А творцы хто?
А творцы хто?
Магiляўчане выбiраюць ганаровую дзясятку выбiтных асобаў у гiсторыi свайго горада.
Праект "Творцы магiлёўскай гiсторыi" прапанавала гараджанам цэнтралiзаваная сiстэма
дзяржаўных публiчных бiблiятэк. Яе дырэктар Галiна Краўчанка заўважыла, што маладыя
людзi цiкавяцца расiйскiм выданнем "100 чалавек, якiя змянiлi ход гiсторыi". З
гэтага i нарадзiлася iдэя правесцi сваё апытанне грамадскай думкi.
— Проста я задумалася: а цi ведаюць магiляўчане пра тых, хто ствараў нашу гiсторыю? — расказала яна. — Таму наш праект — гэта не проста манiторынг, але яшчэ i добрая асветнiцкая праца. Бiблiятэкары звярнулiся да гараджан з пытаннем: "Каго з землякоў Вы лiчыце выбiтной асобай?" I прапанавалi спiс з амаль двух дзясяткаў вядомых прозвiшчаў. Сярод iх друкары, асветнiкi, навукоўцы, грамадскiя i рэлiгiйныя дзеячы, пiсьменнiкi, мастакi, краязнаўцы. У апытаннi ўжо ўзялi ўдзел каля тысячы магiляўчан. Людзi галасуюць на гарадскiх iнтэрнэт-сайтах i ў цэнтральнай гарадской бiблiятэцы. Там кожныя некалькi дзён абнаўляюцца звесткi пра дзясятку лiдараў. Пакуль спiс творцаў магiлёўскай гiсторыi ўзначальвае Ота Шмiдт — навуковец, акадэмiк, Герой Савецкага Саюза, арганiзатар асваення Паўночнага марскога шляху. На другiм месцы пiсьменнiк Канстанцiн Сiманаў, якi прысвяцiў свае творы абаронцам Магiлёва ў Вялiкую Айчынную вайну. А на трэцiм — мастак Павел Масленнiкаў, iмя якога носiць Магiлёўскi мастацкi музей. Сярод папулярных гiстарычных асобаў — самыя розныя людзi. Напрыклад, праваслаўны архiепiскап Георгi Канiскi, якi жыў у ХVIII стагоддзi, а цяпер прылiчаны да лiку святых. Ураджэнец Магiлёва Мiхаiл Судзiлоўскi, якi стаў географам-вандроўнiкам, а потым — прэзiдэнтам Гавайскай Рэспублiкi. Спiрыдон Собаль — друкар, якi ў ХVII стагоддзi выдаў першы беларускi буквар. Губернатар Аляксандр Дэмбавецкi, якi напрыканцы ХIХ стагоддзя склаў унiкальны "Вопыт апiсання Магiлёўскай губернii". — У нашай анкеце можна не толькi выбраць дзесяць чалавек са спiсу, але i зрабiць свае прапановы, — паказвае стос анкет Галiна Краўчанка. — Напрыклад, я запiсала Мiкалая Гартынскага, гiсторыка i асветнiка ХIХ стагоддзя. Людзi ўзгадваюць цяперашнiх кiраўнiкоў горада i краiны, краязнаўцаў, дзеячаў культуры. А адзiн магiляўчанiн запiсаў свайго дзеда Фёдара, танкiста. Галасаванне па творцах магiлёўскай гiсторыi працягнецца яшчэ некалькi месяцаў. Пасля таго, як дзясятка канчаткова вызначыцца, бiблiятэчная сiстэма мяркуе выдаць буклет i зрабiць электронную прэзентацыю, прысвечаныя кожнай асобе i, за адным разам, Магiлёву часоў яе жыцця. У планах наступнага года — выданне дзiцячай энцыклапедыi па гiсторыi Магiлёва. Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Магiляўчане выбiраюць ганаровую дзясятку выбiтных асобаў у гiсторыi свайго горада. Праект "Творцы магiлёўскай гiсторыi" прапанавала гарадж |
|