ЛІЛЕI ПАД ДАЖДЖОМ
ЛІЛЕI ПАД ДАЖДЖОМ
У выхадныя зноў дождж. Асаблiва даняў у суботу: як пачаўся на свiтаннi, то сыпаў, сыпаў... А на рынку поўная "безнадзёга". Прадаўцы i пакупнiкi пад парасонамi, а тавар прыкрыты плёнкай. Шкада было куранят, якiя ад холаду цiснулiся ў клетках. Прапаноўвалася бульба з гуркамi ды памiдоры з ягадамi — тавар знаёмы. Праўда, ягад значна паменшала. Клубнiцы знiкаюць, а найбольш чарнiц ды парэчак. На рынку было б сумна, калi б не кветкi. Яны напамiнаюць пра лета i пра тое, што яшчэ ёсць надзея на сонца i цяпло. Кветкi прадаюць на пасадку. Тыднi два таму рынак запаланiлi касачы. Выкапаныя з карэннем, яны стаялi ў вёдрах i прыцягвалi ўвагу каляровай гамай. Тут барвова-залацiста-белыя, а там — сiне-фiялетавыя. Касачы — кветкi вытанчаныя i вельмi прыгожыя, але ўсё ж па дэкаратыўнасцi ўступаюць лiлеям. Апошнiя выглядаюць больш велiчна. Настаў час лiлей. Можна выбраць i пасадзiць каля свайго дома. Лiлеi — даволi папулярныя кветкi, i праязджаючы па прыватным сектары, з акна аўтобуса бачыш, што яны растуць на многiх участках. У прыродзе iснуе каля ста вiдаў лiлей, але на рынку выбар адносна невялiкi. Мне падалося, што гатункаў не набярэцца i дзесяцi, а ў вочы найперш кiдаецца iх колер. Але большасць лiлей у жоўта-залацiстай гаме, многа чырвоных, а вось белых — адзiнкi. Лiлеi барвовага цi цёмна-фiялетавага колеру прыцягваюць увагу, але, на мой погляд, яны саступаюць белым. Не магу сцвярджаць, што лiлея Царская самая прыгожая, але яна вельмi эфектная. А яшчэ ёсць лiлеi Тыгровыя, Давiда, Шафранавыя i iнш., а самая высокая лiлея Леапардавая — дасягае двухметровай вышынi! У мiнулым лiлея лiчылася сiмвалам чысцiнi i бязвiннасцi. Яе выяву можа ўбачыць i на гербе, напрыклад, французскiх каралёў. А сёння гэтыя кветкi ўпрыгожваюць сядзiбы, паркi i хораша глядзяцца асобнымi купкамi. Дарэчы, лiлеi рэдка выкарыстоўваюцца для букетаў — на йлепшае для iх месца — сад, клумбы... Канец лiпеня i жнiвень — час пасадкi лiлей. Можна вырошчваць iх i насеннем, але гэта даволi працяглы працэс. Прасцей будзе высаджваць цыбулiнкамi, а найлепш купiць раслiну падчас цвiцення: хоць бачыш, што набыў. Я не вялiкi спецыялiст па гэтых кветках, але ведаю, што глыбiня пасадкi лiлей з надцыбулькавымi каранямi да 25 см, для iншых — на 10—12 см, а вось для белай — 3-5 см. Калi лiлеi пасадзiць не на адкрытай прасторы, а пры частковым зацненнi, то яны лепш растуць i больш пышна цвiтуць. На зiму кветкi не выкопваюць, а ўкрываюць карэнне лiсцем цi торфам. Але з пакупкай лiлей не трэба спяшацца. Вось я пахадзiў па рынку i не магу сказаць каб нейкi гатунак прываражыў. Кветкi прыгожыя, асаблiва пад дажджом — гараць. Толькi хочацца незвычайных, каб зачароўвалi... I нiчога страшнага, што не ўдалася знайсцi лiлею па душы — неўзабаве яны адыдуць i з'явяцца хрызантэмы — о-о-о, якая гэта прыгажосць!.. Ды ўвогуле кветкi як дзяўчаты — прайшла прыгажуня, вачэй не адарваць, а следам iдзе яшчэ... Сымон Свiстуновiч, фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У выхадныя зноў дождж. Асаблiва даняў у суботу: як пачаўся на свiтаннi, то сыпаў, сыпаў... А на рынку поўная "безнадзёга". Прадаўцы i пакупн |
|