TUTэйшыя ў свеце. Як гродзенец стаў фінансавым геніям амерыканскай мафіі. 21.by

TUTэйшыя ў свеце. Як гродзенец стаў фінансавым геніям амерыканскай мафіі

15.01.2010 12:39 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларусь падаравала свету не толькі выбітных мастакоў, навукоўцаў і кіношнікаў, але і, прынамсі, аднаго
Меер ЛАНСКІ (Meyer Lansky).

Нарадзіўся 4 ліпеня (?) 1902 г. у Гродне (Расійская імперыя).

Памёр 15 студзеня 1983 г. у Маямі-Біч (ЗША).

гангстэра “ўсіх часоў і народаў”. Дзякуючы ўпартасці і розуму, Меер Ланскі пераўтварыўся з простага гродзенскага хлапчука, які і па-ангельску размаўляў з вялікімі цяжкасцямі, у аднаго з наймагутных босаў амерыканскай мафіі. Пры гэтым не запляміў сваё імя ў крыві і зрабіў нямала ўчынкаў, якія б любому іншаму чалавеку без мафіёзнага бэкграўнду прынеслі б славу і ўсеагульнае замілаванне.


З Габрэйскай вуліцы - на Манхэтан

Меер Сухаўлянскі (паводле іншых крыніц - Сухамлінскі, Шушланоўскі) з'явіўся на свет у небагатай габрэйскай сям'і ў Гродне ў 1902 годзе. Калі хлапцу споўнілася дзевяць, Сухаўлянскія пакінулі родную Габрэйскую вуліцу ды з’ехалі ў Амерыку.

Паводле распаўсюджанага на Захадзе меркавання, якое вандруе з крыніцы ў крыніцу, сям’я Меера з’ехала за акіян, ратуючыся ад габрэйскіх пагромаў. Менавіта гэтая версія папулярызуецца і ў вядомым галівудскім фільме Джона Макногтана “Ланскі” (Lansky, 1999). Аднак усё гэта мала падобна да праўды. Як вядома, пагромы не былі для Беларусі тыповай з’явай і адбываліся ў асноўным з правакацыяў акупацыйных рэжымаў. У Гродне ж, дзе габрэйскае насельніцтва складала амаль палову ад агульнай колькасці жыхароў, з 1902 па 1911 гады значных пагромаў не зафіксавана. Гэта значыць, што найхутчэй прычынай эміграцыі Сухаўлянскіх была эканамічная. Грошы на пераезд за акіян яны сабралі ў тым ліку дзякуючы дзеду Меера па кудзелі, які яшчэ раней пакінуў сям'ю ды з'ехаў у Палестыну.

У Нью-Ёрку гродзенцы атайбаваліся ў адным з шматкватэрных дамоў Ніжняга Іст-Сайду на Манхэтане - знакамітай габрэйскай рэзервацыі. Эмігрантам, якія траплялі сюды наўпрост з карабля, здавалася, што адбыўся цуд і яны зноў у Мінску, Вільні ці Гродне. Паўсюдна гучаў іх родны ідыш, у крамах прадавалі кашэрныя харчы. Незлічоныя вулічныя крамкі, габрэйскія школы, кнігарні, сінагогі і бібліятэкі, тэатры, дзесяткі газет…

Праз кепскае валоданне ангельскай мовай Меер не надта добра паспяваў ў школе. Ці не адзіным выключэннем была матэматыка, да якой у хлопца былі відавочныя здольнасці.

Аднойчы ў школьным калідоры ён адмовіўся плаціць хабар Лакі Лучыяна (Сальватору Луканія) - будучаму верхаводу нью-ёркскай мафіі, які тэрарызаваў дзяцей і дробных гандляроў, вымагаючы ў іх грошы за "страхаванне". Лакі тады пабіў Меера, але, уражаны зацятасцю і адвагай апошняга, займеў да яго вялікую павагу і потым двойчы ратаваў яго ад вернай смерці. Так габрэйскі і італьянскі падлеткі сталі сябрамі і кампаньёнамі на ўсё жыццё.

Сваё сапраўднае, цяжкое для заморскага вуха, прозвішча Меер змяніў на больш амерыканскае - Ланскі.

Меер, Лакі ды Багсі: "Мы вышэй за закон, мы больш за General Motors"

У 1920-х Ланскі, які дзякуючы матэматычным здольнасцям і аналітычнаму складу розуму меў выдатны поспех у картачных гульнях, сустрэў Бені "Багсі" Зігеля, эмігранта з Польшчы. Таго самага Багсі, якому наканавана было стаць адным з самых знакамітых і крывавых гангстэраў у гісторыі Амерыкі. Утрох - Меер, Лакі і Багсі - яны заснавалі банду Five Points, якая распачала новую эру ў гісторыі арганізаванай злачыннасці ЗША. Пры дапамозе Ланскі Лучыяна знішчыў двух найбуйнешых босаў нью-ёркскай мафіі, узяўшы ўладу ў свае рукі.



Цікава, што адным з найбліжэйшых сяброў і шматгадовым скарбнікам Ланскі быў ягоны зямляк з Беларусі Яша Гузік, які нарадзіўся ў Ракаўскім прадмесці ў Мінску.

У гады "Сухога закону" ў ЗША (1919-33) Меер здабыў багацце і ўплыў на незаконнай вытворчасці і продажы спіртных напояў, выхваляючыся неяк, што ягоны бізнэс “большы за бізнэс Генры Форда”. Паралельна, заручыўшыся “падтрымкай” палітыкаў, ён стварае сетку гульнявых дамоў у Кліўлендзе, Дэтройце, Чыкага, а пазней - у Гаване і на Багамах. Менавіта Ланскі, Зігель і Лучыяна прыдумалі зрабіць у пустэльні Невады амерыканскі Монтэ-Карла - Лас-Вегас. Ідэя абышлася ў дзесяткі мільёнаў даляраў і каштавала Зігелю жыцця.

У 1960-х Ланскі упарта ўкладаў грошы ў будаўніцтва гатэляў і палёў для гольфу, што, па некаторых адзнаках, прынесла яму 300 мільёнаў даляраў. Характэрна, што, маючы габрэйскую кроў, "хросны бацька хросных бацькоў" фармальна не мог належаць да "Коза Ностры" - сіцылійскай мафіі ў ЗША. Аднак уплываў на яе праз "Нацыянальны крымінальны сіндыкат", які аб'ядноўваў усіх прадстаўнікоў этнічных банд Штатаў. "Мы вышэй за закон, мы больш за General Motors", - любіў паўтараць ён.

Патрыёт і сем'янін

Ланскі быў добрым сем’янінам, і ягоная жонка ды маці траіх дзяцей Ганна амаль дваццаць год не падазравала, якім “бізнэсам” займаецца ейны муж. Калі даведалася, іх шлюб распаўся. У 46 год мафіёзі ажаніўся другі і апошні раз - з 41-гадовай манікюршчыцай Тэдзі Шварц, з якой яны шчасліва пражылі амаль чатыры дзесяцігоддзі. Ніводзін з трох дзяцей Ланскі не пайшоў ягоным шляхам.

Характэрна, што ў адрозненне ад іншых мафіёзі, Ланскі не запляміў сваё імя забойствамі, а таксама не быў пазбаўлены цвёрдых прынцыпаў і высакародных перакананняў.

1949 г., Рым. Меер Ланскі разам з жонкай Тэдзі і Лакі Лучыяна.
1949 год, Рым. Меер Ланскі разам з жонкай Тэдзі і Лакі Лучыяна.

У 1930-х Меер і ягоная каманда прыклалі руку да разгрому прыхільнікаў нацыстаў у ЗША. “Сцэна была ўпрыгожана свастыкай і карцінай Гітлера. Выступоўцы прамаўлялі да залы, - прыгадваў Ланскі адзін з нацыстоўскіх злётаў у нямецкім квартале Манхэтана. - Нас было ўсяго 15, але мы пачалі дзейнічаць. Некаторых з іх мы павыкідалі ў вокны. Большасць з нацыстаў запанікавала і кінулася наўцёкі. Мы дагналі і збілі іх, прадэманстраваўшы, што габрэі не будуць цярпець абразы і прыніжэнні".

Падчас Другой сусветнай вайны Ланскі і Лучыяна, які ў той час ужо адбываў 30-гадовае пакаранне за кратамі, дапамагалі амерыканскім спецслужбам адлоўліваць нямецкіх шпегаў і дыверсантаў.

У часе ж змагання Ізраіля за атрыманне незалежнасці (1948) ён за свае грошы тонамі купляў і перапраўляў супляменнікам зброю, якую Еўропа і ЗША адмаўляліся пастаўляць. Потым мафіёзі не аднойчы ахвяраваў вялікія сумы ўжо незалежнай габрэйскай дзяржаве, якая аднак не адплаціла яму ўзаемнасцю.

У 1970-м стомлены ад пераследаў ФБР і абвінавачванняў у нясплаце падаткаў "шэф-шэфаў мафіі" перабіраецца на Зямлю абяцаную. Ён мае прыяцельскія адносіны з прэм'ер-міністрам Голдай Мейр, размяшчаецца на віле будучага прэм'ера і нобелеўскага лаўрэата Менахема Бегіна. Улады ЗША патрабуюць яго выдачы, і пад націскам Штатаў Ізраіль адмаўляецца падоўжыць яму турвізу. У 1972-м народжаны гродзенец вярнуўся ў Амерыку. Яго судзяць, аднак падчас працэсу ўсё абвінавачванні былі знятыя з прычыны іх бяздоказнасці.

Жывая легенда з “Grodno, Byelorussia”

Ланскі лічыў сябе ахвярай антысемітызму і скардзіўся на тое, што, ігнаруючы іншых мафіёзі, ФБР столькі гадоў палявалі менавіта за ім. Калі ж журналісты спыталі яго аб галоўным дасягненні ў жыцці, ён назваў змаганне і перамогу над адзяржаўным антысемітызмам у Амерыцы.

Адышоўшы ад справаў мафіі, якая пасля вайны з ФБР сышла ў падполле, Ланскі стаў легендай яшчэ пры жыцці. Пра яго пісалі кнігі, здымалі кіно. Гэтак, ён стаў прататыпам героя Хаймана Рота ў класічным фільме Фрэнсіса Форда Копалы “Хросны бацька II” (The Godfather Part II, 1974). Неўзабаве пасля прэм'еры Ланскі патэлефанаваў актору Лі Страсбергу, які за выкананне ролі Рота быў намінаваны на “Оскара”, і павіншаваў з файным выкананне, дадаўшы пры гэтым: "Вы маглі б зрабіць мяне больш сімпатычным”.

Адзін з легендарных выразаў Рота, адрасаваны ў стужцы Карлеонэ - “Мы [мафія] больш за US Steel" (найбуйнейшая сталеліцейная кампанія ЗША - TUT.BY) - была даслоўнай цытатай Ланскі, прамоўленай падчас прагляду з жонкай навіновага сюжэту пра “Коза Ностру”.

15 студзеня 1983-га Ланскі, маёмасць якога часопіс Forbes ацаніў у 100 мільёнаў (1982), сканаў ад раку лёгкіх у Маямі на 82-м годзе жыцця. Цікава, што ў вялікім некралогу New York Times нечакана згадала дакладнае месца нараджэння “фінансавага чарадзея арганізаванай злачыннасці” - “Grodno, Byelorussia”.

За некалькі гадоў да смерці ў яго запыталіся: “Калі б прыдалася мажлівасць, што б вы змянілі ў сваім жыцці?” “Я не хацеў бы пражыць жыццё інакш. Гэта ў маёй крыві і характары”, - упэўнена адказаў Ланскі.


Фота: meyerlansky.com


У праекце "TUTэйшыя ў свеце" таксама чытайце:

- Цуда-доктар з Беластоку.
- Беларуска - алiмпiйская легенда ЗША.
- Зямляк Лукашэнкi - прэзiдэнт на Гаваях.
- Брадвейскi кампазiтар са станцыi Параф"янава.
- Гродзенец, якi заваяваў шведскага караля.
- Just Касцюшка
-
Ліцвінскі элін - герой Грэцыі

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзякуючы ўпартасці і розуму Меер Ланскі пераўтварыўся з простага гродзенскага хлапчука, які і па-ангельску размаўляў з вялікімі цяжкасцямі, у аднаго з наймагутных босаў амерыканскай мафіі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика