Даследчык гiсторыi Мiкалай Нiкалаеў знайшоў новы беларускi горад
Даследчык гiсторыi Мiкалай Нiкалаеў знайшоў новы беларускi горад
Налiчвае ён не менш як 100 тысяч насельнiцтва, а месцiцца... у Санкт-Пецябургу I гэта не адзiнае адкрыццё, якое доктар фiлалагiчных навук, загадчык аддзела рэдкай кнiгi Расiйскай нацыянальнай бiблiятэкi, старшыня асацыяцыi беларусiстаў Санкт-Пецярбурга зрабiў падчас работы над энцыклапедычным выданнем "Беларускi Пецярбург". Журналiсты называюць кнiгу ўнiкальнай, а сам аўтар — першай спробай прасачыць гiсторыю "ўсходняй", расiйскай дыяспары беларусаў. А пачалася гэта праца, калi паўночная сталiца Расii рыхтавалася адзначыць у 2003 годзе свой юбiлей. Да святочнай даты адна за адной пачалi друкавацца кнiгi, прысвечаныя нацыянальным меншасцям у Пецярбургу — гiсторыя абшчыны татараў, фiнаў, палякаў, немцаў, асецiнаў, нават французаў... А выхадцы з Беларусi чамусьцi маўчалi, хоць дагэтуль i ладзiлi рэгулярна навукова-практычныя канферэнцыi "Санкт-Пецярбург i беларуская культура", паводле матэрыялаў якiх выйшлi ў свет 17 "Беларускiх зборнiкаў". — Я сказаў сабе: калi не мы, то хто? — узгадвае Мiкалай Нiкалаеў. — Пачаў збiраць матэрыялы i зразумеў, што раблю генiяльнае адкрыццё. Вынайшаў горад, пра якi не згадваюць падручнiкi па гiсторыi i геаграфii, таму што ён за межамi беларускай этнiчнай тэрыторыi. 100-тысячны беларускi горад у Санкт-Пецярбургу — большы па насельнiцтве, чым былi ў той час гарады Вiльня, Беласток, Смаленск, Вiцебск i Мiнск! Зрэшты, лiчба гэта не абсалютная. У ХIХ стагоддзi ў Пецярбургу пражывала ўсяго каля 20 тысяч выхадцаў з Беларусi, потым iх колькасць вырасла да 40, а там i да 100 тысяч, а ў час Першай сусветнай вайны за кошт бежанцаў дасягнула нават 1 мiльёна чалавек! — Прычым людзi гэтыя былi не толькi, як нас вучылi ў школе, "пан сахi i касы", — працягвае здзiўляць даследчык. — Я сустракаў падчас працы беларусаў — iнжынераў, артыстаў оперы, навукоўцаў, лекараў вышэйшага класа, адным словам, iнтэлiгенцыю, i было яе надзiва многа. Цi трэба гаварыць, што да запланаванай даты скончыць працу над кнiгай i выдаць яе не ўдалося. Затое ў вынiку энцыклапедыя, выдадзеная сёлета, ахапiла больш як 300-гадовы перыяд i лёсы больш як 2000 выхадцаў з беларускiх земляў, у тым лiку i нашых сучаснiкаў. Вы ведалi, напрыклад, што сярод нашых слынных землякоў — ураджэнец Вiцебска, славуты оталарынголаг Аляксандр Прусак (у кожнага з нас у вуху ёсць так званая "кiшэня Прусака") i стваральнiк у Ваеннай медыцынскай акадэмii кафедры гiнекалогii, якая абслугоўвала ў тым лiку iмператарскi дом, Эдуард-Антон Красоўскi — ураджэнец Слуцка? Або што i забойца цара Аляксандра II тэрарыст Iгнат Грынявiцкi, i медык, якi спрабаваў выратаваць манаршую асобу, генерал Багдановiч — абодва родам з Магiлёўшчыны? Цi што беларускi хiрург i анколаг, заслужаны ўрач Расii Мiхаiл Ханевiч выратаваў калiсьцi акадэмiка Лiхачова? А што ўжо ў наш час мiнчанiн Лявон Навасельскi — марак, капiтан I рангу, якi ў свой час перажыў апраменьванне падчас аварыi на падлодцы, выступiў заснавальнiкам i зарэгiстраваў у мэрыi Санкт-Пецярбурга Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое цяпер аб'ядноўвае некалькi тысяч чалавек? "У мяне нават ёсць тэорыя, i яна пачынае жыць, што менавiта беларусы — з таго самага 1 мiльёна бежанцаў, якi сабралiся ў горадзе ў час Першай сусветнай вайны — зрабiлi Вялiкую кастрычнiцкую рэвалюцыю", — хiтра ўсмiхаецца ў вусы аўтар. I гэту тэорыю пакуль што нiхто не бярэцца аспрэчваць, бо пасля гартання старонак "Беларускага Пецярбурга" верыцца ў самае неверагоднае... Тым больш, што гэта неверагоднае спадарожнiчала кнiзе на ўсiм шляху. Узгадаць хоць бы той факт, што само выданне стала магчымым дзякуючы добраахвотным ахвяраванням пiцерскiмi беларусамi ўласных грошай — ад "сцiплага ўнёску" ў 500 долараў да 6000, якiя ўклаў цяперашнi паспяховы ўладальнiк заводаў, а ў мiнулым просты хлопчык з Мазыра. Падтрымку — "маральную, арганiзацыйную i фiнансавую" — здзейснiла i Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". I ўсё адно наклад энцыклапедыi пакуль што вельмi сцiплы — у лепшым выпадку 1000 асобнiкаў. Цi хопiць гэтага на шырокае кола чытачоў — настаўнiкаў i вучняў, гiсторыкаў i культуролагаў, бiблiятэкараў i музейных работнiкаў, проста ўсiх цiкаўных i дапытлiвых да ўласнай гiсторыi энтузiястаў, тым больш адразу ў дзвюх краiнах? — Катэгарычна не, — пагаджаецца з маiмi развагамi Мiкалай Нiкалаеў. — Рэальна надрукавана яшчэ менш чым 1000 асобнiкаў, але гэта яшчэ толькi заяўка на кнiгу, каб паказаць, што яе можна зрабiць добрую. Я хачу, каб i самi беларусы захацелi выдаць "Беларускi Пецярбург" тут, у Беларусi — для вывучэння гiсторыi, культурных сувязяў, як хочаце. Паводле слоў намеснiка старшынi праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства Санкт-Пецярбурга Аляксандра Станкевiча, пэўныя захады для "тутэйшага" выдання ўжо зробленыя. На сустрэчы з мiнiстрам iнфармацыi Беларусi Уладзiмiрам Русакевiчам, якому складальнiкi падарылi "Беларускi Пецярбург", такая магчымасць абмяркоўвалася — i цалкам магчыма, што налета энцыклапедыя будзе надрукавана ў нас. А там — хто ведае — магчыма, будзе дапоўнена новымi звесткамi школьная праграма па беларускай гiсторыi i лiтаратуры. Каментарый у тэму Кiраўнiк арганiзацыi "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская: — З 2004 года мы заснавалi серыю кнiг, прысвечаных беларускай эмiграцыi, якая называецца "Бiблiятэка Бацькаўшчыны" — ужо ўбачылi свет 17 кнiг па гiсторыi i культуры беларускай эмiграцыi розных краiн, у тым лiку мастацкiя творы, якiя раней не друкавалiся, даследаваннi па гiсторыi i жыццi дыяспары ў Аўстралii, ЗША, на чарзе — Вялiкабрытанiя, Аргенцiна i г.д. Выданне кнiгi "Беларускi Пецярбург" — я лiчу, гэта ўвогуле прарыў, бо яна можа стаць пачаткам фундаментальнага даследавання беларускай дыяспары ў Расii. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Налiчвае ён не менш як 100 тысяч насельнiцтва, а месцiцца... у Санкт-Пецябургу I гэта не адзiнае адкрыццё, якое доктар фiлалагiчных навук, загадчык а |
|