Мастак і вечны вандроўнік
22.12.2009
—
Новости Культуры
|
Язэп Драздовіч апярэдзіў час у сваіх творчых поглядах на Сусвет
Ён быў не проста мастаком, але і настаўнікам, пісьменнікам. А яшчэ — астраномам і, я б сказаў, першым касмолагам Беларусі. “Ці праўда, што нашая Зямля гэта ёсьць кавалак адарванай масы ад цела самога Сонца, а наш Месяц, так сама кавалак, адарваны ад цела нашай Зямлі?” — спыталі неяк у яго. І Драздовіч адказаў: “Непраўда… Зямля нашая ўтварылася не ад Сонца, а паходзіць яна з парназоркавай, у пары з Марсам, сыстэмы, якая знаходзілася калісь дзесьць у нябесных прасторах зусім незалежна ад цяперашняга Сонца, аж пакуль Сонца, вандруючы ў нябесным прасторы ні спаткалася на шляху сваей вандроўкі з гэтаю парназоркавай сыстэмай, ды не разлучыла, палонячы іх у сваю сям’ю. А наш Месяц, Луна, па-мойму, як сем’янід сучаснай сонечнай сыстэмы, намнога старэйшы за нашу Зямлю...” У гэтым урыўку з рукапіса Язэпа Драздовіча “Дзе мы і хто мы. Бяседы аб утварэньні сьвету. Небазнаўства” (1937) я захоўваю аўтарскі правапіс. Упершыню знаёміўся з незвычайным творам Язэпа Нарцысавіча напрыканцы 1990-х гадоў, рарытэт і па сёння знаходзіцца ў аддзеле рэдкай кнігі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук. Тады я ўжо ведаў пра публікацыі Арсена Ліса, які вярнуў беларусам імя “вечнага вандроўніка” ці “беларускага Леанарда да Вінчы”, як называў Драздовіча ягоны сябра мастак Пётра Сергіевіч. І ўсе гэтыя гады я час ад часу гартаў рукапісы Драздовіча ды кожны раз знаходзіў там унікальныя звесткі пра нашу гісторыю, культуру. Нешта, як мне здаецца, прэтэндуе і на новае слова ў навуцы. Дзіўлюся: чаму скарбы з духоўнай спадчыны Язэпа Драздовіча так доўга чакаюць свайго часу, каб стаць шырока вядомымі? Пэўна, таму, што яшчэ не выдадзены! Не сабраны з усіх крыніц Беларусі, Літвы, Польшы і сістэмна не вывучаны. Між іншым, іх вялікую культурна-нацыянальную каштоўнасць пацвердзілі нават вядучыя спецыялісты Расійскай акадэміі навук з Інстытута астраноміі імя Штэрнберга, члены рэдкалегіі акадэмічнага расійскага часопіса “Земля и Вселенная”. А параўнальна нядаўна і дырэктар французскага Луўра А.Луарэт пад час візіту ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі звярнуў асаблівую ўвагу на касмічныя працы Язэпа Драздовіча, бо заўважыў у іх “неардынарнае бачынне свету”. Велізарны скарб: у фондах беларускіх музеяў ёсць каля 40 жывапісных і больш сотні графічных твораў, звыш 70 маляваных дываноў! А ў розных архівах, бібліятэках схавана багацейшая рукапісная спадчына “дзядзькі Язэпа”. Выставы, што час ад часу ладзяць, як на мой погляд — толькі фрагменты, слізганне па паверхні магутнага космасу чалавека, які тварыў у вельмі цікавую пару беларускага адраджэння 1910-1930-х гадоў і пазней. Між іншым, у гэтай справе намячаюцца зрухі: культуролагі, навукоўцы выношваюць ідэю стварэння ў Мінску, дзе працаваў Драздовіч у 1919-1920-гадах, музея ці культурна-асветніцкага цэнтра яго імя. Тады можна будзе і вывучаць спадчыну, і праводзіць экскурсіі і практычныя заняткі непасрэдна сярод прац “небазнаўцы”. Што ж датычыць рукапіснай спадчыны, то яна ў большасці сабрана і падрыхтавана мною да выдання. Цяпер вядома, што Язэп Драздовіч нарадзіўся ў сям’і збяднелага шляхціча “ў пятніцу на Пакровы”, альбо 1 (14) кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі Дзісенскага павету.У два гады застаўся сіратой, разам з пяццю братамі яго выхоўвала маці Юзэфа з роду Крачэўскіх. Яна шмат ведала беларускіх песень, легендаў і заўсёды казала, што “язык наш, што празвалі простым — беларускі”. Так Язэп станавіўся нацыянальна свядомым, а вялікі дар у яго быў ад нараджэння. Скончыўшы Віленскую школу малявання (1906-1910), ён супрацоўнічаў з газетай “Наша ніва”, а пасля 1918 года — з выданнямі “Вольны сцяг”, “Рунь”, Маланка”, Калосьсе” і іншымі. Драздовіч дасылаў свае адметныя выявы па гісторыі, этнаграфіі Беларусі і ў Інстытут беларускай культуры (пазней Акадэмію навук БССР). Працаваў настаўнікам малявання ў Мінскай, у Радашковіцкай гімназіі імя Ф.Скарыны, у Наваградскай беларускай гімназіі, дзе кіраваў мастацкімі майстэрнямі і ладзіў выставы твораў сваіх выхаванцаў. Яго прыцягвала мінуўшчына. У 20-30-я гады стварыў графічныя серыі “Полацкія князі”, “Глыбокае”, “Свір”, унікальную калекцыю “Піншчына”, альбомы замкавага дойлідства “Наваградак”, “Крэва “, “Меднікі”, “Ліда”. Жывапісныя ж гістарычныя серыі, прысвечаная роднай Полаччыне, асветніку Ф.Скарыну з’явіліся пазней. А для свайго “гістарычна-бытавога рамана “Гарадольская пушча” Драздовіч стварае серыю тыпажоў з XI стагоддзя, яго незвычайныя казачныя выявы ілюструюць і апавяданні, што засталіся пераважна ў рукапісах. А яшчэ яго вялікая любоў — неба. Свае дзіцячыя захапленні астраноміяй Драздовіч здолеў прадоўжыць толькі на пачатку 30-х, калі застаўся беспрацоўным і пэўны час жыў у Вільні. У 1931 годзе там і выдаў першую на беларускай мове кнігу па астраноміі “Нябесныя бегі”. Яе ўпрыгожылі 15 лінарытаў, на якіх паказаны “цэнтрацяжная дзейнасць зямной кулі”, “адлегласцевая ўзаемацяжнасць Зямлі з Месяцам”, ”раскрой Сонцавага ядра”... Аўтар выкладае свае гіпотэзы, напрыклад, аб фізічным стане планеты Сатурн. Ацалела толькі некалькі экзэмпляраў кнігі, як і выдадзенай у 1923 годзе аповесці Я.Драздовіча “Вялікая шышка”. А ў “Дзённіку” Я.Драздовіча за 1933-1937 гады (друкаваўся ў часопісе “Маладосць” у 1991-1992 гадах) ёсць цікавыя здагадкі пра наяўнасць разумнага жыцця на Месяцы, Марсе, Сатурне… У дзесяці вядомых мне гэтак званых астральных запісах Драздовіча выкладзена надзвычай цікавая інфармацыя пра нябачнае нам жыццё ў космасе. Да сваіх навукова-касмічных разважанняў у 1931-33 гадах мастак стварае жывапісныя і графічныя серыі “Жыццё на Месяцы”, “Жыццё на Сатурне”, “Жыццё на Марсе”. Вяршыняй яго філасофскіх і мастацкіх роздумаў можна лічыць карціну “Космас”, створаную ў 1943 годзе. А ў 1949-м ён завяршае манаграфію “Тэорыя рухаў у касмалагічным значэнні”, дзе падводзіць вынікі 40-гадовай працы па вывучэнні “нябесных бегаў”. Між іншым, і ў “чорныя дзіркі”, якія цяпер прыцягваюць вялікую ўвагу астраномаў усяго свету, беларускі небавед зазірнуў, і напісаў пра гэта, праўда, называе іх “ператваральныя зоны”. Яшчэ ў 1913 годзе Язэп Драздовіч марыў і разважаў над тым, калі ў Беларусі “хараства прыйдзе час”. Ён быў упэўнены ў тым, што на роднай зямлі “знойдуцца людзі, іх пашлець Бог і выдасць новае пакаленне народу на пакрасу жыцця”. Юрась Малаш Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Язэп Драздовіч апярэдзіў час у сваіх творчых поглядах на Сусвет
|
|