёкiх дарог" i iншыя добрыя, мудрыя кнiжкi.

Мы лiставалiся з iм. На святы ён заўсёды падпiсваў мне арыгiнальныя паштоўкi з партрэцiкамi Ф.  Скарыны, М. Багдановiча, Я.  Купалы, Я. Коласа, прысылаў кнiгi (свае i пра славутых людзей Беларусi), часопiсы i газеты з цiкавымi артыкуламi. Я ж, як магла i ўмела, чым-небудзь дзячыла: вiншавала з юбiлеямi праз радыёперадачу "Жадаю вам", сяды-тады высылала пасылачкi з вясковымi прысмакамi... Апошняе маё пiсьмо з маiм артыкулам у раёнцы "Няхай жыве родная мова" яму чытала ўжо яго верная спадарожнiца Серафiма Андрэеўна...

Сёлета 13 лiстапада споўнiцца 20 гадоў, як Фёдар Мiхайлавiч Янкоўскi пайшоў з жыцця. А найгалоўнейшы боль i клопат яго — усё жыве. Сведчаннем таму i дыскусiя вакол "Спадарынi...". Нiзкi паклон i газеце, i ўсiм яе аўтарам-чытачам за дасведчанасць, за пераканаўчасць, за рашучае жаданне баранiць сваё, не шкадуючы сiл. I адстаяць!

Я родам з Капыльшчыны, з сялянскай сям'i. Скончыла гiсторыка-фiлалагiчны факультэт педiнстытута iмя М. Горкага (цяпер педунiверсiтэт iмя М. Танка), працавала выхавальнiцай дзiцячага дома, школы-iнтэрната, выкладала мову i лiтаратуру (беларускую, рускую, нямецкую), гiсторыю i грамадазнаўства, 24 гады была намеснiкам дырэктара школы. Мела запрашэнне на паступленне ў аспiрантуру, але адмовiлася, таму што хацела, як той любiмы герой Андрэй Лабановiч з трылогii "На ростанях", вучыць роднай мове вясковых дзяцей. Вучыла, нялёгкай гэтай справе аддала ўсё сваё свядомае жыццё. Што ж на фiнiшы? Ды, як нi балюча гэта прызнаць, усцешнага мала — не чутно нiдзе нашай беларускай, праўду пiсала адна з чытачак: каб не радыё, дык i насамрэч забыўся б, у якой краiне жывеш. Там яшчэ — дзякаваць стваральнiкам — ёсць "Моўная хвiлiнка" i "Роднае слова", ёсць "Помнi iмя сваё" — перадача, якая кранае душу не толькi зместам (доўгi час я жыла надзеяй пачуць там прозвiшча бацькi, што прапаў без вестак), але i добрай мовай.

Залiшне будзе казаць, што я вельмi люблю яе, што ўсюды i заўсёды стараюся i пiсаць, i размаўляць толькi на ёй. Нават тады, калi вельмi цяжка. Але ж...

Лячылася неяк раз у санаторыi, адчувала сябе вельмi кепска. А тут — свята надыходзiць, Дзень настаўнiка. I просяць мяне выступiць. Спачатку аднеквалася, казала, што мне цяжка нешта гаварыць на публiку. Але ж потым падумала, што маё выступленне можа стаць прапагандаю роднага слова, i згадзiлася. Знайшла, што сказаць, прадумала, як, прачытала верш аднаго з любiмых сваiх паэтаў Сяргея Грахоўскага "Народная настаўнiца", потым два свае, невялiкiя...

Не чакала, што будзе такая ўвага, што пасля выступлення да мяне будуць падыходзiць зусiм незнаёмыя людзi, будуць дзякаваць, што я стану, можна сказаць, самым знакамiтым чалавекам у санаторыi. Ужо назаўтра са мной усе хораша вiталiся, а некаторыя мужчыны нават галантна цалавалi руку, гаварылi камплiменты. У тым лiку — нашай мове. Маўляў, вельмi ж хораша гучыць! I шкада, што так мала людзей на ёй размаўляе.

А летась мяне запрасiлi ў сталiцу на вяселле пляменнiцы. Зноў жа (хай прабачыцца!) рашыла скарыстаць яго, гэтае вяселле, яшчэ i для прапаганды роднага слова. Так i гаварыла, што вiншую маладых са шлюбам, што ён, у адрозненне ад рускамоўнага "брак", ад роднаснага "любiць", "любы", "любая", "любоў". I таму перш за ўсё я жадаю маладым любовi, без якой не бывае добрай, трывалай сям'i. Далей iшлi вершаваныя пажаданнi.

I зноў мяне (найперш мову!) зачаравана слухалi, зноў грымелi апладысменты. Што самае цiкавае — людзi падыходзiлi i, просячы прабачэння за памылкi, таксама гаварылi са мной па-беларуску.

Выступала я i на свяце вёскi (цяпер яны сталi традыцыйнымi), на пахаваннях сваiх землякоў, па-беларуску пастаралася падпiсаць i сцiплы помнiк маме. Пакуль на вясковых могiлках ён, вось гэткi, адзiн. Але ж папрашу, каб так падпiсалi i мой. Завяшчанне я яшчэ не напiсала, а "Запавет" — вось:

Як памру, то завязiце

На грудок высокi,

Каб мне бачыць ясна неба,

Сiнiя аблокi.

Як пабачу, пахавайце

Ля маёй матулi —

Пры дарозе, пад бярозай,

Каб мне чуць зязюлю.

I прыходзьце, хоць зрэдчасу

На грудкi-магiлы.

Успамiнайце добрым словам:

Мы дабру вучылi.

А яшчэ — любовi да людзей, да зямлi, да радзiмы. Не ведаю, як iншыя, а я вершы i песнi пра любоў да Беларусi на рускай мове катэгарычна не прымаю — я iм не веру i ўсё! У адной вось, напрыклад, спяваюць:

Светлоглазые, светлорусые,

Белорусы мы, белорусы мы,

Белорусы мы, белорусы мы.

Ды хоць сто разоў (мне так здаецца) праспявай гэтае "беларусы мы", а не ведаючы мовы, сапраўдным беларусам нiколi не станеш! Затое, як жа прыгожа гучыць зусiм просценькае (нядаўна пачула па радыё):

Бела-беларусачка,

Бела-беларусачка,

Мiлая спадарыня.

Яна — i мiлая, i спадарыня — упэўнена, застанецца, не толькi ў вершах i песнях — запануе ў побыце. У тым лiку дзякуючы любай "Звяздзе", яе журналiстам i яе чытачам, якiя, насуперак усяму, "помняць iмя сваё". З вялiкай радасцю я заўсёды слухаю песнi на словы майго земляка з Капыльшчыны Адама Русака: "Толькi з табою", "Не шукай ты мяне", "Бывайце здаровы" i многiя iншыя. Iх нельга не спяваць, iх нельга не любiць. Гэта шчасце, што ў нас нарэшце з'явiўся новы беларускамоўны мiнiстр культуры. У дзень прызначэння мне нават званiлi калегi пыталi: цi чула навiну? Я казала, што чула, чытала i вельмi рада, што цяпер буду чакаць i нейкiх зрухаў у бок беларушчыны, i таго, што загавораць па-беларуску мiнiстр адукацыi, старшыня Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Менавiта iм трэба падаваць прыклад iншым.

I апошняе. Дыскрымiнацыя нашай роднай мовы пачалася не ўчора. Пра яе я пiсала ў раённую газету, выступала на нарадзе з удзелам прадстаўнiка Мiнiстэрства асветы. На жаль, не была пачутай. I думаю, каб мы, ды ўсе, больш гаварылi i крычалi, а не маўчалi, дык мо i не мелi б сёння таго, што маем.

Ганна Iванаўна Верамей,

в. Языль, Старадарожскi раён.

P.S. Прабачце: напiсала — быццам у царкве паспавядалася, нават лягчэй крышку стала.

Прабачце: напiсала — быццам у царкве паспавядалася, нават лягчэй крышку стала.

I з гэтым памерцi гатова:

Не марна жыццё пражыла.

Каб толькi была наша мова,

Краiна валошкай цвiла!

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напiсаць у любiмую газету збiралася даўно, але ўсё неяк адкладвала... Сёння ж, калi на яе старонках iдзе такая гучная размова аб стане роднай мовы, з
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика