23 чэрвеня свой юбілей святкуе Ніна Іосіфаўна Дзюшко, якая 31 год адпрацавала акушэркай у радзільным аддзяленні раённай бальніцы. 21.by

23 чэрвеня свой юбілей святкуе Ніна Іосіфаўна Дзюшко, якая 31 год адпрацавала акушэркай у радзільным аддзяленні раённай бальніцы

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ніна Іосіфаўна Дзюшко

Ніна Іосіфаўна Дзюшко

У абсаджаным кветкамі доме па вуліцы Энгельса ў нашым гарадскім пасёлку жыве Ніна Іосіфаўна Дзюшко. Жанчына ў нейкім сэнсе ўнікальная. Яе, несумненна, ведаюць “завочна” многія жыхары Шаркаўшчыны і раёна. Менавіта яна сустракала многіх з іх на парозе жыцця: Ніна Іосіфаўна 31 год адпрацавала акушэркай у радзільным аддзяленні Шаркаўшчынскай раённай бальніцы.

Нарадзілася Ніна Іосіфаўна 23 чэрвеня 1935 года на Міншчыне ў Копыльскім раёне. Яе родная вёска называецца Доктаравічы.

— Вядома ж, калі нарадзілася у вёсцы з такой назвай, то тут ужо сам Бог загадаў ісці ў медыцынскія работнікі, — смяецца Ніна Іосіфаўна.

Ніна Іосіфаўна ў маладосці

Ніна Іосіфаўна ў маладосці

Скончыўшы школу, дзяўчына паступіла ў Баранавіцкае медыцынскае вучылішча на факультэт акушэрства. Вучылішча знаходзілася недалёка ад дома і там раней ужо вучылася яе стрыечная сястра.

выпуск Баранавіцкага медвучылішча, Ніна — справа скраю

выпуск Баранавіцкага медвучылішча, Ніна — справа ўнізе

Амаль усіх дзяўчат з іх выпуску накіравалі падымаць медыцыну ў Заходняй Беларусі, якая нядаўна ўвайшла ў склад БССР. Так, у 1956 годзе Ніна Іосіфаўна аказалася ў Шаркаўшчынскім раёне. Першым месцам працы стаў Пялікаўскі фельчарска-акушэрскі пункт. Тут яна і прыняла свае першыя роды. Добра памятае, як у Пялікі прыехаў мужчына на кані, каб забраць яе ў Крапіўнікі, дзе знаходзілася парадзіха. Садзіцца на каня дзяўчына пабаялася і ўсю дарогу ішла побач. Самі роды прайшлі добра, а прысутная ў хаце бабуля ўсё дзівілася: такая маладая, а ўмее так спрытна абыходзіцца з немаўлём.

Праз некалькі гадоў на жыццёвым шляху Ніны Іосіфаўны сустрэўся чалавек, з якім яна звязала свой лёс, — Канстанцін Сяргеевіч Дзюшко. Неўзабаве маладая пара пераехала ў Шаркаўшчыну. І са студзеня 1959 года да выхаду на пенсію ў 1990-м Ніна Іосіфаўна працавала акушэркай у мясцовым радзільным аддзяленні.

— Работу я сваю любіла, — расказвае яна. — У тыя часы людзей у Шаркаўшчыне, у раёне жыло многа, дзеці нараджаліся часта і радзільная палата ніколі не пуставала. Роды звычайна праходзілі правільна, хутка, без праблем. Адна жанчына народзіць, яе месца адразу займае іншая. За 12 гадзін сваёй змены мы з медыцынскай сястрой звычайна прымалі адны роды. Хаця бывала і болей. Добра запомнілася адна ноч, калі давялося прыняць пяць родаў. Але гэта быў адзіны такі выпадак за ўсё маю практыку.

— А спрабавалі падлічыць, колькі ўсяго было новароджаных у вас за ўсе гады вашай працы? — пытаюся ў Ніны Іосіфаўны.

— Дакладнай лічбы я, вядома, не назаву, а вось прыблізна падлічыць спабавала, — адказвае яна. — У сярэднім за змену былі адны роды. Мы ў радзільным аддзяленні працавалі ў чатыры змены. Значыць, на адну акушэрку ў год прыпадала калі 90 родаў. Адпрацавала я 30 гадоў. Калі 30 памножыць на 90, атрымліваецца — 2700.

Канечне, лічба прыблізная, але, згадзіцеся, яна ўражвае. Гэта трэцяя частка цяперашняга насельніцтва Шаркаўшчыны.

IMG_0754 (Копировать)Ніна Іосіфаўна дастае са свайго архіву старыя нумары раённай газеты з матэрыяламі пра радзільнае аддзяленне. Гартаем разам пажаўцелыя старонкі, чытаю ўрывак з артыкула “Бусел над дахам” у нумары за 13 верасня 1986 года.

“Зусім нядаўна шчаслівыя хвіліны перажыў аўтамеханік з калгаса імя Фрунзе Пётр Іванавіч Красільшчык. З прыгожымі, па-летняму прывабнымі і пахучымі кветкамі прыехаў ён у наш бальнічны гарадок. А вось і жонка Святлана Генадзьеўна — настаўніца мясцовай школы. Радасць на тварах маці, медыцынскай сястры. Кім будзе хлопчык? Безумоўна, шчаслівым чалавекам, дастойным грамадзянінам нашай краіны…”

Чытаеш гэтыя радкі і разумееш простую ісціну: праходзяць гады, многае змяняецца ў жыцці людзей, але нязменнымі застаюцца тыя радасць, якую адчуваюць бацькі пры нараджэнні дзіцяці, і ўдзячнасць медыцынскім работнікам, якія зрабілі ўсё ад іх залежнае, каб новы чалавек бесперашкодна з’явіўся на гэты свет.

Ніна Іосіфаўна і сама зведала радасць мацярынства: нарадзіла дзвюх дачок — Людмілу і Таццяну. Ёсць у яе ўжо і ўнукі.

23 чэрвеня Ніне Іосіфаўне спаўняецца 85 гадоў. Для такога паважнага ўзросту яна добра выглядае, захоўвае яснасць розуму, аптымізм. Зычым ёй добрага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Андрэй БУРЭЦ.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости о Коронавирусе)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика