Сына з язвай забралi ў войска
Сына з язвай забралi ў войска
Так меркавала наша чытачка, але ваенкамат правёў сваё расследаванне i высветлiў, што дыягназ зусiм iншы У рэдакцыю спачатку патэлефанавала, а потым напiсала лiст наша чытачка, Марыя Мiхайлаўна Кавалёва* з Навагрудка. Спасылаючыся на матэрыял, апублiкаваны ў нашай газеце 30 чэрвеня гэтага года "Нават маючы права на адтэрмiноўку, у ваенкамат iсцi трэба", яна прасiла разабрацца ў сiтуацыi, якая склалася з прызывам яе сына ў войска. "У мяне ёсць падазрэнне, што ў майго сына язва страўнiка. Падчас медагляду раённая прызыўная камiсiя не пацвердзiла гэты дыягназ, але я вырашыла звярнуцца ў абласную прызыўную камiсiю, каб майго сына дадаткова праверылi, як i раiць у вашым артыкуле начальнiк аддзела прызыву галоўнага арганiзацыйна-мабiлiзацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сiлаў палкоўнiк Мурашоў. Заяў я не пiсала, ўсюды звярталася вусна", — пiша нам Марыя Мiхайлаўна. Справа ў тым, што яе сын прызываўся ў войска яшчэ ў студзенi гэтага года, i тады падчас прызыўнога медагляду ў яго было выяўлена захворванне страўнiка, ён атрымаў адтэрмiноўку на шэсць месяцаў. "Гродзенская абласная прызыўная камiсiя пакiнула рашэнне раённай камiсii ў сiле, i дадатковага абследавання, а менавiта фiбрагастрадуадэнаскапii сыну не правялi. Зразумейце мяне як мацi: я не супраць, каб мой сын праходзiў тэрмiновую службу, але для гэтага ён павiнен быць здаровым. Служба ў войску — гэта i фiзiчныя нагрузкi, i калi ў майго сына язва страўнiка, ён можа iх не вытрымаць", — занепакоеная Марыя Мiхайлаўна. Пры чытаннi лiста ахоплiваюць дваiстыя пачуццi. З аднаго боку, перажываннi нашай чытачкi цалкам зразумелыя, i, безумоўна, знаёмыя i iншым жанчынам, якiя адпраўляюць сына ў войска. З iншага боку, штосьцi не верыцца, што сёння, калi не адчуваецца недахопу так званага прызыўнога кантынгенту, могуць забраць у войска, "прагледзеўшы" такое захворванне, як язва страўнiка. Тым больш што тэма часта абмяркоўваецца ў СМI i надзвычайныя здарэннi ў войску выклiкаюць шырокi рэзананс, а бацькi апошнiм часам не губляюцца i звяртаюцца нават у суды, калi яны не згодныя з рашэннем прызыўных камiсiй. Але паколькi наша чытачка звярнулася ў газету, iмкнёмся разам разабрацца ў праблеме. Паколькi ў лiсце Марыя Мiхайлаўна скардзiцца на недастатковую ўвагу з боку абласной прызыўной камiсii, тэлефаную ў Гродзенскi ваенкамат з просьбай пракаментаваць сiтуацыю. Рэдакцыю просяць у адпаведнасцi з нормамi справаводства даслаць пiсьмовы запыт. Дасылаючы, рыхтуюся чакаць належныя дзесяць дзён. Але праз чатыры днi нечакана прыходзiць адказ, i за гэтыя днi, як высвятляецца, Гродзенскi абласны ваенкамат, трэба аддаць належнае яго аператыўнасцi, правёў сваё расследаванне. Каб ацанiць работу, праведзеную супрацоўнiкамi ваенкамата, мэтазгодна надрукаваць iх лiст цалкам. "У сувязi са зваротам у рэдакцыю газеты "Звязда" Кавалёвай М.М. пра быццам бы незаконныя дзеяннi службовых асобаў ваеннага камiсарыята Гродзенскай вобласцi, паведамляю, што прызыўнiк Кавалёў Андрэй Уладзiмiравiч, 1987 г.н., знаходзiўся на вайсковым улiку ў Навагрудскiм раённым ваенным камiсарыяце Гродзенскай вобласцi. У перыяд з 16 па 29 студзеня 2009 года ён знаходзiўся на стацыянарным лячэннi ва УАЗ "Навагрудская цэнтральная раённая бальнiца" па прычыне хранiчнага гастрыту. Пасля папраўкi прызыўной камiсiяй Навагрудскага раёна быў прызнаны часова непрыдатным да вайсковай службы, i яму была прадастаўлена адтэрмiноўка ад прызыву на шэсць месяцаў. Падчас праходжання мерапрыемстваў прызыву ў чэрвенi 2009 года яму была выканана 09.06.2009 г. ва УАЗ "Навагрудская цэнтральная раённая бальнiца" кантрольная фiбрагастрадуадэнаскапiя, па вынiках якой пацверджаны ранейшы дыягназ: хранiчны гастрыт. Улiчваючы, што зменаў у стане здароўя прызыўнiка Кавалёва А.У. у параўнаннi з папярэднiм медыцынскiм аглядам не наступiла, ён у адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам, быў прызнаны прыдатным да вайсковай службы з нязначнымi абмежаваннямi. Перад непасрэднай адпраўкай у войска на зборным пункце ваеннага камiсарыята Гродзенскай вобласцi прызыўнiк Кавалёў А.У. у шэрагу iншых прызыўнiкоў прайшоў агляд урачоў-спецыялiстаў. Падчас агляду скаргаў на стан здароўя не выказаў, клiнiчных прыкмет пагаршэння яго стану здароўя выяўлена не было i падстаў для накiравання яго на дадатковы медыцынскi агляд не было. Неабходна адзначыць i той факт, што прызыўнiк асабiста запоўнiў анкету 19.07.09, i ў графе "скаргi на здароўе" стаяў адказ "няма". У сувязi са зваротам у рэдакцыю газеты спадарынi Кавалёвай М.М. яе сын па месцы праходжання тэрмiновай вайсковай службы 24.07.2009 г. прайшоў агляд урача-спецыялiста УАЗ "Слонiмская цэнтральная раённая бальнiца" i па вынiках абследавання яму таксама быў пастаўлены дыягназ "хранiчны гастрыт", што не з'яўляецца перашкодай для праходжання службы. Прашу звярнуць увагу i на тое, што падчас правядзення дзвюх прызыўных кампанiй 2009 года спадарыня Кавалёва М.М. рабiла неаднаразовыя спробы для атрымання яе сынам адтэрмiноўкi ад прызыву ва Узброеныя Сiлы са спасылкай на захворванне "язва страўнiка", хоць нi ў адным з медыцынскiх аглядаў гэты дыягназ не пацвердзiўся. Зыходзячы з выкладзенага вышэй, довады спадарынi Кавалёвай М.М. пра тое, што яе сын прызваны на службу з язвай страўнiка, не адпавядаюць рэчаiснасцi. У лiсце мацi прызыўнiка адзначаецца i той факт, што яна звярнулася ў раённы ваенны камiсарыят з просьбай выдаць рашэнне раённай прызыўной камiсii, хоць насамрэч такога звароту з яе боку нi да каго са службовых асобаў цi супрацоўнiкаў не было. Усе службовыя асобы ваенных камiсарыятаў няўхiльна выконваюць патрабаваннi заканадаўства па зваротах грамадзян, разглядаюць кожны факт звароту i ў адпаведнасцi з законам прымаюць рашэннi. Падчас правядзення праверкi па гэтым факце парушэнняў у дзеяннях службовых асобаў як Навагрудскага раённага ваеннага камiсарыята, так i аддзела прызыву на ваенную службу ваеннага камiсарыята Гродзенскай вобласцi не выяўлена. Паважаючы мацярынскiя пачуццi, камандаванне ваеннага камiсарыята звяртае ўвагу на тое, што дзеяннi мацi не павiнны супярэчыць заканадаўству нашай краiны, а неправераная iнфармацыя, прадастаўленая ў СМI, можа адыграць сваю негатыўную ролю як у дачыненнi да асобных службовых асобаў, так i ўсёй дзейнасцi Узброеных Сiлаў. З павагай, ваенны камiсар ваеннага камiсарыята Гродзенскай вобласцi палкоўнiк А.У. Мантур". Тэлефаную Марыi Мiхайлаўне ў Навагрудак, каб пазнаёмiць яе з адказам палкоўнiка Мантура, i чую ад нашай чытачкi... падзяку Гродзенскаму ваенкамату. "Ведаеце, пасля звароту ў вашу газету сына забралi з воiнскай часцi, адвезлi ў бальнiцу, зрабiлi фiбрагастрадуадэнаскапiю. Высветлiлася, што язвы ў яго няма. I гэта мяне супакоiла. Я ж не прасiла камiсаваць сына, я настойвала толькi на дадатковым абследаваннi. Цяпер няхай служыць, я цалкам задаволеная. Вялiкi дзякуй вашай газеце, бо ўсё атрымалася дзякуючы вашай дапамозе. Вельмi прыемна, што i супрацоўнiкi Гродзенскага ваенкамата ўважлiва паставiлiся да маёй праблемы". Добра тое, што добра заканчваецца. Нам таксама прыемна, што непаразуменне памiж матуляй i абласным ваенкаматам вырашылася хоць пры дапамозе газеты. Адметна, што супрацоўнiкi Гродзенскага ваенкамата i асабiста ваенны камiсар Гродзенскага камiсарыята палкоўнiк Аляксандр Мантур паставiлiся да праблемы не фармальна, даўшы адпiску, а правялi службовае расследаванне. А бацькам на будучае хочацца параiць: звяртайцеся са сваiмi прэтэнзiямi ў раённыя, абласныя прызыўныя камiсii пiсьмова, абавязкова прытрымлiваючыся працэдуры такiх зваротаў. У такiм выпадку ёсць вялiкiя шанцы зэканомiць час i эмоцыi i вырашыць праблему на самым першым этапе, не даходзячы да найвышэйшых iнстанцый. Яшчэ раз нагадаем: калi вы не згодныя з рашэннем раённай медыцынскай камiсii, звяртацца трэба да яе кiраўнiка. Калi пытанне вырашыць не ўдалося, вы маеце права звярнуцца ў абласную прызыўную камiсiю цi абласны ваенны камiсарыят. Абласная камiсiя ў сваiх рашэннях незалежная, i выпадкi, калi яна адмяняе рашэнне раённай камiсii, нярэдкiя. Аднак калi i там кампрамiсу знайсцi не ўдалося, можна звяртацца ў суд. Алена АЎЧЫННIКАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так меркавала наша чытачка, але ваенкамат правёў сваё расследаванне i высветлiў, што дыягназ зусiм iншы У рэдакцыю спачатку патэлефанавала, а потым н
|
|