Мінскія скутарысты супраць павышэння пошлін на ўвоз мотатэхнікі
11.08.2010 11:06
—
Новости Авто
|
Калі яшчэ 15 гадоў таму скутарысты былі рэдкасцю, то сёння толькі ў Мінску армія прыхільнікаў скутараў налічвае ўжо чатыры з паловай тысячы чалавек. Толькі пачалі беларусы разумець, што на цёплы перыяд двухколавыя транспартныя сродкі - цудоўная альтэрнатыва аўтамабілям, як раптам Мытны саюз паставіў тлусты крыж на ўвозе мотатэхнікі ў нашу краіну...
"Народ кідаў набытыя скутары па той бок мяжы" Ужо 6 ліпеня, як распавёў "Звяздзе" адзін з заснавальнікаў Мінскага скутар-клуба скутарыст з 15-гадовым стажам Алег Карцаў (далей - Blасk Jасk), пачалі раздавацца трывожныя званкі ад таварышаў з беларускай мытні. Маўляў, "мы ў шоку, не ведаем што рабіць, з нас мытнікі патрабуюць шалёныя грошы, ажно 44 працэнты ад кошту скутара". - Прычым, работнікі мытні чамусьці не прызнаюць паказаных пакупніком дакументаў, якія сведчаць пра кошт скутара, - уступае ў размову скутарыст Ігар Пазняк (далей - Ватсан). - Устанаўліваюць яго па нейкім нямецкамоўным каталогу 2006 (!) года. А ні для каго не сакрэт, што мотатэхніка за чатыры гады значна патаннела. Такім чынам, атрымліваецца, што мы пераплачваем за яе на мяжы не 44 працэнты, а ўсе 100. - Ведаю выпадкі, калі пераплачвалі і таго больш, - дадае Blасk Jасk. - Хлопец прывёз скутар за паўтары тысячы долараў. "Размытнёўка" ж яму абышлася ажно ў дзве тысячы долараў. Такіх грошай, зразумела, у яго з сабой не было. Таму давялося цэлую ноч чакаць сяброў, якія абяцалі падвезці патрэбную суму. Даходзіла і да таго, што народ кідаў набытыя скутары па той бок мяжы. А што ім заставалася рабіць, калі выдаткі на "размытнёўку" перавышалі кошт пакупкі (уздыхае) . Мінскі скутар-клуб на працягу 15 гадоў фарміраваў культуру і традыцыі двухколавага руху, з кожным годам беларусы на лета больш актыўна пачалі перасаджвацца з аўтамабіляў на больш эканамічны і зручны транспарт, і раптам такі сюрпрыз... "А пра нас чыноўнікі, пэўна, забыліся? Альбо наўмысна пагрэбавалі?" Скутарысты сцвярджаюць, што даведаліся пра павышэнне пошліны на ўвоз мотатэхнікі толькі на беларускай мяжы. - Гэта навіна для нас была поўнай нечаканасцю, шокам, ударам, - кажа Blасk Jасk. - Самае непрыемнае ў гэтай сітуацыі тое, што аўтамабілістаў загадзя праінфармавалі аб зменах пошлінаў, а пра нас, уладальнікаў мотатэхнікі, чыноўнікі, пэўна, забыліся. Альбо проста пагрэбавалі намі. Маўляў, што тыя матацыклісты, іх не так шмат, іншая рэч аўтамабілісты, з імі і будзем лічыцца. - У выніку мы, аматары мотатранспарту, аказаліся нават маральна проста не гатовыя да ліпеньскіх зменаў, - адзначыў Ватсан. - Некаторыя хлопцы з-за няведання ўжо заказалі дарагія матацыклы і чакаюць іх з Амерыкі... Што ім рабіць, калі яны прыйдуць, выкінуць?.. Ніяк не могуць зразумець маладыя людзі і тое, чаму аўтаўладальнікам чыноўнікі пайшлі насустрач, пакінуўшы ранейшую працэдуру "размытнёўкі" легкавых аўтамабіляў да ліпеня 2011 года, а скутарыстам зрабілі непрыемны сюрпрыз. Чаму такая дыскрымінацыя? - Такое адчуванне, быццам чыноўнікі лічаць, што тыя людзі, якія ездзяць на двух колах - мільянеры, - кажа Blасk Jасk. — Ды і наогул складваецца такое ўражанне, што мытнае заканадаўства пісалася пад багатых масквічоў. Нават аптовыя пастаўшчыкі мотатэхнікі задумваюцца над тым, каб памяняць від дзейнасці. Маўляў, гандляваць мотатэхнікай у Беларусі стане нявыгадна. Кошт на скутары давядзецца павышаць, ад гэтага нікуды не дзенешся, ніхто ж не хоча працаваць сабе ў страту. Але вось толькі наўрад ці хто іх будзе набываць іх за такія шалёныя грошы. Вось так у адно імгненне скутар стаў прадметам раскошы, сумна паціскаюць плячыма скутарысты. Што ўжо казаць пра дарагія матацыклы?.. - Акно ў Еўропу, прасечанае Пятром Першым, для нас ужо закалацілі, - кажа Blасk Jасk. - З такім падыходам праз 10-15 гадоў добрая мотатэхніка вымра, як маманты, бо тыя скутары, на якіх мы цяпер ездзім, фізічна ўстарэюць, а набыць новыя будзе фактычна нерэальна... Хацелася б прыцягнуць увагу ўладаў да праблемы, якая ўзнікла... Кацярына ШАТОХІНА, галоўны інспектар аддзела арганізацыі мытнага афармлення і мытных рэжымаў Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі: "Паслабленняў у найбліжэйшы час не чакаецца" - Раскажыце, калі ласка, пра змены, якія закранулі беларускіх аматараў мотатранспарту з уваходжаннем у сілу Мытнага кодэкса? - З шостага ліпеня плацяжы за ўвоз мотатранспарту на тэрыторыю Мытнага саюза бяруцца ў залежнасці ад кошту дадзенага скутара (матацыкла, квадрацыкла), а не ад аб'ёму рухавіка і моманту выпуску, як раней. Выніковая стаўка сукупнага мытнага плацяжу на сёння складае роўна 44 працэнты ад кошту мотатэхнікі, якая ўвозіцца. У гэту суму ўваходзіць увазная мытная пошліна і падатак на дабаўленую вартасць. - Ці праўда, што пры вызначэнні кошту мотатэхнікі мытнікі кіруюцца выключна нямецкім каталогам 2006 года? - У першую чаргу бяром да ўвагі інфармацыю аб кошце, якую дае ўласнік мотатранспарту. Калі ж легальнасць дакументаў ставіцца пад сумненне, то суму плацяжоў разлічваем, зыходзячы з кошту, названага ў каталогу альбо іншых крыніцах. Што датычыцца каталогаў, то ў нас у распараджэнні ёсць розныя каталогі, не толькі нямецкі. - Чаму для аўтамабілістаў зрабілі паслабленне, адклаўшы павышэнне пошлін ажно на год, а для ўладальнікаў мотатранспарту не? - На павышэнні пошлін на ўвоз аўта- і мотататэхнікі на тэрыторыю Мытнага саюза настойвалі як Расія, так і Казахстан. Практычна нерэальна было адстаяць захаванне сваіх інтарэсаў па абодвух кірунках, таму сканцэнтраваліся на найбольш сацыяльна значнай катэгорыі тавараў. Зразумела, сёння мотааматарам больш выгадна набываць тэхніку на тэрыторыі Беларусі, Расіі і Казахстана, бо ў гэтым выпадку ім не трэба плаціць усе гэтыя ўвазныя пошліны і падаткі. Акрамя таго, павышэнне пошліны на ўвоз мотатэхнікі для фізічных асобаў дазволіць аптовым імпарцёрам уздыхнуць спакойна. Сутнасць у тым, што дагэтуль неаднаразова выяўляліся факты, калі людзі ўвозілі скутар пад выглядам асабістай маёмасці, а пасля па выгаднай цане прадавалі яго на рынку. Адным словам, паслабленняў у найбліжэйшы час не чакаецца. Пакуль працуем па новых правілах. А зменяцца яны ці не, залежыць не ад мытнага камітэта, а выключна ад рашэння кіраўніцтва трох дзяржаў-саюзніц. Ігар КАРПЕНКА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД: "Без скутара можна абысціся" - Нічога нечаканага не было. Кожны мог зайсці на сайт Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі напярэдадні 6 ліпеня і азнаёміцца са спісам тавараў (а іх больш за 3 тысячы найменняў), на якія краіны-саюзніцы (Беларусь, Расія і Казахстан) узгаднілі пошліны. І я думаю, што гэта не закасцянелы спіс, ён будзе, улічваючы цікавасці тройкі дзяржаў, рэгулявацца ў далейшым. Асабіста я лічу, што як мага хутчэй трэба навесці парадак з тымі скутарамі, а дакладней з іх уладальнікамі, якія зараз ездзяць па беларускіх дарогах, ствараючы аварыйныя сітуацыі. Неабходна, каб ДАІ занялася рэгістрацыяй гэтых транспартных сродкаў, увяла абавязковы іспыт для скутарыстаў на веданне Правілаў дарожнага руху. Ніхто з маіх знаёмых не мае скутара і не збіраецца яго набываць, бо без яго можна абысціся. І яшчэ: высокія пошліны на ўвоз мотатэхнікі для фізічных асобаў маглі б стаць штуршком для замежных вытворцаў. Няхай прыязджаюць у Беларусь і наладжваюць зборку скутараў на базе мінскага мотавелазавода. У нас жа ёсць свой вытворца, інтарэсы якога мы павінны абараняць у першую чаргу, бо там працуюць нашы людзі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ды і наогул складваецца такое ўражанне, што мытнае заканадаўства пісалася пад багатых масквічоў. Нават аптовыя пастаўшчыкі мотатэхнікі задумваюцца над тым, каб...
|
|