Традыцыйнае свята на Блакiтнай крынiцы14 жнiўня ў Слаўгарадскi раён на знакамiтую крынiцу з'язджаюцца з усёй акругi тысячы чалавек. Блакiтная крынiца — унiкальны прыродны помнiк i праваслаўная святыня. Яна больш падобная на невялiкую сажалку з празрыстай вадой бiрузовага адцення i тэмпературай у 8 градусаў круглы год. У старажытнасцi тут хрысцiлi людзей, а цяпер штогод адбываецца вялiкае народнае свята. Ранiцай у пятнiцу а 8-й гадзiне на крынiчнай каплiцы пачнецца богаслужэнне. Потым, каля 12 гадзiн — хросны ход вакол крынiцы i абрад асвячэння вады. На завяршэннi рэлiгiйнай часткi — абрад хрышчэння дарослых i дзяцей. Паводле даўняй традыцыi, трэба тры разы перайсцi святую крынiцу альбо выкупацца ў ёй, каб атрымаць палягчэнне ў хваробах i ўдачу ў жыццi. Праграму свята працягнуць канцэрт i кiрмаш. У гонар Мядовага спаса на Блакiтнай крынiцы прадаюць мёд з розных куткоў Магiлёўшчыны. Да крынiцы са Слаўгарада можна трапiць праз пантонны мост на Сажы. Рэйсавы аўтобус будзе адпраўляцца кожныя паўгадзiны, ад 7 ранiцы i да 15 гадзiн, i яго звычайна прапускаюць на масце па-за чаргой. Ілона Iванова. |