Источник материала:
Барыс Руткоўскі разам з роднымі і сябрамі
У апошнюю нядзелю ліпеня ў Расійскай Федэрацыі святкуюць дзень ваенна-марскога флоту. Нашы землякі-беларусы, якія ў свой час служылі на флоце, таксама адзначаюць гэту дату, хоць яна і не з’яўляецца афіцыйным дзяржаўным святам. Дзясяткі шаркаўчан праходзілі тэрміновую службу ў якасці матросаў. Некаторыя прысвяцілі сваё жыццё флоту — з’яўляліся прафесійнымі маракамі, падводнікамі.
У вёсцы Болкалы жыве былы марак-падводнік Барыс Руткоўскі. На старонках нашай газеты мы неаднаразова друкавалі матэрыялы пра гэтага чалавека, пра яго жыццёвы шлях. 26 ліпеня, у дзень ваенна-марскога флоту, да Барыса Лявонцьевіча завіталі родныя і блізкія людзі. Не абмінулі дом паважанага чалавека і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Інакенцьевіч Ан і член гэтага грамадскага аб’яднання Іван Аляксандравіч Лазовік. Валерый Інакеньцевіч павіншаваў Барыса Лявонцьевіча з прафесійным святам, пажадаў трывалага здароўя, сямейнага дабрабыту, доўгіх год жыцця. Ён таксама ўручыў Барысу Лявонцьевічу юбілейны медаль “75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.
Барыс Руткоўскі — чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Ён з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённых свят, наведвае ўстановы адукацыі, сустракаецца з дзецьмі, расказвае пра сябе, пра свой жыццёвы шлях. На мерапрыемствах патрыятычнага накірунку Барыс Лявонцьевіч дзеліцца з прысутнымі сваім вопытам службы ў ваенна-марскім флоце, на рабоце ў грамадскіх арганізацыях, вучыць падрастаючае пакаленне, як трэба любіць сваю малую радзіму і Айчыну.
Сяргей РАЙЧОНАК.