Масты з цэлым светам
Масты з цэлым светам
Па волi лёсу мы нарадзiлiся ў Беларусi, значыць, менавiта тут мы патрэбныя, значыць гэта зямля чакае нашых поспехаў, нашай самарэалiзацыi. Дзе нарадзiўся, там i прыгадзiўся — мовiць прыказка. Аднак часам той жа лёс паварочвае так, што людзi апынаюцца далёка за межамi Бацькаўшчыны. Колькасць беларусаў ў замежжы не так лёгка адсачыць, аднак, паводле розных звестак, iх там каля 3,5 мiльёна. I настальгiя — далёка не адзiная праблема, якая клапоцiць iх на чужыне. Куды большую трывогу выклiкае праблема захавання нацыянальнай iдэнтычнасцi. Гэта i стала ключавой тэмай для абмеркавання на 5-м з'ездзе беларусаў свету мiжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". У цяперашнюю эпоху глабалiзацыi i касмапалiтызму нацыянальная самабытнасць, можа стацца, пад пагрозай растварэння. Тым больш важныя беражлiвасць i трапяткое стаўленне да гэтага скарбу. Як слушна заўважыў пасол Швецыi ў Беларусi Стэфан Эрыксан у сваёй вiтальнай прамове да ўдзельнiкаў форуму, перад тым, як стаць еўрапейцам, грамадзянiнам свету, важна ўсё ж такi заставацца беларусам. На думку дыпламата, наша гiсторыя, культура, мова — гэта тое, што робiць нас, беларусаў, унiкальнымi. "I менавiта гэтым вы цiкавыя для нас i для астатняга свету. Тое, што добра працуе прамысловасць i сельская гаспадарка — гэта цудоўна, але самае вартае, што вас робiць беларусамi, — гэта ўсё ж такi ваша культура". Словы дыпламата пралiвалiся бальзамам на душу не толькi з-за сэнсу прамовы, але яшчэ i таму, што гаварыў ён на найчысцейшай беларускай мове. Нядаўняе пацяпленне адносiнаў з Еўрасаюзам адчувальнае для беларусаў замежжа i вiтаецца iмi. Мне здаецца, мы ўсё ж павiнны прыйсцi да згоды, да дыялогу. Наша цывiлiзацыя проста не перажыве, калi будзе па-iншаму. Мы зараз падышлi i да таго ўзроўню камунiкацый, i да таго ўзроўню праблем, у першую чаргу экалагiчнага характару, што калi не знойдзем агульную мову, агульны новы свет, мы папросту згiнем", — мяркуе Таццяна Царук, ураджэнка Навагрудка, якая ўжо каторы год жыве ў Польшчы. "Я фотамастак i выстаўляю свае здымкi, менавiта звязаныя з Беларуссю. Часта прыходзяць людзi, якiя памятаюць i беларускую мову, i гэту зямлю, i хочуць паехаць сюды. Яны прыносяць нейкiя памяткi, здымкi, цiкавяцца — а як там у Беларусi?". I фотаработы спадарынi Таццяны — яшчэ адзiн напамiн аб радзiме, згадка пра тое, што тут варта бываць. Бываць часцей, бываць не госцем... Беларуска ў Польшчы сумуе па нашай вёсцы, па Свiцязi i бывае на радзiме штогод: "Для мяне няма лета, калi я хоць адну ноч не пераначую на сене, не пакупаюся ноччу ў Свiцязi — гэта такi цуд, гэта мая сувязь беспасрэдная з маёй зямлёй, не звязаная нi з палiтыкай, нi з чым. Проста мая зямля. Стаўленне да гэтага вельмi трапяткое". Шкадуе яна i аб тым, што "польская мяжа з'яўляецца сур'ёзным парогам, якi не дазваляе свабодна перамяшчацца. У Наваградку нават нельга зрабiць вiзу ў Польшчу. Мне здаецца, што гэта якраз на ўзроўнi ўладаў — вырашыць гэту праблему". Распавяла i пра сваю дачку, якая вучыцца ў Польшчы, авалодвае майстэрствам культурнай дыпламатыi: "На гэта яе натхнiла асоба Мiцкевiча. Гэта чалавек-мост, чалавек-дыялог. Мая дачка хацела б быць будаўнiком мастоў памiж народамi, памiж культурамi". Спадарыня Таццяна прыкмячае пазiтыўныя змены, якiя адбылiся за той час, што яна жыве па-за межамi Радзiмы: "Беларусы пачалi не саромецца таго, што яны беларусы, незалежна ад мовы, на якой размаўляюць. У iх ёсць нешта агульнае — свая зямля, i яны за яе трымаюцца. I не хочуць, каб у нашы справы умешвалiся нi з захаду, нi з усходу. У нас ёсць свая краiна i мы з'яўляемся грамадзянамi гэтай краiны. Беларусы пачалi ўсведамляць сябе грамадзянамi сваёй краiны — гэта вельмi важна". Пакуль iснуе адзiны культурны цэнтр Беларусi па-за межамi краiны — у Польшчы, — адзначыў мiнiстр культуры Павел Латушка, якi раней узначальваў дыпламатычнае прадстаўнiцтва Беларусi ў Польшчы. Менавiта структурнай часткай пасольства i з'яўляецца культурны цэнтр. Міністр падзя-каваў удзельнiкам з'езда за тое, што яны зберагаюць па-за межамi нашай Бацькаўшчыны сувязь са сваiмi каранямi, памятаюць, адкуль яны родам, паважаюць сваю радзiму, захоўваюць традыцыi беларускай культуры. Спадар Латушка мяркуе, што захаванне, умацаванне i далейшае развiццё беларускай нацыi, нашай культуры i мовы i, зразумела, галоўнага — дзяржаўнасцi — яднаюць i ствараюць добрую платформу для развiцця дыялогу i супрацоўнiцтва памiж радзiмай i дыяспарай. "Калi ж гатоўнасць да дыялогу будзе з абодвух бакоў, то ў вынiку мы не будзем бакамi, а разам будзем рабiць добрую справу для нашай радзiмы", — упэўнены мiнiстр. "Iснуе перакананне нашых суайчыннiкаў, што нiбыта мала робiцца для беларускай культуры тут, на радзiме", — адзначыў кiраўнiк Мiнкульта. Каб пераканаць прысутных у адваротным, ён прывёў iнфармацыю пра рэканструкцыю гiсторыка-культурных каштоўнасцяў i ўзвядзенне новых культурных аб'ектаў, правядзенне фестываляў i гастролi творчых калектываў. У Беларусi заснавана камiсiя пры Савеце Мiнiстраў па выяўленнi, вяртаннi, сумесным выкарыстаннi i ўвядзеннi ў навуковы, культурны ўжытак нацыянальных культурных каштоўнасцяў, якiя апынулiся за межамi Беларусi. I дапамога дыяспары тут была б да месца. Звяртаючыся да беларусаў замежжа, мiнiстр культуры падкрэслiў: "Для нас сапраўды вельмi важны працэс вяртання нашых нацыянальных каштоўнасцяў, i калi вы можаце нам дапамагчы ў гэтым складаным працэсе, мы будзем вам за гэта ўдзячныя". Мiнiстэрства культуры гатовае i адкрытае да супрацоўнiцтва як з грамадскiмi арганiзацыямi беларусаў за мяжой, так i з канкрэтнымi асобамi ў справах беларускай культуры, знаёмства з нашай культурай замежных краiн, прэзентацыi культурных дасягненняў беларусаў замежжа на Бацькаўшчыне, — запэўнiў Павел Латушка. "Для нас важным прыярытэтам з'яўляецца максiмальна шырокая дэманстрацыя культуры за мяжой. Беларуская культура правамерна з'яўляецца неад'емнай часткай еўрапейскай, сусветнай культурнай прасторы". Звяртаючыся да дзеячаў беларускага замежжа, мiнiстр зазначыў: "Мы разглядаем вас як партнёраў па дэманстрацыi беларускай культуры за мяжой". Ён пацвердзiў гатоўнасць ўнесцi прапановы ў распрацоўку ўрадавай праграмы "Беларусы свету", напаўненне яе палажэнняў канкрэтным зместам. Сёлета, у Год роднай зямлi, усе беларусы — i тыя, хто пражывае на роднай зямлi, i тыя, што апынулiся па-за яе межамi", — павiнны згуртавацца. Спадар Латушка мяркуе, што дыяспара не павiнна страчваць сувязi з метраполiяй, а дзяржава ў сваю чаргу павiнна праявiць больш клопату аб суайчыннiках за мяжой. Алег Рудакоў, старшыня Iркуцкага таварыства беларускай культуры iмя Яна Чэрскага, падзялiўся з прысутнымi досведам беларускай супольнасцi ў Прыбайкаллi. Паводле яго слоў, беларускае таварыства лiчыцца там самым актыўным, самым наватарскiм i самым моладзевым з усiх 40 нацыянальна-культурных аб'яднанняў вобласцi. "Сакрэт нашай актыўнасцi — вельмi просты: мы самаахвярна працуем на выхаванне беларускага шчырага патрыятызму, у першую чаргу сярод моладзi", — "раскрывае карты" спадар Рудакоў. I гэта, вiдаць, спрацоўвае, бо ў беларускай супольнасцi сёння 11 аддзяленняў у Iркуцкай вобласцi, 17 творчых калектываў, выдаецца ўласны бюлетэнь, праводзiцца абласны фэст-конкурс "Гучы, гоман беларускi". падзялiўся з прысутнымi досведам беларускай супольнасцi ў Прыбайкаллi. Паводле яго слоў, беларускае таварыства лiчыцца там самым актыўным, самым наватарскiм i самым моладзевым з усiх 40 нацыянальна-культурных аб'яднанняў вобласцi. "Сакрэт нашай актыўнасцi — вельмi просты: мы самаахвярна працуем на выхаванне беларускага шчырага патрыятызму, у першую чаргу сярод моладзi", — "раскрывае карты" спадар Рудакоў. I гэта, вiдаць, спрацоўвае, бо ў беларускай супольнасцi сёння 11 аддзяленняў у Iркуцкай вобласцi, 17 творчых калектываў, выдаецца ўласны бюлетэнь, праводзiцца абласны фэст-конкурс "Гучы, гоман беларускi".Яшчэ адзiн беларускi культурны цэнтр можа ўзнiкнуць у Лiтве. Дакладней, Культурны цэнтр Якуба Коласа ў Лiтве ўжо зарэгiстраваны i юрыдычна iснуе, а фактычна будынка пакуль няма — ёсць толькi пляц пад забудову, справа цяпер толькi за грашыма. Старшыня таварыства беларускай культуры ў Лiтве, а цяпер i дырэктар культурнага цэнтра Хведар Нюнька лiчыць стварэнне культурнага цэнтра вялiкiм дасягненнем, сумеснай перамогай на працягу апошнiх 20 гадоў. "Будзе i бiблiятэка, i музей Якуба Коласа", — дзелiцца планамi дэлегат з'езда. Будуць у культурным цэнтры i згадкi пра слыннага дзеяча Iвана Луцкевiча, паколькi захады па аднаўленнi музея Луцкевiча ў тым будынку, у якiм ён быў, засталiся безвынiковымi. Колькасць беларусаў у Лiтве, паводле слоў спадара Нюнькi, змяншаецца: калi ў 1989 годзе iх было 63 тыс., то сёння iх 42 тыс., i раней яны складалi 1,7 працэнта насельнiцтва, а цяпер толькi 1,2 працэнта. Самае галоўнае ў захаваннi свайго нацыянальнага "я", на думку дэлегата, — гэта мова. "Лiтовец не можа зразумець, як збiраюцца два беларусы i гавораць не па-беларуску. Сякiя-такiя зрухi да лепшага ўсё ж адбываюцца, i будзем спадзявацца, што беларускае замежжа будзе ў гэтым дапамагаць. Мы хочам, каб уязджаючы ў Беларусь, мы адчувалi, што мы прыехалi на сваю радзiму. Трэба ў першую чаргу спрыяць, каб былi беларускiя школы ў гарадах, беларускiя ВНУ". Праца з суайчыннiкамi за мяжой з'яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палiтыкi Беларусi — падкрэслiў, выступаючы на з'ездзе, Леанiд Гуляка, упаўнаважаны па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў. Ён нагадаў, што МЗС сумесна з Апаратам Упаўнаважанага распрацаваны праект закона аб суайчыннiках за мяжой. Пасля разгляду ва Урадзе краiны гэты праект быў накiраваны ў МЗС на дапрацоўку з шэрагам заўваг i прапаноў. "Мяркуем, што з улiкам яшчэ i прапаноў дэлегатаў i гасцей з'езда праект закона будзе дапрацаваны, канчатковы дакумент здыме шэраг праблемных пытанняў, якiя хвалююць дыяспару, i дасць падставу нарматыўна рэгламентаваць узаемаадносiны Беларусi з суайчыннiкамi па асноўных напрамках узаемнай дзейнасцi". I ўдзельнiкi чарговага з'езда беларусаў свету, якiя праводзяцца не радзей за адзiн раз на чатыры гады, — больш за 200 дэлегатаў ад Беларусi i два дзясяткi краiн замежжа — такiя прапановы вылучылi. Яны лiчаць справядлiвым, каб беларусы замежжа мелi магчымасць атрымлiваць бясплатныя вiзы для наведвання Радзiмы, каб працэдура рэгiстрацыi для iх пры ўездзе ў Беларусь была адменена, каб была магчымасць атрымлiваць на льготных умовах сярэднюю i вышэйшую адукацыю ў Беларусi... Шэраг iнiцыятыў датычыцца роднай мовы. У прынятым з'ездам дакуменце "Беларуская мова — аснова незалежнасцi Беларусi" дэлегаты звяртаюцца да дзяржаўных органаў з просьбай "неадкладна пачаць выпраўленне сiтуацыi з мэтай хутчэйшага стварэння адукацыйных ланцужкоў "дзiцячы садок — школа — ВНУ", якiя дадуць магчымасць для кожнага беларуса атрымаць поўны курс адукацыi на сваёй роднай мове", "прывесцi ў адпаведнасць з колькасцю жыхароў Беларусi, для якiх беларуская мова з'яўляецца роднай (74 працэнты ў 1999 годзе), часу эфiрнага вяшчання на беларускай мове дзяржаўных каналаў тэлебачання i радыё ў Беларусi", стварыць моўнае асяроддзе праз вонкавую рэкламу на беларускай мове. Дэлегаты з'езда заклiкаюць таксама спрыяць арганiзацыям беларусаў замежжа ў падпiсцы на беларускамоўныя выданнi Беларусi. Дэлегаты прапануюць таксама стварыць Камiтэт па справах беларусаў замежжа ва Урадзе i адпаведную камiсiю ў парламенце, а таксама спецыяльны навуковы аддзел па вывучэннi беларускай дыяспары ў Нацыянальнай акадэмii навук. Яны таксама звярнулiся да ўладаў i грамадскасцi з iнiцыятывамi па святкаваннi 600-годдзя Грунвальдскай бiтвы. З нагоды юбiлейнай даты прапануецца ўсталяваць у цэнтры Мiнска адпаведны манумент. У вынiковай рэзалюцыi з'езда пазiтыўна ацэньваюцца нядаўнiя крокi па нармалiзацыi адносiнаў памiж Беларуссю i Еўрасаюзам. Свой унёсак у гэты працэс робяць i нашы суайчыннiкi за мяжой — яны нiбы масты памiж намi i iншымi нацыямi, культурамi. I сачыць за тым, каб гэтыя сувязi былi трывалымi, — агульная справа. Зоя ВАРАНЦОВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па волi лёсу мы нарадзiлiся ў Беларусi, значыць, менавiта тут мы патрэбныя, значыць гэта зямля чакае нашых поспехаў, нашай самарэалiзацыi. Дзе нарадзi |
|