Источник материала:
Цячэ вада ў ярок
Новы творчы калектыў, якi ўзнiк у Беларускай дзяржаўнай фiлармонii ў 1984 годзе,
назвалi "Свята". I зусiм не выпадкова. Заўсёды там, дзе гучыць музыка, пералiваецца-нясецца
песня, пачынае ўладарыць святочны настрой. I нават тады, калi туга сцiскае сэрца,
а журба ахiнае душу, меладычны спеў прыводзiць да прасвятлення.
Хросным бацькам ансамбля народнай музыкi "Свята" выступiў Генадзь Цiтовiч, вялiкi
знаўца беларускага музычнага фальклору, стваральнiк Дзяржаўнага народнага хору
Беларусi. Ён спрыяў вызначыць курс дзейнасцi маладога калектыву: зберагчы народныя
мелодыi, спрадвечную беларускую напеўнасць — i паўсюль наладжваць свята, прыносiць
духоўную асалоду. А зрабiць гэта было не так проста. Гучная слава суправаджала
"Песняроў", якiя смела аздаблялi фальклорныя традыцыi сучаснымi эстраднымi элементамi.
Аўтарскiя i народныя творы выконваў ансамбль "Сябры". Непаўторнае гучанне народных
песень узнаўляў квартэт (пазней гурт) "Купалiнка". Сярод iх ансамбль "Свята" заняў
прыкметнае месца. Першыя выступленнi засведчылi, што ён годна перадасць багатую
духоўную спадчыну сучаснiкам, разнастайна выявiць тонкую душу беларуса. Дзякуючы
"Святу" ў музычнай прасторы Беларусi i за яе межамi меладычна зазвiнелi народныя
песнi "Цячэ вада ў ярок", "Мае вочы чорныя", "Пасею гурочкi", "Ой, у полi крынiца",
"Маруся" i шмат iншых.
Цячэ вада ў ярок
Цячэ вада ў ярок,
Цячэ вада ў ярок,
Кладачку занясло...
Кладачка тоненька,
Вада халодненька,
А я малодзенька.
Вочы мае чарны,
Вочы мае чарны,
Чаго вы косiце?..
Бо яго тут няма,
Бо яго тут няма,
Каго вы любiце.
Iванька не прыйшоў,
Iванька не прыйшоў,
Я да яго пайду...
Вадзiцы з крынiцы,
Вадзiцы з крынiцы
Я яму аднясу.
Вады пiць не буду,
Вады пiць не буду,
Вадзiца чароўна...
Люблю Марусю я,
Люблю Марусю я:
Маруся суджана.
Апошнiя тры радкi кожнай страфы паўтараюцца двойчы, i першая страфа, як звычайна
ў народнай песнi, таксама паўтараецца на заканчэнне спеву.
Падрыхтаваў Мiхась ШАВЫРКIН.