У адноўленых палацах Беларусі чакаюць мецэнатаў, імёны якіх будуць захаваны для нашчадкаў. 21.by

У адноўленых палацах Беларусі чакаюць мецэнатаў, імёны якіх будуць захаваны для нашчадкаў

08.12.2009 12:13 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У 2011 годзе нарэшце ўсе залы Нясвіжскага замка адчыняць для турыстаў. Гэта значыць, для нас з вамі. А што мы там пабачым? Гэта залежыць і ад нас таксама. Кіраўніцтва нясвіжскага запаведніка звяртаецца да народа з просьбай дапамагчы сабраць аўтэнтычныя прадметы мастацтва.

Засталіся толькі люстры...

Для аздаблення старажытных палацаў - гомельскага, мірскага, пружанскага, гродзенскага - музейныя супрацоўнікі гадамі збіраюць прадметы інтэр’ера. Асабліва ж тут рады мецэнатам. Бо на набыццё адной шафы або карціны XVIII стагоддзя можа пайсці ўвесь гадавы бюджэт музея. Падарункі ў музеях прымаюць між тым не за дзякуй. Да шчодрых гасцей ставяцца з асаблівым піетэтам. Імя таго, хто зрабіў прэзент, будзе навечна прапісана ў выставачнай зале побач з ахвяраванай дабрадзеем рэччу. Вось толькі мецэнаты, гатовыя дарыць культурным установам сапраўды дарагія і рарытэтныя рэчы, - надта рэдка з’яўляюцца на гарызонце.

У Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” вераць у народную дабрачыннасць. Бо што яшчэ застаецца рабіць? У 1939-1941 гадах радзівілаўскі палац нацыяналізавала савецкая ўлада, усе каштоўнасці былі вывезены ў Мінск. Пасля большасць з іх прапала. Засталіся толькі дзве люстры, якія трапілі яшчэ да вайны ў цяперашні Купалаўскі тэатр.

- Вядома, трэба адшукаць усё, што магчыма, - не страчвае надзеі Галіна Кандрацьева, намеснік дырэктара запаведніка “Нясвіж”. - А калі нельга натрапіць на сляды арыгіналаў, то лепш не копіі ствараць, а падбіраць рэчы таго ж часу, падобныя да радзівілаўскіх.

І вось музейныя работнікі ходзяць па дамах, антыкварных крамах і шукаюць, шукаюць...

- Але, на жаль, мы сабралі не так многа прадметаў, - прызнаецца Галіна Міхайлаўна.

Дзе знайсці рарытэты? Некаторыя радзівілаўскія рэчы захоўваюцца ў дамах нясвіжцаў. Усе яны - прыватная ўласнасць, і гаспадар толькі сам можа падарыць свае каштоўнасці дзяржаўнаму музею.

Летась у выніку супрацоўніцтва з антыкварнымі крамамі для аздаблення замка былі набыты буфет, два фатэлі і чатыры крэслы, два кандэлябры, кітайскія вазы, сталовы посуд - пераважна XIX стагоддзя. Праўда, гэта рэчы не з замка, а толькі падобныя стылем да тых, што некалі ўпрыгожвалі залы рэзідэнцыі Радзівілаў.

Жырандоля за мільён

Дырэктар нясвіжскага запаведніка Валерый Сталярчук прызнае, што гэтых набыткаў недастаткова. І таму звярнуўся праз “Народную газету” да народа з просьбай “паспрыяць у насычэнні музейных экспазіцый аўтэнтычнымі прадметамі мастацтва”: “Сёння кожны жыхар краіны, якому неабыякавы лёс нашай гісторыка-культурнай спадчыны, можа ўнесці свой уклад у высакародную справу”. Спіс рэчаў XV - першай трэці ХХ стагоддзя, патрэбных для афармлення залаў Нясвіжскага замка, сур’ёзны.

Неабходны: палацавая мэбля, прадметы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (падсвечнікі, кандэлябры, вазы, збаны, гадзіннікі, дываны, а таксама іконы, распяцці, арнаты, далматыкі і г.д.), прадметы ўзбраення і ваеннага абмундзіравання часоў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, усходняя, паляўнічая зброя. Урэшце, патрэбны прадметы побыту XIX - першай трэці ХХ стагоддзя: медны посуд, вагавымяральныя прыборы, даўнія вінныя бочкі, кубкі, бутэлькі...

Спадар Сталярчук запэўнівае: “Імёны і прозвішчы ўсіх дарыльшчыкаў будуць размешчаны на асобным стэндзе ў адным з памяшканняў палаца. Магчымая закупка асобных прадметаў. Званіце з пытаннямі і прапановамі: (01770) 5-41-45, 5-31-96”.

З апошніх дарункаў, атрыманых Нясвіжскім замкам, спадарыня Кандрацьева лічыць найбольш каштоўнымі два. Першы - гэта гравюра пачатку XVII стагоддзя, якую прывёз з Варшавы жыхар гэтага горада князь Мацей Радзівіл - нашчадак магнацкага роду. На гравюры выяўлены найбольш вядомы прадстаўнік арыстакратычнай сям’і - Мікалай Кшыштаф Радзівіл Сіротка, які жыў у XVI стагоддзі і праславіўся падарожжам на Святую зямлю. Апрача таго, Мацей Радзівіл падарыў запаведніку копіі партрэтаў Пане Каханку і Барбары Радзівіл, якія захоўваюцца ў яго варшаўскім доме.

- Але найбольш незвычайным прадметам, які паступіў да нас ад прыватнай асобы, я назвала б люстру, - выбірае адзін з падарункаў апошняга часу Галіна Міхайлаўна. - Здаецца, яна вісела ў Белай бальнай зале замка. Але знайшлася яна ў іншым кутку краіны - у санаторыі “Сосны” пад Мядзелам. Відаць, трапіла туды з запаснікаў партыйных устаноў. Дакладна вядома, што па партыйнай лініі многія каштоўнасці з замка размяркоўваліся па ўсёй Беларусі. Люстру дапамог набыць мецэнат, які не хоча пакуль што выдаваць сваё імя. Справа была простая, але турботная. Дырэкцыя санаторыя доўга не згаджалася падарыць запаведніку люстру. Ім патрэбна была замена. На шчасце, знайшоўся чалавек, які набыў новы свяцільнік для дома адпачынку, і толькі тады старадаўняя рэч вярнулася ў радзівілаўскую рэзідэнцыю.

Што ў скрутку?

Супрацоўнікі Нясвіжскага замка могуць з зайздрасцю (і надзеяй) паглядаць на Гомельскі палац. Перад вайной скарбы з гомельскага “замка” ў колькасці тры тысячы штук былі вывезены ў эвакуацыю - спачатку ў Сталінград, а затым у суседні з ім Урупінск. Праўда, пасля вайны на радзіму вярнуліся толькі трыста прадметаў. Іншыя прапалі без вестак. І ўсё ж інтэр’еры гомельскага палаца выглядаюць шыкоўна нават з тым, што засталося: бронзавыя кандэлябры, падсвечнікі, гадзіннікі, карціны з батальнымі сцэнамі, якія адлюстроўваюць подзвігі былога ўладальніка князя Івана Паскевіча. У залах расстаўлены столікі з перламутравымі ўстаўкамі.

А за мінулыя паўстагоддзя людзі чаго толькі не прыносілі ў дар музею - у дадатак да “залатых трох сотняў” экспанатаў.
- Нядаўна да нас завітала кабета са скруткам. Кажа: “Паглядзіце, калі ласка!” - расказвае не першую па ліку гісторыю народнага мецэнацтва Ганна Кузьміч, загадчыца аддзела Гомельскага палацава-паркавага ансамбля па зборы музейных матэрыялаў і экспазіцыйнай дзейнасці. - Разгарнулі скрутак, а там абразы: Маці Божая Казанская, Божая Маці Усіх Тужлівых Радасць! Гамяльчанка Раіса Царава пажадала перадаць іх у дар музею бясплатна.

Інтэр’ер палаца сёлета папоўніўся раялем са слановай косці, які ахвяраваў гараджанін Ілья Гарэлік. Гамяльчанка Марыя Бабіна прэзентавала гарнітур мэблі канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя, які належаў яе бабулі Антаніне Мусе: канапу, два фатэлі, стол. Алена Берасневіч падарыла цукарніцу пазамінулага стагоддзя, якая ўпрыгожвала калісьці абедзенны стол у яе доме на вуліцы Палескай.

Па словах спадарыні Кузьміч, выпадкі дарэнняў у апошні час сталі вельмі частымі.

Не выключана, мяркуе Ганна Кузьміч, што ў сем’ях гамяльчан да сённяшняга дня захоўваюцца рэчы, якія трапілі з палаца ў прыватныя рукі падчас рэвалюцыі 1917 года, у ваенныя ліхалецці: “Аднойчы нам прынеслі кнігу з калекцыі Паскевічаў. Ёсць у музеі карціна 1837 года “Від Тыфліса”, якая трапіла ў палац пасля вайны з прыватных рук. Але ёсць падставы меркаваць, што яна паходзіць са збору Паскевічаў”. Усё вяртаецца на кругі свае...

Гордая адзінота каралеўскага бюро

У маленькіх Пружанах таксама ёсць палац. Ён так і называецца - Пружанскі палацык. Найменне перадае асаблівасць архітэктуры - будынак невялікі. Уся мэбля, што стаіць у пакоях, як паведаміў дырэктар музея-сядзібы “Пружанскi палацык” Юрый Зялевіч, набыта за апошнія дзесяць гадоў. Калі нехта нешта і дорыць, дык гэта дробныя экспанаты.

- Самы каштоўны дарунак - ікона з царквы вёскі Варанілавічы. Яе ўратавала мясцовая жыхарка яшчэ ў 70-я гады, падабраўшы на дарозе, - згадвае спадар Зялевіч. - Храм руйнавалі бязбожнікі, вывозілі царкоўнае ўбранства, а абраз выпаў, відаць, з кузава грузавіка. У Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, дарэчы, захоўваюцца царскія вароты з варанілавіцкай царквы. Нашу ж ікону ў наступным годзе выставім на ўсеагульны агляд.

А вось мэблю набываць ужо не па сілах, адзначае тэндэнцыю дырэктар Пружанскага палацыка: “Антыкварыят вырас у цане. Вось калі б дзесяць гадоў назад мы мелі грошы...”

Бадай жа з самай складанай праблемай сутыкнуцца ў гродзенскіх Старым і Новым замках, калі справа дойдзе да іх аднаўлення. Тут, з сумам канстатуе галоўны захавальнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Алеся Саўчук, ад колішняга ўбранства рэзідэнцый польска-літоўскіх манархаў засталося толькі бюро караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Дый то яго “выкапаў” у Маскве першы дырэктар музея Юзаф Ядкоўскі.

- Ядкоўскі ў пачатку ХХ стагоддзя працаваў у Маскве і склаў спіс каштоўнасцей, якія вывозіліся з Гродна расійскімі ўладамі, - паведамляе акалічнасці з’яўлення экспаната Алеся Іванаўна. - У 20-я гады, адразу пасля заснавання музея, пан Юзаф здолеў дамагчыся вяртання бюро, якое значылася ў яго спісе. Ёсць, праўда, у Старым замку два крэслы XVI-XVII стагоддзяў, але ніхто цяпер не скажа, каму яны першапачаткова належалі.

Падыходзіць да заканчэння рэканструкцыя Мірскага замка. Тут не толькі інтэр’еры, але і дзе-нідзе сцены часоў Радзівілаў аднаўляюць з нуля. Вялікая ўдача, калі нехта з мясцовых жыхароў прынясе нешта з мэблі апошніх уласнікаў палаца князёў Святаполк-Мірскіх. Аднак рэчам гэтым будзе не больш за сто гадоў. А для экспазіцыі ж патрэбна ж мэбля эпохі барока! Яе можна набыць на еўрапейскіх аўкцыёнах. Мо які мецэнат паспрыяе гэтай справе? У Нацыянальным мастацкім музеі, якому належыць замак, абяцаюць: імя фундатара будзе ўвекавечана.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 2011 годзе нарэшце ўсе залы Нясвіжскага замка адчыняць для турыстаў. Гэта значыць, для нас з вамі. А што мы там пабачым? Гэта залежыць і ад нас таксама.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика