Шлюбныя таямніцы вышыванага ручніка…
29.10.2009
—
Новости Культуры
|
Пад час восеньскіх вяселляў на Аршаншчыне папулярнымі становяцца старадаўнія абрады.
[У аршанскіх маладажонаў і іх гасцей, напрыклад, з’явілася добрая традыцыя — наведваць у дзень вясельнай урачыстасці мясцовы этнаграфічны музей “Млын”, філіял музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны. У многім садзейнічалі гэтаму і самі супрацоўнікі музея, дзякуючы якім жаніхі і нявесты становяцца ўдзельнікамі вясельных гульняў, створаных па матывах нацыянальнага абраду. У прыватнасці, аршанскіх жаніхоў вучаць разгладжваць штаны не звычайным прасам, а старадаўнімі драўлянымі прыладамі — поцягам (у некаторых мясцовасцях Беларусі яго называюць яшчэ пранікам) і качалкай. Хоць прабабулі нашы, пэўна, ніколі не прымушалі сваіх мужоў разгладжваць штаны, аднак практычныя сучасныя нявесты пагадзіліся з музейшчыкамі, бо гэта вясёлы спосаб даведацца пра гаспадарскія здольнасці жаніха. Яшчэ адным сімвалічным выпрабаваннем, але ўжо для абодвух маладажонаў, становіцца сумеснае паяданне яечні адной лыжкай. Як растлумачыла дырэктар музея Наталля Антаневіч, у беларускай народнай традыцыі яйка — сімвал пладавітасці, а есці нешта адной лыжкай азначае кахаць. Калі маладыя з’ядуць яечню, ім прапануюць разам выпіць і “чару цярпення”, каб яна ў іх сямейным жыцці ніколі не перапаўнялася. А радні і новым сваякам неабходна будзе “абапіцца” — менавіта так у аршанцаў здаўна завецца абрад аб’яднання родаў, для гэтага ўсім гасцям неабходна выпіць з аднаго кубка. Самым жа прыгожым і рамантычным на вясельных гульнях у “Млыне” з’яўляецца абрад звядзення, калі маладых, якія моцна абняліся, звязваюць адным вышываным ручніком. Дарэчы, удакладняе Наталля Антаневіч, без абраду звядзення нават венчаныя маладыя ў аршанскіх вёсках не лічыліся мужам і жонкай. Завяршаюцца вясельныя гульні ў музеі фотасесіяй. Але і яна поўная нечаканасцяў. Скажам, у нявесты ёсць магчымасць пася-дзець за кроснамі — старадаўнім ткацкім варштатам, а жаніх, можа адзіны раз у жыцці, пастаіць ля сапраўднай сялянскай сахі. Вясельныя музейныя паслугі карыстаюцца папулярнасцю, асабліва калі сярод гасцей ёсць замежнікі. Між іншым, усё часцей маладыя просяць праводзіць абрады менавіта на беларускай мове. Дзіяна Курыла Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пад час восеньскіх вяселляў на Аршаншчыне папулярнымі становяцца старадаўнія абрады.
|
|