Усяночнае дбанне над альтэрнатыўнай музыкай + фота. 21.by

Усяночнае дбанне над альтэрнатыўнай музыкай + фота

23.01.2010 16:54 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Мінску прайшоў фэстываль «Можна» з удзелям дзевяці беларускіх гуртоў.

Арганізатары і ўдзельнікі «Можна» ўсю ноч з пятніцы на суботу меліся даказаць, што яны ды ўдзельнікі фэсту – па-за палітыкай, па-за правіламі ды наогул па-за нормамі маралі. На адну ноч пляцоўка клуба «Рэактар» у Мінску ператварылася ў выспу свабоды ад умоўнасцяў.

Крызіс, як ні дзіўна, прынёс сёлета ў музычную прастору Беларусі неверагодны пазітыў і ўдачу. Фестываль беларускай альтэрнатыўнай музыкі «Можна», які два гады запар праводзіўся ў Маскве, сёлета прайшоў у мінскім клубе «Рэактар». Са слоў арганізатараў, праз фінансавыя праблемы яны вымушаныя былі перанесці фэст з расійскай пляцоўкі на беларускую.

Тыя, хто не знаёмы з альтэрнатыўным кірункам айчыннай музыкі, мог сказаць, што правядзенне такога фэсту ў Мінску куды лагічней. Але знаўцы ведаюць, што попыт на беларускую альтэрнатыўную музыку ў Расіі значна большы. Расійскі слухач больш падрыхтаваны для «іншай» музыкі.

Аляксандр Багданаў – чалавек, дзякуючы якому і адбылося гэтае мерапрыемства – у размове пацвердзіў, што расійская публіка «на ура» ўспрымае наш альтэрнатыў, тады як у Беларусі аматарамі гэтага напрамку застаецца досыць нешырокае кола.

Але тым не менш квіткі на фэст у касах горада былі раскуплены за тыдзень, а месца ў самым вялікім клубе Мінска было замала для ўсіх ахвотных.

Выступілі першымі і разагрэлі натоўп хлопцы з RockerJoker, якія акрэсліваюць сваю музыку як «алка-бугі». Песні яны выконвалі за імправізаваным сталом, які паставілі на сцэне, і перыядычна заклікалі народ далучыцца і выпіць разам з імі. Гэты гурт можна вылучыць за найбольшую эпатажнасць і найбольшую колькасць нецэнзурных слоў у песнях.

Наступным выйшаў гурт «Нагуаль» (балотны этна-панк), які разварушыў публіку рытмічнымі песнямі. Ужо пазней у грымёрцы саліст гурта Леанід Паўлёнак прызнаўся, што не бачыць вялікіх перспектыў для гурта у Беларусі. «Публіка ёсць, але ўзнікаюць праблемы з прадусаваннем. Ніхто не жадае брацца за альтэрнатыўных музыкаў»,

— адзначыў ён. Тым не менш, нягледзячы на такі песімізм у размовах, на сцэне Лёня распальваў народ па поўнай, дорачы неверагодны драйв. Выступы гуртоў суправаджаліся савецкімі мульцікамі, якія дэманстраваліся на экране над сцэнай. Гэта дадавала псіхадэлічнасці і абсалютна адрывала публіку ад рэальнасці.

Чаканы і любімы многімі гурт «Адыс Абеба» выйшаў наступным за «Нагуалем». Два папярэднія гурты добры падрыхтавалі пляцоўку, таму саліста Дзіму Іванова сустракалі «на ура», патрабуючы любімых кампазіцый. Гэты хлопец з дрэдамі і хрыплым голасам прымушаў абсалютна ўсіх рухацца ў такт ягоным рэгі-кампазіцыям і пераносіцца разам з ім ў далёкую Афрыку ці таямнічы Вавілон.

Пасля глыбінных песень «Адыс Абеда» публіку чакаў абсалютны «вынас мозгу», бо на сцэну выйшла «Касіяпея».

Гэты гурт, як заўсёды, быў поўны сюрпрызаў. Саліст апрануты ў жаночую белую сукенку і напалеонаўку, назваў удзельнікаў гурта «глістамі з 19 стагоддзя». Мабыць, менавіта такі вобраз музыкі выбралі на гэты вечар. «Мою любовь могилой не испортишь», «Если», «Чингачгук любви» – гэтыя песні даўно сталі любімымі для аматараў «іншай» музыкі.

Зыходзячы з рэакцыі публікі на іх выступ, можна было зразумець, чаму гэтаму гурту прагназуюць вялізны поспех у Расіі. А расійскія слухачы, між іншым, даўно заўважылі гэты унікальны гурт, з якім звязваюць музычны прарыў у сваёй краіне.

Нібыта лагічным працягам «Касіяпеі» стаў наступны выступ кабарэ-бэнд «Срэбнае вяселле», удзельнікі якога таксама адзначыліся эфектнымі касцюмамі і выдатнай сцэнічнай гульнёй. Салістка Святлана Бень, ці па-просту «Бенька», то спявала французскі шансон, то даставала з чамадана плюшавых мядзведзяў. Выглядала такое шоў сапраўдны ўражліва.

Тым больш, што Святлана даўнавата не радавала мінскіх фанатаў сваімі выступамі.

Пасля выступу пяці рытмічных каманд, бліжэй да 3-й ночы было ўжо цяжкавата слухаць акустычны эмбіент гурта «ПартМанэ». І ўсё ж большасць музычных аматараў цвёрда стаяла на нагах. Тым больш, што слухаць беларускія гурты прыехалі госці з Расіі і Украіны. Нью-джаз ад «CherryVata» зноў ажывіў публіку рытмічнымі кампазіцыямі. Гэта ячшэ адны любімчыкі публікі, якім прадказваюць вялікі поспех за межамі краіны.

І нездарма на канец фэсту арганізатары прыхавалі малады і вельмі перспектыўны гурт «Botanic Project». Гэтыя хлопцы заўсёды падкупаюць публіку сваімі простымі жыццёвымі тэкстамі ў рытмах рэгі і прорвай пазітыўнай энергіі.

Ноч, у якой «можна ўсё», скончылася, але пакінула дух свабоды.

Што будзе ў наступным годзе, пакуль невядома. Хацелася б, каб фестываль беларускай актуальнай музыкі і надалей праводзіўся ў Беларусі, а не за яе межамі. Да таго ж, відавочна, спатрэбіцца нашмат большая пляцоўка – аматараў «іншай» музыкі становіцца ўсё болей.


Ад пачатку фэсту зала была поўнай. На сцэне RockerJoker.


Саліст "Нагуаля" падбадзёрваў публіку з дапамогай рупара.


Песні гурту "Адыс Абеба" нікога не пакінулі абыякавымі.


Удзельнікі "Касіяпеі" ў чарговым вобразе.


Святлана Бень не хавае эмоцый.

Вольга Жарнасек, фота Таццяны Гаўрыльчык

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Мінску прайшоў фэстываль «Можна» з удзелям дзевяці беларускіх гуртоў. Рэпартаж Вольгі Жарнасек і фотарэпартаж Таццяны Гаўрыльчык.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика