Як самастойна зрабіць хімчыстку салона аўтамабіля?. 21.by

Як самастойна зрабіць хімчыстку салона аўтамабіля?

11.08.2010 11:06 — Новости Авто |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напэўна, кожны шляхетны аўтамабіліст сутыкаўся з праблемай - салон машыны з часам так ці інакш забруджваецца. Напрыклад, калі перавозіш у ім дошкі ці сілікатныя блокі. Ужо пасля аднаго такога рэйсу на лецішча некалі чысты салон аўтамабіля ператвараецца ў хлеў.

Калі ў вас маленькае дзіця, то амаль гарантавана, што велюравая тканіна задняга сядзення будзе ў плямах ад ежы. Ды што наракаць на карапузаў, бывае, і дарослы пасажыр разалье на сядзенне тлустую вадкасць з кансервавай бляшанкі. Так ці інакш з часам аўтамабільны салон забруджваецца, з'яўляюцца дрэнныя пахі, і неабходна рабіць хімчыстку.

З гэтай праблемай днямі сутыкнуўся і я. Запаркаваў машыну ля пад'езда і пайшоў дадому глядзець футбол. Раптам усчалася залева. Машынка стаяла ў нізіне, яе затапіла.

- Бяжы хутчэй да машыны, вада з дзвярэй выліваецца, - крычаў сусед у тэлефонную слухаўку.

І сапраўды, у салон маёй машыны залілося з некалькі каністраў вады, і добра, што стыхія не дабралася да паветранага фільтра і рухавіка. Але што рабілася ў салоне - гэта жах. Брудная вада дайшла нават да абшыўкі сядзенняў. Дзень-два - і мая некалі акуратненькая машынка магла ператварыцца ў смярдзючага скунса, у салоне мог з'явіцца пах нямытых шкарпэтак.

Якія сярэднія кошты на прафесійную хімчыстку?

Як выйсці з пікантнай сітуацыі? Здаць машыну на поўную хімчыстку салона. Сярэдні кошт паслугі ў Мінску - каля 210-240 тысяч рублёў. Самы выгадны варыянт прапанавалі хлопцы, якія падхалтурвалі на гаражах у вольны ад працы час - 150 тысяч рублёў. Траты гэтыя былі для мяне нечаканымі і незапланаванымі, і я вырашыў прыбраць ваду і зрабіць хімчыстку салона сваімі сіламі. Кансультаваў мяне ў гэтым пытанні супрацоўнік прафесійнай аўтамыйкі Аляксандр Сайчык.

Інструкцыю, якую мы склалі, могуць смела ўжываць як тыя, у каго затапіла машыну, так і тыя, хто хоча проста пачысціць забруджаны салон аўтамабіля.

КРОК ПЕРШЫ. Зняць вадзіцельскае і пасажырскія сядзенні.

Перш-наперш трэба дастаць ключ з замка запальвання. Зазвычай сядзенне мацуецца да падлогі вельмі проста - яно прыкручана чатырма балтамі, якія адкручваюцца так званым ключом-галоўкай. Па шчырасці, мне ўдалося адкруціць балты звычайным маленькім развадным ключом.

- Увага! І пад вадзіцельскае, і пад пасажырскія сядзенні ідуць правады. Да кожнага з сядзенняў такім чынам далучаюцца па дзве фішачкі, іх трэба зняць, - тлумачыць эксперт Аляксандр Сайчык. - Цяпер сядзенні можна даставаць, толькі вельмі акуратна, каб не падрапаць абшыўку салона. Ад гэтага часу нават не датыкайцеся ключом да замка запальвання, з-за недалучаных да сядзенняў фішачак электроніка ў будучыні пачне выдаваць памылкі.

КРОК ДРУГІ. Зняць "дывановае пакрыццё" на падлозе.

Як высветлілася, гэта працэдура таксама нескладаная. Спачатку па краях салона здымаюцца элементы пластыкавай абшыўкі. Мацуюцца яны, як дзіцячы канструктар, з дапамогай пластыкавых фішачак ці ўвогуле без іх. Потым звычайнай адвёрткай адкруціце балты мацавання на кансолі (канструкцыя, якая аздабляе рычаг пераключэння перадач, ручны тормаз, магнітолу і гэтак далей). Цяпер нішто не замінае вам зняць "дыванковае пакрыццё".

КРОК ТРЭЦІ. Прасушыць шумаізаляцыйны слой (каму неабходна прыбраць ваду з салона).

Пад "дыванковым пакрыццём" на падлозе пракладзена матэрыя, падобная на шчыльную паралонавую губку. Гэта і ёсць шумаізаляцыйны слой. Ён і ўвабраў у сябе львіную долю дажджавой вады, якой затапіла маю машыну. Увесь шумаізаляцыйны слой давялося выціскаць і цалкам прасушваць цягам сутак. Калі на дварэ вільготна ці халодна, лепш увесь гэты паралон высушваць дома.

КРОК ЧАЦВЁРТЫ. Падрыхтаваць пену для чысткі салона.

І вось пачынаецца самае цікавае. Пярэднія, заднія сядзенні і "дыванковае пакрыццё" трэба прапыласосіць. Пасля гэтага падрыхтаваць пену для чысткі салона.

- У спецыялізаваных крамах з аўтакасметыкай прадаюцца замежныя сродкі. Але нават прафесіяналы карыстаюцца беларускай "хіміяй", напрыклад, "Фералінам", - раіць Аляксандр Сайчык. - Каштуюць такія сродкі ўтрая менш за замежныя аналагі, а па сваёй якасці не саступаюць.

За пяцілітровы буталь такой беларускай вадкасці давядзецца выкласці каля 15 000 - 20 000 беларускіх рублёў.

Такім чынам, у пяцілітровае вядро вады дадаецца каля 300 грамаў вадкасці, усё гэта актыўна перамешваецца да ўтварэння пены.

КРОК ПЯТЫ. Як правільна рабіць хімчыстку?

- Цяпер пену можна наносіць губкай на сядзенні, "дыванковае пакрыццё" і панэль прыладаў. Што тычыцца столі, пена наносіцца ашчадна, каб пазбегнуць адклейкі.

Цяпер месцы, куды нанесена пена, трэба чысціць шчоткай. Важна, каб шчотка была няжорсткая - можна пашкодзіць любы тып пакрыцця.

- Ці можна сапсаваць пакрыццё неасцярожным нанясеннем хіміі?

- Як правіла, спецыяльныя сродкі для чысткі салона пашкоджанняў не ўтвараюць.

КРОК ШОСТЫ. Як высушыць ачышчаны салон?

- Па правілах, цяпер па салоне трэба прайсціся спецыяльным пыласосам, які адсмоктвае вадкасць, - адзначае Аляксандр Сайчык. - Але не ў многіх аўтааматараў такі пыласос ёсць. У такім разе важна не перабольшыць з пенай. Іначай высушыць салон будзе няпроста. Калі з пенай вы не перабольшалі, можна прайсціся па ўжо чыстых элементах салона звычайным пыласосам. І цяпер чакаць, пакуль усё высахне. Калі на дварэ сухое летняе надвор'е, праблемаў з сушкай не будзе. А вось узімку ці позняй восенню за такую хімчыстку лепш не брацца.

КРОК СЁМЫ. Фінальная зборка аўтамабільнага салона.

Тут галоўнае - не разгубіць балты і пластыкавыя фішачкі, якімі мацуюцца элементы салона, не забыць вярнуць на месца адлучаныя ад сядзенняў фішачкі. 

Калі хімчыстка будзе зроблена згодна з гэтай інструкцыяй, вы атрымаеце чысты салон аўтамабіля за мінімальныя грашовыя ўкладанні. У такую машыну, якая патыхае водарам свежасці, не сорамна пасадзіць ні пераборлівую паненку, ні чысцюлю-хлопца. Вас могуць абвінаваціць у любых смяротных грахах, але ні за што не скажуць: "Аёй, гэты вадзіцель - сапраўдны гразнуля..."



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сем крокаў да чысціні, якія дапамогуць зэканоміць 240 тысяч
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Авто)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика