21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Бiзнэсоўцы просяць справядлiвага кантролю

19.09.2009 14:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Бiзнэсоўцы просяць справядлiвага кантролю

Упарадкаваць праверкi суб'ектаў гаспадарчай дзейнасцi заклiканы новы Указ Прэзiдэнта "Аб удасканаленнi кантрольнай (назiральнай) дзейнасцi ў Рэспублiцы Беларусь", якi цяпер яшчэ ў выглядзе праекта ўзгадняецца ў мiнiстэрствах i ведамствах. Гэты дакумент павiнен прыйсцi на змену мараторыю на праверкi, якi быў аб'яўлены Указам Прэзiдэнта № 689 у снежнi мiнулага года. Дзелавая супольнасць ужо паспела азнаёмiцца з тэкстам праекта новага Указа i выказала сваё бачанне гэтага дакумента ў лiсце ад ГА "Мiнскi сталiчны саюз прадпрымальнiкаў i працадаўцаў". Пра тое, што падабаецца i не падабаецца бiзнэсоўцам у новым дакуменце, пра iх погляд на сiстэму кантролю ў краiне мы гутарым з Вiктарам Маргелавым, першым вiцэ-старшынёй ГА "МССПiП", старшынёй саюза юрыдычных асобаў "Рэспублiканская канфедэрацыя прадпрымальнiцтва", дырэктарам гандлёвага прадпрыемства "Трыдакта":

— Вiктар Ягоравiч, давайце пачнём трохi здалёк, яшчэ да мараторыя на праверкi. Чаму ўзнiкла неабходнасць упарадкаваць кантрольную дзейнасць?

— Да праекта Указа i да мараторыя кантрольна-назiральная дзейнасць у нашай краiне ажыццяўлялася самастойна кантралюючымi органамi i па ўласных планах. Яны самi вызначалi аб'екты праверак, прыярытэтныя напрамкi сваёй дзейнасцi, i атрымлiвалася так, што адны суб'екты гаспадарання атрымлiвалi большую колькасць праверак, а другiя — меншую, або наогул не правяралiся. Прычым складана нават сказаць, па якiх крытэрыях так адбывалася. Часцей за ўсё гэта быў набор выпадковасцяў. Таксама ў нас ёсць шэраг кантралюючых органаў, якiя мелi права праверкi любога суб'екта гаспадарання ў любы час — гэта Мiнiстэрства па падатках i зборах, санiтарныя службы, Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях.

— Як змянiлася сiтуацыя пасля аб'яўлення мараторыя? Кантралёры ў дзверы больш не грукаюць?

— Пытанне аб удасканаленнi кантрольна-назiральнай дзейнасцi стаяла даўно, ёсць яно i ў Плане па лiбералiзацыi эканамiчных адносiнаў. Я лiчу, што было прынята правiльнае рашэнне ўвесцi мараторый на праверкi да ўпарадкавання кантрольна-назiральнай дзейнасцi новым Указам Прэзiдэнта. Дзелавая супольнасць прапаноўвала, гэта запiсана i ў Нацыянальнай платформе бiзнэсу, увесцi мараторый на праверкi на перыяд актыўнай часткi эканамiчнага крызiсу, гэта значыць на год цi два. Такая прапанова актуальная i сёння. Ёсць станоўчая практыка: у Рэспублiцы Казахстан, дзе ўводзiлi мараторый на праверкi, атрымалi павелiчэнне паступленняў у бюджэт i дастаткова актыўнае развiццё бiзнэсу. Гэта было, наколькi я памятаю, у 2003 годзе.

Што адбывалася ў перыяд мараторыя? Спачатку быў эфект нечаканасцi: кантралюючыя органы пайшлi i далей правяраць, нават нягледзячы на мараторый. I суб'ектам гаспадарання даводзiлася адстойваць законнасць таго, што iх нельга правяраць. I да нас прыходзiлi. Мы паказваем iм Указ Прэзiдэнта, дзе напiсана, што iм забаронена хадзiць, а яны стэлефаноўваюцца з начальствам i спрабуюць даказаць нам, што гэта не iм забаронена, а iншым. Тым не менш, дзеля справядлiвасцi трэба сказаць, што праз нейкi час абсалютная большасць кантралюючых органаў альбо спынiлi свае праверкi, альбо значна iх паменшылi ў гэты перыяд.

Зараз кантралюючыя органы ў чаканнi. Чамусьцi на слыху толькi шэсць месяцаў мараторыя, i ўсе чакалi яго зняцца з 1 лiпеня.

— Тэкст праекта Указа Прэзiдэнта "Аб удасканаленнi кантрольнай (назiральнай) дзейнасцi ў Рэспублiцы Беларусь" вы ўжо прааналiзавалi. Як зменiцца сiтуацыя з прыняццем дакумента?

— Згодна з праектам Указа, прадпрыемствы будуць разбiтыя на тры групы рызыкi: высокую, сярэднюю i нiзкую. Група з высокай рызыкай будзе правярацца як i раней — планавыя праверкi не радзей за адзiн раз на год. Сярэдняя — адзiн раз ў тры гады, нiзкая — адзiн раз у пяць гадоў. Прычым ёсць умовы, пры якiх сярэдняя i нiзкая могуць i не правярацца зусiм. З аднаго боку, у дакумент быў закладзены правiльны падыход. Але, на жаль, калi паўстала пытанне крытэрыяў, каго ў якую групу адносiць, эксперты дзелавой супольнасцi заўважылi, што для абсалютнай большасцi прадстаўнiкоў малога i сярэдняга бiзнэсу сiтуацыя не толькi не зменiцца, але можа нават i пагоршыцца.

Што больш за ўсё не спадабалася экспертам? Ну, напрыклад, тое, што прадпрыемства аўтаматычна адносiцца да групы высокай рызыкi пры наяўнасцi скаргаў ад фiзiчных i юрыдычных асобаў. Вельмi складана назваць прадпрыемства, у якога няма скаргаў, асаблiва сярод тых, хто працуе непасрэдна са спажыўцамi. Дый скарга скарзе рознiца. Ёсць у нас i спажыўцы-экстрэмiсты, якiя любой цаной дабiваюцца сваiх мэтаў, нават калi яны i незаконныя. I скаргi — важны элемент iх дзейнасцi. I атрымлiваецца, што варта толькi аднаму такому спажыўцу напiсаць скаргу — i прадпрыемства пазбаўляецца сярэдняй або нiзкай катэгорыi i ўсе кантралюючыя органы пачнуць яго правяраць. А яшчэ калi раней кантралюючыя органы па сваiх крытэрыях складалi планы i ў iх можна было не патрапiць, бо з няпрофiльных кантралёраў толькi раз у 7-10 гадоў нехта прыходзiў, то цяпер атрымлiваецца, што ўсе кантралюючыя органы будуць прыходзiць да групы высокай рызыкi штогод...

Цi вось узяць ажыццяўленне лiцэнзаванай дзейнасцi: пры любым парушэннi, нават самым дробным, прадпрыемства пераходзiць у групу высокай рызыкi. Разумееце, не памыляецца той, хто не працуе. Калi б яшчэ было напiсана "грубае парушэнне", то гэта зразумела. А так, умоўна кажучы, недакуркi ля ўвахода ў краму валяюцца — гэта ўжо парушэнне лiцэнзаванай дзейнасцi, бо крама павiнна падтрымлiваць чысцiню. Нармальная з'ява, калi лiцэнзуючы орган прыйшоў з праверкай, выявiў дробныя недахопы i напiсаў прадпiсанне, а мы iх выправiлi. А цяпер што? Запiсалi пра тыя ж недакуркi — i ты ў групе высокай рызыкi? Што рабiць: суб'ектам гаспадарання дамаўляцца, каб наогул не пiсалi?.. Мы лiчым, што гэта несправядлiва.

— Здаецца, патрапiць у групу высокай рызыкi яшчэ не самае страшнае, бо можна i гаспадарчую дзейнасць спынiць, правiльна?

— Так, пры некаторых парушэннях прадпрыемствы могуць быць лiквiдаваныя без права ўзнаўлення дзейнасцi на працягу трох гадоў. От, напрыклад, адзiн пункт, якi нiбыта i справядлiвы, але з-за яго прадпрыемствы, якiя гандлююць падакцызнымi таварамi, могуць жорстка паплацiцца. Гэты пункт пра ўвоз, перавозку i захоўванне на тэрыторыi краiны тытунёвых i алкагольных вырабаў без акцызных марак альбо без суправаджальных дакументаў — за яго парушэнне якраз можна спынiць гаспадарчую дзейнасць. Але калi б тут было ўдакладненне "на суму болей за адну базавую велiчыню", то ўсе дробныя выпадкi былi б выключаны. Жыццё заўсёды багацейшае за розныя правiлы: кожны дзень у вiнна-гарэлачным аддзеле прадавец правярае наяўнасць акцызных марак i кожны раз якую-небудзь марку падклейвае. Бо цi пакупнiк выпадкова пашкодзiў, цi сама адвалiлася... I вось у цябе адной-дзвюх марак няма — i ты падпадаеш пад каток дзяржмашыны. Цi возьмем звычайную перасорцiцу: узяў скрыню вiна на базе. Усе бутэлькi разлiтыя 23 лiстапада, а адна — 24-га. На базе не даглядзелi, i ты прапусцiў. I сертыфiкат ёсць, i штрыхкоды, i акцызы — але гэтая адна бутэлька па даце не супадае з дакументамi. I вось за такую бутэльку па заканадаўстве можна не толькi пакараць працаўнiка цi краму, але i закрыць вялiкую гандлёвую сетку, прычым без права ўзнаўляць дзейнасць на працягу трох гадоў.

Зыходзячы з такiх акалiчнасцяў, мы прапануем, каб у нашых нарматыўных актах, у тым лiку i ў такiм важным, пра праверкi, пашыраўся спiс малазначных з'яў, каб там, дзе няма вялiкага маштабу, прымянялiся звычайныя меры: ды забярыце вы гэту бутэльку, канфiскуйце, але ж нельга пазбаўляць працы ўсю гандлёвую сетку, якая можа налiчваць i 500 чалавек.

— У праекце Указа ёсць новыя тэрмiны — "манiторынг" i "пазапланавая тэматычная аператыўная праверка". Як ацэньваеце iх фармулёўкi?

— Тэрмiн "манiторынг", якiм будуць карыстацца санiтарныя службы, нам не падабаецца. Мы лiчым, што яго трэба канкрэтызаваць. Манiторынг — гэта калi санслужбы адсочваюць сiтуацыю па аналiзе прадукцыi, па iншай сваёй iнфармацыi. А калi яны будуць хадзiць на аб'екты, то гэта будзе тая самая праверка з усiмi актамi, пратаколамi i iншай пiсанiнай.

Што датычыцца пазапланавых тэматычных аператыўных праверак, то сутнасць iх не адрознiваецца ад падатковых рэйдаў. Праўда, яны будуць праводзiцца па прадпiсаннi намеснiка мiнiстра па падатках i зборах, але, я мяркую, яму будзе няцяжка выдаць пастанову правесцi праверкi — i на месцах будзе ўсё так, як i раней.

Ну i засталiся яшчэ дзве, на нашу думку, несправядлiвасцi. Па-першае, нават калi ў суб'екта гаспадарання праверылi касавую дысцыплiну 10 разоў i нiчога не знайшлi, то, на жаль, няма падстаў не прыйсцi да яго яшчэ i ў 11-ы раз. Я лiчу, што калi ў цябе нешта праверылi i не знайшлi парушэнняў, то мiнiмум год не павiнны правяраць гэтае пытанне. Iншыя аспекты, калi ласка, прыходзь i правярай. I другая несправядлiвасць — гэта прад'яўленне дакументаў па вынiках пазапланавых праверак. У праекце напiсана, што iх можна падаць на наступны дзень, за выключэннем тых, якiя павiнны быць на момант праверкi ў гандлёвым пункце. Вось тут i хаваецца праблема. Мiнулай восенню мы апынулiся ў такой сiтуацыi. Праблема ў тым, што, напрыклад, пасведчаннi гiгiенiчнай рэгiстрацыi выдаюцца не з кожнай партыяй тавару, а толькi з першай, бо маюць працяглы тэрмiн дзеяння. I вось у невялiчкую кавярню, дзе працуюць толькi бармэн i кухар, прыйшла падатковая. I папрасiлi iнспектары акрамя накладных i сертыфiкатаў пасведчанне аб гiгiенiчнай рэгiстрацыi на пiва. Яго прывозiлi якраз год таму, i перад бармэнам стаяла задача: у вялiкiм архiве сертыфiкатаў i ўсяго iншага адшукаць гэты дакумент, прычым у самы сцiслы тэрмiн. Ён гэтае пасведчанне шукаў дзве гадзiны, i знайшоў, але дваццаццю хвiлiнамi раней iнспектар ужо склаў акт на тое, што пасведчання няма. У вынiку мы судзiлiся, i дзякуючы таму, што ў нас вялiкая практыка, судовае рашэнне было на нашу карысць. Але ж не кожны зможа выйграць суд супраць аўтарытэтнай iнстанцыi. Гэта значыць я не бачу нiчога страшнага, каб адпаведны дакумент можна было падаць на наступны дзень.

— У згаданым вышэй лiсце вы пiсалi i пра механiзм узаемадзеяння таго, хто скардзiцца, i таго, на каго скардзяцца. Што тут маеце на ўвазе?

— Трэба добра разбiрацца, хто праiнфармаваў пра нейкiя парушэннi. Вельмi часта кантралюючыя органы спасылаюцца на скаргi, але нiхто не кажа, хто скардзiўся, калi i на што. Адна рэч, калi разам з праверкай прыходзiць скаржнiк i кажа: "Я стамiўся з вамi змагацца, хай дзяржава нас рассудзiць". Гэта вiдавочная рэч, тут усё правiльна i зразумела. А так прыходзiць праверка i кажа: "На вас скарга". А хто скардзiўся i па якiм пытаннi — не расказваюць. Маўляў, тайна. I, напрыклад, пачынаюць: казалi, што малако ў вас дрэннае. Гэта тэма для пачатку праверкi, а там малако перайшло ў каўбасу i далей. Мы лiчым, што скарга павiнна быць канкрэтная, адкрытая, i кантралюючы орган павiнен прыходзiць непасрэдна па скарзе. I сувязь памiж скаржнiкам i прадпрыемствам павiнна iснаваць, бо трэба ж нам высветлiць прычыну i знайсцi вiнаватага ў парушэннi.

— А як мяркуеце, можа, зусiм малыя суб'екты гаспадарання не ўносiць у групу высокай рызыкi, а толькi ў сярэднюю i нiзкую?

— Не сакрэт, што на першай стадыi свайго станаўлення ўсе па-любому будуць парушальнiкамi. Калi працуе ўсяго 10 чалавек, то iм не да выканання ўсiх патрабаванняў дзяржорганаў, перад iмi перш за ўсё стаiць праблема выжывання. I недзе па дробязях заканадаўства ўсё адно яны парушаць будуць. I чым часцей да iх хадзiць, чым болей у iх адбiраць грошай, тым меней шанцаў, што яны вырастуць у сярэдняе прадпрыемства, якое ўжо будзе строга выконваць законы. Таму мы прапануем, каб усе суб'екты малога прадпрымальнiцтва былi аднесены хоць бы да не вышэй за сярэднi ўзровень незалежна ад iншых умоваў. Увогуле, гэта расiйская практыка: у iх суб'екты малога прадпрымальнiцтва правяраюцца раз у два гады, i мы лiчым, што гэта правiльна. Для росту патрэбныя ўмовы i час.

— Дарэчы, якой вы бачыце сiстэму кантролю ў iдэале, можа i недасяжным?

— Мне падабаецца сiстэма кантролю, якая цяпер фармiруецца ў Расiйскай Федэрацыi. Яна пабудаваная на тым, што працаўнiк кантралюючага органа атрымлiвае прэмiю тады, калi на яго ўчастку меней парушэнняў. Мы лiчым, што кантрольна-назiральная дзейнасць павiнна ўжо сёння пераходзiць больш у прафiлактычную дзейнасць i сферу супрацоўнiцтва. Г.зн. дзяржаўным спецыялiстам трэба разам сядзець са спецыялiстамi прадпрыемстваў i думаць, як зрабiць так, каб усё было згодна з заканадаўствам. Жыццё шматграннае ў кожным выпадку. Я ўжо не кажу пра тлумачэнне нашага заканадаўства, калi можна ўзяць двух санiтарных урачоў i яны, чытаючы адны i тыя ж санiтарныя правiлы, выставяць розныя патрабаваннi. У любым нарматыўным акце можна ўбачыць i пакаранне, i магчымасць для працы i развiцця. Вось таму трэба перавесцi працу з прынцыпу "я начальнiк, ты дурань" у сферу супрацоўнiцтва. Мы павiнны спрыяць эканамiчнаму развiццю, безумоўна, не цаной атручванняў i вялiкай рызыкi, а кiруючыся разумным сэнсам.

Дарэчы, калi вярнуцца да праекта Указа Прэзiдэнта аб кантрольнай дзейнасцi, то мы прапануем сабраць працоўную нараду, каб там абмеркаваць усе аспекты дзеля стымулявання развiцця прадпрымальнiцтва. Ён не павiнен стаць прычынай непаразумення памiж уладай i бiзнэсам. Такое непаразуменне нявыгаднае нi тым, нi другiм. Згадзiцеся, дзяржава не атрымае шмат грошай ад таго, што вельмi жвавы таварыш адпiша бутэльку пiва ў канфiскат. Гэты Указ вельмi важны i для дзяржавы, i для дзелавой супольнасцi, таму мы прапануем яго прыняць з высокай ступенню якасцi.

Гутарыў Павел БЕРАСНЕЎ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Упарадкаваць праверкi суб'ектаў гаспадарчай дзейнасцi заклiканы новы Указ Прэзiдэнта "Аб удасканаленнi кантрольнай (назiральнай) дзейнасцi ў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика