Экскурсія-шоу. Паміж горадам і вёскай. 21.by

Экскурсія-шоу. Паміж горадам і вёскай

14.01.2010 01:00 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Новы музей з'явіўся ў Косаўскай школе. Экспазіцыя прысвечана дзіўнай знітаванасці… гарадскога і сельскага побыту. А замест звычайнай экскурсіі -- сапраўдная тэатралізаваная пастанова.

Косава -- невялічкі гарадок у Івацэвіцкім раёне. Трапнае слова тут будзе “мястэчка”. “Нас, мясцовых жыхароў, усяго дзве з паловай тысячы”, -- зазначае настаўніца гісторыі Наталля Бялевіч -- гаспадыня ў “музейнай хаце”. Дзе яшчэ больш цесна пераплецены горад з вёскаю?
Вось і школа адзіная. Затое такому насычанаму дваццацігадоваму жыццю любая навучальная ўстанова пазайздросціць. Сведчыць пра гэта стары краязнаўчы музей: гісторыя горада і школы, ваеннае ліхалецце, знакамітыя землякі… Была там невялічкая экспазіцыя, прысвечаная гарадской кватэры савецкага перыяду.
І вось яшчэ адзін музей. Зараз у ім каля тысячы экспанатаў. Сярод старых кніг можна знайсці “Калгасныя пасекі” 1944 года ці “Каляндар калгасніка” 1950 года. Мноства музычных інструментаў. “Такая асаблівасць беларусаў -- творчасць… -- кажа Наталля Яўгеньеўна. -- Шукаем яшчэ цымбалы, гармонікі”.
Асобны куточак для радыёпрыёмнікаў, іншай тэхнікі мінулага -- ёсць чым ганарыцца! Дзіўным здаецца дзецям адзін з самых першых масавых тэлевізараў “Волхаў”. А вылічальную машыну “Фэлікс” ужо, мабыць, і настаўнікі не памятаюць. “Шмат задавальнення прыносіць вучням друкавальная машынка, -- расказвае Наталля Бялевіч. -- Клавіятуру яны бачаць -- здаецца, рэч знаёмая, але атаясамліваецца хутчэй з камп'ютарам. Вось я наглядна дэманструю, як усё гэта працавала…”
Не менш цікавая сельская частка. Праўда, кажа настаўніца, некаторыя рэчы былі ў страшэнным стане, ратаваць прыходзілася. Іншыя зроблены ў наш час, але стылізаваныя пад мінулае.
Ручнікі ўсе розныя. Па іх можна прасачыць геаграфію Івацэвіцкага раёна. “Для нашай косаўскай мясцовасці характэрна не яркая вышыўка, дробненькія кветачкі, -- дзеліцца Наталля Яўгеньеўна. -- Вось палескі, даваенны ручнік. Целяханская зона -- Палессе, там і вышыўка ярчэйшая. Я хацела сабраць ручнікі з усяго рэгіёна”.   
Шмат экспанатаў яшчэ XIX стагоддзя. Напрыклад, бязмен з... 1870-га!. Калекцыя прасаў -- каля сарака! Самавары, нават ваенны прымус -- усё, што адлюстроўвае побыт былых часоў. Ёсць і драўляная формачка -- “паўкілёвік”. “Гаспадынькі рабілі масла ў маслабойцы, -- працягвае гісторык. -- А потым, каб мела яно таварны выгляд, выкарыстоўвалі гэтую рэч -- атрымлівалася якраз паўкіло”.
Нядзіўна, што дзяцей даволі цяжка адсюль забіраць. Але ж яны разам з педагогамі і бацькамі дапамагалі Наталлі Бялевіч ствараць музей. “Вось і атрымалася ў нас усё хутка, -- кажа ўдзячная настаўніца, -- нядзелі за тры. Адна б я ніколі не справілася...”
Ірына БАБІЧ, “БН”.
НА ЗДЫМКУ: “вясковы хлопчык” і “гарадская дзяўчынка” праводзяць тэатралізаваную экскурсію.
Фота са школьнага архіва. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новы музей з'явіўся ў Косаўскай школе. Экспазіцыя прысвечана дзіўнай знітаванасці… гарадскога і сельскага побыту. А замест звычайнай экскурсіі -- сапраўдная тэатралізаваная пастанова.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика